Гісторыя Барысава
Барысаў (часам насіў дадатковае азначэньне — Барысаў Літоўскі[1]) — магдэбурскае места на мяжы гістарычных Меншчыны і Аршаншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і скарбніца, помнікі архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя.
Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле зьвестак Васіля Тацішчава[2] паселішча заснаваў князь полацкі Рагвалод-Барыс у 1102 годзе (згодна зь іншымі зьвесткамі — князь кіеўскі Яраславаў Мудры у 1032)[3]. Ім жа, паводле некаторых зьвестак, неўзабаве па сьмерці полацкага князя Ўсяслава, была вылучаная Барысаўская воласьць, сьляды якой захаваліся ў выглядзе межавых камянёў на паўночным усходзе цяперашняе Менскае вобласьці.
Старажытнае гарадзішча месьцілася на левым беразе ракі Бярэзіны. Тым часам найбольш стары пісьмовы ўпамін пра Барысаў як горад Полацкага княства зьмяшчаецца ў Лаўрэнцеўскім летапісе і датуецца 1127 годам.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XIII—XIV стагодзьдзях у Барысаве будаваўся замак. Кіруючыся палітычнай гісторыяй Менскага княства, якое ўвайшло ў склад ВКЛ каля 1323—1326 гадоў, да першай паловы XIV ст. трэба прымяркоўваць далучэньне места да ВКЛ, дзе яно пазьней сталася часткаю Менскага намесьніцтва, па 1345 годзе — часткай альгердавае віленскае «палавіцы» ВКЛ. У другой[4] палове XIV ст., імаверна, адбыўся перанос Барысава зь пачатковага месца (цяпер — гарадзішча ў вёсцы Старабарысаве) на новае, за 4 км ніжэй плыньню Бярэзіны. Новы драўляны замак збудавалі на высьпе ў абалоне ракі, налева ад яе галоўнага рэчышча, прыкладна за 1,5 км на паўночны захад ад сучаснага аўтамабільнага моста. У канцы XIV ст. Барысаў разам з навакольнай воласьцю падпарадкоўваўся беспасярэдне вялікаму князю Вітаўту, які ў 1396 выдаў «борысовцам» адмысловы прывілей, дзе вызначаў парадак прыёмкі і ўліку мядовай даніны. Побач з суседнімі валасьцямі адносілася да падаткова-гаспадарчай агульнасьці, вядомай у сучаснай гістарыяграфіі як Падняпроўскія воласьці, што вызначала характар асноўнае гаспадарчае дзейнасьці ў рэгіёне.
У 1413 Барысаў стаў цэнтрам воласьці Віленскага ваяводзтва. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503) у 1500 тут знаходзілася стаўка вялікага князя Аляксандра, а ў наступную вайну з Масковіяй (1512—1522) у 1514 — месца збору войскаў Вялікага Княства Літоўскага (у Барысаве знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта Старога). 27 жніўня 1514 году Канстантын Астроскі разьбіў каля места перадавыя аддзелы маскоўскіх захопнікаў[4].
У 1563 кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Барысаву Магдэбурскае права, а 10 жніўня 1565 — мескі герб: «у белым (срэбраным) полі меская брама а дзьвюх вежах, над якой зьмяшчалася выява Сьвятога Пятра з ключом у правай руцэ»[5]. У 1569 Барысаў як цэнтар староства перайшоў зь Менскага павету Менскага ваяводзтва ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Агінскіх, пазьней Радзівілаў. 13 верасьня 1642 барысаўскі староста А. Казаноўскі фундаваў у месьце першы касьцёл.
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Барысава ліцьвінамі: «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин[a], родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве» (1621 год)[8].
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 19 чэрвеня 1655 маскоўскія войскі захапілі і спалілі Барысаў. Увосень 1657 партызанскі аддзел Багровіча колькасьцю 400—500 чалавек спрабаваў выгнаць акупантаў, аднак места атрымалася вызваліць толькі 9 ліпеня 1662. На 1670 у Барысаве было 104 дымы, дзеялі касьцёл і 4 царквы, працаваў заезны двор. Існавалі вуліцы Замкавая, Полацкая, Бярэзінская, Млынавая, Маставая, Аршанская, Забалоцкая і інш. У 1680 у месьце было 382 будынкі, Рынак і 9 вуліцаў[9].
На 1732 у Барысаве было 9 вуліцаў, на 1764—230 будынкаў[4]. 14 чэрвеня 1792 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў мескі герб: «у срэбным полі брама, паміж дзьвюма вежамі над брамай постаць сьвятога Пётры з двума ключамі ў руцэ»[10].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Барысаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У вайну 1812 году ў канцы чэрвеня места занялі францускія войскі, аднак 26—29 лістапада каля Барысава расейскія войскі нанесьлі ім значную паразу ў часе пераправы праз раку Бярэзіну. На 1825 у месьце было 319 будынкаў (зь іх 1 мураваны), на 1854—600 будынкаў, дзеялі касьцёл, 2 царквы, сынагога і 5 малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў.
На 1863 у Барысаве быў 601 жылы дом, дзеялі касьцёл, 2 царквы, 8 сынагогаў і малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў, 5 гарбарных, піваварны і цагельны заводы. У 1871 праз Барысаў прайшла Маскоўска-Берасьцейская чыгунка; на правым беразе Бярэзіны ўзьнікла чыгуначная станцыя, а пры ёй — паселішча Новабарысаў, злучанае з старым местам драўляным мостам. На 1878—1188 будынкаў (зь іх 5 мураваных), дзеялі 2 царквы (1 мураваная), касьцёл (мураваны) і сынагога, працавалі павятовая і прыходзкая вучэльні, 2 піваварных і лесапільны заводы, 5 корчмаў. Паводле вынікаў перапісу (1897) працавалі паштова-тэлеграфная кантора, 2 лякарні, меская вучэльня, жаночы пансіён, 215 крамаў, 9 заводаў.
У 1901 і 1910 Барысаў моцна пацярпеў ад пажараў. На 1904 у месьце было 27 вуліцаў і завулкаў, 2 пляцы, 1868 жылых дамоў (зь іх 73 мураваныя), 244 газавыя ліхтары, 11 фабрык і заводаў, 59 рамесных майстэрняў, банк, 2 натарыяльныя канторы, паштова-тэлеграфная кантора, 6 заезных двароў, 11 корчмаў і харчэўняў, 10 гасьцініцаў, 2 друкарні, бібліятэка-чытальня, чытальня, 8 школаў (17 настаўнікаў, 404 вучні), 2 лякарні, 2 аптэкі і 5 аптэных магазынаў. Штогод праводзіліся 4 кірмашы. На 1910 тут было больш за 1520 двароў, 32 прамысловыя прадпрыемствы, зь іх найбольшыя — запалкавыя фабрыкі «Вікторыя» і «Бярэзіна», 2 лесапільныя заводы, гута, вінакурня, паперня «Папірус», паравы млын, працавалі 112 крамаў, ніжэйшая лясная школа, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, мэтэастанцыя.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Барысаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Барысаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[11]. У красавіку 1919 тут адбылося антысавецкае паўстаньне. Зь верасьня 1919 да 25 траўня 1920 места займалі польскія войскі. 17 ліпеня 1924 Барысаў стаў цэнтрам раёну. У 1925 у месьце працавалі 5 лесапільных і фанэрных заводаў, запалкавая і папяровая фабрыкі, шклозавод і іншыя прадпрыемствы. 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. На 1939 тут працавала каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, 3 сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, 10 агульнаадукацыйных сярэдніх школаў, 11 дашкольных установаў, 2 лякарні, паліклініка, 2 кінатэатры, тэатар, 31 бібліятэка.
У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Барысаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У баях супраць 18 танкавай гітлераўскай дывізіі у чэрвені — ліпені 1941 году бралі ўдзел Зводная дывізія Грышына, 1-я Маскоўская дывізія Крэйзера, асобныя часткі НКВД па ахове чыгункі, ўмацаваныя бронецягнікамі. У ліпені 1944 году пры штурме места адзначылася каманда з трох танкаў Т-34, два зь якіх прабіліся на правы бераг Бярэзіны, але хутка былі зьнішчаныя.
У XX ст. межы Барысава пашырыліся за кошт улучэньня ў склад места вёсак і хутароў Лядзішчаў, Печаў, Цагельні, Разувы.
16 жніўня 2020 году ў Барысаве прайшоў Марш за свабоду.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рака Бярэзіна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1900
-
1905
-
1910
-
1910
-
да 1918 г.
-
С. Пракудзін-Горкі, 1911
-
С. Пракудзін-Горкі, 1911
-
да 1914
-
1915
-
1918
-
1918
-
1918
-
1918
-
1918
-
да 1918
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Рог Аршанскай і Андрэеўскай
-
Аршанская
-
Аршанская
-
Харугвенная
-
Харугвенная
-
Лепельская
-
Міхайлаўская
-
Менская
-
Менская. І. Сербаў, 1911
-
Палынская
-
Палынская
-
Рог Полацкай і Палынскай
-
Рог Полацкай і Палынскай
-
Рынак
-
Рынак
-
Рынак
-
Салдацкая Слабада
-
Рог Віленскай і Савуцінскай
-
Віленская
-
Рог Віжынскай і Менскай
Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
каля 1900
-
1905
-
1909
-
1914
-
1914
Царква Ўваскрасеньня Гасподняга
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1870-я
-
каля 1900
-
каля 1900
-
1905
-
1910
-
да 1914
-
1918
-
1918
-
1918
-
1918
Новае Места
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1910 г.
-
1908 г.
-
1910
-
да 1914
-
да 1918 г.
-
1918
-
1918
-
Чыгуначная станцыя, 1871
-
Чыгуначная станцыя, 1918
Старабарысаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1910
-
да 1914
-
да 1914
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Замак
-
Замак
-
Завулак Газэтны. Царква
-
Кальварыя. Капліца
-
Кальварыя. Капліца
-
Прыстань Калінкоўскага
-
Млын на рацэ Сха
-
Мужчынская гімназія
-
Запалкавая фабрыка
-
Запалкавая фабрыка
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[6] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[7]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Соловьев С. М. Указатель к истории России. — СПб., 1893. С. 51.
- ^ Татищев В. Н. История Российская, т. 1. М. — Л., 1962.
- ^ Дулеба Г. Барысаў // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 315.
- ^ а б в Грынявецкі В. Барысаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 294.
- ^ Дзевяць стагоддзяў Барысава / Ж. В. Гілевіч, Г. В. Штыхаў, В. Л. Насевіч, Л. Ф. Белая. — Менск: БЕЛТА, 2002.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 171.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 57.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 113.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1.
- Дзевяць стагоддзяў Барысава / Ж. В. Гілевіч, Г. В. Штыхаў, В. Л. Насевіч, Л. Ф. Белая. — Менск: БЕЛТА, 2002. — 224 с ISBN 985-6302-41-2
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.