Нізкіз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
«Нізкіз»
Nizkiz.jpg
Інфармацыя
Гады з 2008-га
Адкуль Магілёў, Беларусь
Мова беларуская, расейская
Жанр рок-музыка
Выдавец студыі «Арзамас 16» (Магілёў) і «Дом міксу» (Польшча), лэйбл «Пяршак» («34mag»)
Афіцыйная старонка nizkiz.com
Удзельнікі Аляксандар Ільлін, Леанід Несьцярук, Сяргей Кульша і Зьміцер Халяўкін

«Нізкіз»[1] (бел. лац. Nizkiz) — музычны гурт Беларусі, заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве.

«Нізкіз» выдаў альбомы «Nizkiz» (2012), «Лірыка» (2015), «Сыноптык» (2017) і «Самнамбула» (2019). У 2018 годзе гурт выпусьціў 2 відэакліпы па-беларуску на песьні «Небясьпечна» і «Люстэрка». У лютым 2020 году кліп «Небясьпечна» перасягнуў 1 млн праглядаў на «Ютубе».

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2008—2013[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2008 годзе ў Магілёве стварылі гурт «Нізкіз», песьні якога сталі ставіць на хвалях мясцовага «Нашага радыё». Гурт выступіў на магілёўскіх фэстах «Нашыя ў горадзе», «АдНАШАны» й «Трэці прыход». У 2013 годзе «Нізкіз» прайшоў беларускі адбор на 2 замежныя фэсты — «Эмэргэнза» й «Суседні сьвет».

2 лістапада 2013 году ў менскім клюбе «Рэпаблік» (вул. Прытыцкага, д. 62) гурт «Нізкіз» сыграў сваю першую беларускамоўную песьню «Гуантанама» на канцэрце, што ладзіўся он-лайн-парталам «Ультра-музыка». Бубнач і мэнэджэр гурту Зьміцер Халяўкін патлумачыў, што песьню напісалі напярэдадні сумеснага канцэрту з гуртам «Бяз назвы» («БН»). Пасьля канцэрту песьню запісалі ў студыі[2].

12 сьнежня 2013 году песьня «Гуантанама» патрапіла ў 4-ы тур чарту на музычным партале «Тузін гітоў». Аўтар песьні й сьпявак гурту Аляксандар Ільлін патлумачыў яе назву: «Гэтую мэтафару мы скарысталі, каб падзяліцца ўнутранымі перажываньнямі, распавесьці пра тую турму, якая ёсьць унутры чалавека, пра межы ды рамкі, якія мы самі для сябе выдумляем»[3].

27 сьнежня 2013 году гурт «Нізкіз» перамог зь песьняй «Гуантанама» ў 4-м туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў», таму музыкі вырашылі запісаць відэакліп на гэтую песьню. Таксама ўдзельнікі гурту задумалі наступную беларускамоўную кампазыцыю[4]. 7 лютага 2014 году «Нізкіз» прадставіў сваю 2-ю песьню па-беларуску «Паветра» на ўручэньні ўзнагароды «Даём рады». 10 лютага песьня «Гуантанама» перамагла ў 7-м туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў». Тады гурт вырашыў запісаць песьню «Паветра» й яшчэ адну песьню па-беларуску з гукапрадусарам Яўгенам Сухавеем, а таксама падрыхтаваў трыплет-альбом. На люты й сакавік прызначылі канцэрты ў Берасьці й Гомлі. На сакавік прызначылі запіс відэакліпу «Гуантанама»[5].

2014—2016[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 траўня 2014 року гурт «Нізкіз» прадставіў свой 2-і беларускамоўны самотнік «Цяпер і далей» на «Эўрарадыё». Аляксандар Ільлін назваў яго «гімнам людзям, якія здольныя на сьмелыя ўчынкі» й сваёй улюбёнай песьняй. Гурт абвясьціў, што працуе над новым альбомам, палову якога мелі скласьці песьні па-беларуску[6]. Словы да песьні «Цяпер і далей» дапамог скласьці паэт Віталь Рыжкоў. 23 траўня «Нізкіз» выступіў на фэсьце «Дзень радыё»[7]. 7 чэрвеня 2014 году ў Маскве «Нізкіз» выступіў у парку Горкага, дзе больш прыязна прымалі песьні па-беларуску[8]. Цягам лета 2014 году песьня «Цяпер і далей» заняла 12-е месца сярод найбольш праслухоўваных на аўдыёканале «Тузіна гітоў» у «Саўндклаўдзе»[9]. 9 кастрычніка 2014 году песьня «Цяпер і далей» патрапіла ў аўдыёчарт «Тузіна гітоў». Па выніках папярэдняга сэзону песьня «Гуантанама» апынулася ў тузіне гітоў 2013/2014 гадоў. Да канца восені гурт вырашыў даць канцэрты ў 6 гарадох Беларусі — Берасьці, Менску, Віцебску, Рагачове, Гомлі й Наваполацку. Ужо гатовы новы альбом прызначылі да канцэртнай прэзэнтацыі на 2015 год[10]. Па выніках восені 2014 року песьня «Цяпер і далей» заняла 11-е месца ў «Тузіне гітоў» на «Саўндклаўдзе»[11]. 10 сьнежня 2014 году выйшла складанка «Сёмы Прэм’ер Тузін», у «Залатым Тузіне» якой песьня «Гуантанама» заняла 11-е месца па выніках гіт-параду 2014 году[12]. 22 сьнежня 2014 року песьня «Цяпер і далей» перамагла ў 6-м туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў». Адначасна «Нізкіз» адправіў свой новы альбом на зьвядзеньне[13].

Узімку 2014/2015 гадоў песьня «Цяпер і далей» стала 9-й найбольш праслухоўванай сярод «Тузіну гітоў» на «Саўндклаўдзе»[14]. 23 ліпеня 2015 году паэт Глеб Лабадзенка ўлучыў песьню «Цяпер і далей» у мэгатур «Тузіна гітоў» за званьне найлепшай песьні году[15]. 1 жніўня 2015 году «Нізкіз» выступіў на фэстывалі «Дружба» ў цэнтры экалягічнага турызму «Станькава»[16]. 14 студзеня 2016 году «Нізкіз» выдаў 4-ю беларускамоўную песьню «Цемра»[17]. 29 лютага 2016 году «Нізкіз» перамог у альбомным і 7-м песенным чартах «Тузіна гітоў» з альбомам «Лірыка» й песьняй «Цемра». Музыкі пачалі ствараць новы альбом, для запісу якога запусьцілі грамадзкае фундаваньне на партале «МаеСэнс». Увесну вырашылі выступіць у абласных цэнтрах Беларусі[18]. 24 чэрвеня 2016 году «Нізкіз» адыграў 40 хвілінаў у якасьці госьця на фінале конкурсу «Засьпявай 3.0», які ладзілі на менскай плошчы Свабоды[19].

2017[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 траўня 2017 року на тэлеканале «Белсат» гурт выступіў у перадачы «Музыка ўжывую» з 4-ма песьнямі, у тым ліку 3-ма па-беларуску: «Гуантанама», «Цяпер і далей» і «Цемра»[20]. 6 чэрвеня 2017 году Аляксандар Ільлін заявіў, што ў новым альбоме «Сыноптык» ягоныя «песьні пра ўнутранае надвор’е, якое кожны можа вызначаць сам: напрыклад, паглядзець у люстэрка зраніцы ды ўсьміхнуцца самому сабе, каб задаць уласны настрой»[21]. 7 чэрвеня 2017 году «Нізкіз» прадставіў свой беларускамоўны гіт «Небясьпечна» ў чарце «Тузіна гітоў». Аляксандар Ільлін з гэтай нагоды згадаў: «Мне думалася пры напісаньні пра чалавека, які з пэўных прычынаў пагрузіўся ў шэрую будзённасьць без усялякіх надзеяў на сьветлае. І вось здараецца невытлумачальнае, як яму здаецца: ён сустракае іншага чалавека, які зьмяняе яго сьветаадчуваньне ў лепшы бок! Для яго гэта так раптоўна, што ён баіцца ўсяго гэтага даўно забытага. Але ўсё ж карціць яму застацца ды паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Як кажуць, калючы ёрш, але юшка смачная»[22]. 17 ліпеня 2017 году паэт Міхал Анемпадыстаў залічыў песьню «Небясьпечна» гурту «Нізкіз» у мэгатур «Тузіна гітоў» за 2017 год[23]. 29 жніўня 2017 году песьня «Небясьпечна» перамагла ў мэгатуры «Тузіна гітоў», куды яе вылучылі 5 з 6 экспэртаў. На пачатку верасьня «Нізкіз» выступіў на некалькіх канцэртах у Менску, а 4 лістапада даў у сталіцы сольны канцэрт[24]. 19 лістапада 2017 року гурт вылучылі на прэмію «Героі году». На той час рэжысэр Арцём Лобач зьняў відэакліп на песьню «Небясьпечна», пад якую выпусьціў тызэр. Гурт выступіў з новай праграмай у Магілёве, Берасьці, Горадні, Віцебску, Браславе й Лагойску. Таксама музыкі далі 4 аншлягавыя сольнікі ў Менску й вырашылі паўторна выступіць у Віцебску й Берасьці ў сьнежні. Улетку гурт удзельнічаў у некалькіх фэстах. Урэшце «Нізкіз» даў стадыённы канцэрт на запрашэньне менскага клюбу «Крумкачы» перад гульнёй чэмпіянату Беларусі па футболе[25].

2018[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 чэрвеня 2018 году ў відэачарт «Тузіна гітоў» патрапіў відэакліп Арцёма Лобача на песьню «Небясьпечна» гурту «Нізкіз»[26]. 30 чэрвеня 2018 году гурт выступіў з гадзіннай праграмай на фэсьце «Наш дзень» у Строчыцы[27]. 7 лістапада 2018 року гурт намінавалі на ўзнагароду «Героі году». Цягам году «Нізкіз» зьбіраў поўныя залі ў абласных цэнтрах Беларусі. Квіткі на тысячную залю ў Менску скончыліся за месяц да канцэрту. Адбыліся пасьпяховыя сольнікі ў 2 местах Расеі — Маскве й Санкт-Пецярбургу. Улетку «Нізкіз» выступіў на фэстывалях «ЛідБір» і «Віва Браслаў» у Беларусі, а таксама на ўкраінскім фэсьце «Атлас Ўікэнд». Над самотнікам «Люстэрка» працаваў партугальскі прадусар Даніель Кардозу. Кліп на песьню «Небясьпечна» дасягнуў 250 000 праглядаў[28]. 5 студзеня 2019 году «Нізкіз» выступіў 2-і раз на тэлеканале «Белсат» у перадачы «Музыка ўжывую», якую ўпершыню зьнялі ў прысутнасьці гледачоў. Сярод 6 песьняў музыкі выканалі 3 па-беларуску: «Люстэрка», «Небясьпечна»й «Так трэба». Сярод іншага музыкі прыгадалі свой выступ 25 сакавіка 2018 году ў Менску на 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі[29]. 15 студзеня 2019 году «Нізкіз» прадставіў кліп на песьню «Люстэрка» ў відэачарце «Тузіна гітоў». Пра песьню Аляксандар Ільлін зазначыў:

Калі мы заглядаем у сябе, як у люстэрка, мы можам пабачыць там некалькі асобаў ці нават дэманаў, якія з часам і пад уплывам розных фактараў могуць пачаць з намі суіснаваць! Ну і канечне, у песьні тлумачыцца тое, хто і што можа даць рады пазбыцца гэтага.

Апэратарам кліпу выступіў Аляксандар Алейнікаў. У галоўнай ролі зьняўся актор Беларускага моладзевага тэатру Антон Макуха, а таксама Настасься Белка й Цімур Нядзьведзь[30].

2019[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 красавіка 2019 году гурт даў канцэрт з аншлягам у менскім клюбе «Прайм-Хол». 15 ліпеня 2019 року на сталічнай «Чыжоўка-Арэне» гурт «Нізкіз» выступіў разам з амэрыканскім гуртом «30 сэкундаў да Марсу»[31]. 10 жніўня 2019 году «Нізкіз» выступіў на «А-фэсьце» ў Менску[32]. 23 лютага 2019 году на тэлеканале «Беларусь 1» гурт выступіў у вечаровай перадачы «Макаёнка 9» зь песьняй «Небясьпечна»[33].

2020[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 15 лютага Nizkiz сабралі 4 тысячы глядачоў у Falcon Club Arena
  • 20 лютага 2020 году кліп на гіт «Небясьпечна» перасягнуў 1 млн праглядаў на Ютубе[34]

Альбомы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 красавіка 2014 году гурт «Нізкіз» выдаў першы беларускі трыплет-альбом «Гуантанама», які назвалі ў гонар сваёй першай беларускамоўнай песьні. У трыплет-альбом акром песень зь першай плыткі ўвайшлі сынглы «Трымай» і «Гуантанама». Яго магчыма было паслухаць на смартфоне й пляншэце з дапамогай дадатку ў інтэрнэт-крамах «Гугл Плэй», «Эп Стор» і «Ўіндоўз Стор»[35].

Аляксандар Ільлін зьяўляецца аўтарам усіх песень. 

«Гуантанама»
Назва Працягласьць
1. «Гуантанама»   3:22
2. «Держи»    
3. «Токи»    
4. «Думай»    
5. «Это я сам»    
6. «Отдай»    
7. «Больше»    
8. «Шире»    
9. «Не верю»    
10. «Кроме»    
11. «С ума»    
12. «Из алого»    
13. «День over»    
14. «Сеть»    

24 сакавіка 2015 году «Нізкіз» выпусьціў 2-і альбом «Лірыка», які зьмяшчаў 2 песьні па-беларуску — «Цяпер і далей» і «Як спыняецца цішыня». Запіс альбому выканаў гукапрадусар Дзяніс Манёнак[36].

Аўтарам усёй музыкі зьяўляецца Аляксандар Ільлін.

«Лірыка»
НазваСловы Працягласьць
1. «Будь моей звездой»  Аляксандар Ільлін 3:39
2. «Поворачивай»  Аляксандар Ільлін 4:05
3. «Цяпер і далей»  Аляксандар Ільлін, Віталь Рыжкоў 3:20
4. «Лирика»  Аляксандар Ільлін 3:38
5. «Где я»  Аляксандар Ільлін 3:33
6. «Ничего не бойся»  Аляксандар Ільлін 3:55
7. «Як спыняецца цішыня»  Аляксандар Ільлін 4:05
8. «Из-за неё»  Аляксандар Ільлін 3:21
9. «Катрина»  Аляксандар Ільлін 3:43
33 хв.

21 красавіка 2017 году гурт выдаў 3-і альбом «Сыноптык». Тры зь 9-і песьняў альбому былі па-беларуску: «Так трэба», «Цемра» й «Небясьпечна». Усе песьні запісалі на магілёўскай студыі «Арзамас 16». Зьвядзеньне рабіў Канстанцін Пыжоў на польскай студыі «Дом міксу» (Варшава). Разам з гуртам ў запісе ўдзельнічаў клявішнік Максім Аляксееў. У песьнях «Выбірай» «Небясьпечна» падпявалі ўсе ўдзельнікі гурту, а таксама Раман Шошын і Дзяніс Манёнак[21].

Аляксандар Ільлін зьяўляецца аўтарам усіх песень. 

«Сыноптык»
Назва Працягласьць
1. «Здесь»   4:33
2. «Независимым»   3:47
3. «Выбирай»   4:18
4. «Так трэба»   3:43
5. «Абсолют»   3:24
6. «Цемра»   4:12
7. «Никому»   3:02
8. «Небясьпечна»   4:44
9. «Синоптик»   5:02
36 хв.

13 сьнежня 2019 году музыкі выпусьцілі 4-ы альбом «Самнамбула», тры зь 9 песьняў якога былі па-беларуску: «Люстэрка», «Ліпень» і «Раптам». Ко-прадусарам альбому быў Максім Аляксееў. У запісе таксама прымалі ўдзел Яўген Бельскі й Аляксандар Гарадкоў з гурту «Jazz City Band» (выканалі партыі трамбона й трубы адпаведна) і Аляксей Палаўчэня (Osimira, Irdorath), які выканаў партыі бубнаў да песьні «Агонь». 15 лютага 2020 року адбылося яго канцэртнае прадстаўленьне ў Менску[37].

Аляксандар Ільлін зьяўляецца аўтарам усіх песень. 

«Самнамбула»
Назва Працягласьць
1. «Зимняя»   4:37
2. «Огонь»   3:50
3. «Немею»   3:25
4. «Люстэрка»   4:07
5. «Полночь»   3:57
6. «Ліпень»   4:19
7. «Интроверт»   3:51
8. «Раптам»   4:15
9. «Спойлер»   5:10
37 хв.

Відэакліпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2013 годзе «Нізкіз» выдаў па-расейску кліп «Гэта я сам», у 2015-м — лірык-відэа на песьню «Лірыка».

1 сакавіка 2018 року гурт «Нізкіз» прадставіў відэакліп на песьню «Небясьпечна». Рэжысэр Арцём Лобач зьняў кліп на прапанову мэнэджэркі гурту Міры Шульц. Здымкі занялі 2 дні ў лістападзе 2018 году. У першы дзень здымалі з ранку да вечару лясныя, марскія й гарадзкія сцэны. Другі дзень прысьвяцілі заключным кадрам пад Магілёвам Першапачатковы кошт кліпу ў $1500 кратна перавысілі. Над кампутарнай графікай для замены прасторы працаваў Уладзімер Куляшоў. Мантаж заняў наступныя 3 месяцы. Паводле задумы кліпу, чалавек стварыў штучны інтэлект (ШІ), які пераўзышоў яго ў здольнасьцях і мяняе навакольле. ШІ гуляе з чалавекам, як з марыянэткай, але той скарае ШІ сваёй бясстрашнасьцю. Праз пляску ў лістападаўскім лесе й на дахах Менску задуму ўвасобілі прафэсійныя танцоры Неж Іваноў і Вольга Рабецкая зь .Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатру[38].

10 верасьня 2018 году гурт прадставіў відэакліп на самотнік «Люстэрка» пра самапазнаньне. Яго зьняў рэжысэр Андрэй Грынько[39].

У 2019 годзе выйшлі 2 кліпы па-расейску «Інтравэрт» і «Нямею».

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 лютага 2014 году «Эўрарадыё» ўручыла гурту «Нізкіз» узнагароду «Даём рады» за самотнік году, якім стала песьня «Гуантанама»[40].

12 сьнежня 2017 году партал «Тузін гітоў» узнагародзіў гурт прэміяй «Героі году» за найлепшую песьню 2017 году, якой стала кампазыцыя «Небясьпечна»[41].

1 сьнежня 2018 году «Тузін гітоў» абраў «Нізкіз» пераможцам у намінацыі «Найлепшы гурт году», за што 12 сьнежня ўручыў яго музыкам узнагароду «Героі году»[42].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

5 студзеня 2014 году аглядальніца «Белгазэты» Тацяна Заміроўская параўнала беларускамоўны дэбют «Гуантанама» гурту «Нізкіз» з ангельскімі выканаўцамі: «у беларускай афарбоўцы яны аўтаматам параўноўваюцца ўспрыманьнем з заходнімі гуртамі кшталту „Placebo“». Яна дадала, што «песьня пра турму выдатная, лепш за іншыя песьні гурту»[43]. 4 сакавіка 2014 року пісьменьніца з Гішпаніі Анхэля Эсьпіноса ўпадабала песьню «Гуантанама» сярод твораў 3-х чартаў «Тузіна гітоў» у лютым і заўважыла: «У нас рэдка знаходзіцца трэк такой чысьціні»[44]. 30 чэрвеня 2014 году сьпявак Зьміцер Нікановіч адзначыў, што атрымаў задавальненьне ад песьні «Гуантанама», і дадаў: «Мой бацька называе іх „беларускай Нірванай“, я ў чымсьці зь ім згодны»[45]. 4 ліпеня 2014 году кіраўнік менскага рок-клюбу «ТНТ» Яўген Агапаў вылучыў «Нізкіз» за песьню «Гуантанама» сярод 60 кампазыцыяў у чарце «Тузіну гітоў» і адзначыў: «можна іх слухаць ад „А“ да „Я“»[46]. 15 сьнежня 2014 году журналіст газэты «Культура» Алег Клімаў заўважыў: «З групы можа выйсьці баявая, стадыённага ўзроўню каманда. Вось толькі час для гэтага сыходзіць і нешта не чуваць, каб нехта з прадусараў ўзяўся б як сьлед за раскрутку гэтага сымпатычнага калектыву»[47].

14 студзеня 2015 году рэдактар Радыё «Свабода» Сяргей Дубавец даў адзнаку песьні «Цяпер і далей»: «„Нізкіз“ трапляюць дакладна ў кропку. Такая музыка і павінна панаваць на беларускіх каналах, і ня толькі на беларускіх»[48]. 23 лютага 2015 году журналіст музычнага парталу «Experty.by» Ягор Цьвілька заўважыў: «Выдатны ўзор стадыённага року паказалі „Нізкіз“. „Цяпер і далей“ гучыць тлуста й смачна ды вельмі просіцца на вялікую сцэну»[49]. 28 траўня 2015 року галоўны рэдактар парталу «Тузін гітоў» Сяргей Будкін адзначыў, што ў 2-м альбоме «Лірыка» прысутнічалі «надзвычайная ўвага да якасьці гучаньня і разьлік на стадыёны». З гэтай нагоды Сяргей Будкін заявіў, што каманда «Нізкіз» «засьведчыла сваё права звацца гонарам мясцовай альтэрнатыўнай сцэны». Ён падкрэсьліў, што альбом гучыць «з ґлябальным размахам, але без пантоў … зладжана й ґарманічна». Урэшце Будкіна зьдзівіла, што «на канцэртах „Нізкіз“ гучыць гэтак жа, як у запісе», за што выказаў «саўндпрадусару альбому Дзянісу Манёнку — безумоўны рэспэкт». Сяргей Будкін палічыў, што "наймацнейшая песьня на альбоме «Цяпер і далей». Таксама ён згадаў, што заслугоўвае ўвагі неапублікаваны да выпуску альбому нумар «Як спыняецца цішыня», «зроблены з матэматычным разьлікам — вытанчана і выверана … лагодна і кранальна, пры тым нораў кампазыцыі ўсё адно застаецца напятым ды эмоцыі праз край»[36]. 21 ліпеня 2015 году паэтка Наста Кудасава аддала кампазыцыі «Цяпер і далей» 2-е месца сярод найлепшых песьняў лета й заявіла, што гэта «абсалютны гіт, песьня, зь якой ня хочацца расставацца»[50]. 6 кастрычніка 2015 року крытыкі музычнага парталу «Experty.by» аддалі 1-е месца альбому «Лірыка» гурту «Нізкіз» сярод найлепшых беларускіх альбомаў 1-га паўгодзьдзя[51].

2 лютага 2016 году лідэр гурту «Порт Манэ» Аляксей Варсоба станоўча ацаніў песьню «Цемра» гурту «Нізкіз» у аўдыёчарце «Тузіна гітоў»: «Добрая праца вакаліста — выразнае выкананьне, трымае эмоцыю, разумее вобраз, можа і ўмее яго выказаць пры дапамозе вакалу»[52]. 18 красавіка 2016 году рэдактар парталу «Куку.орг» Павал Сьвярдлоў таксама ўпадабаў песьню «Цемра»: «Гэтым трэкам хлопцы граюць на полі „Акіяну Эльзы“, і ўкраінцы іх, натуральна, перайграюць. Але за спробу дзякуй»[53]. 15 ліпеня 2017 году мастачка Наста Шастак адзначыла песьню «Небясьпечна» гурту «Нізкіз» за «цэласьць» і надала ёй 7-е месца ў мэгатуры «Тузіна гітоў» за 2017 год[54]. 18 ліпеня музыка Дзіма Ску вылучыў песьню «Небясьпечна» ў тузін свайго рэйтынгу для ўдзелу ў мэгатуры[55]. 22 ліпеня 2017 году дызайнэр Уладзімер Цэсьлер згадаў песьню «Небясьпечна» ў сваім тузіне найлепшых з усіх песень сэзону 2016/2017 гадоў[56]. 24 ліпеня старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі адзначыў: «У песьні „Нізкіз“ — „Небясьпечна“ — пачуў даволі распазнавальны вакал у нашых тэрэнах, надрыўны, што зрываецца на фальцэт, „чэсны“. Падобны да вядомых мне брытанскіх рок-адраджэнцаў 2000-х»[57].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Андрэй Скурко. «Дзівосныя кветкі беспаветранай прасторы» // «Тузін гітоў», 6 траўня 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  2. ^ Яўген Шапчыц. Чарговы магілёўскі прарыў — «Нізкіз» напісалі 100% гіт // Музычны партал «Тузін гітоў», 5 лістапада 2013 г. Праверана 10 сакавіка 2020 г.
  3. ^ «Турма ўнутры нас» // «Тузін гітоў», 12 сьнежня 2013 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  4. ^ Эфэкт «Гуантанамы» // «Тузін гітоў», 27 сьнежня 2013 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  5. ^ «Нізкіз» экранізуюць «Гуантанаму» і выдаюць альбом у трыплеце // «Тузін гітоў», 10 лютага 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  6. ^ Маша Калесьнікава. Прэзентацыя на Эўрарадыё: Сынгл «Цяпер і далей» ад «Нізкіз» // «Эўрарадыё», 21 траўня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  7. ^ «Нізкіз» запісаў гімн сьмелым // «Тузін гітоў», 23 траўня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  8. ^ «На расейскую не перакладаліся б» // «Тузін гітоў», 9 чэрвеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  9. ^ Топ-12 беларускіх песень гэтага лета // «Тузін гітоў», 30 жніўня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  10. ^ Гімн людзям, здольным на сьмелыя ўчынкі // «Тузін гітоў», 9 кастрычніка 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  11. ^ Топ-12 песень гэтай восені // «Тузін гітоў», 1 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  12. ^ Сяргей Будкін. «Сёмы Прэм’ер Тузін» — інтэрнэт-прэм’ера складанкі // «Тузін гітоў», 10 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  13. ^ Пераможцы чарту «Нізкіз»: «Будзем сьпяваць па-беларуску і надалей» // «Тузін гітоў», 10 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  14. ^ Топ-12 песень зімы 2014/2015 // «Тузін гітоў», 2 сакавіка 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  15. ^ Глеб Лабадзенка. «Ненавязьлівы Тузін» // «Тузін гітоў», 23 ліпеня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  16. ^ Фэстываль «Дружба» запрашае на пікнік пад Менскам // «Тузін гітоў», 15 ліпеня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  17. ^ Ад цемры зарок // «Тузін гітоў», 14 студзеня 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  18. ^ Двайная перамога «Нізкіз» // «Тузін гітоў», 29 лютага 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  19. ^ «Нізкіз» сыграе разам зь фіналістамі «Засьпявай 3.0» // «Тузін гітоў», 12 чэрвеня 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  20. ^ Пэрфэкцыяністы зь «Нізкіз» // «Тузін гітоў», 6 траўня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  21. ^ а б Глаўней за ўсё надвор’е дома // «Тузін гітоў», 6 чэрвеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  22. ^ Калючы ёрш, але юшка смачная // «Тузін гітоў», 7 чэрвеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  23. ^ Міхал Анемпадыстаў. «Цэльны Тузін» // «Тузін гітоў», 17 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  24. ^ «Небясьпечна» ад «Нізкіз» — найлепшая песьня сэзону 2016/2017 // «Тузін гітоў», 29 жніўня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  25. ^ Намінанты на «Гурт году» на прэміі «Героі году — 2017» // «Тузін гітоў», 19 лістапада 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  26. ^ Танцы на даху // «Тузін гітоў», 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  27. ^ Як справы, гурт «Нізкіз» // «Эўрарадыё», 29 чэрвеня 2018 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  28. ^ Шорт-ліст прэміі «Героі году — 2018» // «Тузін гітоў», 7 лістапада 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  29. ^ Героі году ў беларускай музыцы ў «BML Прэміюм» // «Тузін гітоў», 5 студзеня 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  30. ^ Убачыць дэманаў і ўратавацца // «Тузін гітоў», 15 студзеня 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  31. ^ Маша Калесьнікава. Джарэд Лета абраў гурт «Нізкіз» для разагрэву на канцэрце ў Менску // «Эўрарадыё», 2 траўня 2019 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  32. ^ Мікіта Пастухоў, Іна Нячай. Фэсты Беларусі і Ўкраіны // «Тузін гітоў», 23 жніўня 2019 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  33. ^ «Нізкіз» - Небясьпечна // Шоў «Макаёнка 9», 23 лютага 2019 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  34. ^ Арсень Чупрыгін. Хто сьпявае па-беларуску // Газэта «Зьвязда», 21 лютага 2020 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  35. ^ «Нізкіз» выдалі першы беларускі трыплет-альбом // «Тузін гітоў», 29 красавіка 2014 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  36. ^ а б Сяргей Будкін. Новы тып беларускага рок-гурта // «Тузін гітоў», 28 траўня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  37. ^ «Нізкіз» выпусьцілі новы альбом ў пятніцу, 13-га // «Эўрарадыё», 13 сьнежня 2019 г. Праверана 1 красавіка 2020 г.
  38. ^ Прэзэнтацыя кліпа: «Нізкіз» – Небясьпечна // Часопіс «34mag», 1 сакавіка 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  39. ^ Новыя песьні восені-2018 // «Тузін гітоў», 1 лістапада 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  40. ^ Прэмія «Даём рады»: «Ляпісы» — гурт году, альбом году ў «Літвінтроля» // «Тузін гітоў», 8 лютага 2014 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  41. ^ Узнагароджаны «Героі году»: Мікіта і «Тонкіход» // Партал «Experty.by», 13 сьнежня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  42. ^ «Нюрнбэрг» — адкрыцьцё, «Нізкіз» — героі 2018 году // «Тузін гітоў», 1 сьнежня 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  43. ^ Тацяна Заміроўская. Аксамітная перамога простага, спакойнага і добрага // «Тузін гітоў», 5 студзеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  44. ^ Анхэля Эсьпіноса. «Нам не стае добрае музыкі, таму што яна ўся ў вас» // «Тузін гітоў», 4 сакавіка 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  45. ^ Пераможцу «Тузіна гітоў» Дзьмітрыя Нікановіча ўпадабаў Канстанцін Мэладзэ // «Тузін гітоў», 30 чэрвеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  46. ^ Яўген Агапаў. «Рокавы тузін» ад рок-клюбу «ТНТ» // «Тузін гітоў», 4 ліпеня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  47. ^ Алег Клімаў. «Беларуская альтэрнатыва не пазбавілася клінічных праяваў» // «Тузін гітоў», 15 сьнежня 2014 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  48. ^ Сяргей Дубавец. «У беларускую музыку вярнулася энэргетыка і якасьць» // «Тузін гітоў», 14 студзеня 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  49. ^ Ягор Цьвілька. «Без тыраніі мовы не здарылася б шмат якіх песень» // «Тузін гітоў», 23 лютага 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2020 г.
  50. ^ Наста Кудасава. «Штодзённы Тузін» // «Тузін гітоў», 21 ліпеня 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  51. ^ «Нізкіз», «Супэр Бэсэ» і Вайцюшкевіч ачолілі рэйтынг беларускіх альбомаў-2015 // «Тузін гітоў», 6 кастрычніка 2015 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  52. ^ Аляксей Варсоба. «Колькасьць нязьменна перарасьце ў якасьць» // «Тузін гітоў», 2 лютага 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  53. ^ Павал Сьвярдлоў. «Стыльскі на мове — гэта пакуль што балерына на лёдзе» // «Тузін гітоў», 18 красавіка 2016 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  54. ^ Наста Шастак. «Гарманічны Тузін» // «Тузін гітоў», 15 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  55. ^ Дзіма Ску. «Тузін па справе» // «Тузін гітоў», 18 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  56. ^ Уладзімер Цэсьлер. «Крэатыўны Тузін» // «Тузін гітоў», 22 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.
  57. ^ Зьміцер Сурскі. «Нясонны Тузін» // «Тузін гітоў», 24 ліпеня 2017 г. Праверана 14 сакавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]