Перайсьці да зьместу

Улас Дубіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Улас Дубіна
Дата нараджэньня не пазьней за 1907
Месца нараджэньня
Занятак вайсковы тэарэтык, грамадзкі дзяяч

Ула́с Дубі́на — беларускі нацыянальны дзяяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

Нарадзіўся ў вёсцы Ісерна Слуцкага павету. У беларускім нацыянальным руху з 1917 году. Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябра Белнацкаму Случчыны й таварыства «Папараць-кветка» — кіраваў у канцы 1919 году гуртком «Вясковая Зорка» ў вёсках Ліпнікі і Ісерна[1].

На зьезьдзе Случчыны ў лістападзе 1920 году абраны ў склад Беларускае Рады Случчыны. Пасьля Слуцкага збройнага чыну — у Заходняй Беларусі.

Арыштоўваўся польскай дэфэнзывай як інструктар Віленскага Белнацкаму за арганізацыю нацыянальных школаў, культурна-асьветных гурткоў і беларускіх каапэратываў у Ашмянскім ды Лідзкім паветах, адначасова праводзячы эсэраўскую агітацыю.

З-за ўзмоцненай агітацыі супраць выбараў у Віленскі Сойм ў ночы з 19 на 20 студзеня 1922 году арыштаваны польскімі ўладамі ў ліку 33 беларускіх і летувіскіх актывістаў. Знаходзіўся ў вязьніцы. Дзякуючы ціску Летувы ў лютым 1922 году перададзены летувіскаму боку.

У 1923 годзе вярнуўся ў БССР, працаваў у саўгасе вёскі Гнойны Рак. Удзельнічаў у ліквідацыйным зьезьдзе БПСР у 1924 годзе. У 1933 годзе арыштаваны ГПУ і высланы за межы БССР. Далейшы лёс невядомы[1].

  1. ^ а б Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 316. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3