Перайсьці да зьместу

Віленская беларуская гімназія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беларуская гімназія ў Вільні»)
Віленская Беларуская гімназія
Gimnazjum Białoruskie w Wilnie

Сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня БНР у гімназіі, 1935 год
Заснаваная 1919
Зачыненая 1944
Дырэктар Міхаіл Кахановіч
Браніслаў Тарашкевіч
Радаслаў Астроўскі
Адрас Другая Рэч ПаспалітаяВільня, вул. Вострабрамская, 9
Геаграфічныя каардынаты 54°41′ пн. ш. 25°17′ у. д. / 54.683° пн. ш. 25.283° у. д. / 54.683; 25.283Каардынаты: 54°41′ пн. ш. 25°17′ у. д. / 54.683° пн. ш. 25.283° у. д. / 54.683; 25.283
Віленская Беларуская гімназія на мапе Польшчы (1918—1939)
Віленская Беларуская гімназія
Віленская Беларуская гімназія
Віленская Беларуская гімназія

Віленская беларуская гімназія — навучальная ўстанова ў Вільні, якая дзейнічала ў 1919—1944 гадох. У розны час тут працавалі Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Рыгор Шырма, Барыс Кіт, Антон Грыневіч, Язэп Драздовіч, Антон Неканда-Трэпка, Францішак Грышкевіч і іншыя выдатныя навукоўцы, літаратары і пэдагогі. 3 гімназіі пачалі свой творчы шлях паэты Натальля Арсеньнева, Хведар Ільляшэвіч, Алесь Салагуб, Валянцін Таўлай, пісьменьнік Кастусь Акула, мастак Раман Семашкевіч, навуковец, старшыня Рады БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Тут навучаліся дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Тумаш, гісторык Язэп Найдзюк, журналіст і пэдагог Янка Багдановіч, гісторык і выдавец Вацлаў Пануцэвіч, публіцыст і грамадзкі дзяяч Лявон Луцкевіч.

Віленскую гімназію называюць беларускім нацыянальным унівэрсытэтам[1].

Заснаваньне і дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Беларуская гімназія ў Вільні. Мастацкая майстроўня. Зь левага боку сядзіць Язэп Драздовіч, 1927 г.[2]
З дырэктарам гімназіі гр. Міхаілам Кахановічам на чале (у сядзячым на крэслах радзе, пасярэдзіне) і некаторымі пэдагогамі гімназіі (абапал дырэктара), зьлева: Францішак Аляхновіч, кс. Адам Станкевіч, справа Фаіна Мікуліна. Антон Луцкевіч, і Максім Гарэцкі. У дольным (1-м сядзячым радзе справа на лева матурысткі: Галіна Бонч-Асмалоўшчынка, Ліда Макоўшчынка і Марыя Васільева. У трэцім радзе (лічачы сідзячы рад пэдагогаў 2-ім) справа на лева Натальля Арсеньнева, Ганна Валадзіміршчынка, Кляўдыя Недзьвечынка, Вольга Акушчанка, і Ганна Лабуцянка, матурыст Богдан Бонч-Асмалоўскі. У чацьвертым радзе зьлева на права матурысты: Мікола Леткевіч, Адольф Клімовіч, Валерыян Аляксюк, Аляксандар Пуська і Аляксандар Сасноўскі[3]. 15 чэрвеня 1921 г. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
Вокладка легітымацыі вучня гімназіі, 1922 г.

Віленская Беларуская гімназія была адчыненая ў 1919 годзе. У 1918 годзе ўлады Нямецкай імпэрыі перад адступленьнем далі дазвол на адкрыцьцё гімназіі. Па гэтым летувіскія ўлады дазволілі адчыніць беларускую гімназію ў памяшканьні Базылянскіх муроў. Заняткі ў гімназіі пачаліся 1 лютага 1919 году[4][5].

Гімназія была навучальнай установай мяшанага тыпу: у ён навучаліся як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Першапачаткова ў гімназіі было 8 клясаў, у ёй працавалі 18 настаўнікаў і навучаліся 387 вучняў[6]. Першы выпуск адбыўся 14 чэрвеня 1921 году[7]. Гімназію скончылі на атэстат засьпеласьці беларусы: Аляксюк, Валерыян; Арсеньнева, Натальля; Бонч-Асмалоўская, Галіна; Бонч-Асмалоўскі, Богдан; Акушчанка, Вольга; Валадзіміршчынка, Ганна; Васільева, Марыя; Клімовіч, Адольф; Лабуцянка, Ганна; Леткевіч, Мікола; Макоўшчынка, Ліда; Недзьвеччынка, Кляўдыя; Пуська, Александар; Сасноўскі, Александар; два экстэрны: Дварчанін, Ігнат і Станкевіч, Янка; апроч таго яшчэ 25 чалавек небеларусаў[8]. У 1922 годзе скончылі гімназію 36 вучняў [9]. Былі запрошаны новыя пэдагогі: пан Зянкевіч (польская мова), атрымаўшы вышэйшую зканамічную адукацыю, пан Сьнежынскі (агульная гісторыя й гісторыя славянскай літаратуры), Архімандрыт Піліп, Рэктар Віленскае Духоўнае Сэмінарыі (Славянская мова), пан Аляксандар Міхалевіч (Нямецкая мова), пані Альшэўская (Француская мова), пачалі працаваць: гурток па лацінскай мове, пад кіраўніцтвам пана Мікалая Красінскага (вольны пераклад Цэзара) і гурток па географіі пад кіраўніцтвам пана Ігната Канчэўскага (экскурсіі, практыкаваньня па зьніманьню плянаў, гульні і інш.)[10]. Доўгі час гімназія была прыватнай і фінансавалася рознымі грамадзкімі арганізацыямі, у ліку якіх былі Школьная рада ў Вільні, Таварыства беларускай школы і бацькоўскі камітэт[11]. Частка вучняў, пераважна сіроты і вучні незаможных бацькоў, навучаліся бясплатна.

Першым дырэктарам гімназіі быў Міхаіл Кахановіч.

Апроч адукацыі, у гімназіі праводзілася рознабаковае мастацкае навучаньне: працавалі літаратурны і драматычны гурткі, мастацкая студыя пад кіраўніцтвам Язэпа Драздовіча, духавы аркестар на 20 музычных інструмэтраў. Таксама быў хор, якім кіраваў Рыгор Шырма. Апроч усяго гэтага вучні займаліся выдавецтвам сваіх часопісаў, мелі свой вучнёўскі каапэратыў. Таксама ў межах гімназіі існавала скаўцкая арганізацыя.

У першыя гады па адкрыцьці пры гімназіі ўтварыўся Беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў. У прытулак траплялі дзеці зь Вільні, Ашмяншчыны, Гарадзеншчыны, Наваградчыны.

Выпускнікамі Віленскай Беларускай гімназіі зьяўляецца значная частка заходнебеларускай інтэлігенцыі. Сярод выпускнікоў гімназіі былі такія асобы, як Барыс Кіт, Максім Танк, Наталя Арсеньнева, Міхал Вітушка, Сьвятаслаў Коўш, Вітаўт Тумаш, Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

Ліквідацыя і аднаўленьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1944 годзе па сканчэньні навучальнага году гімназію зачынілі бальшавіцкія ўлады — па тым, як яны занялі Вільню.

У верасьні 1994 году беларускую гімназію ў Вільні аднавілі ў выглядзе сярэдняй школы №15 зь беларускай мовай навучаньня, пазьней ператвораную ў беларускую школу імя Францішка Скарыны.

1 лютага ў Віленскай беларускай школе імя Францішка Скарыны адзначаецца як Дзень гімназіі.

На студзень 2012 году беларусы складалі 15% навучэнцаў[12]. 15 лютага 2013 году мэрыя Вільні надала школе статус гімназіі (вул. Сеціно, д. 21). На ліпень 2013 году гімназія імя Францішка Скарыны была адзінай поўнай сярэдняй беларускай школай за межамі Беларусі. Пагатоў беларуская гімназія Вільні займала 7-е месца паводле якасьці асьветы сярод сярэдніх агульнаадукацыяных школаў Летувы. У гімназіі налічвалася 166 вучняў[13].

Успаміны вучняў гімназіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 370.
  2. ^ Родныя гоні. № 3, 1927. С. 8.
  3. ^ Адна з выпускных груп матурыстаў 1-й Віленскай Беларускай Гімназіі. // Маладое жыцьцё : часопіс. — 1921, 25 чэрвеня. — № 3. — С. 1.
  4. ^ А. 1-я Віленская Беларуская Гімназія. // Наша думка : штотыднёвая грамадзка-палітычная і літаратурная газэта. — 27 траўня 1921. — № 21. — С. 2, 3.
  5. ^ А. Мсьціслаўскі. Ніколі гэтаму ня бываць! // Беларускія ведамасьці : газэта. — 1921, 3 кастрычніка. — № 4. — С. 2, 3.
  6. ^ Склад вучняў 1-й Віленскай Беларускай Гімназіі к 21 сьнежня 1920. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 24 сьнежня 1920. — № 1. — С. 5.
  7. ^ Выпуск у Віленскай Беларускай Гімназіі. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 8 ліпеня 1921. — № 27. — С. 6.
  8. ^ Хроніка. Выпускныя экзамены. // Маладое жыцьцё : часопіс. — 1921, 25 чэрвеня. — № 3. — С. 8.
  9. ^ 1-ая Віленская Беларуская Гімназія. // Беларускі звон : газэта. — 1922, 21 ліпня. — № 15 (40). — С. 4.
  10. ^ Хроніка. 1-ая Віленская Беларуская Гімназія. // Беларускі звон : газэта. — 1922, 20 верасьня. — № 20 (45). — С. 4.
  11. ^ М. Г. Аб 1-й Віленскай Беларускай Гімназіі. // Беларускія ведамасьці : газэта. — 1921, 3 кастрычніка. — № 4. — С. 2, 3.
  12. ^ Віктар Пазьнякоў, Сьвятлана Барысенка. Экзамэн па краязнаўстве // Зьвязда : газэта. — 25 студзеня 2012. — № 15 (27130). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Вікенці Ключнік. Нашу песьню ў Вільні сьпявалі // Зьвязда : газэта. — 2 ліпеня 2013. — № 120 (27485). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]