Перайсьці да зьместу

Баранавіцкае аддзяленьне Беларускай чыгункі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аддзяленьні Беларускае чыгункі.

     Менскае аддзяленьне

     Баранавіцкае аддзяленьне

     Берасьцейскае аддзяленьне

     Віцебскае аддзяленьне

     Гомельскае аддзяленьне

     Магілёўскае аддзяленьне

Транспартнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Баранавіцкае аддзяленьне Беларускае чыгункі» — адно з буйнейшых прадпрыемстваў на Беларускае чыгунцы. Разьмешчана на тэрыторыі трох абласьцей: Берасьцейскае, Гарадзенскае, Менскае; мяжуе з трыма суседнімі краінамі: Польшчай, Летувой, Украінай.

Днём нараджэньня аддзяленьня, у адпаведнасьці з загадам Міністра шляхоў зносін СССР № 652 «Аб арганізацыі аддзяленьняў дарог і ўзбуйненьні аддзяленьняў руху, аддзяленьняў паравознага гаспадаркі і вагонных участкаў», лічыцца 23 верасьня 1946.

Сетка чыгуначных дарог Баранавіцкага аддзяленьня пачала складвацца з участка Горадня—Парэчча, былой Пецярбургска—Варшаўскай чыгункі, па якім 15 сьнежня 1862 года прайшоў першы цягнік. 28 лістапада 1871 года праз Баранавічы па ўчастку Маскоўска-Берасьцейскае чыгункі праехаў першы таварна-людзкі цягнік. 30 сьнежня 1884 года здадзена ў эксплюатацыю чыгуначная лінія Вільня — Ліда — Баранавічы — Лунінец — Пінск. У 1886 годзе — лінія Беласток — Ваўкавыск — Баранавічы Палескіх чыгунак. У 1907 годзе былі пабудаваны ўчасткі Ліда — Ваўкавыск — Масты — Горалня і Ліда — Маладэчна.

Да пачатку Першае сусьветнае вайны асноўныя чыгуначныя дарогі сучаснага Баранавіцкага аддзяленьня фактычна былі пабудаваныя. У 1915 раёны Заходняй Беларусі былі акупаваныя кайзераўскімі войскамі. У красавіку 1920 войскі Польшчы захапілі заходнюю частку Беларусі. Па ўмовах падпісанага у Рызе 18 сакавіка 1921 года мірнага дагавора заходнія беларускія землі адыходзілі ў склад польскай дзяржавы.

За 18 гадоў польскага валадарства ў Заходняй Беларусі было пабудавана ўсяго 107 км чыгуначных шляхоў. Участак: ВарапаеваДруя 89 км пабудаваны ў 1932 годзе. Участак Варапаева — Друскенікі 18 км. На ўчастках Мікашэвічы — Лунінец — Жабінка і Ліда — Маладэчна былі знятыя другія дарогі.

У 1939 годзе пасьля ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР у адпаведнасьці з загадам НКШЗ № 229/Ц ад 2 сьнежня 1939 г. былі ўтвораны Беластоцкая чыгунка зь месцазнаходжаньнем управы ў Беластоку (начальнік Бадуноў П. Ф.) і Берасьце-Літоўская з управаю ў Баранавічах (начальнік Бурыкін І. В.). Гэтым жа загадам арганізаваны восем аддзяленьняў: Баранавіцкае, Берасьце-Літоўскае і Лунінецкае на Берасьце-Літоўскае чыгунцы і Беластоцкае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Лідзкае і Маладэчанскае на Беластоцкай чыгунцы.

Будаўніцтва мірнага жыцьця было перапынена 22 чэрвеня 1941 г. нападам фашысцкай Нямеччыны.

8 ліпеня 1944 года вызваленыя Баранавічы, 9 ліпеня — Ліда, 10 ліпеня — Лунінец, 14 ліпеня — Ваўкавыск, 16 ліпеня — Горадня. Па меры руху войска СССР пачалося аднаўленьне работы ад ворага чыгуначных ліній і вузлоў. 9 ліпеня 1944 года па загадзе Народнага Камісара шляхоў зносін у г. Баранавічы прыбыла апэратыўная група спэцыялістаў—чыгуначнікаў на чале з начальнікам Берасьце-Літоўскай чыгункі Г. І. Перцавым і начальнікам Баранавіцкага аддзяленьня Д. П. Карасьцялёвым.

З 15 кастрычніка 1946 спыніла (у сувязі з перадачай вобласьці ў склад Польшчы) дзейнасць Беластоцкая чыгунка, як самастойная адміністрацыйна-гаспадарчая адзінка. Ад яе да Берасьце-Літоўскай чыгункі перайшло Лідзкае аддзяленьне руху. Было ліквідавана як маладзейнае Ваўкавыскае аддзяленьне руху і паравознай гаспадаркі (за кошт ліквідацыі зьяўляецца Гарадзенскае ўзбуйненнае аддзяленьне). 1 кастрычніка 1948 года Лунінецкае аддзяленьне было далучана да Баранавіцкага аддзяленьня. 28 ліпеня 1951 года на базе аб’яднаньня Берасьуе-Літоўскае чыгункі і Менскага аддзяленьня Заходняе чыгункі была створана Менская чыгунка. У 1953 годзе адбылося аб’яднаньне Беларускае й Менскае чыгунак у адну Беларускую чыгунку. Згодна з загадам МПС СССР № 997 ад 15.03.1955 г. было ліквідавана Гарадзенскае аддзяленьне і яго станцыі былі перададзеныя Баранавіцкаму аддзяленьню.

11 сакавіка 1965 г. першы цягнік на цеплавознай цязе адправіўся на Берасьце. 1969 г. на аддзяленьне дарогі паступіў першы дызэль-цягнік. 1976 г. — электрыфікаваны ўчастак Менск — Стоўпцы, 1982—1983 Стоўпцы — Баранавічы — Лясная.

1981 г. — станцыі Гарынь, Відзібор і Прыпяць (Столінскага раёна), якія ўваходзілі ў Львоўскую чыгунку, перададзеныя ў склад Баранавіцкага аддзяленьня.

1984 г. — станцыі Лоўча, Парахонск і Ясельда ўчастка Лунінец — Берасьце з Баранавіцкага аддзяленьня перададзены Берасьцейскаму аддзяленьню.

1994 г. — станцыя Парэчча, якую абслугоўвала Летувіская чыгунка на тэрыторыі Беларусі, перададзена Баранавіцкаму аддзяленьню Беларускае чыгункі.

Ужо да канца 1944 года пачаў працаваць клюб чыгуначнікаў у Баранавічах, клюб станцыі Ваўкавыск, клюб станцыі Лунінец, клюб станцыі Ліда.

На Баранавіцкім аддзяленьні рабіла восем бібліятэк: бібліятэка Райпрафсожа, бібліятэка клюба Лунінец, бібліятэка клюба Ваўкавыск, бібліятэка клюба Горадня, бібліятэка клюба Ліда, бібліятэка станцыі Баранавічы-Цэнтральныя, бібліятэка лякаматыўнага дэпо Баранавічы.

Пасьля захопу Беларусі ў чэрвені 1945 пры Райпрафсожы (Раённая прафсаюзная арганізацыя чыгуначнікаў) пачаў рабіць піянэрскі лягер «Іса», разьмешчаны ў 40 км ад горада Баранавічы ў накірунку да г. Слонім. Да 1939 года на тэрыторыі лагера разьмяшчалася дача графа Пуслоўскага. Да цяперашняга часу ў галоўным корпусе захаваліся каміны, адкрытая вэранда і на 2-м паверсе, над вэрандай, балкон, а таксама круглы будынак—ледавік.

Піянэрскі лягер «Азёры» быў пабудаваны ў Гарадзенскім раёне каля вёскі Азёры ў 1955 годзе і прыняў першых дзяцей у 1956 годзе.

14 сьнежня 1984 г. у г. Баранавічы быў адкрыты Музэй гісторыі УП «Баранавіцкае аддзяленьне Беларускае чыгункі». У залях музэя прадстаўлены этапы пабудовы і развіцьця чыгуначнага транспарту. Аб пачатковым і наступных пэрыядах тэхнічнага абсталяваньня магістралі наглядна распавядае выстава першага ў Беларусі аддзела гісторыі чыгуначнай тэхнікі, адкрытага 30 ліпеня 1999 года.

У канцы 1995 г. быў акрыты для чыгуначнікаў Санаторый «Магістральны» ва ўрочышчы «Гай» на ўсходняй ускраіне горада Баранавічы. У 1997 ўступіла ў дзеяньне другая чарга санаторыя — два плавальных басэйны, кабінеты лячэбнай фізкультуры, спартыўны зал. У чэрвені 2000 года санаторый адкрыўся зноў пасьля рэканструкцыі і пашырэньня за кошт далучана прафілакторыя вытворчага баваўнянага аб’яднаньня. Пабудаваныя крытыя тэнісныя корты. У 2007 годзе на беразе возера Сьвіцязь пачало рабіць аддзяленьне «Сьвіцязь» санаторыя «Магістральны», з нумарным фондам на 84 месца.

У склад уваходзяць 60 дзейнічаючых станцый, у тым ліку буйныя чыгуначныя вузлы: Баранавічы, Горадня, Лунінец, Ваўкавыск, Ліда. У цяперашні час на Баранавіцкім аддзяленьні даўжыня галоўных чыгуначных дарог налічвае 1206 км, станцыйных і пад’язных — 846 км. У структуру аддзяленьня ўваходзяць 26 адасобленых структурных падраздзяленьняў і адно даччынае прадпрыемства.

Структурныя падраздзяленьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станцыі

Лякаматыўныя дэпо

  • Лякаматыўнае дэпо Баранавічы
  • Лякаматыўнае дэпо Ваўкавыск
  • Лякаматыўнае дэпо Ліда
  • Лякаматыўнае дэпо Лунінец

Вагонныя дэпо

  • Баранавіцкае вагоннае дэпо
  • Ваўкавыскае вагоннае дэпо

Дыстанцыі дарогі

  • Баранавіцкая дыстанцыя дарогі
  • Ваўкавыская дыстанцыя дарогі
  • Лідзкая дыстанцыя дарогі
  • Лунінецкая дыстанцыя дарогі

Дыстанцыі сігналізацыі і сувязі

  • Баранавіцкая дыстанцыя сігналізацыі і сувязі
  • Лідская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі

Іншыя прадпрыемствы

  • Баранавіцкая дыстанцыя электразабеспячэньня
  • Баранавіцкая дыстанцыя грамадзянскіх збудаваньняў
  • Баранавіцкі грузавы цэнтр транспартнае лягістыкі
  • Баранавіцкі вагонны ўчастак
  • Аддзел матэрыяльна—тэхнічнага забеспячэньня
  • Баранавіцкая дыстанцыя ахоўных лесанасаджэньняў
  • Баранавіцкая база (транспартная)
  • Санаторый «Магістральны»
  • Культурна-спартыўны цэнтр

Даччынае прадпрыемства

  • сельскагаспадарчае рэспубліканскае даччынае унітарнае прадпрыемства «Сьвіцязь»

Начальнікі Баранавіцкага аддзялення

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баранавіцкае аддзяленьне мела наступных начальнікаў з прыходу СССР у 1944 годзе:

  • Нялідаў Іван Паўлавіч 1946—1951 гг.
  • Сарокін Іван Сьцяпанавіч 1951—1953 гг.
  • Сарокін Георгій Мацьвеевіч 1953—1955 гг.
  • Белік Аляксандр Нікандравіч 1955—1967 гг.
  • Казлоўскі Адам Прохаравіч 1967—1970 гг.
  • Ільін Анатоль Георгіевіч 1970—1990 гг.
  • Шпак Мікалай Іванавіч 1990—1994 гг.
  • Рахманько Віктар Рыгоравіч 1994—1998 гг.
  • Каладзенка Іван Піліпавіч 1998—2000 гг., 2003—2015 гг.
  • Кургуз Сяргей Іванавіч 2001—2003 гг.
  • Чэпелаў Сяргей Уладзімеравіч 2015—2020 гг.
  • Вярэніч Валерый Емяльянавіч 2020—ц.ч.
  • История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В. В. Яновская и др. — Минск: «Мастацкая літаратура», 2012. — 955с. ISBN 978-985-02-1375-4.
  • Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.
  • Малюгин И. Н. Полвека в пути. Барановичскому отделению Белорусской железной дороги 50 лет. Брест, 1996.
  • Юбилейный буклет «55 лет Барановичскому отделению Белорусской железной дороги». Минск, 2001.
  • Юбилейный буклет «1946-2006 Барановичское отделение Белорусской железной дороги 60 лет». Барановичи, 2006.
  • Музей железнодорожной техники Барановичского отделения Белорусской железной дороги. Рекламное издание. Барановичи, 1999.