Перайсьці да зьместу

Першы Ўсебеларускі зьезд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «I Усебеларускі зьезд»)
Будынак менскага гарадзкога тэатру, у якім адбываўся І Усебеларускі зьезд, цяпер Тэатар імя Янкі Купалы

Першы Ўсебеларускі зьезд — праводзіўся з 18 сьнежня [ст. ст. 5 сьнежня] 1917 году ў Менску Вялікай беларускай радай.

Падрыхтоўка скліканьня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Думка пра скліканьне агульнакраёвага сходу цыркулявала ў мясцовых арганізацыях самай рознай палітычнай накіраванасьці яшчэ зь вясны 1917 году[1]. На дэмакратычнай нарадзе, якая адбылася ў Маскве ў верасьні 1917 году, беларускія прадстаўнікі афіцыйна заявілі аб намеры склікаць свой Беларускі ўстаноўчы сход. Аб гэтым гаварылася таксама на другой сэсіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў (ЦРБА) 17 кастрычніка, што ўскосна пацьвярджаецца лістом І. Варонкі да чальцоў Вялікай беларускай рады (ВБР) Я. Дылы, С. Рак-Міхайлоўскага, А. Прушынскага, І. Дварчаніна, Я. Мамонькі і іншых ад 26 лістапада 1917 году[2].

Па сьверджаньні некаторых дасьледчыкаў, зьезд здолеў адбыцца і быць такім прадстаўнічым менавіта таму, што бальшавіцкае цэнтральнае кіраўніцтва, а дакладней — асабіста Уладзімер Ленін і Ёсіф Сталін, падтрымала яго правядзеньне ў Менску[3]: у Маскве бальшавіцкі Народны камісарыят па нацыянальных справах, якім тады кіраваў бальшавік Сталін, даў згоду і фінансавую падтрымку на правядзеньне беларускага зьезду ў Менску[4].

У першай палове лістапада (дакладная дата невядома) была выдадзена адозва «Да ўсяго народа беларускага» выканкамаў Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, а таксама Беларускага выканкаму Заходняга фронту. Адозва завяршалася заклікам прысылаць 5 сьнежня 1917 году дэлегатаў у Менск на Ўсебеларускі зьезд[5].

Гэтая картка, якую знайшлі падчас рэстаўрацыі Купалаўскага тэатра магчыма, служыла пропускам на зьезд.[6]

Паседжаньні адбываліся ў пэрыяд 18—31 сьнежня (ст. ст. 5—18) 1917 году з матэрыяльнай падтрымкай Народнага камісарыяту РСФСР. Зьезд сабраў шматлікіх беларускіх палітычных дзеячоў, якія прадстаўлялі наступныя губэрні:

Таксама на зьезд прыбылі прадстаўнікі беларускамоўных паветаў Ковенскай і Віленскай губэрняў.

Да 27 (14) сьнежня было зарэгістравана 1872 дэлегаты, прычым 1167 з правам голасу, а 705 з дарадчым голасам[7]. У большасьці настаўнікі, вайскоўцы і чыноўнікі. Старшынём зьезду быў абраны Ян Серада.

Усебеларускі зьезд абвясьціў права беларускага народу на незалежнасьць і самавызначэньне, а таксама прыняцьце дэмакратычнай формы ўраду. Падчас паседжаньня можна было заўважыць розьніцу ў палітычных поглядах паміж дэлегатамі з захаду і ўсходу Беларусі. І калі першыя казалі пра будзь-якую форму аўтаноміі альбо незалежнасьць краіны, то другія бачылі будучыню Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расеі.

Зьезд выбраў Раду Зьезду, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партыяў.

У ночы з 30 сьнежня на 31 сьнежня [ст. ст. 17 на 18] 1917 году будынак, у якім праходзіў Усебеларускі зьезд, быў атачоны бальшавіцкімі атрадамі. У залю паседжаньня ўвайшлі народны камісар ўнутраных справаў Рэзаўскі разам з кіраўніком гораду Мікалаем Крывашэіным, якія паведамілі пра роспуск зьезду і арышт прэзыдыюму. У залю ўварваліся ўзброеныя салдаты Першага менскага пяхотнага палка на чале з прапаршчыкам Рамнёвым, акружыўшы Прэзыдыюм.

Мікалай Крывашэін падышоў да Зінаіды Юр’евай, «грэнадзерскага выгляду дзяўчыны», і сказаў: «Ты, красотка, поедешь со мной в автомобиле». З галавы яго паляцела шапка, Юр’ева моцна пабіла Крывашэіна, паводле іншых зьвестак — ледзь не застрэліла[8].

У залі распачалася пабудова барыкадаў, кулачныя баі. Аднак, нягледзячы на гэта, прэзыдыюм быў арыштаваны і накіраваны ў Савет народных камісараў, дэлегаты зьезду разагнаныя.

Рада зьезду нелегальна сабралася на наступны дзень.

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьезд быў дастаткова палярызаваны. Падчас яго разгарнулася вострая барацьба паміж «радаўцамі» (прыхільнікамі Вялікай Беларускай рады і Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады ў Менску). Радаўцы былі гатовы да адносна рашучых крокаў па стварэньні беларускай дзяржаўнасьці, пад той час як «абласьнікі» (прыхільнікі Беларускага абласнога камітэту ў Петраградзе), арыентаванай толькі на цесную палітычную сувязь Беларусі з Расеяй. Гэтыя погляды выявіліся ў поглядах удзельнікаў зьезду на беларускую мову. Адзін зь яго дэлегатаў пазьней узгадваў такі момант:

«Прыпамінаю сабе адзін факт з Усебеларускага зьезду. Калі нейкі дэлегат пачаў гаварыць прамову чыста па-беларуску, то выступіў з задніх радоў адзін маскальскага духу чалавек і, дражнячы беларускую гаворку, пачаў пытацца ў таго дэлегата, што значаць такія словы, як працаваць, жыта і г. д. Дык ці паверыце, усе дэлегаты, колькі іх было, асабліва ваенныя, так азьверыліся на таго маскаля, што заля аж загудзела ад гоману.
Скуль ты прыехаў, — крычалі адны, — што не знаеш нашай мовы?
Тут зьезд не маскоўскі, а беларускі, — крычалі другія.
Вон яго, — крычалі трэція.»[9]

Гл. таксама Катэгорыя:Удзельнікі Першага ўсебеларускага кангрэсу

  1. ^ Рудовіч, С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе / Станіслаў Рудовіч; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — 200, [1] с. — С. 167. — ISBN 985-458-001-6.
  2. ^ Ладысеў, У. Ф. Першы Усебеларускі з’езд 1917 г. і яго наступствы / У. Ф. Ладысеў // Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: XX стагоддзе / М. П. Касцюк, У. Ф. Ладысеў, В. М. Жук [і інш.]; Рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2008. — 615 с — С. 70. — ISBN 978-985-08-0999-5. [Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 325. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 91.]
  3. ^ 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты
  4. ^ Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С.148.
  5. ^ Турук, Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов: С приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, сост. Е. Ф. Карским / Предисл. А. Кавки. — Б.м., 1994 (Мн.:Картогр.ф-ка Белгеодезии). — 144 с + 1 л. карт. — С. 97—100.
  6. ^ На АНТ расказалі пра Першы Усебеларускі з’езд, але абрэзалі бела-чырвона-белы сцяг ФОТАФАКТ
  7. ^ Кароткі нарыс беларускага пытаньня: — Менск: І. П. Логвінаў, 2009. С. 55
  8. ^ Віталь Скалабан. Усебеларускі з’езд 1917 года: перспектывы вывучэння // Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15
  9. ^ Станіслаў Рудовіч (2002) Рух за беларускую дзяржаўнасць і праблема грамадзянскага статуса беларускай мовы ў 1915-1918 гадах часопіс «Край». Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат». Праверана 2013-01-31 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]