Антоні Тызэнгаўз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Тызэнгаўз»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Антоні Тызэнгаўз
Антоні Тызэнгаўз. Мастак Ян Рустэм, 1819
Антоні Тызэнгаўз. Мастак Ян Рустэм, 1819
POL COA Bawół I.svg
Герб «Буйвал І»
Пісар вялікі літоўскі
1763 — 1785
Канюшы вялікі літоўскі
1764 — 1785
Падскарбі надворны літоўскі
1765 — 1780
ПапярэднікЮзэф Адрыян Масальскі
НаступнікАляксандар Міхал Сапега
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1733
Наваельня[2], ВКЛ
Памёр 31 сакавіка 1785
Варшава, Каралеўства Польскае
Пахаваны Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Жалудок)
Род Тызэнгаўзы
Бацькі Бенедыкт Тызенгаўз[d]
Ганна Апалонія Бяганская[d]
Дзейнасьць палітык
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Тызэнгаўз (неадназначнасьць).

Антоні Тызэнгаўз (1733, мястэчка Наваельня Наваградзкага ваяводзтва — 31 сакавіка 1785, Варшава) — дзяржаўны і грамадзкі дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Пісар (з 1763) і канюшы вялікі літоўскі (з 1764), падскарбі надворны літоўскі (1765—1780).

Валодаў Камёнскім ключом (Гарадзенскі павет), мястэчкамі Ятвеск, Іеў, Наваельня і Жалудок, меў палац у Вільні, шэраг будынкаў у Горадні[3]. Трымаў Гарадзенскае староства, адміністратар каралеўскіх эканоміяў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Намаганьнямі Антонія Тызэнгаўза Горадня зрабілася месцам працы розных дзяржаўных установаў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбуналу, задворнага асэсарскага суду.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З шляхецкага роду Тызэнгаўзаў, сын Бэнэдыкта і Ганны зь Бягінскіх.

З 1757 году падстароства гарадзенскі, у 1761 годзе абіраўся паслом на сойм ад Гарадзенскага павету.

Староста гарадзенскі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вырашыў упарадкаваць Горадню на ўзор сталіцы дзяржавы. Зь ягонай ініцыятывы ў 1760—1780 гадах побач з горадам у вёсцы Гарадніца (дзе ён збудаваў сабе палац, аздоблены А. Грушэцкім[4]) збудавалі прамыслова-культурны цэнтар з 85 будынкаў рознага прызначэньня, што ўтваралі 3 асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую, навучальную (пазьней увайшлі ў межы Горадні).

У прадмесьцях Горадні заснаваў фабрыкі: суконную, шаўковую, палатняную, камлотную, карункавую, панчошную, капялюшную, карэтную, шаўковых паясоў, гульнявых карт, збройную, гарбарную, а таксама завод жалезных і медных вырабаў. Аднак, як і большасьць тагачасных прадпрыемстваў, працавалі яны з малым прыбыткам або нават са стратай.

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Значную ўвагу надаваў земляробству. Для вывучэньня спосабаў павялічэньня ўраджайнасьці сельскагаспадарчых культур накіраваў свайго аднадумца Даўнаровіча ў Ангельшчыну вывучаць агратэхніку. Каб падняць узровень жывёлагадоўлі, закупляў пародзістыя віды жывёл. Але аграрная рэформа, праведзеная ім у Шавельскай эканоміі, грунтавалася на ўзмацненьні паншчыны, што выклікала незадаволенасьць сялянаў, а ў 1769 годзе нават паўстаньне.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З намерам пашырэньня асьветы ў краі заснаваў у Горадні кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, мэдычную і іншыя школы. У мэдычнай школе на сродкі А. Тызэнгаўза і падараваньні Панятоўскага была створаная бібліятэка спэцыяльнай літаратуры. Пасьля ліквідацыі гэтай школы яе кнігазбор адышоў да Галоўнай школы ў Вільні.

Культурніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мастак Я. Рустэм, 1819

Антоні Тызэнгаўз быў ня толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Заснаваўшы дзясяткі мануфактур і навучальных установаў, ён стварыў і свой тэатар, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, сьпевакоў і харэографаў, у тым ліку братоў Г. і Л. Пэтынэты з Нэапалю.

Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялянаў А. Тызэнгаўз стварыў тэатральную школу. У 1772 годзе ён паслаў для навучаньня за мяжу прыдворнага капэльмайстра А. Сітанскага. Навучэнцамі ў тэатральную школу найчасьцей бралі дзяцей прыгонных сялянаў зь яго маёнткаў. Там вучні набывалі акторскія навыкі, вучыліся граць на музычных інструмэнтах. У праграму заняткаў уваходзілі танец, сьпевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазыцыя. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арытмэтыка, француская і італьянская мовы, маляваньне), а таксама рукадзельле, чыталіся лекцыі па агульным выхаваньні. Школа давала даволі добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спэктаклях тэатра. Выхаванцы гэтай школы артысты балету Е. Валінскі, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі, сьпявачка М. Сітанская пазьней праславіліся ў польскім тэатры.

Тэатар, які пачынаўся зь невялікага ансамбля інструмэнтаў і вакалістаў, да 1778 году дасягнуў высокага прафэсійнага ўзроўню і стаў шматпрофільны. На яго сцэнах ставіліся опэры А. Грэты «Магніфік», камэдыі П. Бамаршэ «Сэвільскі цырульнік» і іншых.

Прыдворны аркестар, так званая капэля Тызэнгаўза, належаў да найбольшых і найлепшых па прафэсійным узроўні калектываў падобнага характару ў Беларусь і славіўся за яе межамі. Так, у 1780 годзе гэтая капэля была ангажаваная ў Нацыянальны тэатар у Варшаве. Рэпэртуар капэлы ўлучаў араторыі, месы, сымфоніі, розныя жанры побытавай музыкі.

Пасьля адстаўкі А. Тызэнгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлі былі пераведзеныя ў Паставы.

У 1775 годзе А. Тызэнгаўз набыў у Вільні друкарню, якой да таго валодаў Марцін Пачобут-Адляніцкі. У гэтай друкарні выдаваліся падручнікі, календары, часопіс «Gazety Wileńskie» («Віленскія газэты»). У 1775—1776 гадах А. Тызэнгаўз арганізаваў першую друкарню ў Горадні і быў адным зь яе арандатараў. Частка абсталяваньня была ўзятая зь Віленскай друкарні, астатняе закуплена ў Караляўцы. Першыя выданьні друкарні выйшлі на пачатку 1776 году. Тут друкаваліся арыгінальная і перакладная літаратура, навуковыя працы, падручнікі, стараславянскія, польскія, лацінскія малітоўнікі, «Каляндар гаспадарчы», «Літоўскі весьнік», афіцыйныя дакумэнты і іншыя, а таксама першае на Беларусі пэрыядычнае выданьне, ініцыятарам якога быў А. Тызэгаўз, «Gazeta Grodzieńska» («Гарадзенская газэта»). Друкарня існавала да 1802 году.

А. Тызэнгаўзу былі блізкімі і зразумелыя ідэі Асьветніцтва. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асьветы, інструмэнт выпраўленьня нораваў і ўсталяваньня роднай мовы. Свае дзеі ён апраўдваў клопатам пра цывілізацыю тутэйшага краю. Думкі, выказаныя ім пра выхаваўчую ролю тэатра, былі сугучныя палажэньням францускіх асьветнікаў, асабліва Д. Дыдро. Але ў адрозьненьне ад апошняга ён лічыў, што тэатар існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадзтва, шырокіх колаў шляхты, а не для мяшчан, рамесьнікаў, гандляроў і неадукаваных сялянаў. Таму яго тэатар ня стаў агульнадаступным, агульнанацыянальным. Каб надаць сваім пачынаньням пэўную важкасьць, Тызэнгаўз вёў перапіску з Ж. Ж. Русо і прапаноўваў яму пераехаць у Горадню або ў Белавескую пушчу.

Заканчэньне жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Няўдалая гаспадарчая палітыка (нерэнтабэльнасць многіх мануфактур), інтрыгі магнатаў, незадаволеных актыўнай дзейнасьцю А. Тызэнгаўза, спрычыніліся да ягонага адхіленьня ў 1780 годзе ад кіраваньня эканоміяй.

Апошнія гады жыцьця правёў у Паставах. Пахавалі графа ў фамільных склепе ў Жалудоцкім касьцёле.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 годзе ў Горадні ўрачыста адкрылі гарадзкую скульптуру Жану Эмануілу Жылібэру, кіраўніку мэдычнай акадэміі, адкрытую Антоніем Тызэнгаўзам, а таксама скульптуру Джузэпэ Сака, архітэктару, які будаваў раён Гарадніца.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Антоні Тызэнгаўзсховішча мультымэдыйных матэрыялаў