Перайсьці да зьместу

Антоні Грушэцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антоні Грушэцкі
Дата нараджэньня 1734
Месца нараджэньня Пачаеў, цяпер Тарнопальская вобласьць, Украіна
Дата сьмерці 1798
Месца сьмерці Супрасьль, Польшча
Адукацыя Львоў. Навучаўся у К. Радзілоўскага і Станіслава Страінскага
Месца вучобы
Занятак жывапіс
Псэўданімы Dombrowski Antoni Ignacy
Працы Аздабленьне ў Горадні Фарнага касьцёлу, Бэрнардынскага касьцёлу, Новага замку

Антоні Грушэцкі (па-польску: Antoni Gruszecki; 17341798) — базыльянскі жывапісец другой паловы ХVIII ст. Прафэсар жывапісу Кракаўскай акадэміі[1]. Аздабляў палац Тызенгаўза ў Горадні, які разьмяшчаўся на плошчы Гарадніцы. Пісаў абразы для каралеўскай галерэі па запросу караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аздабляў у Горадні Фарны касьцёл і Бэрнардынскі касьцёл.

Бацька яго таксама быў Антоні[2], з польскага шляхецкага роду Грушэцкіх. Антоні навучаўся мастацтву ў К. Радзілоўскага і Станіслава Страінскага ў Львове. Далучыўся да Базыліянскай царквы ў 1751 годзе. Рабіў для Валерыя Ржавускага ў Падгорцах (Бродаўскі раён, Украіна). Маляваў партрэты і абразы рэлігійных дзеячоў і мясцовых касьцёлаў. У 1760 годзе асеў у Кракаве. Працаваў пад выдуманым прозьвішчам Дамброўскі, малюючы партрэты ды карціны на рэлігійную і міфалягічную тэматыку. У 1760-я гады стаў прафэсарам жывапісу Кракаўскай акадэміі. У 1771—1774 гадах стаў манахам-базыліянінам у Супрасьлі, дзе пісaў для тутэйшай лаўры. Ён двойчы адбываў навіцыят у Супрасьлі, у 1778 годзе прэтэндаваў на пасаду настаяцеля гэтага манастыра. На яго творчасьць зьвярнуў увагу кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, падчас свайго прыбыцьця ў Супрасьль у 1774 годзе. Робячы ў Супрасьлі, падараваў некалькі сваіх абразоў і карцін каралю Станіславу Аўгусту, якія той «міла і ўдзячна прыняў», асабіста да сваёй калекцыі. З каралеўскага запрашэньня трапіў на каралеўскую службу ў Горадню. У Горадні пісаў у асноўным карціны на сьвецкую тэматыку на францускі манер, аздабляў палац у Гарадніцах (Горадня), Новы замак. У 1792 годзе, з-за хваробы, пакінуў Горадню і правёў рэшткі сваіх дзён у Супрасьлі, дзе працягнуў пісаць абразы. У Супрасьлеўскім манастыры ён і памёр у 1798 годзе. Яго работы заслужана прысутнічаюць у каралеўскай галярэі Варшаўскага замку.

Партрэт «Сафанісба» (1793). Мастак Антоні Грушэцкі. Алей, холст. Надпіс у ніжняй частцы: La Fille de Tancréde. dans sa douleur. На задняй этыкетцы надпіс рукой: Sophonisba /1793

Аздабляў палац гарадзенскага старасты і надворнага падскарбія літоўскага Антонія Тызэнгаўза (сябрам якога зьўляўся[3]) у Горадні (разьмяшчаўся на плошчы Гарадніцы), дзе быў мастаком і дэкаратарам[4]. Пісаў абразы для каралеўскай галерэі, супрацоўнічаў з Супрасьльскай друкарняй Супрасьльскага базыльянскага манастыру ў другой палове ХVІІІ ст., ужо будучы прафэсарам жывапісу. Гэтая друкарня на той час — буйны інтэлектуальны асяродак ВКЛ, разьмешчана была на тэрыторыі Гарадзенскага павету, заснавана ў 1690 годзе. Ствараў алтарныя карціны. Ягоныя работы ёсьць у Музэі праваслаўнага манастырскага комплексу ў Супрасьлі (Беласточчына).

У 1788 годзе мастакі А. Грушэцкі і Ф. Міхалкевіч дапоўнілі аздобу інтэр’ера гарадзенскага касьцёлу Адшуканьня. Сьв. Крыжа[5] манумэнтальным жывапісам: пляфоны з фрэскавай размалёўкай, выявы 12 апосталаў (на паўднёвай сьцяне) і 12 дзеячаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (на паўночнай сьцяне) у аркатурных фрызах цэнтральнага нефа. Руцэ А. Грушэцкага належаць фрэсквыя выявы ўзьнясеньня Дзевы Марыі над аркаю празьбітэрыя (алтарная частка), а таксама арнамэнты на скляпеннях алтару, бальконе хора, аркадах між нефамі касьцёлу. Разам са сваім памочнікам Міхалкевічам, абнавілі герб ахвярнікаў і фігуры бэрнардынскіх сьвятых у «сьляпых» аркадах. Праўда большая частка работ Грушэцкага і Міхалкевіча трапіла пад «савецкую рэстаўрацыю», і сёньня яны выглядаюць ня так, як першапачаткова.

У гарадзенскім Фарным касьцёле зь яго работ абраз «Маці Божай Шкаплернай»[6] (перад ёю на каленях сьвяты Сымон Сток, у авале над Маці Божай сьвяты Юда Тадэвуш; XVIII ст.). А таксама ў 1780-х гадах выканаў жывапіснае афармленьне інтэр’ера касьцёла, што ўключае размалёўку скляпеньняў і арак у тэхніцы грызайль[7].

У 2005 годзе яго работы выстаўляліся на выставе «Супрасьль — 500 гадоў гісторыі манастыра». Яго работа была сярод найбольш каштоўных помнікаў. Была выстаўлена яго работа — сакральны абраз з другой паловы XVIII ст.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антоні Грушэцкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў