Гісторыя Лагойску
Лагойск — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. Тут разьмяшчалася рэзыдэнцыя роду Тышкевічаў, да нашага часу захаваўся парк і руіны палаца, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс манастыра базылянаў з царквой Божага Яўленьня, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі[2], а таксама касьцёл Сьвятога Казімера ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Лагойск зьмяшчаецца ў «Павучаньні» Ўладзімера Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У канцы XI стагодзьдзя паселішча далучылася да Полацкага княства.
У 1127 годзе князь кіеўскі Мсьціслаў Ўладзімеравіч у часе выправы на Полацак разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсьціславічу. У 1180 годзе горад стаў сталіцай удзельнага княства.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першай чвэрці XIV стагодзьдзя Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў яго ў валоданьне свайму брату Скіргайлу, з 1392 году — уладаньне вялікага князя Вітаўта. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў[3]. У 1413 годзе ён ўвайшлоў у склад Віленскага ваяводзтва. З часоў княжаньня Казімера Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў ваколіцаў Лагойску літвой (ліцьвінамі): гдзе сядзелі Пётар з брацьцею, Літва, каторыя ж дзей даньнікі зь людзьмі вашымі ў Ганявіцкай зямлі… і дань давалі к Лагойску (1 лютага 1516 году)[4].
У пачатку XVI стагодзьдзя дзякуючы шлюбу Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзыдэнцыю. З гэтага часу мястэчка стала цэнтрам графства. У 1532 годзе тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Лагойск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. За часамі войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654 гадох[5]) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.
У 1609 годзе навуковец Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, у якім праводзілася пахаваньне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы торг і 2 кірмашы ў год.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) 6 траўня 1708 году швэдзкае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе[5] на месцы зруйнавага замка А. Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў манастыр базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў узьвядзеньне мураванага касьцёла, асьвечанага ў 1793 годзе[5].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лагойск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. На 1795 год тут было 90 хрысьціянскіх і 26 юдэйскіх двароў, дзеялі касьцёл, царква ў гонар Сьвятога Міколы і базылянскі манастыр; 9 траўня, 6 жніўня і 6 сьнежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэфэрэндар і канцлер Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч.
У 1814—1819 гадох тут збудавалі 2-павярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама працавала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прыладаў з жалезаплавільнай майстэрняй. К. Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчанаў і сялянаў, але праз пэўны час фабрыку і банк зачынілі.
У 1842 годзе браты Канстантын і Яўстах Тышкевічы стварылі музэй старажытнасьцяў, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музэй старажытнасьцяў. На 1844 год у Лагойску было 146 двароў і 5 вуліцаў (Замкавая, Спаская, Мікольская, Плешчаніцкая і Віленская), штогод праводзіліся кірмашы: на 6 жніўня (Перамяненьне) і 6 сьнежня (Сьвяты Мікола). Існаваў аднайменны маёнтак, у складзе якога было 4 фальваркі і 9 вёсак. У маёнтку працавалі 3 млыны, вінакурня, лесапільня і 3 карчмы. На 1861 год у мястэчку працавалі шкіпінарны і медны заводы.
У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Лагойску народную вучэльню, дзе выкладаньне вялося на расейскай мове. На 1866 год у мястэчку было 172 двары, дзеялі касьцёл, капліца, царква і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. У 1886 годзе працавалі валасная ўправа, вінакурня, 5 крамаў, 2 карчмы, вадзяны млын і хлебазапасны магазын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 302 двары, працавалі народная вучэльня, гарбарны завод, 2 вадзяныя млыны, 9 кузьняў, сукнавальня, 14 крамаў, штогод адбываліся 3 кірмашы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лагойск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лагойск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[6]. 17 ліпеня 1924 году Лагойск стаў цэнтрам раёну. На 1933 год у мястэчку працавалі электрастанцыя, цагельны завод (з 1928 году), хімічная лясная гаспадарка, лясная прамысловая гаспадарка (з 1930 году) і маслазавод (з 1932 году). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
3 чэрвеня 1998 году Лагойск атрымаў статус места.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малюнкі Марцэлія Янушэвіча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Уезд у мястэчка з боку Вільні
Палац Тышкевічаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
Л. Дашкевіч, 1923 г.
-
да 1928 г.
-
23.07.1941 г.
Рынак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
да 1930 г.
-
1930—39 гг.
Касьцёл Сьвятога Казімера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1906 г.
-
1914 г.
-
да 1941 г.
-
да 1941 г.
-
23.07.1941 г.
-
23.07.1941 г.
-
23.07.1941 г.
-
да 1950-х гг.
Царква Сьвятога Мікалая
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
каля 1900 г.
-
20.07.1941 г.
-
23.07.1941 г.
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Жабрак каля касьцельнай брамы, 1921 г.
-
Помнік гр. Тышкевічу каля касьцёла, да 1950-х гг.
-
Рог Плешчаніцкай і Мікольскай. Палатняная фабрыка
-
Вуліца Віленская, да 1930 г.
-
Дэманстрацыя, 1917 г.
-
Гасьцінец на Астрашыцкі Гарадок. Л. Дашкевіч, 1923 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 129.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 430.
- ^ Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 177.
- ^ Литовская метрика. Т. 1. — СПб., 1903. С. 881—883.
- ^ а б в Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 178.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 3 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 1. — Мн.: БелЭн, 2003. — 555, [1] с.: іл. ISBN 985-11-0280-6.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 2 / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 485, [1] с.: іл. ISBN 985-11-0282-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.