Перайсьці да зьместу

Генадзь Богдан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Богдан.
Генадзь Богдан
Дата нараджэньня 8 студзеня 1977(1977-01-08) (47 гадоў)
Месца вучобы
Месца працы

Генадзь Андрэевіч Бо́гдан (нар. 8 студзеня 1977) — беларускі дзяржаўны дзяяч рэжыму Лукашэнкі. Намесьнік кіраўніка справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь з 2020 году. Фігурант Чорнага сьпісу Эўразьвязу, санкцыйных сьпісаў шэрагу іншых краінаў.

Скончыў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум(be), затым Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсітэт(be).

Два гады працаваў інспэктарам дзяржаўнага пажарнага нагляду ў сыстэме Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь.

З 1999 па 2012 год працаваў у канцэрне «Белдзяржхарчпрам», дзе стаў у выніку начальнікам управы каардынацыі й разьвіцьця галінаў паводле вытворчасьці прадуктаў харчаваньня й тытунёвых вырабаў.

З 1 лютага 2012 году працаваў генэральным дырэктарам ААТ «Мазырсоль»[1]. У 2016 годзе стаў ляўрэатам конкурсу «Чалавек справы» ў намінацыі «За стабільную й эфэктыўную працу на беларускім і замежным рынках»[2].

У другой палове 2010-х гадох узначальваў Рэспубліканскае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Беларусьгандаль», якое ўваходзіць у сыстэму Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

Абіраўся дэпутатам Мазырскай раённай рады дэпутатаў 27-га й 28-га[3] скліканьняў.

30 студзеня 2020 году прызначаны намесьнікам кіраўніка справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[4].

Міжнародныя санкцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

31 жніўня 2020 году ўключаны ў сьпіс асобаў, на якіх накладзена бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію й забарона на ўезд у Летуву ў сувязі з тым, што «сваімі дзеяньнямі ён арганізаваў і падтрымаў фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня й наступнае гвалтоўнае здушэньне мірных пратэстаў»[5].

17 сьнежня 2020 году ўнесены ў Чорны сьпіс Эўразьвязу. Рада Эўрапейскага зьвязу(be) прызнала Богдана як намесьніка начальніка ўправы кіраваньня маёмасьцю Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, які курыруе шматлікія прадпрыемствы й праз кіраўніцтва справамі аказвае фінансавую, матэрыяльна-тэхнічную, сацыяльную, бытавую й мэдычную падтрымку дзяржапарату й рэспубліканскім органам улады, і цесна зьвязанага з прэзыдэнтам адказным за падтрымку рэжыму Лукашэнкі[6]. 26 студзеня 2021 году да санкцыяў ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[7]. 18 лютага 2021 году ў свой санкцыйны сьпіс Богдана дадала Вялікабрытанія [8], 22 сакавіка 2021 году — Швайцарыя[9].