Перайсьці да зьместу

Опса

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Опса
лац. Opsa
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Першыя згадкі: 1500
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Браслаўскі
Сельсавет: Опсаўскі
Вышыня: 163 м н. у. м.
Насельніцтва: 674 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2153
Паштовы індэкс: 211998
СААТА: 2208860141
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°32′19″ пн. ш. 26°49′37″ у. д. / 55.53861° пн. ш. 26.82694° у. д. / 55.53861; 26.82694Каардынаты: 55°32′19″ пн. ш. 26°49′37″ у. д. / 55.53861° пн. ш. 26.82694° у. д. / 55.53861; 26.82694
Опса на мапе Беларусі ±
Опса
Опса
Опса
Опса
Опса
Опса
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

О́пса[1] — вёска ў Беларусі, на ўсходнім беразе возера Опсы. Цэнтар сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 674 чалавекі. Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Браслава, на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Паставы.

Опса — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны).

Паводле папулярнага меркаваньня, тапонім Опса мае балтыйскае паходжаньне, у сэнсавым значэньні — 'узьбярэжжа'. Тым часам мясцовая легенда зьвязвае назву паселішча з магілай улюбёнага пса зямяніна.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Опсу датуецца 7 жніўня 1500 году, калі вялікі князь Аляксандар перадаў у часовае карыстаньне смаленскаму князю Глазыню, землі якога ў той час акупавалі маскоўскія войскі, «двор наш Опсу… со всею волосткою Опскою». У гэты час Опса была вялікакняскім дваром і цэнтрам воласьці. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. У канцы XVI ст. Опса стала цэнтрам нягродавага староства. У розныя часы старостамі опсаўскімі былі А. Марштын, Ю. Остык, Я. Розен, Т. Дусяцкі-Рудаміна, Зяновічы, Цеханавецкія. У 1676 годзе ў Опсе збудавалі драўляны касьцёл (філіяльны Браслаўскай парафіі).

Адзін з старостаў опсаўскіх — Я. Цеханавецкі, які жыў у XVIII ст., ажаніўся зь мясцовай прыгажуняй Я. Струтынскай. Неўзабаве паміж Цеханавецкімі і Струтынскімі адбыўся канфлікт, што набыў шырокую вядомасьць у Рэчы Паспалітай. У 1764 годзе Я. Цеханавецкага забілі ў Опсе. Ягоная жонка пэўны час была каханкай караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. На просьбу караля зь ёй ажаніўся граф М. Мануццы, які стаў наступным уладальнікам Опсаўскага староства.

Паводле інвэнтару 1779 году, Опсаўскае староства падзялялася на 5 войтаўстваў: Угорскае, Купчэльскае, Петкунішкаўскае, Далёкаўскае і Заборніцкае. У мястэчку дзеяў касьцёл; працавалі 2 вадзяныя млыны, карчма, вінакурны завод; існавала 9 гаспадарак на 1,7 валоках, 18 коней, 2 валы, панскі двор зь сядзібным домам і гаспадарчымі пабудовамі. 3 1777 году ў Опсе існавала парафіяльная школа (на 1781 год — 21 вучань). На 1790 год у мястэчку было 19 гаспадарак, на 1797 год — 9. У траўні 1792 году пад Опсай адбыўся бой паміж расейскімі войскамі і ўдзельнікамі Таргавіцкай канфэдэрацыі[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Опса апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Браслаўскім павеце Віленскай губэрні. У вайну 1812 году 6 ліпеня ў мястэчку разьмяшчаўся штаб Барклая дэ Толі, 11 ліпеня — штаб маршала Мюрата. У 1823 годзе[2] Опса перайшла ў валоданьне Плятэраў. У гэты ж час адбыўся вялізны пажар, які зьнішчыў палову мястэчка.

18 сьнежня 1842 году Опса ўвайшла ў склад Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні. На 1859 год у мястэчку было 11 двароў. У 1864 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1866 годзе) з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады заснавалі тут народную вучэльню (у 1866/67 навучальным годзе — 2 настаўнікі, 47 вучняў).

У пачатку XX ст. у Опсе дзеялі народная вучэльня, пазыкова-ашчаднае таварыства, мураваны касьцёл; графы Плятэры ўзьвялі тут новы сядзібны комплекс, які складаўся з палаца (збудаваны ў 1904 годзе), гаспадарчых пабудоваў, парку, саду.

У Першую сусьветную вайну ў Опсе разьмяшчаліся шматлікія тылавыя ўстановы, штабы расейскай арміі, у маёнтку — шпіталь. У 1916 годзе празь мястэчка праклалі вузкакалейку. У лютым 1918 году Опсу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Опса абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Опса апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. За польскім часам тут існавала чыгуначная станцыя на вузкакалейцы Друя — Дукшты; дзеялі касьцёл, сынагога, школа, сіроцкі дом; працавалі пошта, крамы, млын, каапэратыўная малачарня, філія Браслаўскага каапэратыву «Rolnik» («Аграрнік»), ткацкі цэнтар. З 1927 году ў Опсе дзеяла сельскагаспадарчая школа. У 1929 годзе адбыўся вялікі пажар, у якім згарэла значная частка мястэчка. На 1931 год — 153 двары

У 1939 годзе Опса ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету Браслаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі.

На 1995 год у Опсе было 246 двароў, на 2000 год — 253. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

  • XVIII стагодзьдзе: 1790 год — каля 130 чал.; 1797 год — 45 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1859 год — 163 чал.[4]
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — каля 470 чал.; 1909 год — 467 чал.; 1931 год — 907 чал.; 1995 год — 605 чал.; 1999 год — 744 чал.; 2000 год — 777 чал.[5]
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 674 чал.

У Опсе працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, бібліятэка, дом культуры.

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Браслаўская вуліца[6].

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 3 км на поўдзень ад Опсы захавалася курганная група — помнік археалёгіі VIII—XI стагодзьдзяў

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf)
  2. ^ а б Шыдлоўскі К. Опса // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 352.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Krzywicki J. Opsa // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 569.
  5. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 441.
  6. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 41.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]