Перайсьці да зьместу

Франклін Дэлана Рузвэлт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Франклін Дэлана Рузвэлт
па-ангельску: Franklin D. Roosevelt[1]
32-ы Прэзыдэнт ЗША
4 сакавіка 1933  12 красавіка 1945
Папярэднік Гэрбэрт Кларк Гувэр
Наступнік Гары С. Труман
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся30 студзеня 1882(1882-01-30)[2][3][4][…]
Гайд Парк, Нью-Ёрк, ЗША
Памёр12 красавіка 1945(1945-04-12)[5][2][3][…] (63 гады)
Ўорм Спрынгс, Джорджыя, ЗША
Партыя
АдукацыяГарвардзкі каледж,
Калюмбійская школа права
Сужэнец Элеанора Рузвэлт
Дзеці Эліёт Рузвэлт[d][2][6], Франклін Дэлана Рузвэлт-малодшы[d][6], Джон Асьпінўол Рузвэлт[d][6], Ганна Рузвэлт Галстэд[d][2][6], Джэймз Рузвэлт[d][2][6] і Франклін Дэлана Рузвэлт[d][2][6]
Бацька Джэймз Рузвэлт[d][6]
Маці Сара Рузвэлт[d][6]
Узнагароды
Подпіс

Фра́нклін Дэ́лана Ру́звэлт (1882—1945) — 32-ы прэзыдэнт ЗША й цэнтральная фігура ў падзеях сьвету ў сярэдзіне XX стагодзьдзя, кіраваўшы Злучанымі Штатамі падчас сусьветнай эканамічнай крызы й сусьветнай вайны. Адзіны амэрыканскі прэзыдэнт абраны больш чым на два тэрміны. Рузвэлт перамог дзеючага прэзыдэнта рэспубліканца Гэрбэрта Гувэра ў лістападзе 1932 году, падчас Вялікай дэпрэсіі. Спалучэньне ў Рузвэлта якасьцяў аптымізму й актыўнасьці спрыяла адраджэньню нацыянальнага духу. У цесным супрацоўніцтве з Ўінстанам Чэрчылем і Ёсіфам Сталіным, вядучымі саюзьнікамі супраць нацыскай Нямеччыны й Японіі ў Другой сусьветнай вайне, ён памёр калі перамога была ўжо дзелам часу.

Пачынаючы са сваіх «першых ста дзён» у офісу, якія пачаліся 4 сакавіка 1933 году, Рузвэлт адразу ж узяў арыентыр на Новы курс — комплекс праграмаў, прызначаных для атрыманьня дапамогі (асабліва забесьпячэньне беспрацоўных дзяржаўнымі працоўнымі месцамі), аднаўленьне эканомікі й рэформаў, шляхам рэгуляваньня дзейнасьці Ўол-стрыт, банкаў і транспарту. Паляпшэньне стану эканомікі праходзіла вельмі хутка з 1933 па 1937 гады, але затым наступіла глыбокая рэцэсія. Двухпартыйная кансэрватыўная кааліцыя, утвораная ў 1937 годзе перашкодзіла яму прасунуць шмат якія новыя законапраекты, таму былі адменены многія з праграмаў надзвычайнай дапамогі, калі беспрацоўе практычна скончылася падчас Другой сусьветнай вайны. Большасьць правілаў Новога курсу былі спынены каля 1975—1985 гадоў, за выключэньнем рэгуляваньня Ўол-стрыт каштоўнымі паперамі й біржай, якое ўсё яшчэ існуе. Нараўне зь некалькімі больш дробнымі праграмамі, працягваюць існаваць Фэдэральная карпарацыя страхаваньня дэпазытаў, якая была створана ў 1933 годзе, і сацыяльнае забесьпячэньне, якое Кангрэс прыняў у 1935 годзе.

Калі сусьветная вайна была амаль непазьбежнай пасьля 1938 году, з-за японскага ўварваньня ў Кітай і агрэсіі нацысцкай Нямеччыны, Рузвэлт аказаў моцную дыпляматычную й фінансавую падтрымку Кітаю й Вялікабрытаніі, захоўваючы афіцыйна нэўтралітэт. Ягонай мэтай было зрабіць Амэрыку «арсэналам дэмакратыі», якая будзе пастаўляць баепрыпасы да саюзьнікаў. Ён дамогся амаль аднадушнай аб’явы вайны супраць Японіі пасьля нападу японцаў на Пэрл-Гарбар 7 сьнежня 1941 году, назваўшы яго «днём, калі будзе жыць ганьба». Ён кіраваў мабілізацыяй эканомікі ЗША ў падтрымку намаганьняў саюзьнікаў у вайне. Беспрацоўе зьнізілася да 2%, дзейнасьць праграмаў дапамогі ў асноўным скончылася, а прамысловая эканоміка хутка расла, калі мільёны людзей пераехалі ў новыя працоўныя месцы ў ваенныя цэнтры, а 16 мільёнаў мужчын і 300 000 жанчын былі мабілізаваны на ваенную службу.

Рузвэлт дамінаваў на амэрыканскай палітычнай сцэне, ня толькі напрацягу дванаццаці гадоў свайго прэзыдэнцтва, але й дзесяцігодзьдзі пазьней. Новы курс Рузвэлта аб’яднаў вакол сябе прафзьвязы, афраамэрыканцаў, сельскіх белых паўднёўцаў і іншых. Рузвэлт лічыцца адным зь лепшых прызэдэнтаў ЗША.

Асабістае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Рузвэлт ёсьць англізаванай формай нідэрляндзкага прозьвішча «ван Роозвэлт» або «ван Розэнвэлт», што азначае з «поля ружаў»[7]. Нягледзячы на тое, што некаторыя выкарыстоўвалі англізаванае вымаўленьне [ˈruːzəvɛlt], сам Рузвэлт выкарыстоўваў форму [ˈroʊzəvəlt].

Рузвэлт паходзіў з адной з найстарэйшых сем’яў у штаце Нью-Ёрк. Рузвэлты вызначыліся й у іншых галінах, ня толькі ў палітыцы. Адзін з продкаў, Ісаак Рузвэлт, служыў у міліцыі Нью-Ёрку падчас амэрыканскай рэвалюцыі. Рузвэлт наведваў мерапрыемствы Нью-Ёрцкага таварыства «Сыноў амэрыканскай рэвалюцыі», і навата ўступіў у арганізацыю, пакуль быў прэзыдэнтам. Маці Рузвэльта назвала яго імём свайго любага дзядзькі Франкліна Дэлана. Родапачынальнікам сям’і Дэлана ў Амэрыцы быў Філіп дэ ла Ной, першы гугенот у Новым Сьвеце, чыё прозьвішча ў англізаваным варыянце гучыць як Дэлана.

Рузвэлт у 1893 годзе

Франклін Дэлана Рузвэлт нарадзіўся 30 студзеня 1882 году ў горадзе Гадсан-Валі Гайд-Парка, Нью-Ёрк. Ягоны бацька, Джэймз Рузвэлт, і ягоная маці, Сара Эн Дэлана, абодва былі з заможных старажытных сем’яў Нью-Ёрку, нідэрляндзкага й францускага паходжаньня адпаведна. Франклін быў іхным адзіным дзіцём.

Рузвэлт рос у атмасфэры дастачы. Сара была прыналежнай маці, але Джэймз, якому было 54, калі нарадзіўся Франклін, на думку некаторых, быў аддаленым бацькам, нягледзячы на тое, што біёграф Джэймз Бэрнз пісаў, што ўзаемаадносіны Джэймза з сынам былі больш, чым тыповымі ў тыя часы. Сара мела больш значны ўплыў на Франкліна ў першыя гады, яна аднойчы заявіла: «Мой сын Франклін — Дэлана, ня Рузвэлт». Частыя паездкі ў Эўропу з бацькамі пазнаёмілі Рузвэлта з нямецкай і францускай мовамі. Ён навучыўся езьдзіць вярхом, страляць, займаўся грэбляй, гуляў у пола й тэніс. Рузвэлт таксама гуляў гольф, калі быў падлеткам. І, акрамя таго, навучыўся хадзіць пад ветразем, за што бацька падарыў яму ветразнае судна, якое Франклін назваў «Маладзік».

Рузвэлт наведваў школу Гротан, эпіскапальную школу-інтэрнат у штаце Масачусэтс. Там Франклін знаходзіўся пад моцным уплывам свайго дырэктара, Эндыкота Пабады, які заўсёды маўляў пра абавязак хрысьціянаў дапамагаць людзям зь меншым дастаткам. Праз сорак гадоў Рузвэлт сказаў пра Пібады: «Гэта было блаславеньнем у маім жыцці, мець магчымасьць навучацца ў яго».

Пасьля сканчэньня школы Рузвэлт паступіў у Гарвардзкі каледж і жыў у блёке для заможных студэнтаў. Франклін быў чальцом зьвязу AΔΦ, а таксама працаваў рэдактарам у штодзённай газэце «Harvard Crimson». Рузвэлт пазьней заявіў: «Я выбраў эканамічных курсы ў каледжы, і вучыўся па яму чатыры гады, але ўсё, што я вучыў было няслушным». У той час, калі ён навучаўся ў Гарвардзе, ягоны стрыечны брат у пятым калене Тэадор Рузвэлт стаў прэзыдэнтам. Энэргічны стыль кіраўніцтва новага прэзыдэнта й стараннасьць у рэфармаваньні зрабіла яго героем для Франкліна. У 1902 годзе Франклін сустрэў сваю будучую жонку Элеанору Рузвэлт, пляменьніцу Тэадора, на прыёме ў Белым доме (раней яны сустракаліся, калі былі дзецьмі). На той час Франкліну Рузвэлту было дваццаць гадоў, Элеаноры — дзевятнаццаць.

Рузвэлт паступіў на юрыдычны факультэт Калюмбійскага ўнівэрсітэту ў 1904 годзе, але кінуў яго ў 1907 годзе. У 1908 годзе ён уладкаваўся на працу ў прэстыжную фірму з Ўол-стрыт Carter Ledyard & Milburn, якая працавала ў сфэры юрыдычнага права. 11 кастрычніка 1911 году быў залічаны ў масонскую «Галяндзкую ложу нумар 8» у Нью-Ёрку[8].

Шлюб і сямейнае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

17 сакавіка 1905 году Рузвэлт пашлюбаваўся з Элеанорай, нягледзячы на ​​жорсткае супраціўленьне сваёй маці. Дзядзька Элеаноры, Тэадор Рузвэлт, прадстаўляў яе на вясельлі, бо Элеанора страціла сваіх бацькоў ва ўзросьце дзесяці гадоў. Маладая пара адразу ж пераехала ў Спрынгўуд, маёмасьць Франклінавай сям’і, дзе ягоная маці стала частым госьцем дома, на вялікі жаль Элеаноры. Дом належыў маці Рузвэлта да ейнай сьмерці ў 1941 годзе. Што тычыцца асабістага жыцьця, Франклін быў харызматычным, прыгожым і сацыяльна актыўным чалавекам. У адрозьненьне ад яго Элеанора не любіла грамадзкае жыцьцё, і часьцяком заставалася дома, каб выхоўваць сваіх дзяцей. Яны мелі шэсьць дзяцей:

  • Ганна Элеанора (1906—1975)
  • Джэймз (1907—1991)
  • Франклін Дэлана-малодшы (18 сакавіка 1909 — 7 лістапада 1909 году)
  • Эліят (1910—1990)
  • другі Франклін Дэлана-малодшы (1914—1988)
  • Джон Асьпінўол (1916—1981).

Раньняя кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Сэнатар у Нью-Ёрку

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 1908 годзе Рузвэлт уладкаваўся на працу ў прэстыжную юрыдычную фірму Carter Ledyard & Milburn, у аддзел марскога права[9]. Ён мала цікавіўся юрыдычнай практыкай і казаў сябрам, што плянуе заняцца палітыкай[10][11]. Не зважаючы на захапленьне сваім стрыечным братам Тэадорам, Франклін падзяляў прыхільнасьць бацькі да Дэмакратычнай партыі. У падрыхтоўцы да выбараў 1910 году партыя запрасіла Рузвэлта балятавацца ў Заканадаўчую асамблею штату Нью-Ёрк[12]. Малады палітык Рузвэлт быў прывабным кандыдатам, бо меў патрэбны характар і энэргію для агітацыі, а таксама сродкі, каб фінансаваць уласную кампанію[13], але ягоная кампанія скончылася, калі дэмакратычны дзейны дэпутат Льюіс Стайвэсант Чанлер надумаў сам балятавацца на новы тэрмін. Замест таго каб адкласьці свае палітычныя амбіцыі, Рузвэлт пастанавіў балятавацца ў сэнат штату Нью-Ёрку[14]. Сэнатарская акруга, якая ахоплівала Датчэс, Калюмбію й Патнэм, была моцна рэспубліканскай[15]. Рузвэлт хваляваўся, што апазыцыя з боку Тэадора можа спыніць ягоную кампанію, але Тэадор, не зважаючы на розную партыйную прыналежнасьць, падтрымаў ягоную кандыдатуру[12]. Ачолеўшы ўласным перадвыбарчую кампанію, Рузвэлт аб’ехаў усю акругу аўтам у той час, калі мала хто мог дазволіць сабе мець самаход[16]. Дзякуючы ягонай агрэсіўнай кампаніі[17], імя палітыка стала вядомым у даліне Гадсана, і на хвалі дэмакратычнага трыюмфу на выбарах 1910 году Рузвэлт здабыў нечаканую перамогу[18].

Рузвэлт у 1912 годзе.

Не зважаючы на кароткія сэсіі заканадаўчага органу, Рузвэлт ставіўся да сваёй новай пасады як да паўнавартаснай працы[19]. Заступіўшы на пасаду 1 студзеня 1911 году, Рузвэлт хутка стаў лідэрам «інсургентаў», то бок групы, што выступала супраць машыны Тамані-Хол, якая дамінавала ў Дэмакратычнай партыі штату. На выбарах у Сэнат ЗША 1911 году Рузвэлт і яшчэ дзевятнаццаць дэмакратаў распачалі працяглую блякаду, выступаючы супраць кандыдатаў, якіх падтрымлівала Тамані. Гэтая арганізацыя ўрэшце падтрымала кандыдатуру паважанага судзьдзі Джэймза О’Гормана, які задавальняў Рузвэлта, і О’Горман быў абраны ў канцы сакавіка[20]. У выніку Рузвэлт стаў папулярнай фігурай сярод дэмакратаў Нью-Ёрку[18]. Газэтныя артыкулы й карыкатуры паказвалі «другое прышэсьце Рузвэлта», ад якога ў сябраў Тамані-Холу аж лыткі трэсьліся[21].

Неўзабаве па абраньні ў Сэнат штату Нью-Ёрку Рузвэлт стаў масонам[22]. Ён таксама выступіў супраць Тамані-Хол, падтрымаўшы посьпяховую кампанію Ўудра Ўілсана за ягонае вылучэньне з боку партыі на выбары 1912 году[23]. Выбары ператварыліся ў трохбаковае супрацьстаяньне, калі Тэадор Рузвэлт пакінуў Рэспубліканскую партыю й распачаў сваю незалежную кампанію як супраць Ўілсана, гэтак і дзейнага рэспубліканскага прэзыдэнта Ўільяма Гаўарда Тафта. Пастанова Франкліна падтрымаць Ўілсана замест стрыечнага брата, выклівала незадаволенасьць з боку часткі сваякоў, але не Тэадора[24]. У тым годзе Рузвэлт захварэў на брушны тыф, а пасьля быў перавыбраны на сэнатарскую пачаду ў 1912 годзе. Пасьля выбараў ён ачоліў Камітэт сельскай гаспадаркі, а ягоны посьпех у прасоўваньні законаў аб сельскай гаспадарцы й працы стаў папярэднікам ягонай пазьнейшай палітыкі Новага курсу[25]. Ён стаў больш пасьлядоўна прагрэсіўным, падтрымліваючы праграмы ў галіне працы й сацыяльнага дабрабыту[26].

Памочнік сакратара флёту

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
На пасадзе памочніка сакратара флёту ў 1913 годзе.

З тае прычыны, што Рузвэлт падтрымаў Ўілсана, у рэшце сам Рузвэлт атрымаў прызначэньне ў сакавіку 1913 году на пасаду памочніка сакратара флёту, то бок другога паводле рангу службоўца ў Дэпартамэнце флёту пасьля сакратара Джозэфуса Дэніелза, які надаваў гэтай пасадзе мала ўвагі[27]. Рузвэлт меў асаблівую любоў да флёту, добра разьбіраўся ў тэме й выступаў за вялікія й магутныя вайскова-марскія сілы[28][29]. Дэніелз і Рузвэлт распрацавалі сыстэму павышэньняў паводле заслугаў і пашырылі цывільны кантроль над аўтаномнымі падразьдзяленьнямі флёту[30]. Рузвэлт быў куратарам цывільных супрацоўнікаў флёту й заслужыў павагу лідэраў прафзьвязаў за справядлівасьць у разьвязаньні праблемаў і канфліктаў[31], набываючы каштоўны досьвед у пытаньнях працы, кіраваньня ва ўмовах вайны, марской палітыкі й лягістыкі[32]. Часам Рузвэлт спрыяў дыскрымінацыйнай палітыцы Ўілсана й Дэніелза. Напрыклад, у 1916 годзе ён выканаў загад, які прадугледжваў за значныя сродкі стварэньне асобных прыбіральняў «для [белых] жанчынаў, белых мужчынаў і каляровых». Аднак, хутка ён сутыкнуўся з рашучым супрацівам праваабарончых арганізацыяў, у выніку чаго загад быў адкліканы без тлумачэньняў празь месяц[33].

У 1914 годзе Рузвэлт балятаваўся на месца рэспубліканскага сэнатара Эліў Рута, які пайшоў быў у адстаўку. Хоць яго падтрымлівалі сакратар скарбу Ўільям Гібс Макэду й губэрнатар Мартын Глін, ён сутыкнуўся з моцным супернікам, якім бым Джэймз Джэрард з Тамані-Холу[34]. Ён таксама ня меў падтрымкі Ўілсана, бо прэзыдэнту былі патрэбныя сілы Тамані дзеля ўхваленьня сваёй заканадаўчай праграмы й пераабраньня ў 1916 годзе[35]. Рузвэлт зазнаў цяжкую паразу на дэмакратычных праймэрыз, зразумеўшы, што аднаго фэдэральнага патранажу без падтрымкі Белага дому недастаткова, каб перамагчы моцную мясцовую арганізацыю[36][37]. Пасьля выбараў ён і кіраўнік Тамані-Хол Чарлз Фрэнсіс Мэрфі сталі хаўрусьнікамі[38]. Рузвэлт зноў засяродзіўся на працы ў Дэпартамэнце флёту, калі ў жніўні 1914 году ў Эўропе пачалася Першая сусьветная вайна[39]. Не зважаючы на тое, што ён працягнуў публічна падтрымліваць Ўілсана, усё ж такі ён сымпатызаваў Руху падрыхтоўкі, чые лідэры рашуча падтрымлівалі Антанту й заклікалі да нарошчваньня вайсковых сілаў[40]. Адміністрацыя Ўілсана пачала пашырэньне флёту пасьля таго, як нямецкі падводны човен патапіў брытанскі лайнэр «Лузытанія». Таксама Рузвэлт дапамог стварыць Рэзэрву ВМС ЗША і Раду нацыянальнай абароны[41]. У красавіку 1917 году, пасьля таго як Нямецкая імпэрыя абвесьціла пра неабмежаваную падводную вайну і атакавала некалькі амэрыканскіх суднаў, Кангрэс ухваліў заклік Ўілсана да абвяшчэньня вайны Нямеччыне[42].

Рузвэлт прасіў дазволу служыць афіцэрам флёту, але Ўілсан упарта напіраў на тое, каб той заставаўся памочнікам сакратара. Наступны год Рузвэлт з Вашынгтону каардынаваў перамяшчэньне флёту, бо той павялічыўся ў чатыры разы[43][44]. Улетку 1918 году Рузвэлт паехаў у Эўропу, каб праверыць марскія базы й сустрэцца з францускімі й брытанскімі чыноўнікамі. Дзякуючы роднаснай сувязі з Тэадорам Рузвэлтам, яго сустракалі вельмі ўрачыста, не зважаючы на адносна нізкі ранг. Рузвэлт меў доўгія прыватныя аўдыенцыі ў караля Георга V і прэм’ер-міністраў Дэйвіда Лойда Джорджa й Жоржа Клемансо[45]. У верасьні, падчас зваротнага падарожжа ў ЗША, ён захварэў на грыпавую пандэмію з ускладненьнем у выглядзе пнэўманіі[46], што выбіла яго з працы на месяц[45]. Па заканчэньні вайны ў 1918 годзе Дэніелз і Рузвэлт былі адказныя за дэмабілізацыю флёту[47]. Насуперак парадаў старэйшых афіцэраў Рузвэлт асабіста загадаў захаваць авіяцыйны аддзел флёту[48]. Ён таксама ўхваліў расьсьледаваньне, якое прывяло да сэксуальнага скандалу ў Ньюпарце, за што атрымаў вымову ад Сэнату ў 1921 годзе[11].

Кампанія на віцэ-прэзыдэнта

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рузвэлт і Джэймз Кокс на перадвыбарчай імпрэзе ў Агаё ў 1920 годзе.

З набліжэньнем заканчэньня прэзыдэнцтва Ўілсана Рузвэлт пачаў плянаваць сваю наступную выбарчую кампанію. Ён зьвярнуўся да арыентаванага на грамадзкія інтарэсы бізнэсоўца Гэрбэрта Гувэра з прапановай балятавацца на пасаду прэзыдэнта ад Дэмакратычнай партыі на выбарах 1920 году, а Рузвэлт меўся пайсьці кандыдатам на віцэ-прэзыдэнта[49]. Плян Рузвэлта, каб Гувэр ачоліў кампанію, разваліўся пасьля таго, як той абвесьціў пра сваю прыхільнасьць да Рэспубліканскай партыі, але Рузвэлт працягваў шукаць спосабы ўласнай намінацыі на пасаду віцэ-прэзыдэнта ў 1920 годзе. Пасьля таго як губэрнатар Агаё Джэймз Кокс быў абраны на кандыдата ад партыі на Дэмакратычнай нацыянальнай канвэнцыі 1920 году, ён абраў Рузвэлта сваім кандыдатам на віцэ-прэзыдэнта[50]. Хоць ягонае вылучэньнем сталася нечаканасьцю для многіх, але ён збалянсаваў кандыдатуру Кокса як больш мерны палітык і прыхільнік Ўілсана й забароны алькаголю, маючы ж да таго вядомае прозьвішча[51][52]. Рузвэлт, якому тады было 38 гадоў, пасьля канвэнцыі сышоў з пасады памочніка сакратара флёту й пачаў агульнанацыянальную перадчыбарчую кампанію[53].

Падчас кампаніі Кокс і Рузвэлт абаранялі адміністрацыю Ўілсана й Лігу народаў, якія ў 1920 годзе былі непапулярнымі[54]. Рузвэлт асабіста выступаў за ўступ ЗША ў Лігу народаў, але, у адрозьненьне ад Ўілсана, быў прыхільнікам кампрамісу з сэнатарам Гэнры Кэбатам Лоджам і іншымі «рэзэрвацыяністамі»[55]. Рэспубліканец Ўорэн Гардынг і ягоны кандыдат на віцэ-прэзыдэнта Кальвін Кулідж разграмілі пару Кокса й Рузвэлта на прэзыдэнцкіх выбарах, атрымаўшы перамогу ўва ўсіх штатах, акрамя паўднёвых[56]. Рузвэлт пазьней адзначаў, што сувязі й добрая воля, якія ён набыў падчас кампаніі 1920 году, добра дапамаглі яму ў ягонай кампаніі 1932 году. Выбары 1920 году таксама адзначылі першы публічны ўдзел Элеаноры Рузвэлт, якая зарэкамэндавала сябе як моцная палітычная фігура[57]. Пасьля выбараў Рузвэлт вярнуўся ў Нью-Ёрк, дзе займаўся юрыдычнай практыкай і працаваў віцэ-прэзыдэнтам кампаніі Fidelity and Deposit Company[58].

У жніўні 1921 году, у той час калі Рузвэлт разам зь сям’ёй адпачываў на высьпе Кэмпабэла ў Нью-Брансўіку, Канада, у Рузвэлта было дыягназавана захворваньне на поліяміэліт, што прывяло да пастаяннага паралічу ніжніх канцавінаў. Гэты дыягназ быў пазьней пастаўлены пад сумнёў[59]. Але ўсё сваё жыцьцё Рузвэлт адмаўляўся прызнаваць сябе паралізаваным. Ён праходзіў шырокі спэктар лячэньня, уключаючы гідратэрапію, а ў 1926 годзе, ён набыў курорт у Ўорм-Спрынгс, штат Джорджыя, дзе ён прафундаваў цэнтар гідратэрапіі для лячэньня хворых на поліяміэліт, які працуе й да сёньняшняга дня й называецца Інстытут рэабілітацыі імя Рузвэлта ва Ўорм-Спрынгс. Пасьля таго, як ён стаў прэзыдэнтам, ён быў адным з фундатараў Нацыянальнага Фонду дзіцячага паралічу (цяпер вядомы як «March of Dimes»).

У той час, Рузвэлт здолеў пераканаць многіх людзей, што яму становіцца лепей, калі ён балатаваўся на дзяржаўныя пасады. Але Франкліну прыйшлося паставіць мэталічныя дужкі ў ягоныя сьцёгны й ногі, ён старанна вучыўся хадзіць сам, падтрымліваючыся трасьцінай. Перамяшчаўся ён у інваліднай калясцы, але на публіцы звычайна зьяўляўся ў вэртыкальнам становішчы, падтрымліваючыся з аднаго боку памочнікам або аднім са сваіх сыноў.

У грамадзкай сьвядомасьці Рузвэлт, безумоўна, самы вядомы чалавек, які выжыў, нягледзячы на хваробу на поліяміэліт. Тым ня менш, ягоны ўзрост пры пачатку захворваньня (39 гадоў) й большасьць з сымптомаў ягонай хваробы больш адпавядаюць дыягназу на сындром Гіена-Баро.

Губэрнатарства ў Нью-Ёрку

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рузвэлт з сваім папярэднікам на пасадзе губэрнатара Нью-Ёрку Альфрэдам Сьмітам.

Сьміт, дэмакратычны кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 1928 году, запрасіў Рузвэлта балятавацца на пасаду губэрнатара штату Нью-Ёрку на выбарах 1928 году[60]. Рузвэлт першапачаткова супраціўляўся, бо не хацеў пакідаць Ўорм-Спрынгс і баяўся разгромнай перамогі рэспубліканцаў[61]. Кіраўнікі партыі ўрэшце пераканалі яго, што толькі ён можа перамагчы рэспубліканскага кандыдата на пасаду губэрнатара, кім быў генэральны пракурор штату Нью-Ёрк Альбэрт Отынгер[62]. У той час як Сьміт зь вялікім адрывам зазнаў паразу на прэзыдэнцкіх выбарах, сам Рузвэлт быў абраны губэрнатарам зь перавагай толькі ў адзін адсотак[63].

Рузвэлт прапанаваў будаўніцтва гідраэлектрастанцыяў і заняўся разьвязаньнем аграрнага крызісу 1920-х гадоў[64]. Адносіны паміж Рузвэлтам і Сьмітам пагоршыліся пасьля таго, як Рузвэлт надумаў не пакідаць на пасадах ключавых прызначэнцаў Сьміта[65]. Ён і Элеанора выпрацавалі паразуменьне на ўсю ягоную далейшую кар’еру, згодна зь якой яна будзе сумленна выконваць ролю жонкі губэрнатара, але таксама будзе вольная займацца ўласнымі справамі[66]. У той час ён пачаў ладзіць свае «гутаркі ля каміна», дзякуючы якім зьвяртаўся да сваіх выбарцаў праз радыё, часта ціснуўшы на заканадаўчы орган штату Нью-Ёрку, каб прасунуць сваю праграму[67]. Біржавы крах на Ўол-Стрыт у кастрычніку 1929 году паклаў пачатак Вялікай дэпрэсіі[68]. Рузвэлт стварыў дзяржаўную камісію па занятасьці й стаў першым губэрнатарам, які публічна падтрымаў ідэю страхаваньня па беспрацоўі[69].

Калі ў траўні 1930 году палітык пачаў сваю кампанію па вылучэньню на другі тэрмін, ён паўтарыў сваю дактрыну «што прагрэсіўны ўрад паводле сваёй сутнасьці мусіць быць жывым і здольным да росту, што барацьба за яго ніколі не спыняецца й што, калі мы паслабімся хоць на адзін момант або на адзін год, мы ня толькі спынімся, але й будзе адкінутымі назад у шэсьці цывілізацыяў»[70]. Ён быў пераабраны на другі тэрмін[71]. Рузвэлт прапанаваў шэраг захадаў з наданьнем эканамічнай дапамогі й стварэньнем Часовай адміністрацыі надзвычайнай дапамогі. Спачатку пад кіраўніцтвам Джэсі Страўса, а затым Гары Гопкінза, гэтая ўстанова аказала дапамогу больш як адной траціне насельніцтва Нью-Ёрку ў 1932—1938 гадах[72]. У 1930 годзе Рузвэлт прасунуў праз заканадаўчы орган законапраект, які ствараў страхаваньне па старасьці для жыхароў Нью-Ёрку[73]. Ён падтрымаў аднаўленьне лясоў лясоў праз папраўку Г’юіта ў 1931 годзе, што стварыла дзяржаўную лясную сыстэму Нью-Ёрку[74]. Рузвэлт таксама распачаў расьсьледаваньне карупцыі ў Нью-Ёрку сярод судовай сыстэмы, паліцыі й арганізаванай злачыннасьці, што прывяло да стварэньня камісіі Сыбэры. Гэтыя расьсьледаваньні выкрылі сетку з вымагальнікаў, што стала вынікам звальненьня многіх дзяржаўных службоўцаў і заняпаду арганізацыі Тамані-Хол[75].

Першы прэзыдэнцкі тэрмін (1933—1937)

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вынікі выбараў 1932 году. Штаты, які галасавалі за Рузвэлта пазначаныя сінім.

Калі Рузвэлт стаў прэзыдэнтам 4 сакавіка 1933 году (праз 32 дні пасьля таго, як Адольф Гітлер быў прызначаны канцлерам Нямеччыны) ЗША была ў самым горшым стане ў сваёй гісторыі. Чвэрць працаздольнага насельніцтва была беспрацоўнай. Фэрмэры аказаліся ў цяжкім становішчы, калі цэны ўпалі на 60%. Прамысловая вытворчасьць зьнізілася больш чым удвая з 1929 году. Два мільёны чалавек засталіся без прытулку. Да вечара 4 сакавіка, 32 з 48 штатаў, у тым ліку й акруга Калюмбія зачынілі свае банкі[76]. Нью-Ёрцкі Фэдэральны рэзэрвовы банк ня змог адкрыцца на наступны дзень, бо за некалькі дзён да гэтага кліенты ў паніцы зьнімалі вялізарныя суммы са свайго рахунку[77]. Пачынаючы са сваёй інаўгурацыйнай прамовы Рузвэлт абвінавачваў у эканамічнай крызе банкіраў і фінансістаў, якія імкнучыся да прыбытку, улічвалі толькі ўласныя інтарэсы.

Палітык на пачатку 1930-х гадоў.

На другі дзень на сваёй пасадзе Рузвэлт абвесьціў аб чатырохдзённых агульнанацыянальных «банкаўскіх вакацыяў», каб спыніць набегі ўкладальнікаў, якія масава здымалі свае грошы[78]. Ён склікаў надзвычайную сэсію Кангрэсу на 9 сакавіка, калі Кангрэс амаль без абмеркаваньня ўхваліў Надзвычайны банкаўскі закон[78]. Закон, першапачаткова распрацаваны адміністрацыяй Гувэра й банкірамі Ўол-стрыт, надаў прэзыдэнту паўнамоцтвы асабіста вызначаць наконт адкрыцьця й закрыцьця банкаў і дазваляў Фэдэральным рэзэрвовым банкам выпускаць банкноты[79]. «Кангрэс ста дзён» ухваліў беспрэцэдэнтную колькасьць законаў і стаў арыентырам, зь якім пачалі параўноўваць Рузвэлтавых наступнікаў[80][81]. Калі банкі адкрыліся 15 сакавіка, кошты акцыяў вырасьлі на 15%, і ў наступныя тыдні больш за 1 мільярд даляраў вярнуўся ў банкаўскія сховішчы, што здушыла паніку на рынку[78]. 22 сакавіка Рузвэлт падпісаў Закон Калена–Гарысана, які скасаваў «сухі закон»[82].

Гісторыкі катэгарызавалі праграму Рузвэлта як «дапамога, аднаўленьне й рэфармаваньне». Рузвэлт стварыў шэраг установаў і зрабіў захады, накіраваных на аказаньне дапамогі. Фэдэральная адміністрацыя надзвычайнай дапамогі пад кіраўніцтвам Гары Гопкінза пачала разьмеркаваньне гэтай дапамогі штатам[83]. Адміністрацыя грамадзкіх работ (АГР) пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў Гаралда Ікеса кантралявала будаўніцтва буйных цывільных аб’ектаў, сярод якіх былі плаціны, масты й школы[83]. Адміністрацыя сельскай электрыфікацыі (АСЭ) упершыню праклала электрычныя лініі ў сельскія рэгіёны[78]. Найбольш папулярнай установай Новага курсу — і ўлюбёнай Рузвэлтам — быў Цывільны корпус аховы прыроды (ЦКАП), які наняў падрадзіў 250 тысячаў беспрацоўных мужчынаў на сельскія праекты. Рузвэлт таксама пашырыў Карпарацыю фінансавай рэканструкцыі, якая фінансавала чыгункі й прамысловасьць. Кангрэс надаў Фэдэральнай гандлёвай камісіі шырокія рэгулятыўныя паўнамоцтвы й забясьпечыў іпатэчную дапамогу мільёнам фэрмэраў і ўладальнікаў дамоў. Прэзыдэнт таксама стварыў Адміністрацыю сельскагаспадарчага карэктаваньня, каб павысіць цэны на прадукцыю, плацячы фэрмэрам за тое, каб яны не засявалі частку зямлі й скарацілі статкі[84]. Аднак, гэтая палітыка была моцна крытыкаваная, бо ў некаторых выпадках ураджай наўмысна зьнішчалі, а быдла забівалі[78].

Калекцыя відэа з Рузвэлтам.

Эканамічная рэформа абдылася праз Закон аб нацыянальным аднаўленьні прамысловасьці 1933 году. Ён імкнуўся спыніць драпежную канкурэнцыю, прымушаючы галіны ўсталёўваць правілы, сярод якіх мусілі быць мінімальныя цэны, пагадненьні аб неканкурэнцыі, абмежаваньні вытворчасьці. Лідэры прамысловасьці ўзгаднялі правілы з чыноўнікамі, якія наўзамен прыпынялі антыманапольнае заканадаўства й падтрымлівалі павышэньне заробкаў. У траўні 1935 году Вярхоўны суд прызнаў гэты закон неканстытуцыйным, што стала ўдарам для Рузвэлта[85]. Ён рэфармаваў фінансавыя рэгуляцыі праз Закон Гласа–Стыгала, стварыўшы Фэдэральную карпарацыю страхаваньня дэпазытаў, якая гарантавала забясьпечанасьць ашчадным укладаньням. Закон таксама абмяжоўваў сувязі паміж камэрцыйнымі банкамі й інвэстыцыйнымі фірмамі[86]. У 1934 годзе была створаная Камісія па каштоўных паперах і біржах дзеля рэгуляваньня гандлю каштоўнымі паперамі, а Фэдэральная камісія па сувязях зьявілася з мэтай рэгуляваньня тэлекамунікацыяў[87]. Закон аб нацыянальным аднаўленьні прамысловасьці прадугледжваў 3,3 мільярдаў даляраў на праекты АГР для падтрымкі аднаўленьня эканамічнага жыцьця[88]. Рузвэлт разам з сэнатарам Норысам стварыў найбуйнейшае дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства ў гісторыі ЗША — Адміністрацыю даліны Тэнэсі (АДТ), якая будавала плаціны й электрастанцыі, прадухіляла наступствы паводкі й мадэрнізавала сельскую гаспадарку й павышала побытавыя ўмовы жыцьця ў беднай даліне Тэнэсі. Аднак мясцовыя жыхары крытыкавалі АДТ за высяленьне тысячаў людзей дзеля рэалізацыі згаданых праектаў[78]. Служба аховы глебы навучала фэрмэраў эфэктыўным мэтадам апрацоўкі зямлі, і разам з АДТ Рузвэлт стаў «бацькам аховы глебы»[78]. Выканаўчы загад 6102 абавязваў усіх грамадзянаў ЗША прадаць золата дзяржаве, а ягоная цана была павышаная з 20 да 35 даляраў за унцыю[89]. Мэтаю было супрацьдзеяньне дэфляцыі, якая паралізавала эканоміку[90][91].

Рузвэлт спрабаваў выканаць перадвыбарчыя абяцаньні, скараціўшы фэдэральны бюджэт. Захады з гэтае прычыны ўлучалі зьмяншэньне вайсковых выдаткаў з 752 млн даляраў у 1932 годзе да 531 млн у 1934-м годзе, а таксама скарачэньне на 40% выдаткаў на дапамогу вэтэранам. 500 тысячаў вэтэранаў і ўдоваў былі выкрасьленыя з пэнсійных сьпісаў, а выплаты астатнім былі зьменшаныя. Фэдэральныя заробкі былі скарочаныя, а фінансаваньне навукі й адукацыі таксама скарэктаваныя ў бок зьніжэньня. Такія крокі моцна ўзбудзілі вэтэранаў, якія праз уласныя арганізацыі дамагліся ня толькі вяртаньня большасьці выплатаў, але нават і іхняга павелічэньня ўжо ў 1934 годзе[90][92]. Кангрэс пераадолеў вэта прэзыдэнта й прасунуў Закон аб бонусах у студзені 1936 году[93]. Ён накіраваў у эканоміку сумы, роўныя 2% ВУП, што надало значны стымулюючы эфэкт[94]. Сэрыя радыё-прамоваў Рузвэлта, вядомая як «гутаркі ля каміна», дала магчымасьць прадставіць Франкліну Рузвэлту свае прапановы беспасярэдне да амэрыканскай грамадзкасьці.

Другі прэзыдэнцкі тэрмін (1937—1941)

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

На прэзыдэнцкіх выбарах 1936 году, Рузвэлт прадставіў праграму, якая працягвала Новы курс. Ягоны супраціўнік, губэрнатар штата Канзас Альф Лэндон шмат што пераняў з Новага курсу Рузвэлта, але атрымаў паразу. Рузвэлт заваяваў 60,8% галасоў і атрымаў перамогу ў кожным штаце, за выключэньнем Мэна й Вэрманта. Дэмакраты атрымалі яшчэ больш месцаў у Кангрэсе. Рузвэлт быў падтрыманы кааліцыяй выбаршчыкаў, якая ўключала традыцыйных дэмакратаў па ўсёй краіне, дробных фэрмэраў, «Самавіты Поўдзень», каталікоў, выбаршчыкоў зь вялікіх гарадоў, прафзьвязы, афраамэрыканцаў поўначы, габрэяў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі й палітычных лібэралаў. Гэтую кааліцыю часьцяком адносяць да кааліцыі Новага курсу, і яна заставалася амаль нязьменнай для Дэмакратычнай партыі да 1960 году.

У адрозьненьне ад першага прэзыдэнцкага тэрміну, вельмі мала асноўных законаў было прынята падчас другога, сярод іх стварэньне органа Жыльлёвага кіраваньня ЗША ў 1937 годзе, прыняцьцё другога сельскагаспадарчага рэгулюючага акту й закону аб справядлівых працоўных стандартах у 1938 годзе, які ўсталяваў мінімальную колькасьць заработкаў. Калі эканоміка пачала пагаршацца яшчэ раз у канцы 1937 году, Рузвэлт прасоўваў агрэсіўную праграму стымуляваньня, прасіўшы Кангрэс выдзяліць $5 млрд на дапамогу й аплату грамадзкай працы. Гэта дазволіла ў канчатковым выніку стварыць каля 3,3 мільёну працоўных месцаў да 1938 году.

Вярхоўны суд быў галоўнай перашкодай на шляху праграмы Рузвэлта падчас ягонага другога тэрміну, ён аналяваў многія зь яго праграмаў. У прыватнасьці ў 1935 годзе Суд аднагалосна пастанавіў, што закон аб нацыянальным індустрыяльным аздараўленьні быў неканстытуцыйнай праявай перадачы заканадаўчай улады прэзыдэнту. Рузвэлт ашаламіў Кангрэс напачатку 1937 году, прапанаваўшы закон, які дазваляў яму прызначаць да шасьці новых судзьдзяў, каб «уліць новую кроў»[95]. Гэты плян сутыкнуўся з інтэнсіўным палітычным супрадзьдзеяньнем ягонай уласнай партыі, на чале зь віцэ-прэзыдэнтам Гарнэрам, так як ён парушаў прынцыпы падзяленьня ўлады й надаваў прэзыдэнту кантроль над судом. Прапановы Рузвэлта былі разьбіты. Суд таксама адступіў ад канфрантацыі з адміністрацыяй, прызнаўшы законы аб працоўных узаемаадносінах і сацыяльным забесьпячэньні адпаведнымі канстытуцыі. Сьмерці й выхады на пэнсію неўзабаве дазволілі Рузвэлту прасунуць у Вярхоўны суд лаяльных да сябе судзьдзяў. Паміж 1937 і 1941 гадамі, ён прызначыў восем судзьдзяў.

Рузвэлт меў моцную падтрымку з боку хуткарослых прафзьвязаў, але цяпер яны падзелены на дзьве варагуючыя арганізацыі «Амэрыканская фэдэрацыя працы» (AFL) й «Кангрэс прамысловых прафзьвязаў» (CIO), апошняя на чале з Джонам Льюісам. Рузвэлт прамовіў на гэты конт: «чума на абодва вашыя дамы», але разьяднанасьць саслабіла партыю на выбарах з 1938 па 1946 гадох.

Пасьля лістападаўскіх выбараў 1938 году дэмакраты страцілі 6 месцаў у Сэнаце й 71 месца ў Палаце прадстаўнікоў. Страты былі зафіксаваны ў асноўным у кааліцыі дэмакратаў, якія падтрымлівалі Новы курс. У 1939 годзе ў Кангрэсе рэспубліканцы, ачоленыя сэнатарам Робэртам Тафтам, сфармавалі кансэрватыўную кааліцыю з паўднёвымі дэмакратамі, практычна паклаўшы канец здольнасьці Рузвэлта да лёгкага прасоўваньня сваіх прапановаў і прыняцьцё іх у якасьці законаў. Закон аб мінімальнай колькасьці заработкаў у 1938 годзе быў апошнім значным законам з рэформаў Новага курсу, прынятым Кангрэсам.

Зьнешняя палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рузвэлт з другім прэзыдэнтам Філіпінаў Мануэлем Кесонам

Прыход да ўлады дыктатара Адольфа Гітлера ў Нямеччыне выклікаў небясьпеку новай сусьветнай вайны. Тым ня менш, у 1937 годзе Кангрэс прыняў яшчэ больш жорсткі акт нэўтралітэту. Але калі кітайска-японская вайна пачалася ў гэтым жа годзе, грамадзкае меркаваньне выступала за дапамогу Кітаю, і Рузвэлт спрабаваў знайсьці розныя спосабы, каб дапамагчы гэтай краіне[96].

У кастрычніку 1937 году ён даў «Карантынную прамову», мэтай якой ставілася ўтрыманьне агрэсараў. Ён выказаў здагадку, што мілітарысцкія дзяржавы разглядаюцца як пагроза грамадзкаму здароўю й павінны знаходзіцца ў «карантыне». Пры гэтым ён таемна прасоўваў праграму будаўніцтва вялікай колькасьці падводных лодак, якія маглі бы блякаваць Японію[97]. Але ў часы падпісаньня Мюнхэнскай дамовы ў 1938 годзе, на якой ЗША не былі прадстаўленыя, Рузвэлт заявіў, што ЗША не далучацца да блёку супыненьня Гітлера ні пры якіх абставінах, і ён ясна даў зразумець, што ў выпадку нямецкае агрэсіі супраць Чэхаславаччыны, ЗША будуць захоўваць нэўтралітэт[98].

З-за шырокіх ізаляцыяніскіх настрояў Рузвэлт сказаў у 1939 годзе, што Францыя й Вялікабрытанія ёсьць «першая лінія абароны» для ЗША й яны маюць патрэбу ў амэрыканскай дапамозе, але пацьвердзіў, што Армія ЗША ваяваць ня будзе. Увесну 1939 году Рузвэлт дазволіў французам рабіць вялікія заказы амэрыканскай авіяцыйнай прамысловасьці па наяўна-разьліковай сыстэме, як гэта дазволена законам. Але большасьць заказаных самалётаў не пасьпелі прыбыць у Францыю да ейнай паразы ў траўні 1940 году, таму ў чэрвені 1940 году Рузвэлт частку францускіх заказаў прадаў брытанцам.

Калі ў 1939 годзе ўспыхнула Другая сусьветная вайна, Рузвэлт адкінуў пазыцыю Ўілсана па нэўтралітэце й шукаў шляхі, каб дапамагчы Ангельшчыне й Францыі ў ваенным дачыненьні[99]. Спачатку прэзыдэнт даў толькі ўтоеную падтрымку адмены эмбарга зброі, якое дзейнічала паводле палажэньняў «закону аб нэўтралітэце»[100]. Ён пачаў рэгулярную перапіску зь Першым лордам Адміралцейства Ўінстанам Чэрчылем у верасьні 1939 году, абмяркоўваючы шляхі аказаньня падтрымкі Вялікабрытаніі. У траўні 1940 году Чэрчыль стаў прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі.

Трэці прэзыдэнцкі тэрмін (1941—1945)

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Два прэзыдэнцкія тэрміны былі традыцыяй у няпісаных правілах, да 22-й папраўцы, якая была зроблена пасьля ягонага прэзыдэнцтва, бо яшчэ Джордж Вашынгтон адмовіўся балятавацца на трэці тэрмін у 1796 годзе. Да таго два амэрыканскія прэзыдэнты Ўліс Грант і Тэадор Рузвэлт былі атакованы нават за тое, што жадалі атрымаць пасаду прэзыдэнта на трэці тэрмін, нават не запар. Рузвэлт сыстэматычна падрываў рэпутацыю бачных дэмакратаў, якія маглі бы балятавацца ад Дэмакратычнай партыі, у тым ліку двух чальцоў ураду, дзяржаўнага сакратара Кордэла Гала й Джэймза Фарлі, кіраўніка выбарчай кампаніі Рузвэлта ў 1932 і 1936 гадох, генэральнага паштмайстара і старшыню дэмпартыі. На ўнутрыпартыйнай канфэрэнцыі ў Чыкага Рузвэлт меў доступ да сыстэмы рэгуляваньня гукам у залі. На зьезьдзе апазыцыя была дрэнна арганізавана, але Фарлі меў нейкую падтрымку. Рузвэлт заявіў, што ён ня быць балятавацца, калі не падрыхтуецца, і паведаміў, што дэлегаты вольныя галасаваць за каго-небудзь іншага. Дэлегаты ўзрушыліся, а затым гучнагаварыцель пракрычаў: «Мы хочам Рузвэлта… Сьвет хоча Рузвэлта!» Дэлегаты адзічэлі й ён быў вылучаны 946 голасам супраць 147 у першым туры. Тактыка, якую выкарысаў Рузвэлт была не зусім удалай, бо ягоная мэта складалася ў тым, каб быць вылучаным на падставе аднадушнай ухвалы<[101]. Новым намінантам на пасаду віцэ-кандыдата ў прэзыдэнты быў вылучаны Гэнры Эгард Ўолес, лібэральны інтэлігент, які да гэтага працаваў міністрам сельскай гаспадаркі[102].

У сваёй кампаніі супраць рэспубліканца Ўэндэла Ўілкі, Рузвэлт падкрэсьліў, што ягоны пасьпяховы вопыт кіраўніцтва будзе вельмі карысным, а таксама тое, што ён зробіць усё магчымае, каб Злучаныя Штаты не ўвязаліся ў вайну. У адным са сваіх выступаў ён заявіў, зьвяртаючыся да патэнцыйных навабранцаў, што «вы, хлопцы, ня будзе адпраўлены на любую чужую вайну». Ён выйграў выбары 1940 году з 55% галасоў выбаршчыкаў, атрымаўшы перамогу ў 38 штатах з 48[103]. Зрух налева ў адміністрацыі быў паказаны ў назначэньні Генры Эгарда Ўолеса ў якасьці віцэ-прэзыдэнта замест кансэрватыўнага тэхасца Джона Нэнсі Гарнэра, які стаў лютым ворагам Рузвэлта пасьля 1937 году.

  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #118602551 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. 1 2 3 4 5 6 Lundy D. R. Franklin Delano Roosevelt // The Peerage (анг.)
  3. 1 2 Franklin D. Roosevelt // filmportal.de — 2005.
  4. Franklin Delano Roosevelt // Brockhaus Enzyklopädie (ням.)F.A. Brockhaus, 1796.
  5. Gaddis J. L. The Cold War: A New History (анг.) — 1 — USA: Penguin Books. — P. 10. — ISBN 978-0-14-303827-6
  6. 1 2 3 4 5 6 7 8 Kindred Britain
  7. «Roosevelt — Surname Meaning, Origin for the Surname Roosevelt Genealogy». The New York Times.
  8. «Masonic Presidents». Grand Lodge of Pennsylvania.
  9. Dallek 2017. С. 38—39.
  10. Smith 2007. С. 58—60.
  11. 1 2 Brinkley, Alan (02.2000) Roosevelt, Franklin Delano American National Biography
  12. 1 2 Dallek 2017. С. 41.
  13. Smith 2007. С. 60—62.
  14. Smith 2007. С. 60—64.
  15. Smith 2007. С. 65.
  16. Smith 2007. С. 65—66.
  17. Gunther 1950. С. 202—203.
  18. 1 2 Burns 1956. С. 34.
  19. Smith 2007. С. 68—69.
  20. Brands 2009. С. 57—60.
  21. Gunther 1950. С. 205—206.
  22. Corcoran, Syndney (04.2022) Franklin D. Roosevelt — Grand Lodge of Ohio. Freemasonry.
  23. Burns 1956. С. 49.
  24. Black 2005. С. 62—63.
  25. Burns 1956. С. 44—46.
  26. Burns 1956. С. 43.
  27. Smith 2007. С. 97—101.
  28. Burns 1956. С. 51.
  29. Rofe, J. Simon (2008). «'Under the Influence of Mahan': Theodore and Franklin Roosevelt and their Understanding of American National Interest». Diplomacy & Statecraft. 19.4. — С. 732—745.
  30. Smith 2007. С. 102—106.
  31. Smith 2007. С. 113—114.
  32. Gunther 1950. С. 212.
  33.  Beito, David T. FDR: A New Political Life. — Chicago: Carus Books, 2025. — С. 8. — ISBN 978-1637700693
  34. Smith 2007. С. 122—123.
  35. Burns 1956. С. 56.
  36. Burns 1956. С. 57.
  37. Burns 1956. С. 60.
  38. Smith 2007. С. 125.
  39. Smith 2007. С. 125—126.
  40. Dallek 2017. С. 59—61.
  41. Smith 2007. С. 130—132.
  42. Dallek 2017. С. 62—63.
  43. Dallek 2017. С. 65—66.
  44. Smith 2007. С. 139—140.
  45. 1 2 O'Brien, Phillips Franklin Roosevelt was Made in World War One // The Spectator. — 08.2024.
  46. Goldman & Goldman 2017. С. 15.
  47. Smith 2007. С. 171—172.
  48. Underwood 1991. С. 11.
  49. Smith 2007. С. 176—177.
  50. Smith 2007. С. 177—181.
  51. Burns 1956. С. 73.
  52. Gunther 1950. С. 215—216.
  53. Smith 2007. С. 181.
  54. Smith 2007. С. 181—182.
  55. Smith 2007. С. 175—176.
  56. Burns 1956. С. 74.
  57. Smith 2007. С. 182—183.
  58. Smith 2007. С. 184—185.
  59. Lomazow, Steven. «The Untold Neurological Disease of Franklin Delano Roosevelt». Scribd Inc.
  60. Burns 1956. С. 100.
  61. Dallek 2017. С. 96—98.
  62. Smith 2007. С. 223—225.
  63. Burns 1956. С. 101.
  64. Smith 2007. С. 237—238.
  65. Smith 2007. С. 230—233.
  66. Smith 2007. С. 235—237.
  67. Smith 2007. С. 238—239.
  68. Smith 2007. С. 240—241.
  69. Smith 2007. С. 242—243.
  70. Burns 1956. С. 119—120.
  71. Burns 1956. С. 121.
  72. Smith 2007. С. 250—252.
  73. Franklin D. Roosevelt. The Official Website of New York State.
  74. History Of State Forest Program. New York State Department of Environmental Conservation.
  75.  Allen, Oliver E. The Tiger: The Rise and Fall of Tammany Hall. — Addison-Wesley Publishing Company. — С. 233–50. — ISBN 978-0-201-62463-2
  76. Jonathan Alter, The Defining Moment (2006), ст. 190.
  77. Kennedy, Susan Estabrook (March 13, 1933). «Bottom (The Banking Crisis of 1933)». Time Magazine.
  78. 1 2 3 4 5 6 7 Leuchtenburg, William E. (10.2016) FDR: Domestic Affairs. Univ. of Virginia Miller Center of Public Affairs.
  79. Leuchtenburg 2015. С. 147—148.
  80. Smith 2007. С. 312.
  81. Liptak, Kevin. History of Measuring Presidents' First 100 days // CNN, 04.2017 г.
  82. Leuchtenburg 2015. С. 151—152.
  83. 1 2 Smith 2007. С. 322.
  84. Smith 2007. С. 318—323.
  85. Hawley 1995. С. 124.
  86. Smith 2007. С. 331—332.
  87. Smith 2007. С. 346.
  88. Savage 1991. С. 160.
  89. Roosevelt's Gold Confiscation: Could It Happen Again? // The Daily Telegraph, 04.2013 г.
  90. 1 2 Freidel 1952–1973. С. 4.
  91. Freidel 1952–1973. С. 320—339.
  92. Freidel 1952–1973. С. 448—452.
  93. Dallek 2017. С. 249.
  94. Hausman, Joshua K. Fiscal Policy and Economic Recovery: The Case of the 1936 Veterans' Bonus // American Economic Review. — 04.2016. — Т. 106. — № 4. — С. 1100—43. — DOI:10.1257/aer.20130957
  95. Pusey, Merlo J. F.D.R. vs. the Supreme Court Архіўная копія ад 7 траўня 2006 г., American Heritage Magazine, April 1958,Volume 9, Issue 3
  96. Robert Dallek, Franklin D. Roosevelt and American foreign policy, 1932—1945 (1995) p. 273
  97. Williamson Murray and Allan R. Millett, A war to be won: fighting the Second World War (2001) pp 223—224
  98. Dallek, Franklin D. Roosevelt and American foreign policy, 1932—1945 p. 166-73
  99. Black, Franklin Delano Roosevelt, pp 503—506
  100. Burns 1956. С. 396.
  101. Burns 1956. С. 428.
  102. Burns 1956. С. 408—415.
  103. Burns 1956. С. 454.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]