Мікалай Статкевіч
| Мікалай Статкевіч | |
| Старшыня БСДП (НГ) | |
|---|---|
| 25 лістапада 2007 — цяперашні час | |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | 12 жніўня 1956 (69 гадоў) вёска Лядна, Слуцкі раён, Менская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
| Партыя | КПСС (1982—1991), БСДГ (да 1996), БСДП (НГ) (ад 1996) |
| Адукацыя | |
| Сужэнец | Марына Адамовіч[d] |
| Бацька | Віктар Статкевіч[d] |
| Узнагароды | |
| Сайт | statkevich.org (бел.) (рас.) |
Мікала́й (Міко́ла) Ві́ктаравіч Статке́віч (нар. 1956; в. Лядна, Слуцкі раён, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі палітык.
Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Адзін са стваральнікаў грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае аб’яднаньне вайскоўцаў». Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць]Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. У 1978 годзе скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню СПА. У 1978—1982 гадох служыў у войску ў Мурманскай вобласьці. Там стаў сябрам КПСС, зь якой выйшаў у 1991 годзе на знак пратэсту супраць прыдушэньня антысавецкіх дэманстрацыяў у Вільні. У 1982 годзе паступіў у ад’юнктуру Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні. У 1993 годзе яго звольнілі зь беларускага войска за месяц да абароны доктарскай дысэртацыі за выступленьне супраць Дамовы аб калектыўнай бясьпецы з Армэніяй і Таджыкістанам, дзе ішла вайна. У выніку розгаласу Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ухваліў дамову з агаворкай не пасылаць беларускіх жаўнераў у месцы ваенных дзеяньняў[1].
У 1995 годзе абраны старшынём БСДГ замест Алега Трусава. Пасьля аб’яднаньня з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай згоды і стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) стаў старшынём БСДП (НГ).
З 2003 году — лідэр «Эўрапейскай кааліцыі». 31 траўня 2005 году разам з Паўлам Севярынцам быў асуджаны да трох гадоў прымусовай працы за арганізацыю пратэстаў апазыцыі супраць фальшаваньня вынікаў кастрычніцкіх выбараў у Палату прадстаўнікоў 2004 году. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя «Amnesty International» прызнала Мікалая Статкевіча вязьнем сумленьня[2]. У ліпені 2007 году вызвалены па амністыі.
У 2009 годзе кангрэс «Эўрапейскай кааліцыі» вылучыў Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты. У 2010 годзе зарэгістраваны кандыдатам на выбарах прэзыдэнта Беларусі. 26 траўня 2011 году асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму[3]. 22 жніўня 2015 году Мікалай Статкевіч быў памілаваны і выпушчаны на волю[4].
14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на выязным паседжаньні ў сьледчым ізалятары вырак Статкевіча да 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму за ладжаньне масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Разам зь ім выраклі яшчэ 5 чалавек. Паводле 4-х артыкулаў Крымінальнага кодэксу блогера Сяргея Ціханоўскага — да 18 гадоў зняволеньня, праграміста Зьмітра Папова за мадэрацыю сацсетак і апэратара Арцёма Сакава — да 16 гадоў узмоцненага рэжыму. Журналіста Беларускай службы Радыё «Свабода» Ігара Лосіка і блогера Ўладзімера Цыгановіча — да 15 гадоў узмоцненага рэжыму паводле 2-х артыкулаў КК Беларусі[5]. Таксама з 6 абвінавачаных пастанавілі спагнаць 3,5 млн рублёў (1,4 млн даляраў)[6]. Вырак вынес судзьдзя Мікалай Доля[7].
11 верасьня 2025 году быў вызвалены сярод 52-х палітвязьняў пасьля сустрэчы прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод адначасна вызваленых было 38 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку старшыня кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч, былы старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, галоўны рэдактар тыднёвіка «Рэгіянальная газэта» Аляксандар Манцэвіч і журналіст газэты «Новы час» Мікалай Дзядок. Памілаваныя іншаземцы паходзілі з 6 краінаў Эўропы, зь іх 10 з 3-х суседніх краінаў Эўразьвязу[8]. Аднак Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну і пасьля гэтага быў адвезены назад у Беларусь у калёнію[9].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць]- Тры мэдалі Ўзброеных Сілаў СССР.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць]- ^ Мікалай Статкевіч. Радзіма, гонар, народ // Зьвязда : газэта. — 1 сьнежня 2010. — № 231 (26839). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Беларусь: наказаны воспользовавшиеся своим правом на свободу слова (рас.)
- ^ Статкевич приговорен к шести годам лишения свободы, Усс — к пяти с половиной (рас.) TUT.BY Архіўная копія ад 2011-07-29 г.
- ^ Лукашэнка памілаваў Статкевіча і іншых палітвязняў Белсат Архіўная копія ад 2015-08-23 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Вырак па крымінальнай справе групы Ціханоўскага-Статкевіча вынесены ў Гомелі // Белтэлерадыёкампанія, 14 сьнежня 2021 г. Праверана 15 сьнежня 2021 г.
- ^ Блогер Сяргей Ціханоўскі прысуджаны да 18 год калёніі ўзмоцненага рэжыму // Газэта «Зьвязда», 14 сьнежня 2021 г. Праверана 15 сьнежня 2021 г.
- ^ Да 18 гадоў зьняволеньня // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 сьнежня 2021 г. Праверана 15 сьнежня 2021 г.
- ^ Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 верасьня 2025 г. Праверана 11 верасьня 2025 г.
- ^ Лукашенко рассказал, что Статкевича «забрали в Беларусь» (рас.) Reform.news(be)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць]| Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Афіцыйны сайт Мікалая Статкевіча
- Старонка на праекце «Хто ёсьць хто ў РБ» (рас.)
- Афіцыйны сайт БСДП (НГ) (копія)
- Старонка Мікалая Статкевіча на праекце election.in-by.net
- YouTube канал Міколы Статкевіча
| |||||
- Нарадзіліся 12 жніўня
- Нарадзіліся ў 1956 годзе
- Выпускнікі Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь
- Узнагароджаныя Мэдалём да стагодзьдзя БНР
- Ляўрэаты прэміі імя Сахарава
- Палітыкі Рэспублікі Беларусь
- Кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь (2010)
- Нарадзіліся ў Слуцкім раёне
- Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады
- Сябры КПСС
- Кандыдаты тэхнічных навук
- Беларускія вайскоўцы
- Вязьні сумленьня паводле ПЦ „Вясна“
- Беларускія вязьні сумленьня паводле „Міжнароднай амністыі“