Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь
Каардынаты: 53°53′45″ пн. ш. 27°32′42″ у. д. / 53.89583° пн. ш. 27.545° у. д.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі | |
Абрэвіятура | ЦВК РБ |
---|---|
Папярэднік | Цэнтральная камісія па выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР |
Дата ўтварэньня | 25 жніўня 1991 (29 гадоў таму) |
Тып | выканаўчая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | правядзеньне выбараў |
Штаб-кватэра | Маскоўскі раён, Савецкая вул., д. 11[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Старшыня | Лідзія Ярмошына |
Намесьнік | Вадзім Іпатаў |
Сакратарка | Алена Дмухайла[2] |
Асноўныя асобы | Галіна Мкртычан, Натальля Арахоўская[3] |
Бюджэт | 46,3 мільярдаў рублёў[4] (2010 год; 15,5 мільёнаў $[5]) |
Колькасьць супрацоўнікаў | 7 (2020 год)[3] |
Сайт | rec.gov.by/BY |
Цэнтра́льная камі́сія па выба́рах і правядзе́ньні рэспубліка́нскіх рэфэрэ́ндумаў Рэспу́блікі Бела́русь (ЦКРБВПРР) — вышэйшая дзяржаўная ўстанова Рэспублікі Беларусь, якая займаецца правядзеньнем выбараў у Беларусі і кантролем за іх хадой.
На 2020 год апарат Цэнтральнай камісіі ўлучаў 7 супрацоўнікаў у 2 аддзелах: 1) прававой, аналітычнай і мэтадычнай працы — 4; 2) арганізацыйнай, фінансавай працы і міжнароднай супрацы — 3[3].
Утварэньне і дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Складаецца з 12 асобаў зь ліку грамадзянаў Беларусі, першая палова якіх прызначаецца прэзыдэнтам, а другая — Радаю Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў складае 5 год ад вызначэньня 8 чальцоў камісіі, бо пасяджэньні зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці прынамсі 2/3 ад агульнага складу. Са згоды Рады Рэспублікі прэзыдэнт прызначае старшыню камісіі, што ў сваю чаргу прапануе вылучэнцаў на пасады свайго намесьніка й сакратара. Таксама прэзыдэнт можа адзінаасобна здымаць чальцоў камісіі з пасадаў ды вызначае колькасьць яе супрацоўнікаў. Пасяджэньні склікаюцца старшынёю камісіі ды на патрабаваньне траціны іншых чальцоў. Пастановы ўхваляюцца большасьцю галасоў, а пры іх роўнасьці перавагу мае голас старшыні.
Паўнамоцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле артыкулу 33 Выбарчага кодэксу ЦВК мае паўнамоцтвы на:
- ладжаньне выбараў ды агульнадзяржаўных рэфэрэндумаў;
- нагляд за выкананьнем заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата й чальца Рады Рэспублікі;
- тлумачэньне выбарчага заканадаўства;
- зварот да заканадаўцаў з прапановаю аб зьмене й тлумачэньні выбарчага заканадаўства;
- кіраваньне дзейнасьцю выбарчых камісіяў;
- разгляд справаў ніжэйшых камісіяў;
- утварэньне выбарчых акругаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў і вызначэньне сярэдняй колькасьці выбарцаў у тых акругах;
- утварэньне ўчасткаў для галасаваньня за мяжою зь іх прыпіскаю на прапанову Міністэрства замежных справаў да выбарчых акругаў у Беларусі;
- улік вылучэнцаў на пасады чальцоў Рады Рэспублікі й прэзыдэнта ды ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за іх вылучэньне ды адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
- забесьпячэньне роўных прававых умоваў перадвыбарчай дзейнасьці вылучэнцаў;
- вызначэньне парадку выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі напярэдадні выбараў;
- вызначэньне й разьмеркаваньне выдаткаў на правядзеньне выбараў, рэфэрэндуму ды адкліканьня дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
- нагляд за выдаткоўваньнем на выбары грошай ураду й вылучэнцаў ды апавяшчэньне аб тым Палаты прадстаўнікоў, як і выданьне адпаведнай справаздачы;
- вызначэньне сьпісу выбаршчыкаў, выгляду бюлетэняў ды скрыняў для галасаваньня, пячатак камісіяў ды парадку іх захоўваньня,
- выраб бюлетэняў для прэзыдэнцкіх выбараў ды рэфэрэндуму й забесьпячэньне імі камісіяў вобласьцяў ды Менску;
- прыём паведамленьняў ад урадавых ды грамадзкіх установаў аб ладжаньні выбараў ды рэфэрэндуму;
- нагляд за забесьпячэньнем камісіяў памяшканьнямі, транспартам ды сувязьзю;
- стварэньне агульнага сьпісу выбаршчыкаў для некалькіх адначасных выбараў ды рэфэрэндуму;
- улік абраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Рады Рэспублікі, выданьне іх сьпісаў ды скліканьне першых іх пасяджэньняў;
- падвядзеньне вынікаў выбараў і рэфэрэндумаў;
- выдачу абранаму прэзыдэнту й чальцам Рады Рэспублікі пасьведчаньняў аб выбраньні;
- прызначэньне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў замест выбылых;
- разгляд скаргаў на пастановы выбарчых камісіяў;
- разгляд зваротаў грамадзянаў ды ўстановаў наконт выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутатаў ды чальцоў Рады Рэспублікі;
- абагульненьне ўжытку выбарчага заканадаўства;
- стварэньне дапаможных установаў для правядзеньня выбараў ды рэфэрэндуму;
- вызначэньне ўзнагародаў для супрацоўнікаў выбарчых камісіяў;
- ажыцьцяўленьне сувязяў з выбарчымі ўстановамі іншых дзяржаваў ды адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі[6].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле 83-га Канстытуцыі Беларусі 1994 году, «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь утварае Цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». Згодна з 82-м артыкулам «першае пасяджэньне Вярхоўнага Савета склікаецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў не пазней чым праз 30 дзён пасьля выбараў»[7]. Пасьля рэфэрэндуму ў Беларусі 1996 году ў Канстытуцыю ўнесьлі зьмяненьні і дапаўненьні, паводле якіх «прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь: 1) прызначае 6 сябраў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 2) са згоды Савета Рэспублікі прызначае на пасаду старшыню Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 3) вызваляе ад пасады старшыню і сябраў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». Згодна з 93-м артыкулам зьмененай Канстытуцыі «першая пасьля выбараў сэсія палатаўа Парлямэнта склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». У адпаведнасьці з 98-м артыкулам «Савет Рэспублікі: 1) дае згоду на прызначэньне прэзыдэнтам старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 2) выбірае 6 сябраў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў»[8].
У 1998 годзе Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў стала сябрам Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (ААВКЦУЭ)[9]. Паводле 26-га артыкула Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 году № 370-З, «Цэнтральная камісія зьяўляецца дзяржаўным органам, які арганізуе ў межах сваіх паўнамоцтваў падрыхтоўку і правядзеньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, сябраў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Цэнтральная камісія вырашае пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савета Рэспублікі. Цэнтральная камісія ўзначальвае сыстэму дзейных у пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў і рэспубліканскіх рэфэрэндумаў выбарчых камісіяў і камісіяў па рэфэрэндуме»[10]. 14 кастрычніка 2013 году Цэнтральная камісія стала адной з заснавальніцаў Сусьветнай асацыяцыі выбарчых органаў (САВО)[9].
Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Міхаіл Лагір[11] (ад 25 жніўня 1991 да 18 верасьня 1991)
- Сямён Маховікаў (в. а. ад 19 верасьня 1991 да 11 сакавіка 1992)
- Аляксандар Абрамовіч (12 сакавіка 1992 — 31 студзеня 1996)
- Аляксандар Жук (в. а. ад 1 лютага 1996 да 4 верасьня 1996)
- Віктар Ганчар (ад 5 верасьня 1996 да 13 лістапада 1996)
- Лідзія Ярмошына (з 6 сьнежня 1996; в. а. з 14 лістапада 1996)
Абвінавачаньні ў фальсыфікацыі выбараў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
10 красавіка 2006 году па выніках прэзыдэнцкіх выбараў Лідзія Ярмошына была ўлучаная ў так званы «сьпіс нявыязных»: пералік прадстаўнікоў беларускае ўлады, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і Злучаныя Штаты — па падазрэньні ў падтасоўцы вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў[12].
Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Кантактная інфармацыя // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ Склад камісіі // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б в Апарат камісіі // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год(рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 20 красавіка 2011 г.
- ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэдняе за 2010 год цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 20 красавіка 2011 г.
- ^ А. Лукашэнка. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 лістапада 2019 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя 1994 году // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2003 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 года (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Аб камісіі // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ А. Лукашэнка. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ Центральная комиссия Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов(рас.) Архіўная копія ад 26 ліпеня 2015 г.
- ^ Спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Саюза і ЗША //Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Звароты грамадзянаў // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.