Менскае аддзяленьне Беларускай чыгункі
Транспартнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Менскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» (з 2000 г.) — адно з буйнейшых прадпрыемстваў Беларускай чыгункі.
Знаходзіцца на скрыжаванні двух агульнаеўрапейскіх транспартных калідораў: нумар II (Захад-Усход) і нумар IX (Поўнач-Поўдзень) з адгалінаваннем IXB (Жлобін-Мінск-Гудагай і далей да партоў Балтыйскага мора: Клайпеды і Калінінграда). З’яўляецца самым важным звяном у сістэме забеспячэння міжнароднага гандлю Рэспублікі Беларусь.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню ў Менску гудок паравоза раздаўся ў лістападзе 1871 года, калі быў адкрыты ўчастак чыгункі ў напрамку Смаленск-Менск-Берасьце. За паўтара гады было пракладзена 650 км чыгуначных дарог. У межах Менскага аддзяленьня зьявіліся першыя 13 лінейных станцый. Усе яны дзейнічаюць і дагэтуль, некаторыя толькі зьмянілі назвы.
Станцыя Менск знаходзілася за межамі горада і для свайго часу была добра абсталявана: тут быў пасажырскі будынак, жылыя дамы, майстэрні, стрэлачныя будкі, паравозныя майстэрні на 12 паравозаў і іншае. Станцыя мела дзьве плятформы — пасажырскую і міждарожную.
У студзені 1873 года быў адкрыты пастаянны рух на ўчастку Менск-Вільня, і сучасная сталіца Беларусі стала першым чыгуначным вузлом. З пачаткам эксплуатацыі Ландварава-Роменскае чыгункі (у 1877 годзе перайменавана ў Лібава-Роменскую), былі пабудаваны асноўныя будынкі вакзала, які называўся Віленскім. На плошчы, прылеглай да пэрона, былі ўзьведзены драўляныя павільёны. У адным з павільёнаў быў разьмешчаны вакзал, у іншых — управа станцыі, паліклініка, рамеснае вучылішча і іншыя аб’екты, зьвязаныя з будаўніцтвам станцыі.
Пасьля заканчэньня Вялікае Айчыннае вайны ў 1946 годзе было ўтворана Менскае аддзяленьне Беларускай чыгункі.
У 1951 годзе пасьля рэфармаваньня Заходняе чыгункі Аршанскае аддзяленьне ўвайшло ў склад Калінінскай чыгункі. Яго межы былі пашыраны да Мядзведкі (на станцыі Віцебск) і Унечы. Участак Ліда-Маладэчна застаўся ў складзе Брэст-Літоўскай чыгункі, а ў 1953 годзе ўчастак увайшоў у склад Беларускай чыгункі. Да канца 1955 года Менскаму аддзяленьню чыгункі былі падпарадкаваны ўчасткі Маладэчна-Гутна і Менск-Паўднёвы-Верайцы-Градзянка. Аршанскае аддзяленьне з 1957 года было перададзена Беларускае чыгунцы, яго паўночная мяжа праходзіла па станцыі Мажэеўка.
9 ліпеня 1955 года была адчынена менская Дзіцячая чыгунка.
10 сакавіка 1961 года ў склад Менскага аддзяленьня былі ўключаны ўчасткі і прадпрыемствы Аршанскага аддзяленьня чыгункі. Так было створана сучаснае Менскае аддзяленьне. З яго складу былі выключаны станцыі Гутна, Верайцы і ўчастак Верайцы-Градзянка. За перыяд з 1959 года па 1979 год грузавы і людзкі рух быў пераведзены на цеплавозную цягу, укаранёны паточны мэтад рамонту грузавых вагонаў у вагонных дэпо, ажыцьцёўлены суцэльны перавод прамежкавых станцый на электрычную цэнтралізацыю стрэлак, сігналаў і ўчасткаў — на лікавае кодавае аўтаматычнае блакаваньне, перавод прыгараднага руху на Менскім вузле на электрычную цягу. Ажыцьцёўлена рэканструкцыя станцый Менск-Сартавальны, Орша-Цэнтральная, Орша-Заходняя і ўкаранёна на гэтых станцыях маршрутна-рэлейная электрычная цэнтралізацыя стрэлак і сігналаў. У 1979—1983 гадах пачалося ўкараненьне ЭВМ для плянаваньня эксплюатацыйнай работы. Быў ажыцьцёўлены перавод руху людзкіх і тарарных цягнікоў на электрычную цягу, электрыфікаваны рух на ўчастках Барысаў-Орша, Орша-Краснае і на Аршанскім чыгуначным вузле.
Сучасны стан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]30 сьнежня 2000 года была прынята ў эксплюатацыю першая чарга новага вакзала станцыі Менск-Пасажырскі. 2 ліпеня 2001 года напярэдадні Дня Незалежнасьці Рэспублікі ў левым крыле вакзала адчыніліся новыя білетныя касы далёкага накірунку. У 2003 годзе будаўніцтва вакзала было поўнасьцю завершана.
На тэрыторыі аддзяленьня цяпер дзейнічае 69 станцый, зь якіх 62 станцыі ажыцьцяўляюць перавозку людзей, 126 прыпыначных пунктаў, пры гэтым Орша і Маладэчна ў 1993 годзе атрымалі стан міждзяржаўных перадатачных станцый. На станцыях Асінаўка і Гудагай Менскае аддзяленьне мяжуе з Маскоўскай і Летувіскае чыгункамі.
Структурныя падраздзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Станцыі
Лякаматыўныя i маторвагоннае дэпо
- Маторвагоннае дэпо Менск
- Лякаматыўнае дэпо Маладэчна
- Лякаматыўнае дэпо Менск
- Лякаматыўнае дэпо Орша імя К. С. Заслонава
Вагонныя дэпо
- Менскае вагоннае дэпо
- Аршанскае вагоннае дэпо
- Рэфрыжэратарнае вагоннае дэпо Маладэчна
Дыстанцыі дарогі
- Менская дыстанцыя дарогі
- Маладэчанская дыстанцыя дарогі
- Барысаўская дыстанцыя дарогі
- Аршанская дыстанцыя дарогі
Дыстанцыі сігналізацыі і сувязі
- Маладэчанская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі
- Менская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі
- Аршанская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі
Іншыя прадпрыемствы
- Аршанская дыстанцыя ахоўных лесанасаджэньняў
- Менская дыстанцыя грамадзянскіх збудаваньняў
- Аршанская дыстанцыя грамадзянскіх збудаваньняў
- Менская дыстанцыя электразабеспячэньня
- Аршанская дыстанцыя электразабеспячэння
- Менскі вагонны ўчастак
- Аддзел матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэньня
- Цэнтр інжынерных паслуг па будаўніцтве аб’ектаў інфраструктуры
- Менская база (транспартная)
- Аздараўленчы цэнтр «Талька»
- Турыстычны цэнтр «Дартур»
- Культурна-спартыўны цэнтр
Начальнікі Менскага аддзяленьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З пачатку існаваньня савецкае ўлады пасьля 1944 году былі наступныя начальнікі аддзяленьня:
- Петуланін Міхаіл Іванавіч (1946—1955),
- Сарокін Георгій Мацьвеевіч (1955—1959),
- Істушкін Фёдар Анісімавіч (1959—1979),
- Мітасаў Павел Васільевіч (1979—1983),
- Валадзько Яўген Іванавіч (1983—1989),
- Рынг Уладзімер Ясіфавіч (1989—1990),
- Гапееў Васіль Іванавіч (1990—2002),
- Шылаў Ігар Сяргеевіч (2002—2016)[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Прыняцце кадравых рашэнняў. Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праверана 06.03.2016 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гапеев В. И., Лукьянов В. А. Минское отделение Белорусской железной дороги. 1871—1996 годы: Исторический очерк — Мн.: Полымя, 1996. — 347 с. : ил. ISBN 985-07-0146-3.
- История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В. В. Яновская и др. — Минск: «Мастацкая літаратура», 2012. — 955с. ISBN 978-985-02-1375-4.
- Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.