Перайсьці да зьместу

Віхраслуп

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віхраслуп альбо тарнада ў Амэрыцы

Віхраслу́п — моцны віхор, які ўтвараецца пад добра разьвітым кублавата-дажджавым воблакам, і распаўсюджваецца ў выглядзе вялізнага цёмнага хмарнага слупа альбо лейкі ў кірунку паверхні зямлі альбо мора. Дыямэтар віхраслупа па-над воднай паверхняй складае каля 100 мэтраў, па-над сухазем’ем да 1000 мэтраў. Ягоная вышыня дасягае каля 1000 мэтраў.

Віхраслуп па-над сухазем’ем завецца тромбам. У Амэрыцы ён завецца тарнада. Уласьцівасьцю гэтых віхуроў зьяўляецца хуткі скруткападобны рух паветра навокал амаль простастаўнай восі. Вымераць хуткасьць гэнага руху звычайнымі прыладамі немагчыма, аднак па характару разбурэньняў, магчыма вызначыць, што хуткасьць руху паветра скадае 50—100 м/с, а ў асабліва моцных тарнада дасягае 250 м/с, пры гэтым маецца вялікі простастаўны складнік хуткасьці, які роўны 70—90 м/с. З прычыны гэтага ў сярэдзіне віхора ціск падае на некалькі дзясяткаў гектапаскаляў. Абарачэньне ветра ў тромбах і віхраслупах звычайна цыклянічнае, то бок адбываецца супраць хода гадзіньнікавай стрэлкі, але назіраецца і антыцыклянічнае абарачэньне (паводле ходу гадзіньнікавай стрэлкі), у той час ціск у гэтых віхорах заўсёды паніжаны.

Падзеньне атмасфэрнага ціску пры праходжаньні тромба бывае настолькі вялікім і хуткім, што больш высокі ціск унутры будынкаў не пасьпявае выраўноўвацца з надворным. Па гэткай прычыне хаты, якія патрапілі ў сфэру дзеяньня тромба, у выніку раптоўнага паніжэньня знадворнага ціску нібыта разрываюцца зь сярэдзіны: зь іх зьлятаюць стрэхі, вылятаюць шыбы й вокны, разбураюцца сьцены. Тромб ламае альбо вырывае дрэвы з карэньнем, ад чаго ў лясах утвараюцца прасекі, переносіць на вялікія адлегласьці людзей і жывёлін.

Прычыны ўтварэньня і стадыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Прычыны ўтварэньня віхраслупаў пакуль канчаткова ня высьветленыя. Можна падаць толькі некаторыя агульныя зьвесткі, найбольш характэрныя для тыповых зьвяваў, такога кшталту.

Каляж зь некалькіх фатаздымкаў, зробленых у Канзасе адзін за адным, каб паказваюць разьвіцьцё тарнада.

Віхраслупы часта ўтвараюцца на трапасфэрных франтах, то бок у межах ніжняга 10-кілямэтровага плясту атмасфэры, які падзяляе паветраныя масы з рознай хуткасьцю ветру, тэмпэратурай і вільготнасьцю. У раёне халоднага фронту, то бок калі халоднае паветра перацякае ў цёплае паветра, атмасфэра асабліва няўстойлівая і ўтварае ў матчынай хмары віхраслуп, а пад ёй мноства хутка крутоўных турбулентных віхраў. Моцныя халодныя франты звычайна ўтвараюцца вясной, летам і восеньню. Да прыкладу, у ЗША яны аддзяляюць, напрыклад, халоднае і сухое паветра з Канады ад цёплага і вільготнага паветра, якое рушыць ад Мэксыканскай затокі або з Атлянтычнага ці Ціхага акіянаў. Вядомыя выпадкі зьяўленьня невялікіх віхраслупаў у яснае надвор’е пры адсутнасьці аблокаў над перагрэтай паверхняй пустэльні або акіяна. Віхраслупы могуць быць цалкам празрыстымі, і толькі ніжняя частка, якая ўздымае пясок або ваду, робіць іх бачнымі[1].

Віхраслупы маюць тры асноўныя стадыі ў сваім разьвіцьці. На пачатковай стадыі з навальнічнай хмары, якая вісіць над зямлёю, узьнікае пачатковы вір. Халодныя плясты паветра, разьмешчаныя беспасярэдне пад хмарай, накіроўваюцца дадолу на замяну цёплым плынях, якія, у сваю чаргу, уздымаюцца дагары. Такая няўстойлівая сыстэма звычайна ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяньня двух атмасфэрных франтоў, як то цёплага і халоднага. Патэнцыйная энэргія гэтай сыстэмы пераўтвараецца ў кінэтычную энэргію крутоўнага руху паветра. Хуткасьць гэтага руху павялічваецца, і яно набывае сваю клясычную форму. Хуткасьць абарачэньня з часам павялічваецца, пры гэтым у цэнтры віхраслупа паветра пачынае інтэнсіўна ўздымацца ўверх. Гэтак пачынаецца другая стадыя існаваньня зьявы прыроды, то бок стадыя ўтварэньня віхуры максымальнай магутнасбці. У гэты час віхраслуп цалкам фармуецца і пачынае рухаецца, стала зьмяняючы кірунак руху. Заключнай стадыяй ёсьць разбурэньне віхраслупа. Ягоная магутнасьць слабее, вір звужаецца і адрываецца ад паверхні зямлі, паступова ўздымаючыся назад у хмару.

Працягласьць кожнай стадыі розная і вагаецца ад некалькіх хвілінаў да некалькіх гадзін у выключных выпадках. Хуткасьць віхраслупоў таксама вельмі розьніцца, але пасярэднім паказьнікам уважаецца 40—60 км/г, але ў вельмі рэдкіх выпадках можа дасягаць 210 км/г.

  1. Анатолий Ревуцкий (2010) Ураган, буря, смерч - что делать в чрезвычайных си (рас.) Проза.ру