Перайсьці да зьместу

Футра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Футра собаля
Футра з норкі

Фу́тра — вырабленая шкура сысуноў (пушных зьвяроў) з валасяным покрывам і выраб зь яе. Якасьць залежыць ад віду сыравіны(be), умоваў жыцьця і паходжаньня жывёлы, яе ўзросту(be), плоці, часу забою(en) і спосабаў апрацоўкі. Асноўныя паказьнікі якасьці — носкасьць, цеплаахоўнасьць, мяккасьць, маса, бляск(be) і колер. Найбольш носкае з выдры (да 20 сэзонаў), собаля(be) (16), норкі (14), нутрыі(be) (5) і труса (1). Найбольш цеплаахоўнае ў пясца, паўночнага аленя, янотападобнага сабакі і расамахі(be). Найцяжэйшае ў расамахі, ваўка, выдры і бабра. Валасяное покрыва бывае грубае, паўмяккае, мяккае, шаўкавістае і вельмі мяккае. Бляск шаўкавісты і шклопадобны. Паводле адценьня падзяляюць на аднаколернае раўнамернае і нераўнамернае, рознаколернае і з занальнай афарбоўкай[1].

Са Старажытнасьці футра куніцы служыла грашыма для набыцьця тавараў і выплаты падаткаў. Таксама футра выраблялі з баброў, вавёрак, ліс, выдраў, гарнастаяў, рысей, барсукоў, норак і дзікіх катоў(en). Найдаражэйшым было сабалінае футра, што на 1679 год каштавала ў Магілёве 200 злотых або 2 кані. Для параўнаньня: 40 гарнастаяў каштавалі 26 злотых. За часамі Вялікага Княства Літоўскага (13—18 стагодзьдзі) шляхта адводзіла ў сваіх лясах адмысловыя месцы пад бабровыя гоны. На 1716 г. бабёр каштаваў 25 злотых, кажух — толькі 15 злотых[2].