Перайсьці да зьместу

Краснасельскбудматэрыялы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Краснасельскбудматэрыялы»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 8 жніўня 1914 (110 гадоў таму)[1]
Заснавальнікі АТ «Валынь»
Краіна
Разьмяшчэньне Краснасельскі (Ваўкавыскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь)
Ключавыя фігуры Валянцін Вераціла
Галіна прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў
Прадукцыя бэтон, вапна, крэйда, цэгла, цэмэнт, шыфэр, трубы, ходнікавая плітка, кафля, вазы і гаршкі
Абарачэньне 2313,152 млрд рублёў[2] (2015 г.; $142,316 млн)[3]
Апэрацыйны прыбытак -249,371 млрд (2015 г.; $-15,342 млн)
Чысты прыбытак -249,691 млрд (2015 г.; $-15,362 млн)
Лік супрацоўнікаў 3644 (2016 г.)
Матчына кампанія Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь (83% акцыяў)
Даччыныя кампаніі «Гарадзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Смаргоньсылікатабэтон»

«Краснасельскбудматэрыялы» — найбольшае прадпрыемства будаўнічых матэрыялаў Беларусі, заснаванае ў жніўні 1914 году ў Красным Сяле (цяпер Ваўкавыскі раён, Гарадзенская вобласьць). Вырабляе будаўнічую вапну, грунтоўку, крэйду, цэглу, цэмэнт, шыфэр, хрызатылцэмэнтныя трубы, бэтонныя блёкі і сухія будаўнічыя сумесі, ходнікавую плітку, пячную кафлю, керамічныя вазы і гаршкі[4].

На 2017 г. ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» ўлучала УП «Цэмбуд» (600 супрацоўнікаў, з 11 чэрвеня 1987 г.) і 8 філіялаў:

  • «Цэмэнтны завод» — магутнасьць 3 млн тонаў цэмэнта за год, 736 супрацоўнікаў, 65% вытворчасьці, існуе з 1914 г.;
  • «Завод азбэстацэмэнтных вырабаў» — гадавая магутнасьць 90 000 плітаў шыфэра, 1400 км азбэстацэмэнтных трубаў, 70 000 сухіх будаўнічых сумесяў і 2280 тонаў поліэтыленавай плёнкі, 517 супрацоўнікаў, 15,6% вытворчасьці, працуе з 1972 г.;
  • «Вапнавы завод» — магутнасьць 500 000 тонаў вапны за год, 310 супрацоўнікаў, 19,5% вытворчасьці, існуе з 3 чэрвеня 1973 г.;
  • «Кар’еракіраваньне» — здабыча і перавоз 4 млн тонаў сыравіны (глінаДанілаўцы, крэйдаКалядзічы і пясок — Баравое) штогод, 131 супрацоўнік;
  • «Гарадзенскі завод будаўнічых матэрыялаў» (Горадня) — будаўнічая вапна, бэтонныя блёкі, драблёны ўцяпляльнік, цеплаізаляцыйныя пліты і цэгла, працуе са студзеня 1950 г.;
  • Санаторый «Пралеска» (вёска Падрось, Краснасельскі пасялковы савет) — 120 месцаў у 1-, 2- і 4-мясцовых памяшканьнях, аквапарк, пляж, кавярня, більярд, настольны тэніс, рыбалка, саўна, спартовая і трэнажорная залі;
  • «Смаргоньсылікатабэтон» (Смаргонь) — бэтон і цэгла, існуе з 15 лістапада 1962 г.;
  • «Краснасельскаўтатранс» — 155 аўтамабіляў, 338 супрацоўнікаў, заснаваны 6 сакавіка 1959 году[5].

У жніўні 1914 г. акцыянэрнае таварыства «Валынь» пабудавала цэмэнтны завод на поўдзень ад Краснага Сяла (Роская воласьць, Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губэрня), які быў адным найбольшых у Расейскай імпэрыі[6]. Завод улучаў 2 вытворчыя лініі і чыгунку да станцыі Рось з 2-ма драўлянымі мастамі. Сыравіну з кар’ера дастаўлялі па паветрана-канатнай дарозе, што праіснавала да 1959 году (45 гадоў). Ва ўласнай бандарнай майстэрні выраблялі драўляныя бочкі зьмяшчальнасьцю да 200 кг, у якіх цэмэнт рассылалі пакупнікам да 1925 году. За год завод выпускаў да 38 000 тонаў цэмэнта. У 1928 г. атрымалі першы паравы экскаватар. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да Беларускай ССР 14 кастрычніка 1939 г. завод нацыяналізавалі. Падчас Нямецка-савецкай вайны 1941—1944 гг. завод прыпыніў працу. 14 ліпеня 1944 г. Чырвоная армія СССР заняла Краснае Сяло, пасьля чаго 14 лістапада аднавілі выраб цэмэнту, які адразу выправілі на адбудову Менску. Замест заробку работнікам тады выдавалі па 500 грамаў хлеба за содні. Пастановай урада на завод накіравалі працаваць 500 вясцоўцаў з ваколіцаў і ўвялі загадам 10-гадзінны працоўны дзень без выхадных. 14 верасьня 1945 г. Савет народных камісараў Беларускай ССР зацьвердзіў Пастанову аб наданьні Ваўкавыскаму цэмэнтнаму заводу найменьня «Перамога»[4]. Пры заводзе адчынілі Школу фабрычна-заводзкога навучаньня (ШФЗН). У 1948 г. яе замянілі рамеснай вучэльняй і пачалі перавозіць сыравіну аўтамабілямі.

У 1958 г. побач з 1-й вытворчай лініяй збудавалі вярчальныя печы № 4 і 5. Затым дадалі цэх памолу цэмэнту, драбільнае аддзяленьне і клінкерны склад. У выніку выпуск цэмэнта дасягнуў 629,3 тыс. тонаў за год. У 1965 г. на заводзе ўсталявалі пылаўлоўлівальнікі. Затым вярчальныя печы абсталявалі электрафільтрамі. 4 сьнежня 1972 г. запусьцілі 1-ю чаргу завода азбэстацэмэнтных вырабаў. У 1973 г. пусьцілі 2-ю чаргу завода. За 1973 г. выпусьцілі 43,89 млн плітаў шыфэра. 3 чэрвеня 1973 г. пусьцілі 1-ю лінію вапнавага завода магутнасьцю 100 000 тонаў за год. У 1973 г. на аснове завода стварылі вытворчае аб’яднаньне «Ваўкавыскцэмэнтнашыфэр», у склад якога ўвайшлі завод азбэстацэмэнтных вырабаў, вапнавы завод, прадпрыемства «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987 г.), кар’еракіраваньне (з 1988 г.)[6] і горны цэх. У 1974 г. пачалася трубная вытворчасьць, збудавалі 6-ю лінію вытворчасьці цэмэнта і ўсталявалі цэмэнтны млын, пасьля чаго выпуск цэмэнта дасягнуў 805,6 тыс. тонаў за год. У 1975 г. лябараторыю прадпрыемства перамясьцілі ў новы адымсловы корпус. У 1978—1982 гг. перабудавалі вярчальную печ № 1. У 1979—1982 гг. — вярчальную печ № 2. У 1983 г. на вапнавым заводзе ўвялі 4-ю лінію на 100 000 тонаў вапны за год. У 1984 г. дадалі сіласны склад на 8000 тонаў. Пабудавалі пад’язную чыгунку. Цягам 1983—1986 гг. перабудавалі вярчальную печ № 3. У красавіку 1987 г. на заводзе азбэстацэмэнтных вырабаў запрацавала лінія азбэстацэмэнтных лістоў магутнасьцю 38 млн плітаў за год. Цягам 1987 г. перабудавалі кампрэсарнік і кацельню цэмэнтнага завода. У 1988 г. на досьледным абсталяваньні пачалі выраб дробнагрануляванай крэйды магутнасьцю 100 000 тонаў за год.

У 1989 годзе ўвялі ў дзеяньне 5-ю лінію на вапнавым заводзе. 5 сьнежня 1989 г. Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 308 аб будаўніцтве новага цэмэнтнага завода замест завода «Перамога». У 1990 г. вытворчае аб’яднаньне «Ваўкавыскцэмэнтнашыфэр» стала арэндным прадпрыемствам. На 1996 г. прадпрыемства працягвала працаваць на мясцовых цэмэнтнай гліне і крэйдзе. Азбэст пастаўлялі з Расеі. На прадпрыемстве выраблялі портляндцэмэнт, шлакапортляндцэмэнт, будаўнічую вапну, шыфэр (азбэстацэмэнтныя лісты), азбэстацэмэнтныя трубы і грануляваную кармавую крэйду[6]. 31 сьнежня 1996 г. арэнднае прадпрыемства «Ваўкавыскцэмэнтнашыфэр» пераўтварылі ў ААТ «Краснасельскцэмэнт». 10 студзеня 2001 г. ААТ «Краснасельскцэмэнт» зьлілі з Гарадзенскім абласным міжкалгаспным прадпрыемствам па вытворчасьці цэмэнту (пас. Краснасельскі) ў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». У сьнежні 2003 г. запусьцілі абсталяваньне для памолу цэмэнта па замкнёным цыкле. 29 красавіка 2004 году ўтварылі ўчастак выпуску каляровай ходнікавай пліткі. 31 траўня 2005 г. адчынілі цэх сухіх будаўнічых сумесяў. 1 студзеня 2006 г. пусьцілі цэх гідратнай вапны. 19 сьнежня 2007 г. пусьцілі ўстаноўку спальваньня зношаных аўтапакрышак. 5 лютага 2009 году ўвялі ў дзеяньне цеплаэлектрацэнтраль (ЦЭЦ), якая забясьпечыла электраэнэргіяй завод азбэстацэмэнтных вырабаў і вапнавы завод. 6 лістапада 2009 г. на заводзе азбэстацэмэнтных вырабаў пусьцілі лінію вытворчасьці блёкаў зь ячэістага бэтону[4].

У 2011 г. на «Краснасельскбудматэрыялы» прыпала 42% вытворчасьці цэмэнту ў Беларусі[7] (1929 тыс. тонаў, +2,6%). За 2011 г. выпусьцілі тавараў на 1160,6 млрд рублёў ($207,034 млн). Экспарт узрос на 16,7% да $13,2 млн. Чысты прыбытак павялічыўся ў больш як 7,5 разу да 63,7 млрд рублёў ($11,363 млн), рэнтабэльнасьць продажаў — на 4,8 працэнтнага пункта да больш як 7%. На красавік 2012 г. прадпрыемства налічвала 2,4 тыс. супрацоўнікаў пры сярэднямесячным заробку за першы квартал году ў больш як 3,6 млн рублёў ($435). Прадпрыемства выпускала цэмэнт, вапну, сьценавыя блёкі зь ячэістага бэтону, сухія будаўнічыя сумесі, дробнагрануляваную крэйду, шыфэр, азбэстацэмэнтныя лісты і трубы[8]. 30 красавіка 2012 г. запусьцілі лінію вытворчасьці клінкеру сухім спосабам[4].

У 2013 г. да ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» далучылі ААТ «Гарадзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», ААТ «Смаргоньсылікатабэтон» (Гарадзенская вобласьць) і ААТ «Краснасельскаўтатранс» (Ваўкавыскі раён)[9]. У выніку ў 2014 г. лік супрацоўнікаў вырас да 4,5 тыс. чалавек, зь іх 278 на вапнавым заводзе. 5 лініяў вытворчасьці вапны мелі агульную магутнасьць 500 000 тонаў за год. Асноўнымі спажыўцамі вапны выступалі заводы газасылікатных вырабаў: бэтонных блёкаў і сылікатнай цэглы. Цэмэнтны завод у сярэднім грузіў цэмэнтам каля 60 хапроў штодня, каля 300 тонаў у мяхах па 25 і 50 кг. Содневая адгрузка складала 10-12 крытых вагонаў[4]. На 2015 г. ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» было найбольшым вытворцам будаўнічых матэрыялаў у Беларусі, які ўлучаў цэмэнтны завод, завод азбэстацэмэнтных вырабаў, вапнавы завод, кар’еракіраваньне, санаторый «Пралеска» (вёска Падрось, Краснасельскі пасялковы савет) і далучаныя ААТ у статусе філіялаў. Таксама прадпрыемства вырабляла сылікатную цэглу[9].

  • Іван Хамчукоў (1945 — 1950-я)
  • Алег Ставер (1973 — 1980-я)
  • Юры Данешчык (1980-я — 2000)
  • Валянцін Вераціла (з 2000-га)[4]
  1. ^ Сьвяточны канцэрт да 100-годзьдзя ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» // Ваўкавыск.by, 9 жніўня 2014 г. Праверана 14 ліпеня 2017 г.
  2. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 14 ліпеня 2017 г.
  3. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 14 ліпеня 2017 г.
  4. ^ а б в г д е Уладзімер Здановіч. Ад перамогі да перамогі — шлях даўжынёю ў век // Зьвязда : газэта. — 5 жніўня 2014. — № 145 (27755). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Пра кампанію (рас.) // ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», 2017 г. Праверана 14 ліпеня 2017 г.
  6. ^ а б в «Ваўкавыскцэмэнтнашыфэр» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — С. 43. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  7. ^ БелТА. У Беларусі з 2013 году плянуецца штогод выпускаць амаль 10 млн тон цэмэнту // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2012. — № 83 (27198). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ БелТА. А.Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны пуск новай тэхналагічнай лініі ў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» // Belarus.by, 30 красавіка 2012 г. Архіўная копія ад 30 красавіка 2012 г. Праверана 14 ліпеня 2017 г.
  9. ^ а б «Краснасельскбудматэрыялы» да 2016 года асвояць удасканаленую тэхналёгію спальваньня тарфянога паліва пры вытворчасьці цэмэнту // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 жніўня 2015 г. Праверана 14 ліпеня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]