Гаўрыіл Беластоцкі
Гаўрыіл Беластоцкі | |
Гаўрыіл Беластоцкі | |
Сьвяты | |
---|---|
Нарадзіўся | 1 красавіка 1684 Зьвяркі |
Памёр | 3 траўня 1690 Беласток |
Кананізаваны | 1820 |
Дзень памяці | 20 красавіка – гадавіна сьмерці, 9 верасьня – гадавіна пераносу рэліквіі і 3 тыдзень па спасланьні Сьвятога Духу (паводле ст. ст.) 3 траўня – гадавіна сьмерці і 22 верасьня – перанос рэліквіі (паводле н. ст.) |
Гаўрыі́л Беласто́цкі або Заблу́даўскі, сапраўднае імя Гаўрыіл Гоўдзель (1 красавіка 1684, Зьвяркі — 3 траўня 1690, Беласток) — праваслаўны сьвяты мучанік. Кананізаваны ў 1820 Канстантынопальскім патрыярхатам. Шанаваны перш за ўсё праваслаўнымі ў Беларусі і на Падляшшы (Польшча).
Гаўрыіл Гоўдзель паходзіў зь сям’і праваслаўных сялянаў са Зьвяркоў, у шасьцігадовым узросьце быў забіты невядомымі. Ягоная сьмерць стала падставаю для абвінавачваньня мясцовага жыдоўскага арандатара Шуткі ва ўчыненьні рытуальнага ахвярапрынашэньня. Нягледзячы на апраўдальны прысуд, вэрсія пра забойства хлопчыка жыдамі працягвае існаваць у праваслаўных крыніцах і ў XXI стагодзьдзі. Фармальная кананізацыя Гаўрыіла адбылася ў 1820 року, хоць ягоны культ існаваў на Падляшшы яшчэ за сто гадоў. Галоўным цэнтрам шанаваньня да 20-х гадоў XX стагодзьдзя быў слуцкі Манастыр Сьвятой Троіцы, дзе было выстаўленае (паводле традыцыі негніючае) цела мучаніка.
Асоба Гаўрыіла Беластоцкага і ягоны культ неадназначныя. У 1997 року па Беларускім тэлебачаньні быў паказаны фільм, дзе забойства хлопца прадстаўленае як рытуальнае. Такім чынам, культ шанаваньня Гаўрыіла Беластоцкага быў прадстаўлены як прыклад антысэмітызму ў Беларусі. Тэзу пра рытуальнае забойства Гаўрыіла падтрымліваюць таксама некаторыя расейскія інтэрнэт-сайты, друкаваныя выданьні і праваслаўныя арганізацыі.