Перайсьці да зьместу

Алеся Ўнукоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алеся Ўнукоўская
Грамадзянства Беларусь
Прафэсія сьпявачка
Гады дзейнасьці зь 2008-га
Жанры хрысьціянская музыка
Інструмэнты гітара
Супрацоўніцтва «Беларускі хрысьціянскі гіт» (2009—2010, 2014)
Лэйблы «Беларуская музычная альтэрнатыва»

Але́ся Ўнуко́ўская — беларуская хрысьціянская сьпявачка.

Выпусьціла 2 альбомы «Не разьбіцца» (2012) і «Песьні пакланеньня і праслаўленьня» (2015). Яе песьні, у тым ліку найбольш славутая «Зоркі далёка», увайшлі ў нізку складанак «Беларускі хрысьціянскі гіт» 1—5 і 7-га выданьняў у 2009—2010 і 2014 гадох. У 2011 годзе песьня «Я ехала дамоў» трапіла ў пазаконкурсную 30-ку песьняў складанкі «Шосты Прэм’ер Тузін».

У 2008 годзе песьня «Зоркі далёка» Алесі Ўнукоўскай увайшла ў 1-ю складанку «Беларускі хрысьціянскі гіт» сярод 21-й песьні, якую адабралі зь ліку больш як 1000 сьпеваў. Пагатоў, Унукоўская ўвайшла ў 4-ку найбольш упадабаных выканаўцаў паводле ратацыі ў 10 хрысьціянскіх фокус-групах, у тым ліку праваслаўнай і каталіцкай, грэка-каталіцкай, баптысцкай і поўнаэвангельскай[1]. У 2009 году яе песьня «Клічаш ты» выйшла ў складанцы «Беларускі хрысьціянскі гіт-2: гіты праслаўленьня»[2]. Яшчэ адна песьня ўвайшла ў «Беларускі хрысьціянскі гіт-3: Хрыстос нарадзіўся», які таксама выпусьцілі ў 2009 годзе[3]. 29 чэрвеня 2009 году «Беларуская музычная альтэрнатыва» прадставіла ў Чырвоным касьцёле Менску кружэлку «З крывіцкай сям’і» на вершы Натальлі Арсеньневай, у склад якой увайшла апрацоўка песьні ў выкананьні Алесі Ўнукоўскай[4]. 19 верасьня 2009 году ўзяла ўдзел у эвангелізацыйным канцэрце на плошчы Незалежнасьці ў Менску[5]. 2 ліпеня 2010 году выступіла на «Будслаўскім фэсьце» (Мядзельскі раён)[6]. У 2010 годзе песьня «Твая любоў зьнішчае страх» Алесі Ўнукоўскай трапіла ў велікодны «Беларускі хрысьціянскі гіт-4: Хрыстос уваскрос»[7]. Таксама ў 2010 годзе выйшла складанка «Беларускі хрысьціянскі гіт-5: Бардаўскі хрысьціянскі гіт», якая ўлучыла песьню Ўнукоўскай[8]. У 2011 годзе яе песьня «Я ехала дамоў» трапіла ў пазаконкурсную 30-ку песьняў складанкі «Шосты Прэм’ер Тузін».

У сьнежні 2012 году прадставіла сваю кружэлку «Не разьбіцца» падчас фэсту «Цуд на Каляды» ў менскім Палацы вэтэранаў. У папярэднім запісе альбому на баранавіцкай студыі «Селах» таксама ўзялі дзел клявішнік Паўлюк Рысь, бубнач Аляксандар Гурын і саксафаніст Вадзім Кулік. Сярод запрошаных музыкаў таксама далучыліся аранжыроўшчык Аляксандар Панін і сьпевакі Артур Мадатаў, Вольга Барок і Альбіна Калінкіна. Тэкст шэрагу песьняў альбому «Не разьбіцца» напісалі Аляксей Шэін і Марыя Савушкіна[9]. У чэрвені 2014 году выйшла музычная складанка «Беларускі пілігрымскі гіт», якая ўлучала песьню Алесі Ўнукоўскай. Складанка стала 6-й у нізцы «Беларускі хрысьціянскі гіт», заснаванай у 2008 годзе[10]. 29 чэрвеня Ўнукоўская выступіла ў Менску на прэзэнтацыі складанкі «Беларускі пілігрымскі гіт», выпушчанай пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі»[11]. 27 сьнежня 2014 году ў Менску прадставілі складанку «Беларускі хрысьціянскі гіт-7» пад прысьвячэньнем «Люблю Беларусь», у склад якой увайшла песьня Ўнукоўскай[12]. У 2014 годзе яе песьня «Зоркі далёка» стала афіцыйным гімнам Сустрэчы моладзі Львоўскай дыяцэзіі Ўкраіны. 21 жніўня 2015 году выпусьціла альбом «Песьні пакланеньня і праслаўленьня». У склад альбому сярод іншага ўвайшлі хрысьціянскія гіты, якія выконваліся ў каталіцкіх і пратэстанцкіх цэрквах ды займелі польскі, расейскі і ўкраінскі пераклады для хрысьціянаў адпаведных краінаў[13].

У студзені 2013 году музычны крытык Вітаўт Мартыненка ў часопісе «Бярозка» заўважыў наконт альбому Алесі Ўнукоўскай «Не разьбіцца», што «выразна тут паўплывала на ейную творчасьць і так званая "эпоха рок-н-ролу"». Песьню «Гэй, everybody!» Мартыненка нарок «велікодным вальсам» і адзначыў, што «ўдалося стварыць эмацыйна цёплы, канцэптуальны альбом, выразна акцэнтаваны гук якога чапляе ўжо зь першай песьні», якой была «Толькі Бог, толькі ты». Таксама Вітаўт Мартыненка падкрэсьліў: «альбом вытрыманы ў клясычнай традыцыі Дабравесьця. Аўтарка ня толькі прапагандуе пастуляты хрысьціянскай веры, але і акцэнтуе ўвагу на сьветлых баках жыцьця, тым самым дапамагаючы людзям, надта засяроджаным на адваротным. Па сутнасьці, прымаўку «што ні робіцца, да лепшага» Алеся Ўнукоўская па-свойму — мякка і пяшчотна — разгортвае ў песьнях: «Я ехала дамоў», «Мой доўгі шлях», «Кліч», «Нябёсы», «А я свабодны», «Золатка», «Смакоўніца» ды іншых. Найбольш знакамітая зь песень, бадай, «Зоркі далёка», якая стала культавай і часта выконваецца вернікамі ў касьцёльных песьнясьпевах»[9]. 24 студзеня 2015 году аглядальніца парталу «Крыніца.інфо» Вольга Севярынец вызначыла ў якасьці хрысьціянскіх гітоў 3 песьні Ўнукоўскай — «Весяліся і пляскай у далоні», «Ты Госпад мой» і «Зоркі далёка»[14].

На студзень 2015 году Алеся Ўнукоўская была матуляй 3-х сыноў[14].

  1. ^ Слухайце і сьпявайце «Беларускі пілігрымскі гіт» анлайн // Партал «Крыніца.інфо», 13 кастрычніка 2014 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  2. ^ Музыка анлайн. Беларускі хрысціянскі гіт-2 // Партал «Крыніца.інфо», 28 траўня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  3. ^ Музыка анлайн. Беларускі хрысціянскі гіт-3 // Партал «Крыніца.інфо», 28 траўня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  4. ^ БМАgroup у сэрыі «Беларускі музычны архіў» выпускае дыскі Алеся Камоцкага і Натальлі Арсеньневай // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 чэрвеня 2009 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  5. ^ Эвангелізацыйны канцэрт-праслаўленьне на плошчы Незалежнасьці // Газэта «Царква», 24 верасьня 2009 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  6. ^ Прамая відэатрансьляцыя з Будслава // Парафія Найсьвяцейшага Адкупіцеля ў Горадні, 24 верасьня 2009 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  7. ^ Музыка анлайн. Беларускі хрысціянскі гіт-4 // Партал «Крыніца.інфо», 29 траўня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  8. ^ Музыка анлайн. Беларускі хрысціянскі гіт-5 // Партал «Крыніца.інфо», 30 траўня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  9. ^ а б Вітаўт Мартыненка. Да Бога з рок-н-ролам // Бярозка : часопіс. — 2013. — № 1 (1016). — С. 158-159. — ISSN 0320-7579.
  10. ^ Выйшаў «Беларускі пілігрымскі гіт» – найлепшыя сьпевы пілігрымаў па-беларуску // Партал «Крыніца.інфо», 20 чэрвеня 2014 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  11. ^ У Менску прадставілі «Беларускі пілігрымскі гіт» // Партал «Крыніца.інфо», 30 чэрвеня 2014 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  12. ^ Э. Дзьвінская. Збор беларускіх хрысьціянскіх гітоў // Наша слова : газэта. — 6 студзеня 2015. — № 1 (1204). — С. 6. — ISSN 2073-7033.
  13. ^ Выйшаў новы альбом Алесі Унукоўскай // Партал «Крыніца.інфо», 21 жніўня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.
  14. ^ а б Вольга Севярынец. Калыханка Алесі Унукоўскай // Партал «Крыніца.інфо», 24 студзеня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]