Пальміра
Пальміра | |
Краіна: | Сырыя |
Плошча: |
|
Геаграфічныя каардынаты: | 34°33′1.372″ пн. ш. 38°16′11.248″ у. д. / 34.55038111° пн. ш. 38.26979111° у. д.Каардынаты: 34°33′1.372″ пн. ш. 38°16′11.248″ у. д. / 34.55038111° пн. ш. 38.26979111° у. д. |
Пальміра | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Пальміра (па-пальмірску: 𐡶𐡣𐡬𐡥𐡴 ; па-арабску: تَدْمُر) — старажытнае места на ўсходзе Леванту, цяпер у Сырыі. Упершыню згаданая ў крыніцах пад II тысячагодзьдзем да н. э., археалягічныя раскопкі сьведчаць пра паселішча часоў нэаліту. У I стагодзьдзі ад Н. Хр. Пальміра трапіла ў залежнасьць ад Рымскай імпэрыі, дзе славілася гандлярамі, што былі дзейнымі на Вялікім шаўковым шляху ды ўсёй дзяржаве.
У тыя часы паўсталі такія манумэнтальныя праекты, як Вялікая калянада, Храм Бэла ды вежавыя пахавальні. Жыхары Пальміры, сярод якіх былі нашчадкі амарэяў, арамэяў ды арабаў, размаўлялі ўласным дыялектам арамэйскай мовы, а ў міжнародных стасункаў валодалі грэцкім кайнэ. На культуру Пальміры аказалі вялікі ўплыў эліністычныя архітэктура і мастацтва.
Найбольшага росквіту Пальміра дасягнула ў III стагодзьдзі, калі цар Адэнат разьбіў сасанідзкага імпэратара Шапура I. Адэнатава пераемніца Зэнобія паўстала супраць Рыму і заснавала Пальмірскае царства. Рымскі імпэратар Аўрэліян у 273 року ў адказ зруйнаваў места; Дыяклетыян аднавіў яго, але ўжо ў меншай велічы. У IV стагодзьдзі пальмірцы, якія дагэтуль шанавалі сэміцкіх, мэсапатамскіх ды арабскіх бажышчаў, навярнуліся ў хрысьціянства; у VII стагодзьдзі з усталяваньнем Рашыдзкага халіфату сюды прыйшоў іслам, а зь ім замест пальмірскай ды грэцкай — і арабская мова.
Па зруйнаваньні Рымам Пальміра ня здолела вярнуць былую веліч, а пасьля разбурэньня Тымурыдамі ў 1400 року стала дробнай вёскай. За часам Францускага мандату жыхары перасяліліся ў суседнюю вёску Тадмар, а на закінутай тэрыторыі пачаліся археалягічныя раскопкі.
У 2015 року ў часе грамадзянскай вайны баевікі Ісламскай дзяржавы зруйнавалі большую частку гістарычных будынкаў Пальміры. Сырыйская армія адваявала кантроль над месцам у 2017 року.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аб’екты Сусьветнай спадчыны ў Сырыі
- Рымскія археалягічныя аб’екты ў Сырыі
- Колішнія населеныя пункты Сырыі
- Мясьціны Старога Запавету
- Зруйнаваныя гарады
- Левант
- Аазісы Сырыі
- Пальмірская імпэрыя
- Населеныя пункты, згаданыя ў I тысячагодзьдзі да н. э.
- Населеныя пункты Бізантыйскай імпэрыі
- Аб’екты Сусьветнай спадчыны ў небясьпецы