Мазырсоль
Каардынаты: 52°0′12″ пн. ш. 29°12′56″ у. д. / 52.00333° пн. ш. 29.21556° у. д.
«Мазырсоль» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 21 сьнежня 1982 (42 гады таму) |
Уласьнікі | «Белдзяржхарчпрам» (89 %) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Гомельская вобласьць |
Адрас | 247760, Мазыр[1] |
Ключавыя фігуры | Уладзімер Дворнік (генэральны дырэктар), Аляксандар Бокшыц (галоўны інжынэр)[1] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | тэхнічная і харчовая соль, салільна-нітрытная сумесь |
Абарачэньне | ▲123,667 млн рублёў[2] (2020 год; 47,953 млн $) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲13,993 млн рублёў (2020 год; 5,425 млн $) |
Чысты прыбытак | ▲11,324 млн рублёў (2020 год; 4,391 млн $) |
Лік супрацоўнікаў | 988 (2020 год) |
Матчына кампанія | «Белдзяржхарчпрам» (Менск) |
Даччыныя кампаніі | «Чырвоны Мазыранін» (Нароўля) |
Аўдытар | ТАА «Белросаўдыт» (Менск) |
«Мазырсо́ль» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сьнежні 1982 году ў якасьці «Мазырскага солевыварнага камбінату» (Гомельская вобласьць).
На 2022 год была найбольшым вытворцам выварнай солі клясы экстра ва Ўсходняй Эўропе і ўваходзіла ў канцэрн «Белдзяржхарчпрам»[3]. Месьціцца на Мазырскім радовішчы каменнай солі з выведанымі запасамі на больш як 400 млн тонаў. Радовішча мае выгляд купалападобнага падняцьця і складаецца з чаргаваньня перапласткаў нерашчынальных пародаў і солі. Глыбіня заляганьня здабыванай солі складае ад 600 да 1250 мэтраў ад паверхні зямлі. Соль здабываюць падземным рашчыненьнем саляноснай тоўшчы пітной вадой празь 10 сьвідравінаў расолапромыслу на адлегласьці 3-х км ад заводу. Пасьля падачы ў сьвідравіну вады для рашчыненьня солі насычаны расол падымаюць на паверхню і праз расолаправоды перапампоўваюць на завод. У аддзяленьні ачысткі расолу насычаную рашчыну ачышчаюць ад мэханічных дамешкаў, соляў кальцу і магну, пасьля чаго падаюць на выпарваньне. Атрыманую выпарваньнем саляную пульпу згушчаюць цэнтрыфугай да вільготнасьці 3 % і высушваюць да вільготнасьці меншай за 0,1 %. Соль гатунку экстра вырабляюць з прынамсі 99,7 % хлярыду натру[4]. Беларуская чыгунка мела станцыю Козенкі з прыпынкам «Мазырсоль», дзе прымалі 20-футавыя кантэйнэры вагой да 24-х тонаў[5].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год «Мазырсоль» улучала 10 аддзелаў: 1) вонкаваэканамічнай дзейнасьці, 2) вытворча-тэхнічны, 3) галоўнага мэханіка, 4) галоўнага энэргетыка, 5) кадраў, 6) матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, 7) продажу, 8) транспартнага суправаджэньня грузаперавозак, 9) фінансавы, 10) юрыдычны. Таксама існавалі бухгальтэрыя, бюро кіраваньня якасьцю і канцылярыя[1]. Тавараправодная сетка за мяжой улучала 2 прадпрыемствы ў Латвіі (Рыга) і Расеі (Бранск) — «Белхарчпрам» і «Беларускую харчовую кампанію» адпаведна[6]. Дастаўку ажыцьцяўлялі ад 500 кг па Беларусі і ад 20 тонаў за мяжу[7]. За мяжой дзейнічала 26 афіцыйных прадстаўнікоў у 2 краінах Азіі — Казахстане (Алматы) і Кыргыстане (Бішкек), а таксама ў 7 краінах Эўропы — суседніх Латвіі (Рыга), Польшчы (Ломжа ў Падляскім ваяводзтве), Расеі (13: Бранск, Екацярынбург, Казань і Набярэжныя Чаўны ў Татарстане, Калінінград, Краснаярск, Перм і Санкт-Пецярбург) і Ўкраіне (8: Адэса, Дняпро, Запарожжа, Кіеў, Фастаў у Кіеўскай вобласьці і Чаркасы), як і Баўгарыі (Сафія), Вугоршчыне (Ньірэдзхаза) і Малдове (Кішынёў)[8].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год «Мазырсоль» вырабляла:
- 8 відаў харчовай солі — найвышэйшага і экстра гатункаў, марскую і сумесь марской і выварной солі, у тым ліку ёдаваную[9];
- 3 віды тэхнічнай солі — грануляваную для посудамыйкі і водападрыхтоўкі прамысловай ачысткі, таблетаваную для ачысткі[10];
- 6 відаў салільна-нітрытнай сумесі — унівэрсальную (харчовая выварная соль гатунку экстра з 0,4—0,6 % нітрыту натру), стандартную (з 0,6—0,8 % нітрыту натру) і спэцыяльную (з 0,8—0,9 % нітрыту натру), у тым ліку зь ёдам[11].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1963 годзе ў Мазырскім раёне (Беларуская ССР) на поўдзень ад Мазыра адкрылі паклады каменнай солі. У 1974-м пачалі будаваць «Мазырскі солевыварны камбінат»[3]. Яго праект распрацаваў Усесаюзны навукова-дасьледчы інстытут галюргіі ў Ленінградзе (Расейская СФСР)[12]. 21 сьнежня 1982 году выпусьцілі першую выварную соль, што паклала пачатак заснаваньню прадпрыемства. У 1996 годзе на «Мазырскім солезаводзе» асвоілі выпуск «Беларускай» харчовай солі найвышэйшага гатунку[3], а таксама пачалі штогадовыя пастаўкі кухоннай солі ў Сэрбію[13]. 12 чэрвеня 2000 году Гомельскі абласны выканаўчы камітэт улічыў адкрытае акцыянэрнае таварыства «Мазырсоль» за № 400087365. У 2002-м пачалі выраб салільна-нітрытнай сумесі[3]. У 2003 годзе кацельню перавялі на прыродны газ і ўсталявалі блёк-станцыі, што дазволіла цалкам забясьпечыць вытворчасьць уласнай электраэнэргіяй, лішкі якой нават сталі прадаваць[12]. У 2005-м сталі выпускаць таблетаваную соль[3], а вытворчасьць прадпрыемства перавысіла праектную магутнасьць, якая складала 360 000 тонаў солі за год[12]. У 2006-м асвоілі выпуск касмэтычнай солі для ванны. У 2008 годзе пачалі выпуск сухой прыправы[3]. 15 сьнежня 2008 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1927 аб пераліку 162-х стратэгічна значных прадпрыемстваў краіны, у які ўлучылі «Мазырсоль» сярод 15 прадпрыемстваў «Белдзяржхарчпраму»[14].
15 кастрычніка 2011 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 1390 аб абмежаваньнях здабычы карысных выкапняў, паводле якой «Мазырсолі» пакінулі дазвол здабываць 400 000 тонаў солі за год[15]. У 2011-м асвоілі выраб сумесі выварной і марской солі[3]. Цягам 2011 году «Мазырсоль» паставіла звыш 300 000 тонаў харчовай солі на 35 млн даляраў у 18 краінаў. «Мазырсоль» была найбольшым вытворцам харчовай солі ва Ўсходняй Эўропе[16]. На Расею прыпала 75 % паставак за мяжу[17]. Пры гадавой магутнасьці вытворчасьці 360 000 тонаў 85 % вырабаў экспартавалі[18]. 12 красавіка 2012 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 330, якой улучыў «Мазырсоль» у пералік звыш 60 высокарэнтабэльных дзяржаўных прадпрыемстваў для пералічэньня часткі прыбытку за 2011 год у Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага разьвіцьця (ДМБФНР). Пералічэньне сродкаў мелі ажыцьцяўляць роўнымі долямі штомесяц цягам 2012 году[19]. 14 лістапада 2012 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1046, якой павысіў дазволены абсяг здабычы каменнай солі для «Мазырсолі» з 425 000 да 435 000 тонаў за год[20]. У 2012 годзе на прапанову Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі «Мазырсоль» пачала прадаваць свае вырабы ў Расеі наўпрост спажыўцам замест пасярэдніцтва «Беларускай харчовай кампаніі» і перайшла на поўную перадаплату пры заключэньні ўгодаў. У выніку прыбытак вырас на 20 % да 60 млрд рублёў (7 млн даляраў)[21].
У ліпені 2013 году дабудавалі расолаздабыўную сьвідравіну № 15, што дазваляла пашырыць гадавую вытворчасьць да 480 000 тонаў[22]. 15 жніўня 2013 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 721, якой улучыў «Мазырсоль» у пералік 91 гаспадарчага таварыства, на набыцьцё паёў якіх мелі пераважнае права абласныя і Менскі гарадзкі выканаўчы камітэты. Такое пераважнае права распаўсюджвалася на паі, набытыя ў дзяржавы са зьніжкай 20 % адносна намінальнай цаны, а таксама ў абмен на імянныя прыватызацыйныя чэкі «Маёмасьць» і ўзамен доляў у маёмасьці арэндных і народных прадпрыемстваў пры іх пераўтварэньні ў акцыянэрныя таварыствы. Гомельскі абласны выканаўчы камітэт меў адпаведнае права адносна 2-х прадпрыемстваў[23]. У 2013-м першымі ў Беларусі асвоілі выпуск грануляванай солі[3] для водаачысткі посудамыйкі. У сьнежні 2013 году пусьцілі лінію аўтаматычнай фасоўкі солі ў гофратару і ўсталявалі ў цэху таблетавальныя прэсы. Апошнія сталі выкарыстоўваць у вырабе солі ў таблетках для зьмякчэньня жорсткасьці вады, што прадухіляе накіп у воданагравальніку і ацяпляльнай трубе. У 2013 годзе вытворчасьць дасягнула 400 000 тонаў, зь якіх большасьць паставілі за мяжу: 65 % у Расею і большасьць рэшты ў Латвію і Летуву. Энэргавыдаткі складалі звыш 35 % сабекошту вырабаў. На люты 2014 году «Мазырсоль» выпускала ёдаваную і фтараваную харчовую соль, а таксама грануляваную, з прыправай і таблетаваную соль. Вытворчасьць грунтавалася на здабычы падземным вылугоўваньнем кандыцыйных расолаў праз 9 сьвідравінаў з пад'ёмам на паверхню. Содневая вытворчасьць перавышала 1400 тонаў солі. Сярэднемесячны заробак на прадпрыемстве складаў 6 млн рублёў (585 даляраў). На заводзе дзейнічала 5 аўтаматычных лініяў таблетаванай солі, 3 лініі фасаваньня вырабаў і 2 лініі затарваньня. Фасовачны робат запаўняў сольлю 50 пакетаў за хвіліну. Пры гэтым, у цэху фасоўкі і затарваньня працавала 218 чалавек. Галоўным падраднікам пашырэньня прадпрыемства выступаў інстытут «Белдзімпрааграхарчпрам» у Менску[12].
У 2014 годзе аднавілі пастаўкі 3000 тонаў солі ў Сэрбію пасьля 2-гадовага перапынку[13]. У 2015-м распачалі выпуск харчовай марской солі. У 2016 годзе «Мазырсоль» павялічыла вытворчую магутнасьць да 480 000 тонаў солі за год пасьля сканчэньня перабудовы[3]. 31 траўня 2017 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 403, якой улучыў «Мазырсоль» у пералік 52-х высокапрыбытковых прадпрыемстваў, якія абавязалі перадаць частку прыбытку за 2016 год у ДМБФНР[24]. 9 красавіка 2018 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 268, паводле якой «Мазырсоль» трапіў у пералік 29 такіх дзяржаўных прадпрыемстваў для перадачы часткі прыбытку за 2017 год[25]. 12 красавіка 2019 году «Мазырсоль» апынулася ў пераліку 44 такіх прадпрыемстваў, якіх абавязалі пералічыць частку прыбытку за 2018 год ураду Беларусі[26]. За 2018 году вырабілі і прадалі 515 000 тонаў вырабаў. Таксама пабудавалі 10-ю расолаздабывальную сьвідравіну і паставілі 2 новыя градзірні для ахалоджваньня вады. За мяжу паставілі 85 % вырабаў, зь якіх звыш паловы ў Расею, а рэшту ва Ўкраіну, Латвію і Летуву, а таксама ў Казахстан, Кыргыстан і Польшчу. На чэрвень 2019 году запасы радовішча перавышалі 400 млн тонаў пры магчымасьці заводу здабыць і перапрацаваць да 480 000 тонаў за год. «Мазырсоль» выпускала каля 100 найменьняў тавараў пад уласнымі таварнымі знакамі «Беларуская», «Залаты зубр», «Марская плюс» і «Палесьсе», у тым ліку харчовыя дадаткі для мясных вырабаў, а таксама 13 найменьняў прыправы пад таварным знакам «Салера». Утрыманьне хлярыду натру складала ў харчовай солі прынамсі 99,5 %. Цягам 2019 году ўсталявалі новыя прэсы 10-кратна большай магутнасьці для таблетаваньня, каб павялічыць вытворчасьць таблетаванай солі для ўмякчэньня вады да 200 000 тонаў за год[27].
На чэрвень 2020 году «Мазырсоль» налічвала каля 1000 супрацоўнікаў і пастаўляла вырабы ў 17 краінаў. Прадпрыемства забясьпечвала харчовымі дадаткамі ўсе мясаперапрацоўчыя заводы Беларусі і найбольшыя мясакамбінаты Расеі[28]. У 2020 годзе ў 15 краінаў паставілі каля 430 000 тонаў (84 %) вырабаў на суму 40 млн даляраў[29]. У 2020 годзе на «Мазырсоль» прыпала 0,5 % прамысловай вытворчасьці Гомельскай вобласьці[30]. У 2020 годзе «Мазырсоль» стала мацярынскім прадпрыемствам для кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» у Нароўлі.
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхаіл Літвін (2000-я — 4 студзеня 2012)[31]
- Генадзь Богдан (1 лютага 2012[32] — сьнежань 2018)
- Артур Галімаў (сьнежань 2018 — 28 красавіка 2021)
- Уладзімер Дворнік (з 29 красавіка 2021 году)[33]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Кантактная інфармацыя // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ І.Н. Долмат, Уладзімер Дворнік. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2020 год паводле МСФС (рас.) // ААТ «Мазырсоль», 31 траўня 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ а б в г д е ё ж з Аб прадпрыемстве // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Вытворчасьць // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Станцыі, адкрытыя для працы з кантэйнэрамі // Беларуская чыгунка, 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Тавараправодная сетка // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Пытаньне-адказ // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Афіцыйныя прадстаўнікі // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Харчовая соль для дому // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Тэхнічная соль для дому // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Салільна-нітрытная сумесь // ААТ «Мазырсоль», 2022 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ а б в г Віктар Бойка, Алена Даўжанок. Арыентыр — 480 тысяч тон за год // Зьвязда : газэта. — 6 лютага 2014. — № 22 (27632). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Сёньня ў Сэрбіі - дзень вялікай эканомікі // Белтэлерадыёкампанія, 13 чэрвеня 2014 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ БелаПАН. Урад зацьвердзіў пералік стратэгічна значных для эканомікі Беларусі ААТ // Газэта «Наша ніва», 18 сьнежня 2008 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ У Беларусі павялічаны ліміт здабычы кухоннай солі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 кастрычніка 2011 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ За што арыштавалі дырэктара «Мазырсолі» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Віктар Федаровіч, «Беларускія навіны». Соль на раны беларускага дырэктарата // Партал «Беларускі партызан», 13 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ БелаПАН. «Мазырсоль» прадаваць не плянуюць // Газэта «Наша ніва», 13 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Больш як 60 высокарэнтабэльных арганізацыяў Беларусі пералічаць частку прыбытку ў фонд нацразьвіцьця // БелТА, 17 красавіка 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Ліміт на здабычу нафты ў Беларусі ў 2013 годзе нязначна зьнізіцца - да 1,66 млн.т // БелТА, 20 лістапада 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Навучыліся зарабляць на прадпрыемстве «Мазырсоль» // Белтэлерадыёкампанія, 2 лютага 2013 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Віктар Бойка. «Раён ідзе наперад, але трэба працаваць і працаваць» // Зьвязда. — 6 лютага 2014. — № 22 (27632). — С. 3.
- ^ Узгоднены новыя пералікі гаспадарчых таварыстваў, пераважнае права на акцыі якіх маюць аблвыканкамы // БелТА, 20 жніўня 2013 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ «Беларускі партызан». Улады павялічылі сьпіс тых, хто абавязаны частку прыбытку аддаць дзяржаве // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 4 чэрвеня 2017 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ У Беларусі вызначаныя арганізацыі, якія пералічаць частку прыбытку ў фонд нацразьвіцьця // БелТА, 9 красавіка 2018 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Партал «Штодзёньнік». Урад вызначыў сьпіс прадпрыемстваў, якія «павінныя падзяліцца» // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 12 красавіка 2019 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок. Гнуткая рынкавая стратэгія // Зьвязда. — 26 чэрвеня 2019. — № 118 (28985). — С. 8.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергяенка сёньня пабываў у Мазырскім раёне // Белтэлерадыёкампанія, 24 чэрвеня 2020 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Субоцін: АПК нарошчвае вытворчы патэнцыял і пашырае геаграфію экспарту // Газэта «Зьвязда», 29 лістапада 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ Прамысловасьць // Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ БелаПАН. За хабар затрыманы гендырэктар ААТ «Мазырсоль» // Газэта «Наша ніва», 4 студзеня 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ «Беларускі партызан». У ААТ «Мазырсоль» новы дырэктар // Газэта «Наша ніва», 7 лютага 2012 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
- ^ У ААТ «Мазырсоль» новы генэральны дырэктар // Газэта «Жыцьцё Палесься», 28 красавіка 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронныя звароты // ААТ «Мазырсоль», 2021 г. Праверана 7 студзеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |