Царква Сьвятога Духа (Беласток)
храм | |
Царква і званіца (2011 г.)
| |
Краіна | Польшча |
Горад | Беласток |
Адрас | раён Антанюк, вул. Фабрычная, д. 13 |
Каардынаты | 53°8′48″ пн. ш. 23°7′18″ у. д. / 53.14667° пн. ш. 23.12167° у. д.Каардынаты: 53°8′48″ пн. ш. 23°7′18″ у. д. / 53.14667° пн. ш. 23.12167° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Беластоцка-гданьская |
Тып будынка | царква |
Аўтар праекту | Ян Кабац |
Будаўнік | Прыход Сьвятога Духа |
Заснавальнік | мітрапаліт Сава |
Дата заснаваньня | 16 траўня 1999 (25 гадоў таму) |
Будаваньне | 1 жніўня 1982—1999 |
Будынкі: царква • званіца • капліца
| |
Апошні плябан | Юры Барэчка |
Стан | дзейны |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Царква Сьвятога Духа | |
Царква Сьвятога Духа на Вікісховішчы |
Царква́ Сьвято́га Ду́ха — хрысьціянскі храм аднайменнага праваслаўнага прыходу, асьвечаны ў траўні 1999 году ў Беластоку (Падляскае ваяводзтва, Польшча).
Уваходзіць у склад Беластоцкага дабрачыньня Беластоцка-гданьскай япархіі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 2006—2012 гадах побач з царквой пабудавалі 70-мэтровую званіцу, на якой усталявалі антэну Радыё «Артадоксія», адкуль тое вяшчае на частасьці 102,7 мэгагэрц. 4 чэрвеня 2012 году пры царкве асьвяцілі капліцу ў гонар праваслаўных жыхароў Беласточчыны, якія загінулі ў 1939—1956 гадах[1].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царква Сьвятога Духа ў Беластоку мае 5 купалоў, якія сымбалізуюць Ісуса Хрыста (пасярод) і 4 апосталаў-эвангелістаў. Сьцены і купалы маюць выгляд прыпадобнены да языкоў полымя. 8-кутны нэф мае плошчу звыш 800 м². Пад ім месьціцца галоўны ахвярнік царквы, да якога на ўсходзе прымыкае бакавы ахвярнік у гонар Сьвятога Савы. Галоўны нэф таксама спалучаецца з хрысьцільняй, рызьніцай і прытворам. У царкве таксама месьціцца эмпора для хора.
Званіца служыць брамай побач з храмам і мае квадратны падмурак з даўжынёй бока 12 мэтраў. 70-мэтровая вежа званіцы зьмяшчае 10 званоў на 3-х узроўнях на вышыні ад 26 мэтраў. 6 званоў адлілі ў Вугоршчыне. Яшчэ 4 — у Нідэрляндах. Пры дапамозе кампутара званы могуць граць 4 мэлёдыі, складзеныя Ўладзімерам Пятроўскім з Архангельска (Расея). Найцяжэйшы звон важыць 800 кг, найлягчэйшы — 18 кг. Таксама на званіцы ўсталявалі антэну праваслаўнага Радыё «Артадоксія», адкуль тое вяшчае на частасьці 102,7 мэгагэрц. Звонку будынак званіцы аздоблены выявамі крыжоў і мазаікай з выявамі Ісуса Хрыста з адчыненым і зачыненым Дабравесьцем, Багародзіцы і Пакрову. Пад імі месьціцца мазаіка з выявамі абразоў 4-х апосталаў-эвангелістаў і Збаўцы Нерукатворнага, сьвятых Юрыя і Мікалая, Чанстахоўскага абраза Багародзіцы. Агульная плошча мазаікі, якую стварылі іканапісцы з Данецка, склала 60 м²[2].
Капліца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]4 чэрвеня 2012 году беластоцка-гданьскі япіскап Якаў асьвяціў пры царкве Сьвятога Духа ў Беластоку капліцу ў гонар праваслаўных жыхароў Беласточчыны, якія загінулі ў 1939—1956 гадах. На асьвячэньні прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і дыпляматы Амбасады Беларусі ў Польшчы і Генэральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вырабілі для капліцы мазаічнае пано[1].
Капліцу пабудавалі ў 2009—2012 гадах за кошт ахвяраваньня прыхаджанамі звыш 70 000 злотых ($23 тыс.). Збудаваньне ўзьвялі з жалезабэтону і пакрылі чырвоным мармурам і купалам з крыжам паводле задумы дойліда Яна Кабаца і Стэфана Вышкоўскага. Студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў на чале з прафэсарам Уладзімерам Зінкевічам выступілі стваральнікамі мазаікі з выявамі Ісуса Хрыста, Багародзіцы і сьвятых Гаўрыіла Заблудаўскага і Афанасія Берасьцейскага. У аснове помніка ляжыць валун з дошкай, на якой зьмясьцілі надпіс на польскай мове: «Уціхаміраныя вёскі: Канцавізна, Папоўка, Патока, Райск, Сыпні, Шпакі, Волька Выганоўская, Заляшаны, Зані… і іншыя». Унізе помніка зьмясьцілі памятную дошку з надпісам па-царкоўнаславянску і па-польску: «Праваслаўным ахвярам Другой сусьветнай вайны, пакутнікам за веру і народнасьць у 1939—1956 гадах, Сьвятым Падляскай зямлі»[2].
Інтэр’ер
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Іканастас горнай царквы Сьвятога Духа ў Беластоку распрацаваў Ян Кабац. Яго выраб ажыцьцявілі за 10 гадоў, 4 зь якіх дубовую драўніну сушылі. Разьбу выканалі 4 разьбяры зь Менску (Беларусь) і 4 разьбяры з Пачаева (Украіна). Звыш 260 абразоў іканастасу напісалі Віктар Доўнар і Аляксандар Лось. Сьцены царквы пакрылі росьпісам агульнай плошчай 6500 м². Уверсе галоўнага купала месьціцца надпіс са словамі з Старога Запавета на царкоўнаславянскай мове: «Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! Уся зямля поўная славы Тваёй» (Кніга прарока Ісаі 6:3). Пад надпісам зьмясьцілі выявы 6-крылых анёлаў (хэрувім). Пад купальнымі вокнамі намалявалі постаці арханёлаў, пад якімі разьмясьцілі пачатак 148-га псальму: «Хвалеце Госпада зь нябёсаў, хвалеце Яго ў вышынях. Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя, хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя» (Псалтыр. Кніга 5-я. Псальма 148:1-2). Усясьвечнік мае ў радыюсе звыш 6 мэтраў і важыць 1200 кг. Верхняя яго частка ўзвышаецца да пачатку купала, ніжняя — сягае ўніз на вышыню 9 мэтраў ад падлогі. Жырандолю вырабілі ў майстэрні ў Менску (Беларусь). Мармур і граніт для падлогі прывезьлі зь Беларусі і Ўкраіны. Мармуровую хрысьцільню з магчымасьцю падагрэву вады спраектаваў Веслаў Кісялеўскі[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лютым 1981 г. беластоцкі япіскап Сава дамогся дазволу на ўзьвядзеньне ў Беластоку новага хрысьціянскага храма. У сьнежні 1981 году япіскап Сава выбраў зямельную дзялянку ў раёне Антанюк па Фабрычнай вуліцы, дзе праваслаўны прыход набыў зямлю ў мясцовых жыхароў. 1 жніўня 1982 г. беластоцкі япіскап асьвяціў падмуркавыя камяні храма, у якія заклалі каменьне з Гасподняй Труны ў Ерусаліме, берагу ракі Ярдан і гары Атон у Грэцыі. Япісап Сава даручыў нагляд за будаўніцтвам айцу Серафіму Жалезьняковічу. Пры будоўлі дзейнічала часовая капліца. 16 чэрвеня 1982 году заснавалі прыход Сьвятога Духа, які ахапіў раёны Антанюк, Беласточак, Дзесяціны, Антанюкоўскія Сады, Прыязнасьць, Высокі Сточак, Марчук і Сонечны Схіл. У 1983 г. першым парахам прыходу стаў айцец Юры Барэчка, які заняўся закупам будаўнічых матэрыялаў. Будаўніцтва сіламі прыхаджанаў узначаліў Аляксандар Літвіненка. 7 студзеня [ст. ст. 25 сьнежня 1988] 1989 году ў літургічнае выкарыстаньне аддалі дольную царкву, разьмешчаную ў склепе храма. 16 траўня 1999 году ўжо ў сане варшаўскага мітрапаліта Сава асьвяціў царкву Сьвятога Духа ў Беластоку. Зь Беларусі ў асьвячэньні ўдзельнічаў гарадзенскі япіскап Арцемі, які прадстаўляў Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы.
У 2000 годзе ўсталявалі люстру. У 2003 г. айцец прыхода Юры Барэчка запрасіў для стварэньня ўнутры храма фрэсак іканапісцаў з Данецка (Украіна) на чале з Уладзімерам Цялічкам, які быў дасьведчаны таксама ў іканапісе Баўгарыі, Беларусі і Расеі. У 2006—2012 гадах Уладзімер Троц і Міхал Хомчык прыбудавалі званіцу вышынёй 70 мэтраў паводле задумы Яна Кабаца і Мікалая Малешы[2].
Наведнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля асьвячэньня ў траўні 1999 г. царкву Сьвятога Духа ў Беластоку наведалі беларускі экзарх Філарэт (22 лістапада 2000 г.) і патрыярхі 7 праваслаўных цэркваў: румынскі — 6 кастрычніка 2000 г., александрыйскі — 21 жніўня 2001 г., сэрбскі — 23 кастрычніка 2001 г., грузінскі — 3 верасьня 2005 г., ерусалімскі — 26 чэрвеня 2010 г., маскоўскі — 18 жніўня 2012 г.[2], антыяхійскі — 21 жніўня 2016 году.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Званіца (2011 г.)
-
Помнік праваслаўным жыхарам Беласточчыны, забітым у 1939—1956 гадах (2016 г.)
-
Антыяхійскі патрыярх Ян Х наведвае царкву (2016 г.)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Барыс Пракопчык. Праваслаўным жыхарам Беласточчыны // Жырандоля. — 9 чэрвеня 2012. — № 19 (148). — С. 6.
- ^ а б в г д Марэк Лаўрашук. Прыход Сьвятога Духа ў Беластоку. 30 год: 1982—2012 = польск. Parafia Świętego Ducha w Białymstoku. 30 lat 1982–2012. — Беласток: Праваслаўны прыход Сьв.Духа, 2012. — С. 13-135. — ISBN 978-83-9323914-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Радыё «Артадоксія» (пол.)