Перайсьці да зьместу

Уладзімер Навасяд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Навасяд
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II скліканьня
2000 — 2004
Дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі 13-га скліканьня
1995 — 1996
Дэпутат Магілёўскай гарадзкой рады дэпутатаў
1990 — 1996
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся12 красавіка 1968 (57 гадоў)
Кіеў, Украіна
ПартыяАГП (да 2000)
АдукацыяМагілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут (1993),
Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь

Уладзімер Уладзімеравіч Навасяд (нарадзіўся 12 красавіка 1968 году, Кіеў, Украіна) — беларускі палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II скліканьня.

Палітычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 1980-х гг., быўшы студэнтам Магілёўскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту, стварыў студэнцкую арганізацыю «Студэнцкі зьвяз» — альтэрнатыву камсамольскай арганізацыі ВНУ. Арганізацыя дамагалася разьвіцьці студэнцкага самакіраваньня. Быў ініцыятарам стварэньня (увайшоў у заснавальнікі) Рэспубліканскага студэнцкага зьвязу — арганізацыі, мэтай якой было арганізаваны выступ супраць манаполіі ВЛКСМ і КПСС у вучэбных установах краіны.

У 1990 годзе перамог на выбарах у Магілёўскую гарадзкую раду дэпутатаў. Дэпутат гарсавету з 1990 па 1996 год. Адзін з ініцыятараў стварэньня аддзела па справах моладзі г. Магілёва (першага ў Беларусі). З 1993 па 1995 г. кіраўнік дадзенага аддзела. Пры аддзеле па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама функцыянавала Рада грамадзкіх арганізацыяў, якая вырашала пытаньні рэалізацыі моладзевай палітыкі ў горадзе. У 1995 годзе пасьля ўсталяваньня «вэртыкалі», ініцыяванай А. Лукашэнкам, звольніўся па ўласным жаданьні.

У 1995 годзе перамагае на выбарах у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь XIII скліканьня. У Вярхоўным Савеце працуе на пасадзе намесьніка старшыні Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і самакіраваньні. З 1995 году адзін з заснавальнікаў фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», узначаленай С. А. Багданкевічам. У 1996 годзе пасьля канстытуцыйнага крызісу і рэфэрэндуму быў «звольнены» зь Вярхоўнага савету з фармулёўкай «па скарачэньні штатаў».

У 1995 годзе стварае Рэспубліканскую моладзевую грамадзкую арганізацыю «Грамадзянскі Форум», якую ўзначаліў. У 1997 годзе ініцыятар стварэньня першай моладзевай кааліцыі пад назвай «Маладая Беларусь».

У 1999 годзе ўзначаленая У. Навасядам моладзевая арганізацыя «Грамадзянскі форум» засноўвае сваю газэту «Моладзевы праспэкт», якая выходзіць з 1999 па 2006 год у выглядзе звычайных і адмысловых выпускаў (з 2001 па 2006 год спэцвыпуск «Навіны Серабранкі» распаўсюджваецца ў адпаведным раёне г. Менску, ад якога У. Навасяд быў абраны дэпутатам у парлямэнт).

У 2000 годзе ідзе на парлямэнцкія выбары, адмовіўшыся ўдзельнічаць у байкоце. Перамагае ў адным з раёнаў Менску і становіцца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II скліканьня. Працуе ў складзе сталай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і самакіраваньні. Пры падтрымцы моладзі з «Грамадзянскага форуму» на разгляд парлямэнту выносіць шэраг законапраектаў: «Аб альтэрнатыўнай службе», «Аб зьберажэньнях грамадзян», блёк паправак у закон «Аб статуце Палаты прадстаўнікоў» і іншыя. Актыўна працуе сярод жыхароў акругі, ад якой абраны дэпутатам. Па просьбе выбарнікаў удзельнічае асабіста і праз сваіх памагатых у вырашэньні праблем раённага і гарадзкога маштабу. Улетку 2004 году, у зьвязку з падрыхтоўкай да чарговых парлямэнцкіх выбараў супольна з дэпутацкай групай Рэспубліка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законпраект пра зьмены ў выбарчае заканадаўства.

Да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах 2004 году і мясцовых выбарах 2007 году службоўцамі выбаркама дапушчаны ня быў: у першым выпадку быў зьняты за пяць дзён да дня галасаваньня, у другім — на этапе рэгістрацыі кандыдата.

На працягу ўсяго палітычнага шляху зьбірае вакол сябе аднадумцаў. У 2001—2003 гадах сярод іх нараджаецца і канчаткова афармляецца ідэя стварэньня ў Беларусі партыі лібэральнай арыентацыі. Для новай партыі была абраная назва «Партыя свабоды і прагрэсу (ПСП)», быў сфармаваны Арганізацыйны камітэт на чале з Уладзімерам Навасядам. Партыя зарэгістраваная не была, паколькі Міністэрства юстыцыі тройчы адмовіла ў яе рэгістрацыі па фармальных падставах.

Праваслаўны. Жанаты, мае двух дочак.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]