Перайсьці да зьместу

Руслан Пархамовіч

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Руслан Пархамовіч
па-беларуску: Руслан Віктаравіч Пархамовіч[1]
2022 год, Магілёў
2022 год, Магілёў
10-ы міністар архітэктуры і будаўніцтва Беларусі
4 чэрвеня 2020 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Раман Галоўчанка
Папярэднік: Дзьмітры Мікулёнак
Дэпутат Магілёўскага гарадзкога Савету дэпутатаў
18 лютага 2018 — цяперашні час
Прэм’ер-міністар: Раман Галоўчанка, Сяргей Румас, Андрэй Кабякоў
Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму
5 сакавіка 2018 — 4 чэрвеня 2020
Кіраўнік «Магілёўскага домабудаўнічага камбінату»
жнівень 2011 — 5 сакавіка 2018
Прэм’ер-міністар: Андрэй Кабякоў, Міхаіл Мясьніковіч
Наступнік: Лявон Аракелян
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 18 ліпеня 1980 (44 гады)
Магілёў, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Бацька: Віктар Пархамовіч
Адукацыя: Магілёўскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт (2002), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі (2011)

Руслан Віктаравіч Пархамовіч (нар. 1980, Магілёў, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Беларусі.

10-ы міністар архітэктуры і будаўніцтва Беларусі (з 4 чэрвеня 2020 году)[3]. Дэпутат Магілёўскага гарадзкога Савету дэпутатаў 28-га скліканьня (зь 2018 году). Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму (2018—2020). Кіраўнік «Магілёўскага домабудаўнічага камбінату» (2011—2018).

У 2002 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт (МДТУ) паводле спэцыяльнасьці прамысловае і цывільнае будаўніцтва, а таксама Інстытут павышэньня кваліфікацыі МДТУ паводле спэцыяльнасьці бухгальтарскі ўлік, аналіз і аўдыт. Першапачаткова працаваў мантажнікам вонкавых трубаправодаў 3-га разраду ў «Будаўнічым трэсьце № 12». Пазьней тамсама ўзначаліў вытворча-тэхнічны аддзел управы мэханізаваньня. У 2011 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі паводле спэцыяльнасьці дзяржаўнае і мясцовае кіраваньне[4].

У жніўні 2011 году ўзначаліў «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат». 18 лютага 2018 году на мясцовых выбарах увайшоў у Магілёўскі гарадзкі Савет дэпутатаў 28-га скліканьня па Ямніцкай выбарчай акрузе № 21[5]. 5 сакавіка 2018 году А. Лукашэнка прызначыў яго намесьнікам старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту[6]. На гэтай пасадзе адказваў за горадабудаўніцтва і жыльлёвую гаспадарку, сувязь і перавозкі, надзвычайныя сытуацыі і перапрацоўку адкідаў[4]. 26 верасьня 2019 году на паседжаньні Магілёўскага аблвыканкаму адзначыў адсутнасьць гарачай вады ў некалькіх жылых дамах Прапойску праз зношанасьць трубаправоднай сеткі. Таксама ў Амсьціславе, Краснапольлі і Прапойску выявілі адсутнасьць аўтаномных крыніцаў электразабесьпячэньня на выпадак здарэньня. Урэшце, звыш 100 кацельняў сацыяльнай галіны заставаліся нерэнтабэльнымі[7].

Міністар архітэктуры і будаўніцтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 чэрвеня 2020 году А. Лукашэнка прызначыў Пархамовіча міністрам архітэктуры і будаўніцтва Беларусі пры ўтварэньні ўраду Рамана Галоўчанкі[8]. 22 ліпеня 2020 году на сустрэчы з архітэктарамі абласьцей, Менску і абласных цэнтраў даручыў стварыць працоўную групу для павышэньня архітэктурнай выразнасьці забудовы і выніковасьці выкарыстаньня земляў. Групе да 1 жніўня даручылі прапанаваць крокі павышэньня выразнасьці ствараемых раёнаў грамадзкай і жылой забудовы пры распрацоўцы горадабудаўнічай дакумэнтацыі з выключэньнем узьвядзеньня будынкаў, што парушаюць дызайнэрскую канцэпцыю раёнаў. Пры гэтым мелі абмежаваць ушчыльненьне забудовы ў жылых раёнах і пашырыць апераджальнае будаўніцтва грамадзкай інфраструктуры[9].

21 верасьня 2020 году на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні» паведаміў, што сярод 4 млн кв.м жытла, якое мелі ўзьвесьці за год, 1/4 будавалі зь дзяржаўнай падтрымкай. Пархамовіч таксама заявіў: «Калі у 2018 годзе было пабудавана крыху больш за 5000 кв.м жыльля з выкарыстаньнем электраэнергіі для мэтаў ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня, то ў бягучым годзе мы будуем больш за 100 000 кв.м жыльля»[10]. 13 кастрычніка падчас наведваньня «Кераміну» паведаміў: «За час першай хвалі каронавіруса аб'ём прамысловай вытворчасьці ўпаў практычна на 15 %. Зь сярэдзіны бягучага году мы дасягнулі вынікаў 2019 году». Пры гэтым ён патлумачыў: «Аб'ём вытворчасьці і экспарт прамысловай прадукцыі маюць вельмі цесную ўзаемасувязь, таму што асноўная прамысловая вытворчасьць у нас экспартна арыентаваная, гэта датычыцца керамічнай пліткі, цэмэнту і друзу»[11].

7 сьнежня 2020 году на тэлеканале «Беларусь 1» заўважыў: «Рынак арэнднага жыльля ў Беларусі недастаткова разьвіты. У цэлым гэта 3,5 % ад агульнага жылфонду краіны. Гэты рынак неабходна разьвіваць. Для гэтага мы цяпер працуем над нарматыўнымі актамі, плянуем даць пэўныя льготы для камэрцыйных забудоўнікаў, якія будуць узводзіць жыльлё і перадаваць у пакватэрную арэнду. Напрыклад, гэта наданьне без аўкцыёнаў, бясплатна зямельных участкаў, будаўніцтва за кошт бюджэту інжынэрна-транспартных камунікацый, якія будуць падыходзіць да гэтых дамоў. Увогуле, хочам стварыць усе ўмовы для таго, каб рынак камэрцыйнага арэнднага жыльля разьвіваўся». Таксама адзначыў, што Міністэрства энэргетыкі Беларусі рыхтуе інфраструктуру пад электрадамы сумесна зь мясцовай выканаўчай уладай, таму сьледам будуць павялічвацца аб'ёмы будаўніцтва дамоў з выкарыстаньнем электраэнэргіі. Сярод іншага, прыгадаў, што ў 2019 годзе збудавалі звыш 100 000 кв.м жытла ў гарадах-спадарожніках вакол Менска. Разам з тым, прызнаў: «Па краіне ёсьць 4 праблемныя даўгабуды. Усе яны знаходзяцца ў Менску. Стан гатоўнасьці гэтых дамоў высокі — больш за 90 %». Урэшце, Пархамовіч падкрэсьліў, што кошт кв.м жытла складаў каля 1082 рублёў (440 даляраў), і дадаў: «Па канцы году мы ўкладзёмся ў гранічны нарматыў і плянуем пакінуць каэфіцыент ня больш як 0,84. Дарэчы, у 2017 годзе гэты каэфіцыент быў 1,06» у суадносінах цаны кв.м і сярэдняга заробка[12].

24 студзеня 2021 году на «АНТ» паведаміў: «Што датычыцца будаўніцтва жыльля зь дзяржаўнай падтрымкай, то ў бягучым годзе цана за кв.м не перавысіць 1152 рублі (454 даляры). Тым самым мы выканаем паказчык па суадносінах кошту 1 кв.м зь дзяржпадтрымкай і сярэднямесячнай заработнай платы»[13]. 25 студзеня падкрэсьліў, што ў Праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2021—2025 гады заклалі кошт кв.м зь дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэдні заробак. Прынамсі 1/3 пабудаваных дамоў мелі скласьці шматпавярхоўкі на электрычнасьці. Таксама Праграма прадугледжвала забясьпечанасьць да 2025 году прынамсі 28,5 кв.м жытла на душу насельніцтва. Урэшце, у 2025 годзе зьбіраліся ўзьвесьці 4,5 млн кв.м жытла. Доля арэнднага жытла мела скласьці 10 %. Пабудова электрадамоў мела дасягнуць 500 000 кв.м. Сярод іншага, рабіўся разьлік на павышэньне забудовы ў выглядзе сядзібных асабнякоў. Сам рост будаўніцтва разьлічвалі забясьпечыць за кошт лізінгу, іпатэкі і будаўнічых ашчаджэньняў[14].

2 сакавіка 2021 году адзначыў, што ў 2019 годзе рэнтабэльнасьць будаўнічых прадпрыемстваў склала 7 %, а прыбытак вырас на 48 %. Разам з тым, прызнаў, што на 1 студзеня ў краіне было 25 даўгабудаў сярод жылых дамоў, зь іх 1 у Віцебскай вобласьці, а астатнія ў сталіцы. Пархамовіч патлумачыў: «Асноўнымі прычынамі незавершанага будаўніцтва ў Менску зьяўляецца адсутнасьць інжынэрна-транспартнай інфраструктуры да ўжо пабудаваных жылых дамоў. Безумоўна, ёсьць шэраг аб’ектаў, якія сапраўды даўгабуды, якія сфармаваліся па несумленным выкананьні забудоўнікамі сваіх абавязкаў у рамках будаўніцтва з жыльлёвымі аблігацыямі»[15]. 11 сакавіка ў Бабруйску на сустрэчы з супрацоўнікамі «Будаўнічага трэсту № 13» паведаміў, што ў найбліжэйшую 5-годку ўвагу нададуць індывідуальнай забудове: «Штогадовы аб’ём будаўніцтва такога жыльля павінен скласьці ня менш за 40 % ад агульнага аб’ёму»[16]. 27 траўня 2021 году на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага камітэту горадабудаўніцтва і архітэктуры Азэрбайджану Анарам Гуліевым адзначыў: «Арганізацыі будаўнічага комплексу Беларусі паставілі ў Азэрбайджанскую Рэспубліку прадукцыі на суму большую за 3,5 млн $, што складае 222,5 % да аналягічнага пэрыяду 2020 году». Ён заўважыў, што найбольшай папулярнасьцю карыстаўся крышталь вытворчасьці шклозаводу «Нёман» (Бярозаўка, Лідзкі раён). Таксама адмыслова для Азэрбайджану завод вырабляў шклянкі армуду[17].

30 чэрвеня 2021 году паведаміў, што прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў Беларусі налічвала звыш 500 прадпрыемстваў. Больш за 120 зь іх выраблялі цэмэнт, гранітны і далямітавы друз, інэртныя будматэрыялы, такія сьценавыя і абліцовачныя матэрыялы, як керамічная плітка, цэгла, сылікатныя і керамічныя блёкі ды камень, а таксама матэрыялы зь ячэістага бэтону. Рэшта вытворчасьці прыпадала на ліставое паліраванае шкло, будаўнічую вапну, жалезабэтонныя вырабы для прамысловага домабудаваньня, вырабы зь гіпсу, сухія будаўнічыя сумесі і цеплаізаляцыйныя матэрыялы. Пархамовіч згадаў, што за 2006—2015 гады на прадпрыемствах Мінархбудаўніцтва Беларусі асучасьнілі звыш 120 вытворчасьцяў. У выніку найбольш вырасла вытворчасьць цэмэнту, сьценавых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў, а таксама ліставога паліраванага шкла. Міністар згадаў адкрыцьцё ў траўні 2019 году новага заводу «Белгіпс» у Гатаве (Менскі раён). Яго магутнасьць склала 30 млн кв.м гіпсакардонных лістоў, 500 000 кв.м пазагрэбеневых плітаў, 100 000 тонаў сухіх будаўнічых сумесяў, 8000 т прэміксаў і 15 000 кубамэтраў успучанага пэрліту за год. Пры гэтым упершыню ў краіне стварылі вытворчасьць прэміксаў і ўспучанага пэрліту. Пархамовіч падкрэсьліў: «Увод новых магутнасьцяў дазволіў забясьпечыць у поўным аб'ёме ўнутраны рынак гіпсакардоннымі лістамі, пры гэтым больш за 60 % прадукцыі экспартуецца. Дарэчы, імпарт такой прадукцыі за 2020 год скараціўся на 18 %, або амаль на 1 млн кв.м у параўнаньні з 2019 годам». Сярод іншага, адзначыў стварэньне перапрацоўкі шкла на «Гомельшкле». Гэта дазволіла выпускаць такія новыя для Беларусі віды шкла, як лямінаванае, энэргазьберагальнае, сонцаахоўнае і шматфункцыянальнае. Магутнасьць лініі склала 8 млн кв.м шкла за год. Пры гэтым увоз энэргазьберагальнага шкла зьнізіўся амаль на 60 000 кв.м, а 80 % яго вытворчасьці накіроўвалі за мяжу. Шклозавод «Нёман» стварыў вытворчасьць новых для Беларусі цеплаізаляцыйных вырабаў са шклаваты, якія пачалі пастаўляць у суседнія краіны. Таксама міністар згадаў узьвядзеньне вытворчасьцяў цэмэнту сухім спосабам на прадпрыемствах «Беларускі цэмэнтны завод» (Касьцюковічы), «Крычаўцэмэнтнашыфэр» і «Краснасельскбудматэрыялы» (Ваўкавыскі раён). Іх сумарная магутнасьць склала 4,5 млн т цэмэнтавага клінкеру за год. Пры гэтым Пархамовіч адзначыў: «Калі параўноўваць 2020 год з годам, які папярэднічаў году ўводу новых лініяў у эксплюатацыю, інакш кажучы 2011 год, то гадавы імпарт цэмэнту ў вартасным выражэньні зьнізіўся практычна на 12 млн даляраў». Адначасна праводзілася замяшчэньне завазнога каменнага вугалю на мясцовыя торфабрыкеты і паліва з адкідаў. Сярод бягучай дзейнасьці міністар назваў стварэньне на «Гарадзенскім шклозаводзе» энэргаашчаднай вытворчасьці шкляной тары, увоз якой за 2020 год склаў 21,7 млн $. Таксама прыкладам служылі «Бярозабудматэрыялы», дзе пашырылі вытворчасьць керамічнай пліткі, увоз якой складаў каля 47 млн $. «Белмэдшкло» распрацавала ампулы і фляконы, увоз якіх складаў каля 5 млн $[18].

9 ліпеня 2021 году паведаміў, што абласныя выканаўчыя камітэты пачалі прыцягваць управы капітальнага будаўніцтва (УКБ) для комплекснага ўзьвядзеньня індывідуальнага жытла за горадам, бо УКБ атрымлівалі зямельныя дзялянкі без аўкцыёну. Міністар прызнаў уплыў каронавіруснай пандэміі на працу беларускіх будаўнікоў у Расеі: «Уведзеныя абмежаваньні, безумоўна, адбіліся на часовых выдатках па перамяшчэньні нашых спэцыялістаў». Ён патлумачыў, што істотна павялічыўся тэрмін атрыманьня дазволу на ўезд у Расею, бо яго даводзіцца ўзгадняць пры ўдзеле органа выканаўчай улады, у вядзеньні якога знаходзіцца дзейнасьць заказчыка. Асобна Пархамовіч спыніўся на створаным холдынгу «Белбудцэнтар», у які ўвайшло 19 прадпрыемстваў, што ажыцьцяўлялі мантаж трубаправодаў, узьвядзеньне мастоў і дарог, а таксама будаўніцтва інжынэрных камунікацыяў. Яго супрацоўнікі ўзводзілі жытло і грамадзкую інфрастуктуру ў Санкт-Пецярбургу і 6 абласьцях Расеі: Варонескай, Калінінградзкай, Калускай, Курскай, Ленінградзкай і Пскоўскай. Міністар удакладніў, што ў Калускай вобласьці ўзводзілі школы на 1000 месцаў у Калузе, Кандрове, Людзінаве і Медыні. У Мяшчоўску будавалі дзіцячы сад з басэйнам. Будаўніча-мантажныя працы выконвалі на заводах у Маскве, Тульскай вобласьці, Чачні і Пермскім краі. Урэшце, міністар распавёў, што сярод найбольш папулярных экспартных тавараў былі крышталь, ліставое шкло, цэмэнт, друз, керамічная плітка і будаўнічыя канструкцыі[19].

13 ліпеня адзначыў: «Арэндныя дамы будуюцца зь 2012-га, але тады гэта было толькі 12 тыс. кв.м у год, і ўзводзіліся яны толькі ў Менску. А за апошнюю пацігодку аб'ёмы будаўніцтва такога жыльля складаюць каля 120—135 тыс. кв.м у год». Пры гэтым плошча арэнднага жытла ў Беларусі складала 3,3 % ад усяго жылога фонду (8,8 млн кв.м). Пархамовіч паведаміў, што ў дзяржпраграме на 2021—2025 гады прадугледзелі будаўніцтва звыш 2-х млн кв.м электрадамоў, у тым ліку 172 400 кв.м у 2021 годзе. Каб прадухіліць ушчыльненьне жылой забудовы Менска, істотную частку будаўніцтва мелі засяродзіць у гарадах-спадарожніках — Койданаве, Заслаўі (Менскі раён), Лагойску, Смалявічах і Фаніпалі (Койданаўскі раён). Найбольшы посьпех міністар адзначыў у Смалявічах: «Тут у 2019 годзе было ўведзена ў эксплюатацыю 107 500 кв.м агульнай плошчы жыльля, у 2020 годзе — 41 780 кв.м». Пры гэтым ён адзначыў: «Менчукоў, якія жадаюць пераехаць у Смалявічы, аказалася нашмат больш, чым прадстаўляюцца для іх кватэраў. Тады і зьявіўся ўказ, накіраваны на разьвіцьцё ўсіх гарадоў-спадарожнікаў». Таксама паведаміў пра распрацоўку горадабудаўнічых плянаў для астатніх гарадоў-спадарожнікаў. Сярод іншага, згадаў, што ў студзені—сакавіку 2021 году кошт кв.м жытла ў Менску і Смалявічах з улікам усіх крыніцаў фінансаваньня адрозьніваўся на 4,5 %: «У Менску ён складаўся на ўзроўні 1468 рублёў, а ў Смалявіцкім раёне — 1402 рублі. Квадратны мэтар жыльля зь дзяржпадтрымкай у Менску за той самы пэрыяд склаў 1209 рублёў, тады як у Смалявіцкім раёне — 870 рублёў — на 28 % менш». Урэшце, ён патлумачыў: «Для зьніжэньня кошту 1 кв.м у шматкватэрных жылых дамах заказчыкамі вядзецца будаўніцтва паводле эканамічных тыпавых або паўторна-прымяняльных праектах, закладваецца мінімальны прыбытак забудоўніка»[20].

2 жніўня 2021 году паведаміў пра накіраваньне на разгляд ураду праекту кодэксу аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці. Таксама Пархамовіў патлумачыў: «У краіне разам з 60 будаўнічымі нормамі дзейнічаюць яшчэ каля 250 дакумэнтаў, якія абавязковыя пры праектаваньні і будаўніцтве, але распрацоўнікамі якіх мы не зьяўляемся. Гэта і некаторыя дакумэнты Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, Міністэрства энэргетыкі. Цяпер мы зьбіраем, аналізуем інфармацыю і рыхтуемся да таго, каб усе нормы, якія маюць адносіны да праектаваньня і будаўніцтва, сабраць канкрэтна пад нашым міністэрствам». Сярод іншага, міністар адзначыў: «Мы разглядаем магчымасьць спрашчэньня падыходаў або ў прынцыпе выключэньня такога віду дакумэнтацыі, як плян дэталёвай пляніроўкі»[21]. 30 жніўня 2021 году Нацыянальны прававы партал Беларусі абнародаваў Пастанову Міністэрства архітэктуры і будаўніцва Беларусі, што вызначала цэны на будаўнічыя матэрыялы, вырабы і канструкцыі. Гэтак гранічны нарматыў рэнтабэльнасьці пры будаўніцтве на дзяржаўныя сродкі ўсталявалі на ўзроўні 20 % да сабекошту без уліку перавозкі да разгрузкі. Падрадчык мог атрымаць 15 % прыбытку да плянавага сабекошту без уліку перавозкі да месца прымяненьня. Гуртовую надбаўку на будматэрыялы і вырабы для ўсіх пасярэднікаў разам усталявалі ў памеры 10 %[22]. 21 верасьня 2021 году па выніках абмеркаваньня праекту Ўказу «Аб мерах па аказаньні дзяржаўнай падтрымкі» заявіў: «Былі гарачыя дыскусіі. Выказваліся прадстаўнікі і органаў дзяржкіраваньня, і мясцовай улады. Ня ўсе прапанаваныя намі пастуляты былі ўспрынятыя. Праект указу будзе скарэктаваны». Пры дапрацоўцы ў праекце мелі захаваць норму пра пазачарговы парадак будаўніцтва ў малых паселішчах для жыхароў абласных цэнтраў і сталіцы, якія мелі патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў[23].

5 студзеня 2022 году паведаміў, што каля 80 % экспарту будаўнічых паслугаў прыпадала на Расею: «У асноўным гэта блізкія да нас рэгіёны – Калуга, Бранск, Пскоў, Ленінградская, Маскоўская, Варонеская вобласьці. Мы прадаўжаем нарошчваць тэмпы будаўніцтва ня толькі па жыльлі, таксама займаемся ўзьвядзеньнем сацыяльных аб'ектаў (дзіцячыя сады, школы, аб'екты мэдычнага прызначэньня, рэканструкцыя стадыёнаў). Прэміяльнай нішай для нас застаецца прамысловае будаўніцтва, таму што тут максімальная дададзеная вартасьць». Сярод іншага, адзначыў, што ў Беларусі выкарыстоўвалі каля 1500 неналежна ўзьведзеных даўгабудаў: «У першую чаргу гэта аб'екты інжынэрнай і транспартнай інфраструктуры — дарогі, інжынэрныя сеткі, таму спыніць або забараніць іх выкарыстаньне проста немагчыма. З улікам адсутнасьці выканаўчай, праектнай дакумэнтацыі ўвесьці іх у эксплюатацыю ва ўсталяваным парадку таксама немагчыма. Таму міністэрства ўнесла прапанову па арганізацыі спрошчанага ўводу такіх аб'ектаў пры ўмове забесьпячэньня іх надзейнасьці і бясьпекі пры далейшай эксплюатацыі»[24]. 10 студзеня Пархамовіч заявіў на «АНТ», што рынкавы кошт жытла ў Беларусі на 15—20 % даражэйшы за кошт жытла зь дзяржпадтрымкай[25]. Таксама ён дадаў: «З пачатку працы адпаведнага ўказу зь 2014 году колькасьць насельніцтва ў гарадах-спадарожніках Менску павялічылася на чвэрць. Цяпер распрацаваныя па кожнаму гораду-спадарожніку адпаведныя генэральныя пляны, і да 2035 году прадугледжваецца павелічэньне колькасці ў разы»[26]. Урэшце, міністар абвясьціў пра падрыхтоўку цягам 6 месяцаў прапановы права выкупу арэнднага жытла для разгляду ва ўрадзе[27]. 11 студзеня ён заявіў у сувязі з пабудовай 120 000 кв.м арэнднага жытла ў 2021 годзе: «У нас такі настрой: выйсьці па выніках пяцігодкі на 600 000 кв. м у год як мінімум. Гэта датычыцца ў цэлым краіны, бо такія кватэры запатрабаваныя ня толькі ў Менску, але і ў абласных і раённых цэнтрах»[28].

16 красавіка паведаміў на тэлеканале «Беларусь 1», што «кошт кв.м, які мы крэдытуем, павялічыўся да 898 рублёў» (318 даляраў) праз індэксацыю цэнаў на матэрыялы і павышэньне заробкаў[29]. Таксама ён згадаў, што ў Беларусі выдалі звыш 100 000 зямельных дзялянак для будаўніцтва асабнякоў[30]. 11 траўня на нарадзе ўраду Беларусі ў Магілёве заявіў: «Некамэрцыйная будоўля і інвэстпраекты аказваюць пэўны націск на рост кошту будаўніцтва ў цэлым па краіне, мы лічым неабходным прымяніць стрымлівальныя працэсы. Таму сёньня мы пашыраем пералік матэрыялаў і распаўсюджваем абмежаваньне ў рэнтабэльнасьці на больш шырокую намэнклятуру. Гэта будзе тычыцца асноўнай групы будаўнічых матэрыялаў. Дакумэнт ужо падрыхтаваны і ў найбліжэйшы час будзе прыняты»[31].

27 чэрвеня паведаміў, што беларускія будаўнікі працавалі на 90 будоўлях у Расеі[32]. 20 ліпеня паведаміў пра рашэньне будаваць жытло на Ўсходнім касмадроме ў Амурскай вобласьці Расеі, а затым перасьці да ўзьвядзеньня пускавых пляцовак[33]. 19 кастрычніка 2022 году на сумесным паседжаньні палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі сяброўка Савету Рэспублікі Тацьцяна Рунец пацікавілася ў Пархамовіча пра спосаб прыцягненьня да адказнасьці нагляднікаў за будаўніцтвам у выпадку хібаў пры здачы новага жытла. З гэтай нагоды старшыні палатаў Натальля Качанава і Ўладзімер Андрэйчанка папрасілі міністра прадугледзець адпаведныя зьмяненьні ў разгляданы праект новага Жыльлёвага кодэксу Беларусі[34].

11 сьнежня 2022 году заявіў на тэлеканале «Беларусь 1», што ў 2022 годзе жытло зь дзяржпадтрымкай далі 8500 шматдзетным сем’ям пры пляне для 8300, а ў 2023-м заплянавалі забясьпечыць 9300 такіх сем’яў[35]. Міністар адзначыў: «Каля 100 тыс. кв.м арэнднага жылля будзе пабудавана ў гэтым годзе». Пра 2023 год ён заўважыў: «Згодна з Дырэктывай № 8 ніжняя плянка — гэта 135 тыс. кв.м. Плюс мы павінныя на працягу 2023 году і першай паловы 2024-га забясьпечыць пад поўную патрэбнасьць усіх вайскоўцаў». Урэшце, Пархамовіч згадаў: «На наступны год запланавана будаўніцтва арэнднага жыльля на такіх прадпрыемствах, як „Граніт“, „Бярозабудматэрыялы“. Актыўна падбіраюць пляцоўкі прадпрыемствы Беларускай шкляной кампаніі»[36]. Сярод іншага, заявіў: «Па выніках бягучага году каэфіцыент суадносін кошту кв.м жыльля зь дзяржпадтрымкай і сярэдняй заработнай платы ў цэлым па краіне складзе 0,8. Гэта сьведчыць аб тым, што сярэдняя зарплата на 20 % вышэйшая, чым (кошт) 1 кв.м жыльля». Таксама ён паведаміў, што удзельная вага дзяржпадтрымкі ў агульным уводзе жытла складала каля 27 %, а ў 2023 годзе яне мела перасягнуць 30 %. Урэшце, Пархамовіч падкрэсьліў: «46 % ад усяго пабудаванага жыльля — гэта якраз індывідуальнае жыльлё (пры даведзеным узроўні 40 %). Улічваючы тое, што ў актыўную стадыю ўступілі тэрміны выкананьня Ўказу № 253 па будаўнічай амністыі і з 1 студзеня пачне працаваць Указ № 202 па спрошчаным будаўніцтве, думаю, будзе дадзены яшчэ вялікі штуршок для таго, каб людзі актыўна будавалі індывідуальнае жыльлё»[37].

3 студзеня 2023 году паведаміў, што частку працаў за мяжой у 2022 годзе выконвалі ў Казахстане і Ўзбэкістане[38]. 6 сакавіка паведаміў, што ў 2022 годзе экспарт будаўнічых матэрыялаў упершыню перавысіў 1 млрд даляраў. Пры гэтым дасягнулі 4 з 5 даведзеных мэтавых паказчыкаў. Адставаньне выявілася ў росьце экспарту паслугаў[39].

3 студзеня 2023 году Пархамовіч прызнаў: «Справядлівая крытыка ў адрас будаўнічага комплексу ў тым, што аб'ёмы падрадных работаў не дасягнулі ні мінулагодняга паказчыка, ні пастаўленай задачы. На канец 2022 году мы спрацавалі на ўзроўні 88,6-88,7 % да ўзроўню мінулага году. Гэтага відавочна недастаткова». Зьніжэньне абсягу будаўніча-мантажных працаў ён патлумачыў спадам укладаньняў да 81 % у 2022 годзе параўнальна зь 2021-м. Разам з тым, ён зьвярнуў увагу на загрузку падраднікаў паслугамі для замежжа: «Менавіта таму тэмп росту аб'ёму падрадных работаў за мінулы год вырас на 170 %. У тым ліку па жыльлёвым будаўніцтве — на 150 %. Аб'ём экспарту за мяжу дасягнуў 440 млн даляраў і ёсьць максімальным з 2016 году — менавіта тады Беларусь рэалізоўвала вялікія замежныя праекты па будаўніцтве прамысловых аб'ектаў» (тады ўзводзілі Гарлыцкі горна-абагачальны камбінат у Туркмэністане)[40].

  1. ^ http://mas.gov.by/by/ (белар.) — 2023.
  2. ^ а б https://mogilev-region.gov.by/be/news/ministram-arhitektury-i-budaunictva-pryznachany-ruslan-parhamovich (белар.) — 2020.
  3. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Аляксандар Лукашэнка прызначыў новы склад урада // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2020 г. Праверана 15 чэрвеня 2023 г.
  4. ^ а б Міністрам архітэктуры і будаўніцтва прызначаны Руслан Пархамовіч // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 4 чэрвеня 2020 г. Праверана 15 чэрвеня 2023 г.
  5. ^ Сьпіс дэпутатаў Магілёўскага гарадзкога Савету дэпутатаў 28-га скліканьня (рас.) // Магілёўскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2023 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  6. ^ Руслан Пархамовіч узгоднены на пасаду намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 5 сакавіка 2018 г. Праверана 15 чэрвеня 2023 г.
  7. ^ Гатоўнасьць рэгіёну да зімы прааналізавана на пасяджэньні Магілёўскага аблвыканкаму // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 26 верасьня 2019 г. Праверана 15 чэрвеня 2023 г.
  8. ^ Вольга Мядзьведзева, Марыя Дадалка. Прэзыдэнт прызначыў новы ўрад // Газэта «Зьвязда», 4 чэрвеня 2020 г. Праверана 15 чэрвеня 2023 г.
  9. ^ Прафэсіі архітэктара трэба вярнуць былы прэстыж - Пархамовіч // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 ліпеня 2020 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  10. ^ Віталь Цімкіў. У Беларусі плянуюць у паўтара разы павялічыць будаўніцтва ільготнага жыльля // Радыё «Спадарожнік», 21 верасьня 2020 г. Праверана 15 чэрвеня 2023 г.
  11. ^ Будгаліна Беларусі прадаўжае дынамічна разьвівацца ў цяперашніх няпростых умовах - Пархамовіч // БелТА, 13 кастрычніка 2020 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  12. ^ Пархамовіч расказаў аб разьвіцьці гарадоў-спадарожнікаў, будаўніцтве арэндных дамоў і электрыфікацыі жыльля // БелТА, 7 сьнежня 2020 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  13. ^ Міністр архітэктуры і будаўніцтва: Кошт квадратнага мэтру жыльля зь дзяржпадтрымкай ў 2021 годзе не перавысіць Br1152 // Газэта «Зьвязда», 25 студзеня 2021 г. Праверана 16 чэрвеня 2023 г.
  14. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Як будзе змяняцца рынак жылля на працягу 5 гадоў, распавядае міністр Р. Пархамовіч // Белтэлерадыёкампанія, 25 студзеня 2021 г. Праверана 16 чэрвеня 2023 г.
  15. ^ Марыя Дадалка. Сёлета ў Беларусі плянуецца пабудаваць мільён квадратных мэтраў жыльля з дзяржпадтрымкай // Газэта «Зьвязда», 3 сакавіка 2021 г. Праверана 16 чэрвеня 2023 г.
  16. ^ Руслан Пархамовіч сустрэўся з калектывам «Будтрэста № 13» горада Бабруйска // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 11 сакавіка 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  17. ^ Будкомплекс Беларусі ў I квартале паставіў у Азэрбайджан прадукцыі больш як на $3,5 млн // БелТА, 27 траўня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  18. ^ Руслан Пархамовіч: Мадэрнізацыя прадпрыемстваў будкомплексу накіравана на забесьпячэньне ўнутранага попыту // БелТА, 30 чэрвеня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  19. ^ Дзяніс Абрамаў. Будгаліна Беларусі спраўляецца з «пандэмійнымі» праблемамі – міністар // Радыё «Спадарожнік», 9 ліпеня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  20. ^ Аляксандар Кражаў. Якімі будуць цэны на жыльлё ў Беларусі і што чакае гарады-спадарожнікі – міністар // Радыё «Спадарожнік», 13 ліпеня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  21. ^ У Беларусі распрацаваны праект кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці // БелТА, 2 жніўня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  22. ^ Канстанцін Чалабаў. Мінбудархітэктуры вызначыла парадак рэгуляваньня цэнаў на будматэрыялы // Радыё «Спадарожнік», 30 жніўня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  23. ^ У Беларусі дадаткова прастымулююць будаўніцтва жыльля ў сельскай мясцовасьці // БелТА, 21 верасьня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2023 г.
  24. ^ Экспарт будаўнічых паслуг Беларусі ў 2022 годзе заплянаваны на ўзроўні $750 млн // БелТА, 5 студзеня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  25. ^ Пархамовіч: рэзкіх зьмяненьняў у кошце квадратнага мэтру жыльля не прагназуецца // БелТА, 10 студзеня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  26. ^ Пархамовіч: З 2014 года колькасць насельніцтва ў гарадах-спадарожніках Мінска павялічылася на чвэрць // Газэта «Зьвязда», 10 студзеня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  27. ^ Ураду праз паўгода хочуць прадставіць прапановы па арэндным жыльлі з правам выкупу // Партал «Наша ніва», 10 студзеня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  28. ^ Сяргей Куркач. Рынак арэнды ў чаканьні студэнтаў і сэзонных рабочых // Газэта «Зьвязда», 12 студзеня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  29. ^ БелТА. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва будзе трымаць цэны на жыльлё ў зададзеных рамках // Газэта «Зьвязда», 17 красавіка 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  30. ^ БелТА. Руслан Пархамовіч: Тэмпы будаўніцтва камэрцыйнага жыльля ў Беларусі будуць зьніжацца // Газэта «Зьвязда», 17 красавіка 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  31. ^ Юлія Таранава. Пытаньні будаўнічай галіны абмеркавалі ў Магілёўскім аблвыканкаме на нарадзе з удзелам прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 11 траўня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  32. ^ 1,5 млн кв. м. жыльля пабудуюць у Беларусі за першае паўгодзьдзе 2022 году // Белтэлерадыёкампанія, 27 чэрвеня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  33. ^ Тэлеканал «Мір 24». З чаго беларусы пачнуць будаўніцтва на касмадроме Ўсходні, расказала Мінбудархітэктуры // Газэта «Зьвязда», 20 ліпеня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  34. ^ Алена Кравец. Будаўніцтва жыльля, рамонт дарог, забесьпячэньне вадой і транспартам // Зьвязда : газэта. — 19 кастрычніка 2022. — № 206 (29828). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  35. ^ Чыноўнікі хочуць за паўтара году забясьпечыць арэнднымі кватэрамі ўсіх вайскоўцаў // Газэта «Зьвязда», 11 сьнежня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  36. ^ У Беларусі ў разы павялічаць будаўніцтва арэнднага жыльля // Газэта «Зьвязда», 12 сьнежня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  37. ^ Пархамовіч: кошт квадратнага мэтру жыльля зь дзяржпадтрымкай у гэтым годзе на 20 працэнтаў ніжэйшы за сярэднюю зарплату // Газэта «Зьвязда», 12 сьнежня 2022 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  38. ^ Жыльлёвае будаўніцтва, экспарт паслуг і мадэрнізацыя: Пархамовіч аб плянах на 2023 год // БелТА, 4 студзеня 2023 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  39. ^ Пархамовіч: аб'ём экспарту будматэрыялаў за мінулы год перавысіў $1 млрд // БелТА, 6 сакавіка 2023 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.
  40. ^ Экспарт будпаслуг у 2022 годзе дасягнуў $440 млн. Гэта рэкордны паказчык для Беларусі з 2016 году // БелТА, 3 студзеня 2023 г. Праверана 18 чэрвеня 2023 г.