Койданаўскі кальвінскі збор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры
Койданаўскі кальвінскі збор
Койданаўскі кальвінскі збор, каля 1900 г.
Койданаўскі кальвінскі збор, каля 1900 г.
Краіна Беларусь
Места Койданаў
Каардынаты 53°41′26.71″ пн. ш. 27°07′39.89″ у. д. / 53.6907528° пн. ш. 27.1277472° у. д. / 53.6907528; 27.1277472Каардынаты: 53°41′26.71″ пн. ш. 27°07′39.89″ у. д. / 53.6907528° пн. ш. 27.1277472° у. д. / 53.6907528; 27.1277472
Архітэктурны стыль готыка
Дата заснаваньня XVII ст.
Койданаўскі кальвінскі збор на мапе Беларусі
Койданаўскі кальвінскі збор
Койданаўскі кальвінскі збор
Койданаўскі кальвінскі збор
Commons-logo.svg Койданаўскі кальвінскі збор на Вікісховішчы

Койданаўскі кальвінскі збор — помнік архітэктуры XVII ст. у Койданаве. Знаходзіўся на Гаштольдавай гары, каля Плябанскай вуліцы. Твор архітэктуры готыкі.

Утвараў адзіны ансамбль з мураваным замкам. На тэрыторыі збора знаходзіўся 1-павярховы мураваны будынак плябаніі, накрыты гонтавым дахам, на асобным падворку — драўляныя будынкі 2-кляснай кальвінскай школы, шпіталя, жылыя і гаспадарчыя пабудовы[1]. У 1930—1950-я гады помнік дашчэнту зьнішчылі савецкія ўлады.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1564 годзе ў Койданаве пасярод замка на сродкі князя Мікалая Радзівіла «Рудога» збудавалі драўляны кальвінскі збор. Паводле гісторыка архітэктуры Юрыя Якімовіча[2], мураваны збор збудавалі ў 1613 годзе з фундацыі Крыштапа Мікалая Радзівіла «Перуна». Гэтае датаваньне грунтуецца на тым, што пры абсьледаваньні Гаштольдавай гары ў 1920-я гады краязнаўца Міхась Адзярыха знайшоў у вежы збора ўмураваную бляшаную шыльдачку з надпісам: «1613 год»[3]. Тым часам у інвэнтары Койданаўскага замка за 1621 год значыцца, што збор у ім «новы мураваны»[4]. З гэтай прычыны гісторык архітэктуры Тамара Габрусь мяркуе, што збор будаваўся паміж 1613—1621 гадамі[5].

Паводле сьведчаньня Ўладзіслава Сыракомлі, сынод гельвецкага веравызнаньня, які адбыўся ў 1691 годзе ў Вільні, прыняў пастанову, каб кожны чацьверты год усеагульны зьезд літоўскіх кальвіністаў ладзіўся ў Койданаве[6]. У зборы захоўвалася Берасьцейская Біблія 1563 году.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) збор працягваў дзейнічаць. Дя сярэдзіны XIX ст. пры зборы працавала кальвінская школа. У 1866 годзе сюды перавезьлі арган з адабранага расейскімі ўладамі ў каталікоў Менскага касьцёла бэрнардынак. У 1884 годзе будынак рэканструявалі.

Койданаўская кальвінісцкая парафія існавала да 1913 году. У пачатку XX ст. яна ахоплівала 3 паветы (Менскі, Ігуменскі, Наваградзкі) і налічвала каля 200 парафіянаў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян збора і замка

Збор пацярпеў у савецка-польскую вайну. У 1920-я гады ў ім разьмяшчаліся бальшавісцкія вайсковыя склады. У 1930-я гады савецкія ўлады пачалі разьбіраць помнік на патрэбы новага будаваньня, у 1950-я гады — збор і замак канчаткова зьнішчылі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры готыкі. Гэта была 3-нэфавая базыліка з 5-граннай алтарнай апсыдай, да якой далучаліся дзьве закрысьціі. У аб’ёмнай кампазыцыі будынка дамінавала 4-ярусная (два ніжнія ярусы — чацьверкі, астатнія — васьмерыкі) вежа-званіца. Асноўны аб'ём накрываўся 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Бакавыя сьцены ўмацоўваліся контрфорсамі[7]. і праразаліся аркавымі аконнымі праёмамі. Вежа-званіца з гадзіньнікам і вялікім звонам у верхнім ярусе завяршалася шатром, яе сьцены праразаліся высокімі аркавымі вокнамі і круглымі байніцамі. Уваход у вежу знаходзіўся з паўднёвага боку.

Асноўны аб'ём падзяляўся чатырма 8-граннымі слупамі, якія ў аснове мелі амаль квадратную форму (1,9—1,75 м), на тры нэфы. Бакавыя былі вузейшыя за цэнтральны нэф, які адпавядаў шырыні апсыды. Нэфы і алтарную частку перакрывалі зорчатыя скляпеньні, уласьцівыя гатычнай архітэктуры. Бакавыя адцінкі нэрвюраў і падпружных арак абапіраліся на кранштэйны, зробленыя ў сьценах. Асноўны аб’ём злучаўся з прэзьбітэрыюмам аркай сьпічастай формы, якая трымала ўсходні франтон, а таксама часткова скляпеньні асноўнай і алтарнай частак. Збор асьвятляўся праз вокны, якія завяршаліся перамычкай паўцыркульнай формы. Каля алтара разьмяшчалася разная дубовая катэдра. У другім ярусе вежы былі хоры, якія выходзілі ў галоўны нэф бальконам з размаляванай балюстрадай. Да іх, а таксама ў вежу і на паддашак збора вялі сходы, разьмешчаныя ў заходняй сьцяне.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Якімовіч Ю. Койданаўскі Кальвінскі збор // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 248.
  2. ^ Якімовіч Ю. Койданаўскі Кальвінскі збор // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 247.
  3. ^ Адзярыха М. Апісанне койданаўскага замку // Наш край. — 1926. — № 2. — С. 23-24.
  4. ^ Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — №3. — Менск: Полымя, 1985. — ISSN 0131-2669. С. 25—27.
  5. ^ Габрусь Т. Помнікі пратэстанцкага храмабудаўніцтва Беларусі // Спадчына. — 2003. — № 1.
  6. ^ Кушнярэвіч А. Кальвінскі збор у Койданаве // Спадчына. — 1994. — № 2. — С. 51.
  7. ^ Кушнярэвіч А. Кальвінскі збор у Койданаве // Спадчына. — 1994. — № 2. — С. 52.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Койданаўскі кальвінскі зборсховішча мультымэдыйных матэрыялаў