Перайсьці да зьместу

Менск (аэрапорт)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мінск-2»)
«Менск»
IATA: MSQICAO: UMMS
Асноўнае
Тып аэрапортуграмадзянскі
АбслугоўваеМенск, Беларусь
МесцазнаходжаньнеМенск, Беларусь
Адкрыты 1982
Вузел для
Пабудаваны 1979
Камандзір Вячаслаў Харанека (дырэктар)
Вышыня н. у. м. 204 м

«Менск» — нацыянальны аэрапорт Беларусі, адкрыты ў 1982 годзе пад назвай «Менск-2»[1].

Ёсьць галоўным міжнародным аэрапортам Беларусі, які месьціцца за 42 кілямэтры на ўсход ад Менску. Падпарадкаваны Кастрычніцкаму раёну Менску, але ґеаґрафічна знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне. Зьяўляецца вузлом для найбуйнейшага беларускага авіяперавозьніка «Белавія», а таксама грузавых авіяперавозьнікаў «Трансавіяэкспарт», «Рубістар» і «Ґенэкс». На 2021 год меў 2 узьлётна-пасадачныя паласы: 1) даўжынёй 3641 мэтру і шырынёй 60 мэтраў, 2) даўжынёй 3700 мэтраў і шырынёй 60 мэтраў. Для абслугоўваньня пасажыраў у аэрапорце дзейнічалі: мытны кантроль па «зялёным» і «чырвоным» калідорах, мэдычныя страхаўнікі, аддзел апрацоўкі багажу, залі бізнэс-клясы, тэлефонная сувязь, урадавы сэктар з заляй дэлегацыяў, прадстаўніцтвы авіяперавозьнікаў, банкаматы і аддзяленьні банкаў, кавярні і страўні, крамы і бары, сыстэма апавяшчэньня, пакой маці і дзіця, цырульня і майстэрня рамонту адзеньня, гасьцінічныя нумары і трэнажорная заля, паслугі перавозкі аўтобусам і мікрааўтобусам, таксі, аўтапракат і аўтастаянкі[2].

Ад 11 траўня 2020 году пры знаходжаньні ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» патрабавалася нашэньне мэдычных масак, як і ў аўтобусах, тэлетрапах і на борце самалёта цягам усяго палёту. На 2021 год рэгістрацыя пачыналася прынамсі за 2 гадзіны і сканчалася за 40 хвілінаў да адпраўленьня рэйса. Зарэгістравацца было магчыма: 1) празь Сеціва яшчэ да прыбыцьця ў аэрапорт, 2) з дапамогай кіёскаў і на стойках у аэрапорце. Пасьля рэгістрацыі і афармленьня багажу перадпалётны надгляд праходзілі ў пункце надгляду, пазначаным у пасадачным талёне[3]. Пры дапамозе смартфона, пэрсанальнага кампутара, пляншэта або мабільнага тэлефона было магчыма зарэгістравацца на вэб-бачыне авіяперавозчыка. Пры канцы такой рэгістрацыі пасадачны талён дасылаўся на электронную пошту, паслугай кароткага паведамленьня на мабільны тэлефон або штрыхкодам на пляншэт. Тады на стойцы дастаткова падаць пашпарт і багаж, паведаміўшы пра зарэгістраванасьць для раздрукоўкі талёна[4].

На рэйсы авіякампаніі «Белавія» было магчыма зарэгістравацца ў кіёсках на 3-м паверсе аэравакзалу перад стойкамі. Для гэтага патрабаваўся пашпарт і зьвесткі кода броні або нумара авіябілета. Пасьля рэгістрацыі кіёск выдаваў пасадачны талён, зь якім можна было здаць багаж на стойцы[5]. На 3-м паверсе аэравакзалу месьціліся стойкі, дзе варта было падаць пашпарт і білет. Маршрут-квітанцыя пацьвярджала набыцьцё электроннага білета. Яна патрабавалася пры палёце за мяжу ў час праходжаньня пашпартнага кантролю для доказу наяўнасьці зваротнага білету або далейшага палёту па маршруце[6].

На 2021 год у Нацыянальным аэрапорце «Менск» дзейнічала кампутарнае сартаваньне багажу па бірках на дакладны рэйс, што прадухіляла яго страту і нясвоечасовую загрузку. Пры ўліку багажу на стужку-транспартэр забаранялася ставіць: круглыя валізы, мячы і тубусы, якія могуць скаціцца; мяккія плястыкавыя пакеты і сумкі з доўгімі рамянямі, якія матляюцца; электроннае абсталяваньне і ломкае шкло; жывёлаў і мэталічныя вазкі. З багажу варта было прыбраць біркі і штрыхкоды ад папярэдніх рэйсаў. Для перамяшчэньня багажу прапаноўваліся бясплатныя вазкі. У зоне прылёту сэктару 5-6 знаходзіліся камэры захоўваньня, якія былі ў падвальным памяшканьні. На 3-м паверсе аэравакзалу месьціліся пункты ўпакоўкі багажу ў засьцерагальную плёнку, каб захаваць яго чысьціню пры перавозцы ў багажным адсеку самалёта. Для зьверкі ўласнага багажу нумар біркі на ім меў супадаць з нумарам адрыўнога талёна ў білеце па прылёце ў аэрапорт. Таксама ўпакаванымі ў багажы мелі быць шкляныя бутэлькі і слоікі, а таксама іншыя ломкія рэчы, каб забясьпечыць іх захаванасьць пры дастаўцы на самалёт і з самалёта ў аэравакзал. У якасьці ручной паклажы ў салён самалёта раілі браць: грошы і ўпрыгожваньні, каштоўныя мэталы і срэбраныя вырабы, пасьведчаньні і мэдычныя даведкі, каштоўныя паперы і лекі, справавыя і тэхнічныя дакумэнты, фотаздымачы і відэакамэры, кампутары і электронныя носьбіты зьвестак, ключы і акуляры, творы мастацтвы і футраныя вырабы, крохкія і хуткапсавальныя рэчы, а таксама незаменныя і непаўторныя рэчы[7].

Бясплатна прапаноўваліся звыш 590 багажных вазкоў, якія знаходзіліся ў зале вылету каля ўваходаў сэктары 1-2, 3-4 і 5-6, каля ліфтаў і ў зоне выдачы багажу, на прывакзальнай плошчы і на платных аўтастаянках[8]. Камэры захоўваньня на цокальным паверсе ў зоне прылёту сэктара 5-6 працавалі а: 1:00—6:00, 6:30—12:00, 13:00—18:00, 18:30—20:40 і 21:10—0:00. Захоўваньне ў камэры ручной паклажы за каляндарны дзень каштавала: 6 рублёў (2,4 даляра ЗША) — для багажу вагой да 50 кг пры памеры да 50х50х100 см, 7 рублёў (2,8 $) — пры вазе да 100 кг і 8 рублёў (3,2 $) — для багажу памерам звыш 50х50х100 см. Ад 1 сакавіка 2017 году можна было пакінуць паклажу на імя атрымальніка пры падачы пашпарта пасьля праверкі яе бясьпечнасьці на 1-м паверсе ў зоне прылёту сэктара 6. Захоўваньне такога багажу каштавала: пры вазе да 1 кг і памеры да 40х40х20 см — 2 рублі (0,8 $) за каляндарны дзень, да 5 кг — 3 рублі (1,2 $) і да 10 кг — 4 рублі (1,6 $), а пры вазе да 50 кг і памеры да 50х50х100 см — 5 рублёў (2 $) за дзень. Са складу часовага захоўваньня (СЧЗ) багаж вадавалі ўладальніку пасьля размытненьня пры падачы пашпарта і багажнай біркі (або квітанцыі аб вышуку багажу). Захоўваньне багажу на СЧЗ каштавала: 6 рублёў — пры вазе да 50 кг і памеры да 50х50х100 см, 7 рублёў — да 100 кг і 10 рублёў (4 $) — для багажу памерам звыш 50х50х100 см[9]. Упакоўка багажу на 3-м паверсе ў залях вылету каштавала 10 рублёў за валізу[10].

Агульны аб'ём перавозімых вадкасьцяў меў складаць да 1 літру. У ручной паклажы дазвалялася правозіць вадкасьці (гелі, аэразолі і крэмы) з аб'ёмам ёмістасьці да 100 мілілітраў. У якасьці зарэгістраванага багажу ў багажным адсеку самалёта забаранялася правозіць: едкія і каразійныя рэчывы, сьціснутыя і звадкаваныя газы, атруту і адбельвальнікі, акісьляльнікі і перакісы, выбуховыя рэчывы і радыяактыўныя матэрыялы, лёгказагаральныя вадкасьці і цьвёрдыя рэчывы. У дадатак у ручной паклажы забаранялі праносіць колючыя і рэжучыя прадметы[11]. У эканом-клясе бясплатна правозілі каля 20 кг багажу і да 8 кг ручной паклажы. У бізнэс-клясе — каля 40 кг багажу і да 10–15 кг ручной паклажы. Перавозку звышнарматыўнага багажу аплочвалі ў касе на 3-м паверсе аэравакзалу згодна з расцэнкамі авіяперавозчыка. Атрыманую ў касе квітанцыю платнага багажу падавалі на стойцы для выдачы пасадачнага талёна. Найбольшы памер стандартнага багажу складаў да 50 кг вагой і да 100х70х45,6 см габарытамі. Багаж вагой да 125 кг і памерам да 250х98х90 см афармляўся ў якасьці негабарытнага на 3-м паверсе аэравакзалу зьлева ад 1-й стойкі. Перад яго здачай змацоўвалі між сабой ручкі, лямкі і раменьчыкі, а таксама здымалі доўгія плечавыя рамяні. Пагатоў, негабарытны багаж здавалі прынамсі за гадзіну да вылету. Надгляд і разьмяшчэньне багажу яшчэ большага памеру ўзгадняліся з прадстаўнікамі аэрапорту і авіяперавозчыка на стойцы[12].

Рэклямны шчыт беларускім клясычным правапісам на выхадзе з 6-й брамы лётнішча (2021 год)

У 1977 годзе ў Смалявіцкім раёне (Менская вобласьць, Беларуская ССР) пачалі будаваць аэрапорт «Менск-2». У 1979 годзе адчынілі ўзьлётна-пасадачную паласу даўжынёй 3640 мэтраў і шырынёй 60 мэтраў. У 1982 годзе выканалі 1-ы пасажырскі рэйс на самалёце «Ту-134» пад кіраваньнем Васіля Тоўсьціка. У ліпені 1983 году пачаліся рэгулярныя рэйсы. 27 сакавіка 1989 году выканалі 1-ы міжнародны рэйс у Бэрлін (Нямеччына). У 1990 годзе, калі дабудавалі аэрапорт, пасажырапаток дасягнуў 2,2 млн чалавек. У 1997-м аэрапорт атрымаў статус нацыянальнага. У 2000-м яго перайменавалі ў Нацыянальны аэрапорт «Менск». Адначасна ўкаранілі нямецкае сьвятлосыгнальнае абсталяваньне «Сымэнс», што дазволіла прымаць самалёты 2-й катэгорыі ў клясыфікацыі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (МАГА; Манрэаль, Канада). У 2005—2007 годзе ў аэрапорце ўкаранілі паслугі ў адпаведнасьці са стандартам 9001 Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі (МАС; Жэнэва, Швайцарыя): рэгулярнасьць і бясьпека палётаў; забесьпячэньне палётаў ратавальнай і пажарнай службамі, адмысловым аўтатранспартам, аэрадромнымі паслугамі, электрычным асьвятленьнем і радыёсувязьзю; харчаваньне на борце і апрацоўка грузаў; абслугоўваньне багажу і пасажыраў на вылет і прылёт; прыём самалётаў на пэроне аэрапорта. У 2008 годзе лік абслужаных пасажыраў аднавіўся да мільёна асобаў. Таксама ўкаранілі Агульны доступ да тэрмінальнага абсталяваньня (АДТА) «Міжнароднага таварыства паветранай сувязі» («МТПС»; Жэнэва), што дазволіла самастойную рэгістрацыю пасажыраў[13].

У 2013 годзе інструктары паветранай бясьпекі аэрапорта атрымалі пасьведчаньне Рэгіянальнага бюро МАГА (Францыя). У 2014-м Нацыянальны аэрапорт «Менск» прыняў звыш 2 млн пасажыраў. Грузавы комплекс аэрапорта пераўтварылі ў Транспартна-лягістычны цэнтар, які стаў аказваць паслугі апрацокі грузаў і мытнага афармленьня, складзкія і экспэдыцыйныя паслугі. У сьнежні 2014 году скончылі перабудову аэравакзала. У 2015 годзе Нацыянальны аэрапорт «Менск» стаў сябрам Міжнароднай рады эарапортаў (МРА; Манрэаль). Цэнтар прафэсійнай падрыхтоўкі ў авіябясьпецы аэрапорта «Менск» атрымаў пасьведчаньне Навучальнага цэнтру авіябясьпекі МАГА. 10 ліпеня 2016 году аэрапорт «Менск» упершыню прыняў 3-мільённага ад пачатку году пасажыра. У 2016 годзе пачалі будаваць 2-ю ўзьлётна-пасадачную паласу з абсталяваньнем дакладнага заходу 3-й катэгорыі пад францускі самалёт «А-380». 19 сьнежня 2017 году абслужылі 4-мільённага ад пачатку году пасажыра. За 2018 год абслужылі 4,5 млн пасажыраў. Па выніках 2018 году Нацыянальны аэрапорт «Менск» заняў 1-е месца ў сьвеце паводле пунктуальнасьці палётаў сярод аэрапортаў зь лікам абслужаных пасажыраў ад 2,5 да 5 млн за год. Паказьнік пунктуальнасьці склаў 92,35 %[13].

З нагоды сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага і ўсходнеэўрапейскага кнігадрукарства ў 2017 годзе, беларускаю інтэліґенцыяй была зроблена прапанова надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Францыска Скарыны[14].

Авіякампаніі і кірункі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год свае прадстаўніцтвы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» мелі 23 паветраныя перавозчыкі з 15 краінаў:

Наступныя авіякампаніі выконваюць лёты ў Нацыянальны аэрапорт «Менск»:

Авіякампаніі Кірункі
Aeroflot Масква-Шарамецьцева
airBaltic Рыґа
Air China Пэкін (Пэкін — Менск — Будапэшт)
Arkia Israeli Airlines Тэль-Авіў-Бэн-Ґурыён[16].
«Аўстрыйскія авіялініі» Вена-Швэхат
Azerbaijan Airlines Баку
Белавія Абу Дабі, Адэса, Алматы, Амстэрдам, Астана, Ашґабад, Баку, Барсэлёна, Батумі, Будапэшт, Бэйрут, Бэрлін-Шэнэфэльд, Бялград, Варшава-Шапэн, Вена-Швэхат, Вільня, Гановэр, Жэнэва, Калінінград, Кіеў-Барыспаль, Кіеў-Жуляны, Краснадар, Лярнака, Лёндан-Ґэтвік, Масква-Дамадзедава, Мілян-Мальпэнса, Ніцца, Парыж-Шарль-дэ-Ґоль, Прага, Рыґа, Рым, Санкт-Пецярбург, Сочы, Стакгольм-Арлянда, Стамбул-Атацюрк, Тбілісі, Тэгеран, Тэль-Авіў-Бэн-Ґурыён, Франкфурт-на-Майне, Харкаў, Хэльсынкі
Сэзонныя: Гомель, Караганда, Кастанай, Кіеў-Жуляны[17], Манчэстэр, Паланґа (з 19 чэрвеня 2016)[18], Паўладар
Сэзонныя чартэрныя: Алікантэ, Анталья, Атэны, Бургас, Варна, Закінтас, Іракліян, Керкіра, Патры, Родас, Тэнэрыфэ-Паўднёвы, Тэсалёнікі, Хурґада, Ціват, Шарм-эш-Шэйх[19]
Dniproavia Івана-Франкоўск
Etihad Airways Абу Дабі
«Лёт» Варшава-Шапэн
Lufthansa Франкфурт-на-Майне
Motor Sich Airlines Запарожжа
«Турэцкія авіялініі» Стамбул-Атацюрк
Turkmenistan Airlines Ашґабад
Ukraine International Airlines Кіеў-Барыспаль
UTair Aviation Масква-Ўнукава
Uzbekistan Airways Ташкент[20]
Vueling Сэзонны: Барсэлёна
Авіякампаніі Кірункі
Turkish Cargo Стамбул-Атацюрк

Зь лютага 2016 году ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» стартаваў конкурс «Самая пунктуальная авіякампанія». Конкурс праводзіцца ў дзьвюх намінацыях як да частаты выконваемых рэйсаў. Паводле вынікаў работы за сакавік у намінацыі «Авіякампаніі, якія выконваюць 100 і болей рэйсаў штомесяц» самым пунктуальным перавозьнікам прызнаная «ЮТЭйр», выканаўшая 114 з 124 рэйсаў без затрымак. У намінацыі «Авіякампаніі, якія выконваюць меней за 100 рэйсаў штомесяц» за мінулы месяц пераможцам стала польская авіякампанія «Лёт», якая выканала без затрымак 41 з 44 рэйсаў.[21]

  • Пэўныя факты сьведчаць пра наўмысную палітыку аэрапорту дзеля стварэньня неспрыяльных умоваў для іншых авіякампаніяў, захоўваючы высокія кошты на лёты і такім чынам забясьпечваючы штучны попыт на рэйсы «Белавія». У прыватнасьці, 7 красавіка 2016 году зьявіліся зьвесткі, што Беларусь прыстрашыла спыніць лёты Azerbaijan Airlines у Менск праз продаж квіткоў нізкімі коштамі. Са словаў віцэ-прэзыдэнта Azerbaijan Airlines Арыфа Мамедава, свае дзеяньні беларускі бок арґумэнтуе тым, што зьніжэньне коштаў квіткоў стварае для «Белавія» пэўныя праблемы.[22]
  • 23 траўня 2016 году стала вядома пра распачатую крымінальную справу супраць супрацоўніка аэрапорту які падазраецца ў крадзяжы наручнага гадзіньніка ў пасажыркі ў зоне перадпалётнага надгляду.[23]

9 жніўня 2021 году з-за датычнасьці да захопу самалёта рэйсу Ryanair 4978, які быў пасаджаны ў аэрапорце, у сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША быў дададзены ягоны дырэктар Вячаслаў Харанека[24][25].

  1. ^ Менскі аэрапорт прызнаны адным з самых пунктуальных у Эўропе // Радыё «Рацыя», 14 красавіка 2018 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  2. ^ Аб аэрапорце // УП «Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  3. ^ Рэгістрацыя // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  4. ^ Рэгістрацыя анлайн // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  5. ^ Кіёскі самастойнай рэгістрацыі // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  6. ^ Стойкі рэгістрацыі ў аэравакзале // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  7. ^ Багаж // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  8. ^ Багажныя вазкі // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  9. ^ Камера захоўваньня // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  10. ^ Упакоўка багажу // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  11. ^ Правілы правозу // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  12. ^ Нормы правозу багажу // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  13. ^ а б Гісторыя // УП «Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  14. ^ Інтэлігенцыя заклікала надаць аэрапорту «Менск-2» імя Скарыны // Газэта «Наша ніва», 16 чэрвеня 2016 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  15. ^ Авіякампаніі // УП «Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  16. ^ Ізраільская авіякампанія «Аркія» пачынае выконваць палёты з Тэль-Авіва ў Менск // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 красавіка 2016 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  17. ^ «Белавія» будзе лётаць у Кіеў 5 разоў на дзень. Хартыя’97 (25 красавіка 2016). Праверана 25 красавіка 2016 г.
  18. ^ «Белавія» адкрыла штотыднёвы рэйс у Палангу. Хартыя’97 (19 чэрвеня 2016). Праверана 23 чэрвеня 2016 г.
  19. ^ «Белавія» аднавіла палёты ў Шарм-эш-Шэйх. Хартыя’97 (20 красавіка 2016). Праверана 20 красавіка 2016 г.
  20. ^ Узбекская авіякампанія пачала выконваць палёты з Ташкента ў Мінск Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (2 ліпеня 2015). Праверана 12 красавіка 2016 г.
  21. ^ Национальный аэропорт Минск будет ежемесячно определять самые пунктуальные авиакомпании (рас.) Общество. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (25 красавіка 2016). Праверана 27 красавіка 2016 г.
  22. ^ Беларусь прыстрашыла спыніць палёты «азербайджанскіх авіяліній» у Менск. Хартыя’97 (7 красавіка 2016). Праверана 7 красавіка 2016 г.
  23. ^ Супрацоўнік менскага аэрапорта скраў гадзіннік у пасажыркі. Хартыя’97 (23 траўня 2016). Праверана 23 траўня 2016 г.
  24. ^ Treasury Holds the Belarusian Regime to Account on Anniversary of Fraudulent Election (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША[прыбраць шаблён] (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
  25. ^ США расширили санкции в отношении официального Минска. Полный список (рас.). zerkalo.io(be) (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]