Язэп Дыла
Язэп Дыла | |
Язэп Дыла, Менск, 1929 год | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Восіп Лявонавіч Дыла |
Псэўданімы | Н.Бываеўскі; Наз. Бываеўскі; Назар Бываеўскі; Nazar Bywajeuski; А.Дыл; А.Дыла; Жорсткі; Л.Жорсткі; Тодар Кулеш; Т.Кулеша; Язэп; Н.Б.; Наз. Б.; Н. Б-і; Н. Б-скі; Наз. Б-скі; Я.Д.; Язэп Д.; Яз.Д-а |
Нарадзіўся | 2 (14) красавіка 1880 Слуцак |
Памёр | 7 красавіка 1973 Саратаў, Расея |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | празаік, драматург, грамадзка-культурны дзяяч |
Творы на сайце Knihi.com | |
Язэп Дыла (Восіп Лявонавіч Дыла; 14 красавіка 1880, Слуцак — 7 красавіка 1973, Саратаў, Расея) — беларускі празаік, драматург, грамадзкі і культурны дзяяч.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Слуцку ў сям’і службоўца. Стрыечны брат яго бацькі быў апошнім слуцкім батлеечнікам. У 1890—1898 гадах вучыўся ў Слуцкай гімназіі. З чацьвертай клясы ўдзельнічаў у гуртку самаасьветы. У гімназійскія гады быў знаёмы з Альгердам Абуховічам. У 1899—1903 гадах вучыўся ў Юр’еўскім вэтэрынарным інстытуце, адкуль быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях бяз права паступленьня ў іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1903—1904 гадах у Менску працаваў у газэце «Северо-Западный край». У 1905 годзе ўзначальваў арганізацыйную групу Менскага камітэту Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі. У 1906—1918 гадах працаваў у выдавецтвах Пецярбургу, Арэнбургу, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі расейскімі пісьменьнікамі. Са сьнежня 1918 па люты 1919 году працаваў наркомам працы ў Часовым рабоча-сялянскім Савецкім урадзе Беларусі. У 1921—1924 гадах — на розных кіруючых пасадах: старшыня Цэнтрасаюзу спажывецкіх таварыстаў Беларускага краю, старшыня Дзяржаўнай плянавай камісіі БССР, намесьнік старшыні па раянаваньні БССР. Кароткі час працаваў у толькі што створаным Інстытутце беларускай культуры. Разам з прафэсарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацоўваў статут Інбелкульту, зьяўляўся правадзейным чальцом гэтай установы. У красавіку 1925 году быў прызначаны дырэктарам Беларускага тэатру імя Янкі Купалы (БДТ-1). З кастрычніка 1926 па 1928 год — ізноў на працы ў Інбелкульце: вучоны сакратар, а таксама загадчык сэкцыі па вывучэньні беларускага мастацтва. Больш за сем месяцаў загадваў літаратурна-мастацкімі справамі ў Беларускім дзяржаўным кіно. Выступаў у якасьці навуковага кансультанта аднаго зь першых беларускіх фільмаў — «Кастусь Каліноўскі» (1928)[1]. З красавіка 1929 году працаваў інспэктарам Галоўмастацтва Наркамасьветы.
Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 году па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; 10 красавіка 1931 году высланы ў Кунгур Пермскай вобласьці на 5 гадоў. Потым жыў у Саратаве. 22 жніўня 1938 году зноў арыштаваны (10 сакавіка 1939 году справа спыненая). Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 году.
Памёр 7 красавіка 1973 году ў Саратаве.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая літаратурная публікацыя Язэпа Дылы зьявілася ў 1912 годзе ў газэце «Наша ніва». Ён аўтар апавяданьняў «Перад раніцою…» (1912), «Усурыйскі драпежнік» і «Спужаўся… дурненькі!», гістарычнага раману «На шляху з варагаў у грэкі» (1944—1945), аповесьці «У імя дзяцей» (1968), п’есаў «Панскі гайдук» (1926), «Падуанскі студэнт» і «Юнак з Крошына» (1965).
Аўтар публіцыстычных артыкулаў «Праз мукі — да шчасьця камунізму» (1918), «Беларускае жыцьцё ў Маскве» (1918) і «Беларуская сэкцыя Расейскай камуністычнай партыі» (1918). Таксама выступіў і як мэмуарыст: «Пісьменьнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч» (1958), «Чалавек вялікага сэрца» (1960), «Сьветлы вобраз» (1957), «Сустрэча ў Пяцігорску» (1959), «Пра Цішку Гартнага» і «Сустрэча зь Янам Райнісам».
У сваіх артыкулах па гісторыі культуры дасьледваў узьнікненьне беларускага тэатру: «Тэатральная „задума“ 1892 году ў Радашкавічах» (1957), «Беларускія спэктаклі ў пэрыяд рэвалюцыі 1905 году» (1957), «Першы прафэсійны тэатар» (1967), «Менская трупа „Першага таварыства беларускай драмы і камэдыі“» (1920-я), «Беларускія драматычныя гурткі на Случчыне», «Раньнія іскры таленту» і інш.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дыла Язэп // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Рукапісы не гараць. Язэп Дыла на TUT.BY
- Людміла Рублеўская. (7 красавіка 2010) Племянник слуцкого батлеечника. Советская Белоруссия. Праверана 30 лістапада 2011 г.
- Дыла Я. Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — 351 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Язэп Дыла — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 14 красавіка
- Нарадзіліся ў 1880 годзе
- Памерлі 7 красавіка
- Памерлі ў 1973 годзе
- Нарадзіліся ў Слуцку
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Беларускія літаратары
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Беларускія драматургі
- Беларускія публіцысты
- Беларускія перакладчыкі
- Беларускія мэмуарысты
- Беларускія гісторыкі
- Беларускія палітыкі
- Аўтары гістарычных раманаў
- Генэральныя дырэктары Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Асуджаныя па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»
- Памерлі ў Саратаве