Арсень Паўлюкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Арсень Паўлюкевіч
Arsień Paŭliukievič.jpg
Род дзейнасьці палітык
Дата нараджэньня 1889(1889)
Месца нараджэньня Случчына
Дата сьмерці 4 красавіка 1941(1941-04-04)
Альма-матэр Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак палітык

Арсе́нь Васі́левіч Паўлюке́віч (1889 — ?) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, лекар. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь сям’і сьвятара Слуцкага павету. Скончыў Маскоўскі ўнівэрсытэт, мэдычны факультэт. У часе навучаньня, паводле зьвестак польскае дэфэнзывы, нібыта ўваходзіў ў манархічную арганізацыю «Саюз Міхаіла Архангела».

Працаваў лекарам у Слуцку. У 1917 годзе востра выказваўся супраць палякаў. У 1918 годзе ўваходзіў у Слуцкі правінцыйны камітэт партыі беларускіх эсэраў. У лістападзе 1920 году ўзначаліў адноўлены Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, кіраўнік яго мэдычна-санітарнага аддзелу.

На зьезьдзе Случчыны быў спаборнікам Уладзімера Пракулевіча ў барацьбе за пасаду старшыні Беларускай рады Случчыны. У часе Слуцкага збройнага чыну загадваў шпіталем паўстанцаў. Пасьля паражкі паўстаньня не жадаючы здаваць зброю палякам разам з капітанам Хведашчэням і паручнікам Мацэлям ды групай моладзі, адступіў з Морача, апошняга апорнага пункту случчакоў, у Давыд-Гарадок. Там іх усё ж абяззброілі палякі. Тады Паўлюкевіч выступіў з прамовай, у якой гаварыў, што беларускія жаўнеры вызваляць Беларусь ад палякаў і бальшавікоў[1].

Жыў у Нясьвіжы, Сіняўцы, Вільні.

Удзельнічаў у Праскай канфэрэнцыі ў верасьні 1921 году. У 1922 годзе, паводле зьвестак польскай дэфэнзывы, заснаваў у Наваградзкім ваяводзтве нелегальны Народны Хаўрус «За Бацькаўшчыну» і ствараў «тэрарыстычныя пяцёркі», скіраваныя супраць ворагаў Беларусі, у першую чаргу супраць Польшчы. Арыштаваны польскімі ўладамі ў красавіку 1922 году ў Нясьвіжы. Часова адышоў ад палітыкі і займаўся лекарскай практыкай. У 1920-я гады жыў у Вільні. Працаваў лекарам у адной з польскіх вайсковых частак.

У 1924 — адзін са стваральнікаў Часовай беларускай рады, якая сталася палітычным апанэнтам левых беларускіх партыяў (БСРГ, КПЗБ). Абраны яе старшынём. Таксама заснаваў і ўзначаліў шэраг іншых беларускіх палянафільскіх арганізацыяў «Прасьвета», «Беларуская хатка», Беларускі камітэт да справаў самакіраваньня, Беларуская Нацыянальная Рада, Беларуская нацыянальная партыя.

Выдавец «Грамадзкага голасу», у 1926 годзе пераназванага ў «Беларускае слова»[2]. Распачаў у прэсе кампанію з мэтай дыскрэдытацыі Антона Луцкевіча і выяўленьня ягоных сувязяў з бальшавікамі.

Пасьля перавароту ў Варшаве 15 траўня 1926 году, Часовая Беларуская Рада на надзвычайным пасяджэньні пастанавіла выслаць віншавальную тэлеграму на імя Юзэфа Пілсудскага. Хутка пасьля тэлеграмы Паўлюкевіч асабіста выехаў у Варшаву з мэтай атрыманьня падтрымкі і фінансавай дапамогі з боку новага ўраду. Прэм’ер Бартэль, зь якім размаўляў Паўлюкевіч, падтрымку і дапамогу абяцаў, аднак запатрабаваў большай актыўнасьці і павелічэньня сваіх уплываў у беларускім грамадзтве. Пасьля чаго Паўлюкевіч у канцы траўня правёў агітацыйныя мітынгі ў Наваградку, Баранавічах і Нясьвіжы, а прадстаўнікі Рады з мэтай вядзеньня агітацыі выехалі ў Гарадзенскі, Віленскі і Лідзкі паветы. 16 чэрвеня 1926 году Рада выступіла з «Мэмарыялам Часовай Беларускай Рады да пана прэм’ера Рады міністраў»[3].

Лічыцца, што быў падвойным агэнтам — польскай дэфінзывы і савецкага ГПУ. Дапамагаў Барысу Кавэрду ў падрыхтоўцы замаху на савецкага амбасадара Пятра Войкава.

У канцы 1926 году празь нястачу фінансаваньня Рада Паўлюкевіча развалілася, а некаторыя ягоныя былыя паплечнікі пачалі ганіць старшыню. Друкарні таксама адмаўляліся друкаваць газэты праз запазычанасьць.

У 1928 годзе, як савецкі шпіён асуджаны польскім судом на 12 год катаргі[4].

У верасьні 1939 году — вязень Бяроза-Картускага канцлягеру. Прызначаны адным зь лекараў ў лягэры[5].

Паводле згадак Барыса Кавэрды, у часе Другой Сусьветнай вайны Паўлюкевіч удзельнічаў у руху антыгітлераўскага супраціву ў Варшаве, быў схоплены і расстраляны немцамі[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]