Масавае забойства беларусаў ва ўсходняй Польшчы ў 1946 годзе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Масавае забойства беларусаў ва ўсходняй Польшчы ў 1946 годзе
Месца атакі Падляшша
Цэль атакі Этнічная чыстка ў дачыненьні да праваслаўных беларусаў
Дата 28 студзеня — 2 лютага 1946 году
Колькасьць ахвяраў 79
Колькасьць тэрарыстаў каля 200
Тэрарысты Банда былых жаўнераў Арміі Краёвай
Арганізатары Рамуальд Райс

Ма́савае забо́йства белару́саў ва ўсхо́дняй По́льшчы ў 1946 го́дзе — акт генацыду ў дачыненьні да праваслаўных беларусаў, зьдзейсьнены бандай былых байцоў польскай Арміі Краёвай на чале з капітанам Рамуальдам Райсам на тэрыторыі Беластоцкага ваяводзтва ў студзені — лютым 1946 году. У часе рэйду бандаю Райса было спалена пяць вёсак і па этнічнай прыкмеце забіта 79 праваслаўных беларусаў, уключна з малымі дзецьмі, жанчынамі і старымі[1].

Рамуальд Райс, кіраўнік польскай банды

Храналёгія падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Банда Райса складалася з прыкладна 200 чалавек — былых байцоў АК зь Віленшчыны і мясцовых палякаў[1]. Банда Райса ў 1944 годзе перайшла на Падляшша зь Віленшчыны[2]. Пасьля афіцыйнага роспуску Арміі Краёвай Райс уступіў у войска камуністычнай Польшчы, але потым дэзэртаваў і далучыўся да антыкамуністычнага падпольля[2].

28 студзеня 1946 году банда апынулася каля вёскі Лазіца. Там палякі спынілі абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне ехалі на нарыхтоўку дроваў для школы[1]. Райс адпусьціў фурманаў каталіцкага веравызнаньня, а праваслаўных прымусіў перавозіць ягоную банду[2]. 29 студзеня аддзел «Бурага» зьдзейсьніў пасьпяховы напад на савецкі гарнізон у Гайнаўцы, забіўшы двух савецкіх салдатаў і ўзяўшы ў палон падпалкоўніка, якому потым удалося ўцячы. 30 студзеня банда «Бурага», праяжджаючы празь вёску Краснае Сяло, вырашыла памяняць некаторых вазакоў. Солтысу вёскі было загадана падрыхтаваць новыя падводы. З Краснага Сяла выехалі з аддзелам 12 фурманаў, зь якіх потым назад вярнуліся толькі чацьвёра[1].

Спаленьне вёсак Заляшаны і Выганоўская Волька[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Масавае забойства ў Заляшанах

29 студзеня банда «Бурага» прыбыла ў вёску Заляшаны[3]. Паводле Максімюка, у Заляшанах Рамуальд Райс загадаў сабраць усіх людзей на сход у хаце Дзьмітрыя Сахарчука. 16-гадовага Пятра Дземянюка, а таксама чырвонаармейца Аляксандра Зелінко вывелі на двор ды расстралялі. Дзьверы хаты заблякавалі і падпалілі будынак. У людзей атрымалася вызваліцца і выратавацца. Райс загадаў падпаліць усю вёску, і 16 чалавек, уключна зь дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад агню[1].

Далей батальён Райса «Бурага» пераехаў у суседнюю Выганоўскую Вольку. За адмову аказаць дапамогу палякі падпалілі хлявы ды застрэлілі двух жыхароў: Яна Зінкевіча і Стэфана Бабулевіча.

Забойства фурманаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Масавае забойства ў Старых Пухалах

30 студзеня аддзел апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы і вырашыў пазбавіцца фурманаў. Дадому былі адпушчаныя тыя зь іх, якія ўмелі жагнацца па-каталіцку і прачытаць малітву «Ойча наш» па-польску, астатнія былі забітыя[1]. Паводле сьведкаў, у тую ноч зь лесу было чуваць крыкі катаваных людзей і толькі нешматлікія стрэлы[1]. Паводле журналіста Яна Максімюка, што дасьледваў гэтую тэму, фурманаў, імаверна, забілі абухамі сякер, а стралялі толькі ў тых, якія спрабавалі ўцякаць[1].

Агулам у тую ноч было забіта 30[1][3] або 31[4] чалавек з 12 вёсак (Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лазіца, Махнатае, Заляшаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька)[1].

Спаленьне вёсак Зані і Шпакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Масавае забойства ў Занях і Шпаках

2 лютага банда Райса спаліла вёскі Зані (забіўшы 24 чалавекі) і Шпакі (загінулі 9 чалавек)[1]. Бандыты расстрэльвалі тых, хто спрабаваў выратавацца з агню. Самому старому забітаму было 83 гады, самому малодшаму — 4 гады[5].

Суд і сьледзтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рамуальд Райс быў схоплены камуністычнай польскай уладай у 1948 годзе. Яго судзілі ў Беластоку і павесілі ў 1949 годзе[2]. Райс не прызнаў сваёй віны ў масакры беларусаў і перакладаў адказнасьць за забойствы на свайго намесьніка[1].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскі камуністычны рэжым выкарыстоўваў масакру 1946 г. у мэтах прапаганды. Аднак, гэтыя падзеі не было прынята абазначаць як акт генацыду або этнічныя чысткі.[1]

У 1970 годзе ў вёсцы Зані была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў памяць пра ахвяраў масакры.[5]

Месцы пахаваньня некаторых ахвяраў удалося высьветліць толькі праз 50 гадоў пасьля трагедыі.[6] Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму быў створаны Камітэт сем’яў забітых фурманаў, было праведзенае перапахаваньне рэшткаў ахвяраў трагедыі на вайсковых могілках у Бельску-Падляскім і пастаўлены помнік.[1]

На гадавіны трагедыі адбываюцца афіцыйныя памятныя мерапрыемствы ў Заляшанах і Бельску-Падляскім[2][7].

У 2005 годзе польскі Інстытут нацыянальнай памяці зрабіў афіцыйнае заключэньне, што расправа бандаю Райса над жыхарамі беларускіх вёсак у 1946 г. была злачынствам з прыкметамі генацыду[2][7]. Акруговы суд у Беластоку ў тым жа годзе заявіў, што дзеяньні банды Райса былі злачынствам генацыду[2].

Дзеячы беларускай меншасьці ў Польшчы ацэньваюць масакру 1946 г. як адну з найважнейшых падзеяў паваеннай гісторыі рэгіёну. Паводле Яна Максімюка, трагедыя «зьяўляецца той найважнейшай гістарычнай падзеяй, якая застаецца ў сьвядомасьці ўсіх беларусаў Беласточчыны і ў ацэнцы якой яны абсалютна згодныя»[1]. Паводле ацэнкі гісторыка Алега Латышонка, рэйд Бурага «спрыяў таму, што беларусы большую надзею зьвязвалі з камуністычнай Польшчай, чымся з аднаўленьнем даваеннай»[2].

У той жа час, нацыяналістычныя сілы ў Польшчы імкнуцца да рэабілітацыі Рамуальда Райса і ягонай банды[2]. У 1995 годзе Вайсковы суд у Варшаве[2] скасаваў сьмяротны прысуд Рамуальду Райсу і рэабілітаваў яго[4]. Ягоным нашчадкам была выплачаная кампэнсацыя[2]. 2 лютага 2012 году, у дзень угодкаў забойства беларускіх фурманаў, польскі Сойм прыняў рашэньне пра адзначэньне 1 сакавіка «Дня выклятых жаўнераў»[4].

Кампэнсацыі сем’ям ахвяраў так і не былі выплачаныя[1].

Падзеям 1946 г. прысьвечаная мастацкая кніга «Акулярнік» вядомай беларуска-польскай пісьменьніцы Кацярыны Бонды.[8]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Попел і памяць» — успаміны сьведак масакры, запісаныя Янам Максімюком. Апублікавана 06/05/1990, Тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва»
  • «Я іх бачу» — рэпартаж Валянціны Лаеўскай, Радыё Рацыя, 2015 г.