Тэхас
Тэхас | |||||
| |||||
Мянушка | «Штат Самотнай Зоркі» | ||||
---|---|---|---|---|---|
Сталіца | Осьцін | ||||
Найбуйнейшы горад | Г’юстан | ||||
Плошча | |||||
2-я па ЗША | |||||
- агулам | 695 622 км² | ||||
- сушы | 678 907 км² | ||||
- вады | 17 333 км² | ||||
- % вады | 2,5 | ||||
- шырата | 25°50' пн. ш. па 36°30' пн. ш. | ||||
- даўгата | 93°31' з. д. па 106°38' з. д. | ||||
Насельніцтва | |||||
2-е па ЗША | |||||
- агулам | 20 851 820 | ||||
- шчыльнасьць | 30,75/км² | ||||
Дата заснаваньня | 29 сьнежня 1845 (28-ы) | ||||
Губэрнатар | Грэг Эбат | ||||
Часавы пас |
Цэнтральны час: UTC-6/-5 Горны час (для заходняга Тэхасу) UTC-7/-6 |
Тэха́с, Тэ́ксас (па-ангельску: Texas) — штат на паўднёвым усходзе ЗША. Займае 2-е месца па тэрыторыі пасьля Аляскі (695 622 км²) і 2-е месца пасьля Каліфорніі па колькасьці насельніцтва (22,8 млн). Тэхас зьяўляецца адным з цэнтраў амэрыканскай сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, адукацыі, нафтагазавай і хімічнай прамысловасьці, фінансавых інстытутаў. Сталіца штата — Осьцін; адміністрацыйнае дзяленьне — графствы (254). Жыхароў Тэхаса завуць тэхасцамі.
Назва штату паходзіць ад гішпанскага слова «tejas», якое ў сваю чаргу зьяўляецца варыянтам індзейскага слова — «táyshaʔ» (на мове плямёнаў Када) — што азначае «сябар», «хаўрусьнік» (ім першыя гішпанскія дасьледчыкі тэрыторыі сталі зваць яе індзейскія плямёны). Амэрыканскі скарот штату — TX.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьмяшчэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэхас мяжуе са штатамі Нью-Мэксыка (на захадзе), Аклагома (на поўначы), Люізіяна і Арканзас (на ўсходзе). Паўднёва-заходняя мяжа Тэхаса праходзіць па рацэ Рыё-Грандэ, якая падзяляе ЗША і Мэксыку. На паўднёвым усходзе Тэхас амывае Мэксыканскі заліў.
Усходняя і паўднёвая часткі Тэхаса разьмяшчаюцца на Прымэксыканскай нізіне (узьбярэжжа Мэксыканскага заліва); падвышаючыся на захадзе яна пераходзіць у плято Эдуарду (да 835 м) і Льяна-Эстакада (да 1200 м). На крайнім захадзе пачынаюцца адгор’і Скалістых гор (вышынёй да 2665 м).
Найбуйнейшыя рэкі Тэхасу: Рэд-Рывэр, Трыніці, Бразас, Каларада і Рыё-Грандэ; мноства дробных рэк у цэнтральнай і заходняй частках часта перасыхаюць.
Вялікая частка Тэхасу (цэнтар і поўнач) уяўляе сабою раўніны, пакрытыя хмызьняком, усё больш радзеючым да захаду, дзе пачынаюцца стэпы і пустэльні. На ўсходзе і паўднёвым усходзе захаваліся саваны і дубова-хваёвыя лясы (участкі крайняга паўднёвага ўсходу, на мяжы зь Люізіянай значна забалочаныя).
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кліматычна Тэхас уяўляе дзьве зоны: на поўдні (уздоўж узьбярэжжа) клімат субтрапічны, гарачы; у цэнтральнай і паўночнай частках клімат кантынэнтальны з гарачым летам і халоднай зімой (сярэдняя тэмпэратура студзеня ад 1 да 15 °C, ліпеня ад 25 да 30 °C). Ападкі меншаюць па напрамку з усходу на захад ад 1000—1300 мм да 200—300 мм у год. Для Тэхасу характэрныя частыя віхраслупы («тарнада») у цэнтральнай частцы і эпізадычныя трапічныя цыклёны на ўзьбярэжжы, якія прыводзяць да сур’ёзнай шкоды.
Флёра і фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэхас багаты разнастайнасьцю фаўны і флёры. Самымі шматлікімі жывёламі зьяўляюцца каёты, алені, браняносцы. У Тэхасе некалькі нацыянальных запаведнікаў.
Геаграфічныя раёны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Тэхасе звычайна вылучаюць 7 асноўных геаграфічных раёнаў:
- Паўночныя раўніны («Panhandle Plains»)
- Цэнтральны ўзгорысты раён («Hill Country»)
- Заходні раён «Вялікай лукавіны» («Big Bend»)
- Цэнтральна-ўсходні раён прэрыяў і азёр («Prairies and Lakes»)
- Раён узьбярэжжа Мэксыканскага заліва («Gulf Coast»)
- Паўднёва-заходнія раўніны («South Texas Plains»)
- Усходні раён хваёвых лясоў («Pineywoods»)
У сваю чаргу, гэтыя геаграфічныя раёны часта падпадзяляюць на рэгіянальныя катэгорыі.
Найбуйнейшыя населеныя пункты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле зьвестак на 2000 год, у Тэхасе налічваецца 22 агламэрацыі і 2 мэгаполісы (Далас—Форт-Ўорт—Арлінгтан і Г'юстан—Гальвэстан—Бразорыя). Праз штат праходзяць восем фэдэральных трас — №№ 10, 20, 27, 30, 35, 37, 40, 47, якія злучаюць Тэхас зь Нью-Мэксыка, Аклагомай, Арканзасам і Люізіянай.
Дзесяць самых буйных паводле насельніцтва гарадоў Тэхасу:
Горад | Насельніцтва | Горад | Насельніцтва |
---|---|---|---|
Г'юстан | 1 953 631 | Форт-Ўорт | 534 694 |
Далас | 1 188 580 | Арлінгтан | 332 969 |
Сан-Антоніё | 1 144 646 | Корпус-Крысьці | 277 454 |
Осьцін | 656 562 | Плэйна | 222 030 |
Эль-Паса | 563 662 | Гарланд | 215 768 |
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гішпанскае асадніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да засяленьня гішпанцамі і эўрапейскімі перасяленцамі сучасная тэрыторыя Тэхасу была месцам пасяленьня розных індзейскіх плямёнаў: Апачы, Атапакан, Бідай, Када, Каманчы, Чэрокі, Кіёва, Токава, Вічыта і Каранкава. У 1870-х апачы пакінулі Тэхас; яны былі апошнімі індзейцамі, якія займалі значную тэрыторыю штату. У цяперашні час урадам ЗША прызнаныя тры карэнныя племені Тэхаса: племя Алабамаў і Кушат, племя Кікапу і племя Ісьлета-дэль-сюр-пуэбла.
Палітыка штату
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У палітыцы Тэхасу на цяперашні момант дамінуе Рэспубліканская партыя, якая мае большасьць месцаў у тэхаскім Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў. Кожны абраны старшыня выканаўчай улады — рэспубліканец, роўна як і кожны абраны чалец абодвух судоў вышэйшай інстанцыі. Дэмакратам не атрымоўвалася выйграць выбары ў Тэхасе з 1994 году. Пераважная большасьць вылучаных у Тэхасе кангрэсмэнаў — рэспубліканцы, абодва сэнатары таксама рэспубліканцы. У гісторыі краіны 3 прэзыдэнты ЗША былі палітыкамі з Тэхасу: Ліндзі Джонсан (дэмакрат), Джордж Буш (рэспубліканец) і Джордж Буш-малодшы (рэспубліканец).
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да Другой сусьветнай вайны ў эканоміцы Тэхасу пераважала сельская гаспадарка. Пасьля другой сусьветнай вайны, штат стаў імкліва індустрыялізавацца. Яго эканоміка (па стане на 2000 год) грунтуецца ў асноўным на інфармацыйных тэхналёгіях, нафтагазавай галіне, выпрацоўцы і экспарце электраэнэргіі, сельскагаспадарчай дзейнасьці і апрацоўчай прамысловасьці. Два асноўных эканамічных цэнтра: мэгаполісы Г'юстан і Далас—Форт-Ўорт, апроч іх значную эканамічную ролю граюць Сан-Антоніё і Эль-Паса. Асноўная спэцыялізацыя Г'юстану — нафтахімічная прамысловасьць і касьмічныя тэхналёгіі (тут месьціцца НАСА), у той час як Далас зьяўляецца цэнтрам інфармацыйных тэхналёгіяў і сельскагаспадарчай прамысловасьці.
У зоне ўзьбярэжжа Мэксыканскага заліва разьвітыя рыбалоўства, нафтаздабываючая прамысловасьць, а таксама турыстычны бізнэс. У цэнтральнай і заходняй частках разьмяшчаюцца жывёлагадоўчыя фэрмы і аграрныя гаспадаркі (кукуруза, бавоўна). Паўночна-заходняя частка штату падзеленая паміж мноствам дробных дзеляў нафтаздабываючых кампаніяў. Ігральны бізнэс на тэрыторыі Тэхаса забаронены.
У 2001 годзе валавы прадукт Тэхасу склаў 764 мільярда даляраў. Рост эканомікі штату падаграваецца наяўнасьцю шырокага спэктру працоўных месцаў, нізкім коштам пражываньня, высокім узроўнем жыцьця, адсутнасьцю падатку штату, палёгкавым падаткаабкладаньнем бізнэсу і слабым умяшаньнем у бізнэс з боку дзяржавы. Таксама немалаважным аспэктам зьяўляецца спрыяльны клімат.
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990-х гадах Тэхас абагнаў Нью-Ёрк, які да гэтага знаходзіўся на другім месцы па колькасьці насельніцтва (на першым традыцыйна — Каліфорнія). Па ацэнках на 2005 год насельніцтва штату складала 22,8 мільёну чалавек. Паводле зьвестак на 2004 год у Тэхасе пражывае 3,5 мільёну (15,6%) чалавек, якія нарадзіліся за межамі ЗША (зь іх прыблізна 1,2 мільёну нелегальных імігрантаў). Зьвесткі перапісу насельніцтва паказваюць, што ў Тэхасе пражываюць 7,8% дзяцей да 5 гадоў, 28,2% да 18 гадоў, і 9,9% старэй за 64 гады. Жанчыны складаюць 50,4% насельніцтва.
Расы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйнай большасьцю зьяўляюцца нашчадкі англа-саксаў і немцаў, а таксама мэксыканцы (рост колькасьці якіх працягвае павялічвацца з кожным годам). У апошнія гады расьце лік перасяленцаў азіяцкіх каранёў, асабліва ў такіх гарадах, як Г’юстан і Далас. У Тэхас прыяжджаюць перасяленцы з Кітаю, Віетнаму, Індыі, Карэі, Японіі, Тайваню, Пакістану і іншых краін.
Найболей прадстаўленымі этнічнымі групамі Тэхаса зьяўляюцца мэксыканцы (24,3%), нэгры (11,5%), немцы (9,9%), англа-саксы (7,2%) і ірляндцы (7,2%). Парадаксальным чынам, такі буйны штат як Тэхас мае ўсяго 3 індзейскіх рэзэрвацыі вельмі нікчэмных па тэрыторыі, што зьявілася вынікам тэхаскай палітыкі XIX стагодзьдзя: яшчэ сярод лідэраў Рэспублікі Тэхас было меркаваньне, што індзейцы павінны падвергнуцца зьнішчэньню як барбарская раса, якая не паддаецца цывілізацыі (тады было папулярным меркаваньне, што «белы і чырванаскуры ніколі не ўжыюцца разам»). Індзейцы таксама самі давалі падставу — да сярэдзіны 1860-х яны зьдзяйснялі атакі на белых — аднак, як правіла, пасьля парушэньняў абавязальніцтваў самімі белымі пасяленцамі. Да канца 1870-х усе буйныя плямёны эмігравалі з Тэхасу.
Паводле зьвестак на 2004 год у сучасным Тэхасе прадстаўленыя наступныя расы:
- 49,8% — белыя
- 34,6% — лацінаамэрыканцы
- 11,3% — афраамэрыканцы
- 03,1% — азіяты
- 00,3% — індзейцы
- 00,9% — зьмяшаныя расы
Веравызнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле зьвестак па веравызнаньні сярод жыхароў Тэхасу 66% пратэстантаў, 23% каталікоў, 1% хрысьціянаў іншых канфесіяў, 1% прадстаўнікоў нехрысьціянскіх рэлігіяў. 6% насельніцтва — атэісты. З пратэстанцкіх цэркваў самыя буйныя баптысты (32% насельніцтва), мэтадысты (9%) і пяцідзясятнікі (3%).
Розныя факты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Над Тэхасам у розныя часы разьдзімаліся 6 сьцягоў: францускі Fleur-de-lis, гішпанскі, мэксыканскі, сьцяг Рэспублікі Тэхас, сьцяг Канфэдэратыўных Штатаў Амэрыкі і, нарэшце, ЗША.
- Тэхаскі Капітолій, зьмешчаны ў Осьціне, паўтарае зьнешні выгляд вашынгтонскага, але абліцаваны ружовым гранітам і зьверху ўпрыгожаны статуяй Багіні Волі, якая трымае ў руках тэхаскую зорку. Як губэрнатарскія будынкі некаторых іншых паўднёвых штатаў, тэхаскі Капітолій павернуты да поўдня, а не да поўначы. Будынак тэхаскага Капітолія вышэй вашынгтонскага, і крыху менш масіўны.