Перайсьці да зьместу

Алесь Сьпіцын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Сьпіцын
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Аляксандравіч Сьпіцын
Псэўданімы Вольны ліцьвін, Тутэйшы зялейнік
Нарадзіўся 6 верасьня 1979 (45 гадоў)
Менск, Беларуская ССР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці выкладнік
Гады творчасьці з 1992-га
Кірунак хрысьціянская паэзія
Жанр паэзія, у тым ліку монаверш[1]
Мова беларуская
Дэбют «Мова мая» // Газэта «Піянэр Беларусі» (1993)
Значныя творы Кніга «Цені верасоў» (2001)

Алесь Сьпі́цын (1979, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі паэт і батанік.

Аўтар кнігі вершаў «Цені верасоў» (2001). Творы ўваходзілі ў супольныя зборнікі «Насустрач Духу» (2001) і «Верш на свабоду» (2002), а таксама перакладаліся на ангельскую і расейскую мовы[2]. Сузаснавальнік Творчага аб’яднаньня пісьменьнікаў-хрысьціянаў «Дабравест» (2009)[3]. Выдаваў свае творы ў часопісах «Маладосьць» і «Полымя», а таксама ў газэце «Літаратура і мастацтва». Магістар рэабіліталёгіі і пэдагогікі (2016).

У 1996 годзе скончыў Ліцэй № 158 у Менску (Фрунзэнскі раён, мікрараён Сухарава, вул. Фёдарава, д. 6). У 2001 годзе скончыў біялягічны факультэт БДУ. У 2001—2006 гадах працаваў у Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2007—2009 гадах уладкаваўся ў лябараторыю «Плянэтар» у Менскім палацы моладзі і дзяцей[4]. 14—16 ліпеня 2008 году браў удзел у летніку праваслаўнай моладзі «Праваслаўная Царква і нацыянальная мова ў сучаснай Беларусі», які ладзіўся ў вёсцы Збляны Лідзкага раёну (Гарадзенская вобласьць). Падчас летніка ў якасьці катэхізатара распавёў пра пераклад Бібліі ў кантэксьце духоўных рухаў XVI стагодзьдзя. Арганітарамі летніка выступалі лідзкія брацтва князя Даўмонта Літоўскага і сястрынства Эўфрасіньні Полацкай, а таксама Сярэднеэўрапейскае аддзяленьне Сусьветнага брацтва праваслаўнай моладзі «Сіндэсмас»[5]. У 2009—2014 гадах працаваў у Інстытуце фізыялёгіі НАНБ[4]. 28 траўня 2009 году выступіў сузаснавальнікам Творчага аб’яднаньня пісьменьнікаў-хрысьціянаў «Дабравест», сустаршынёй якога стаў Павал Севярынец[3].

11 сьнежня 2009 году выступіў суаўтарам праграмы адукацыйных лекцыяў пра гісторыю і культуру Беларусі, якія ладзіла «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» з нагоды 70-годзьдзя ўзьяднаньня Беларусі[6]. У 2014—2016 гадах навучаўся ў магістратуры на катэдры рэабіліталёгіі Дзяржаўнага інстытуту кіраваньня і сацыяльных тэхналёгіяў БДУ (ДІКСТ БДУ), а таксама адначасна на катэдры пэдагогікі БДУ. 7 лістапада 2016 году выступіў на курсах «Мова нанова» ў Горадні з расповедам пра лекаваньне зёлкамі[7]. Зь 2017 году выкладаў у ДІКСТ БДУ[2]. У кастрычніку 2020 году сярод іншых 1500 асобаў падпісаў «Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі» з заклікам да «адстаўкі дзейнага складу Цэнтральнай выбарчай камісіі з прыцягненьнем да прадугледжанай заканадаўствам адказнасьці» за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі[8].

У 2001 годзе выдаў кнігу вершаў «Цені верасоў»[9]. Таксама ў 2001 годзе ягоныя творы ўвайшлі ў анталёгію беларускай хрысьціянскай паэзіі «Насустрач Духу»[10]. У 2002 годзе ягоны верш «Мы ранкам зь цяжкасьцю ўставалі» ўвайшоў у зборнік «Верш на свабоду»[11], які ў 2004 годзе Вера Рыч пераклала на ангельскую[12]. 11 траўня 2007 году ў Чырвоным касьцёле Менску прадставіў свае вершы на сцэне тэатральнай залі «Зьніч» падчас супольнага канцэрту з бардам Андрэем Мельнікавым і сьпявачкай Алесяй Унукоўскай[13]. 18 траўня 2007 году на гістарычным факультэце БДУ адбылася паэтычная вечарына «На Ўшэсьце», падчас якой на вершы Сьпіцына выконваліся песьні. Таксама на вечарыне паэт Алег Бембель «Зьніч» прадставіў сваю кнігу «За мурам»[14].

4 лютага 2009 году разам зь 7-ю іншымі паэткамі і паэтамі браў удзел у 3-й вечарыне «Вокны шляхецкага дома» кампаніі «Будзьма беларусамі!», што праходзіла ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча[15]. У сакавіку 2016 году выдаў нізку вершаў у часопісе «Маладосьць»[4]. У чэрвені 2016 году абнародаваў нізку вершаў «Патопу больш ня будзе» ў часопісе «Полымя»[16]. У траўні 2017 году ў часопісе «Полымя» выйшла 2-я нізка вершаў «Калі неразьведзенай вып’ю радасьці»[2]. 12 ліпеня 2019 году выйшла нізка вершаў Сьпіцына ў газэце «Літаратура і мастацтва»[17].

У 2003 годзе культуроляг Янка Трацяк адзначыў вершы Алеся Сьпіцына, якія ўвайшлі ў анталёгію беларускай хрысьціянскай паэзіі «Насустрач Духу»: «ёсьць узоры і ў анталёгіі, якія адпавядаюць высокім крытэрам. Да такіх твораў можна аднесьці.. творы.. Алеся Сьпіцына»[18]. У 2017 годзе ў газэце «Літаратура і мастацтва» Алеся Лапіцкая і Жанна Капуста заўважылі, што ў нізцы вершаў Сьпіцына «Калі неразьведзенай вып’ю радасьці» «трапныя вершаваныя радкі-назіраньні перамяжоўваюцца з выпадковымі запісамі пабачанага і пачутага за дзень». У сваім артыкуле аглядальніцы крытычна падкрэсьлілі: «Разьняволенасць формы і поўная свабода мэтафараў у сучаснай паэзіі прыводзяць да адметных паэтычных адкрыцьцяў толькі тады, калі аўтар здольны аб’яднаць іх агульным нетрывіяльным сэнсам. Простае фіксаваньне побытавых карцінак ужо даўно не ўспрымаецца арыгінальна»[19].

  1. ^ Віктар Жыбуль. Монаверш ува ўсясьветнай і беларускай літаратуры // Беларускі калегіюм, 28 сакавіка 2016 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  2. ^ а б в Алесь Сьпіцын. Калі неразьведзенай вып’ю радасьці // Полымя. — травень 2017. — № 5 (1051). — С. 90-93.
  3. ^ а б Пісьменьнікі-хрысьціяне аб’ядналіся // Беларуская служба Радыё «Свабода», 29 траўня 2009 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  4. ^ а б в Алесь Сьпіцын. Напаўняючы душы пяшчотным цяплом / гал.рэд. Сьвятлана Дзянісава // Маладосьць : часопіс. — сакавік 2016. — № 3 (748). — С. 106—107. — ISSN 0131-2308.
  5. ^ Натальля Васілевіч. Летнік праваслаўнай моладзі «Праваслаўная Царква і нацыянальная мова ў сучаснай Беларусі» // Газэта «Наша ніва», 21 ліпеня 2008 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  6. ^ Галіна Абакунчык. БХД распачынае адукацыйную праграму // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 сьнежня 2009 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  7. ^ Біёляг Алесь Спіцын вучыў гарадзенцаў лекавацца зёлкамі // Радыё «Рацыя», 7 лістапада 2016 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  8. ^ Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь // Музычны партал «Тузін гітоў», 13 кастрычніка 2020 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  9. ^ Натальля Адзілава, Марына Курэйчык, Галіна Рамашка, Ала Сташкевіч. Лiтаратура на славянскiх мовах / Т. Ф. Іванова // Летапіс друку Беларусі : паказальнік. — Менск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, жнівень 2001. — № 8. — С. 35.
  10. ^ Насустрач Духу: анталёгія беларускай хрысьціянскай паэзіі / уклад. Іван Чарота. — Менск: Ураджай, 2002.
  11. ^ Алесь Сьпіцын. Мы ранкам зь цяжкасьцю ўставалі // Верш на свабоду / рэд. Валянціна Аксак, маст. Генадзь Мацур. — Менск: Радыё Свабода, 2002. — С. 425. — 464 с. — (Бiблiятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — ISBN 0-929849-02-7
  12. ^ Алесь Сьпіцын. Мы ранкам зь цяжкасьцю ўставалі // Верш на свабоду: развагі дзеля Беларусі = Poems on liberty: Reflections for Belarus / перакл. Вера Рыч, рэд. Аляксандра Макавік, маст. Генадзь Мацур. — Менск: Радыё Свабода, 2004. — С. 116-117. — 312 с. — (Бiблiятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — ISBN 0-929849-05-1
  13. ^ Канцэрт хрысьціянскай музыкі і паэзіі ў Чырвоным касьцёле // Газэта «Наша ніва», 11 траўня 2007 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  14. ^ Прэзэнтацыя кнігі Зьніча на гістфаку // Газэта «Наша ніва», 11 траўня 2007 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  15. ^ У музэі Багдановіча адбудзецца вечарына плянэтарнай паэзіі // Партал «Беларускія навіны», 31 студзеня 2009 г. Праверана 18 верасьня 2021 г.
  16. ^ Алесь Сьпіцын. Патопу болей ня будзе / нам.гал.рэд. Алена Мальчэўская // Полымя : часопіс. — чэрвень 2016. — № 6 (1040). — С. 23-26. — ISSN 0130-8068.
  17. ^ Алесь Сьпіцын. Руіны старых будынкаў / гал.рэд. Ларыса Цімошык // Літаратура і мастацтва : газэта. — 12 ліпеня 2019. — № 23 (4926). — С. 8. — ISSN 0024-4686.
  18. ^ Янка Трацяк. Анталёгія бяз духу / рэд. Валер Булгакаў // Архэ-Пачатак : часопіс. — сьнежань 2003. — № 6 (29). — ISSN 1392-9682.
  19. ^ Алеся Лапіцкая, Жанна Капуста. Вандроўкі ў часе і прасторы // Літаратура і мастацтва. — 9 чэрвеня 2017. — № 23 (4926). — С. 6.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]