Перайсьці да зьместу

Рагвалод-Барыс Усяславіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рагвалод-Барыс Усяславіч
лац. Rahvałod-Barys Usiasłavič
Рагвалод II
Мініятура Радзівілаўскага летапісу: Рагвалод-Барыс едзе на княжаньне ў Полацак
Князь полацкі
14 красавіка 1101  1128
Сукіраўнік Давыд Усяславіч (ад 1105 да 1127)
Папярэднік Усяслава Полацкага
Наступнік Давыд Усяславіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся канец 1040-х
Памёр пачатак 1128, Полацак
Нашчадкі
Дынастыя Рагвалодавічы
Бацька Усяслаў Чарадзей

Рагвалод-Барыс Усяславіч, Рагвалод II (канец 1040-х — пачатак 1128) — князь полацкі (1101—1128). Паводле імя, відаць, быў старэйшым сынам Усяслава Полацкага.

Рагнвальд або Рагвальд (Ragnvald, Ragvald) — імя германскага паходжаньня[1][2]. Іменная аснова -раг- (-рэг-) / раган- (імёны ліцьвінаў Рагла, Рагін, Рагайла; германскія імёны Ragilo, Ragenus, Ragel) паходзіць ад гоцкага raginon 'гаспадарыць, судзіць, выракоўваць', ragin 'вырак'[3], а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[4]. Такім парадкам, імя Рагвалод азначае «вырак улады»[5].

Яшчэ літоўскі (беларускі) пераклад пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага сьведчыў: «…бо Феафіл Полацак узяў <…> па Васілю Рагвалодзе [сыне Рагвалода-Барыса], каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[6][7].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ (1129 год), Господи помози рабу своему Борисоу (Барысаў камень), Борисъ-Рогъволодъ[8].

Па сьмерці бацькі заняў полацкі пасад. Імаверна, што сядзеў разам з Усяславам у кіеўскай вязьніцы ў 1068 годзе.

Упершыню пад сваім імём упамінаецца ў 1102 годзе, калі ўчыніў вайсковую выправу супраць яцьвягаў, а на зваротным шляху заснаваў горад Барысаў. Імаверна, браў удзел у выправе супраць зэмгалаў у 1106 годзе, але ў выніку наўдачы, як можна меркаваць, згубіў полацкі пасад[9].

Упамінаецца ў «Жыцьці Эўфрасіньні Полацкай» недзе паміж 1115—1120 гадамі. За Рагвалодам-Барысам сваю дзейнасьць у Полацку пачала ягоная пляменьніца Эўфрасіньня Полацкая. Менавіта ў гэты час збудавалі княскую сядзібу ў Бельчыцы з Барысаглебскім манастыром. Зь ягонай дзейнасьцю таксама зьвязваюць вядомыя помнікі эпіграфікі, так званыя «Барысавы камяні».

У 1127 годзе на патрабаваньне кіеўскага князя Мсьціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полаччыну, заняў княскі пасад замест Давыда, свайго брата[9]. Пра сьмерць Рагвалода-Барыса паведамляецца ў пачатку 1128 году.

Папярэднік
Усяслаў Чарадзей
Князь полацкі
1101—1128
Наступнік
Давыд Усяславіч
  1. Otterbjörk R. Svenska förnamn. — Svenska språknämnden, 1979.
  2. Ragvald, Nordic Names
  3. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  4. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
  6. ГСБМ. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
  7. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14, 73.
  8. Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 184.
  9. 1 2 Ермаловіч М. Барыс Усяславіч // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 315.