Перайсьці да зьместу

Праваслаўная царква

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Праваслаўная Царква»)

Правасла́ўе (ад словаў «правільнае праслаўленьне» Бога) — адзін з асноўных кірункаў у хрысьціянстве (побач з каталіцтвам, пратэстантызмам і старажытна-ўсходнімі цэрквамі).

У сучасным значэньні тэрмін «Праваслаўе» зьявіўся толькі ў XVI—XVIII стагодзьдзях, да ранейшых часоў больш дакладна казаць пра ўсходняе хрысьціянства[1].

Праваслаўе склалася як ўсходняя галіна хрысьціянства пасьля падзелу Рымскае імпэрыі (395) і аформілася ў 1054 годзе пасьля падзелу цэркваў на заходнюю (каталіцкую) і ўсходнюю (праваслаўную). Атрымала пашырэньне галоўным чынам ва Ўсходняй Эўропе і на Блізкім Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Бізантыйскае імпэрыі, таму зьведала ўплыў ейнае гісторыі разьвіцьця, што адбілася на веравучэньні і арганізацыі праваслаўных цэркваў.

Аснову веравучэньня праваслаўя, сфармуляванага ў Сымбалі Веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстантынопальскім (381) Усяленскіх саборах, складаюць Сьвяшчэннае пісаньне (Біблія) і Сьвяшчэннае паданьне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і іншыя). Праваслаўе зыходзіць з прызнаньня трыадзінага Бога — Творцы і кіраўніка Сусьвету, замагільнага сьвету, пасьмяротнае адплаты, збавіцельнае місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасьць для выратаваньня чалавека, на якім ляжыць адбітак першароднага граху. Адно з галоўных месцаў у богаслужэбнай практыцы праваслаўя займаюць 7 хрысьціянскіх таінстваў:

Вялікае значэньне надаецца сьвятам і пастам. У праваслаўі адвяргаецца шэраг прынятых у каталіцтве догматаў (аб беспамылковасьці Папы Рымскага ex cathedra, аб зыходжаньні Сьвятога Духа і ад Бога-Айца, і ад Бога-Сына, аб чысьцілішчы, аб беззаганным зачацьці Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцьці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некаторыя таінствы. Існуюць адрозьненьні ў царкоўнай архітэктуры і начыньні, строях сьвятароў, іншай атрыбутыцы і абраднасьці. У праваслаўі богаслужэньне вядзецца на родных (у славянскіх краінах — на царкоўна-славянскай) мовах. Сьвятары (не манахі) павінны быць жанатыя, архірэі — бясшлюбныя (пасьвячаюцца з манаскага духавенства).

У праваслаўі аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую праваслаўную царкву, аднак адзіны духоўны цэнтар адсутнічае. Канстантынопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы былой Бізантыйскай імпэрыі, традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але ня мае адміністрацыйнае ўлады над іншымі цэрквамі. На 2005 год у сьвеце існуюць 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстантынопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Расейская, Грузінская, Сэрбская, Румынская, Баўгарская, Кіпрская, Эладская, Альбанская, Чэскіх зямель і Славаччыны, Польская, Амэрыканская (пералік зроблены паводле часу атрыманьня аўтакефаліі; 9 першых зь іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай герархіяй. Шэраг рэлігійных аб’яднаньняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны пакуль не атрымалі кананічнага прызнаньня: Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная праваслаўная царква, Кіеўскі патрыярхат. Прыхільнікі праваслаўя складаюць большасьць вернікаў у наступных краінах: Баўгарыя, Беларусь, Грузія, Грэцыя, Кіпр, Паўночная Македонія, Малдова, Расея, Румынія, Сэрбія, Украіна, Чарнагорыя. Праваслаўе значна пашыранае ў Альбаніі, Лібане, Сырыі і іншых краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краінаў у Амэрыцы ды Аўстраліі.

На беларускіх землях традыцыйна годам увядзеньня хрысьціянства лічыцца 992 (заснаваньне Полацкае япархіі), тым часам падзел на ўсходнюю (пазьнейшае праваслаўе) і заходнюю (рыма-каталіцтва) хрысьціянскія традыцыі адбыўся толькі 1054 годзе.