Сядзібна-паркавы комплекс Багушэвічаў
Сядзібна-паркавы комплекс | |
Музэй-сядзіба Багушэвічаў
| |
Музэй-сядзіба Багушэвічаў
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Кушляны |
Каардынаты | 54°26′28.54″ пн. ш. 26°10′32.91″ у. д. / 54.4412611° пн. ш. 26.1758083° у. д.Каардынаты: 54°26′28.54″ пн. ш. 26°10′32.91″ у. д. / 54.4412611° пн. ш. 26.1758083° у. д. |
Дата пабудовы | канец XIX стагодзьдзя |
Будынкі: палац • капліца • афіцына • парк • гаспадарчыя пабудовы
| |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Музэй-сядзіба Багушэвічаў | |
Музэй-сядзіба Багушэвічаў на Вікісховішчы |
Дом Багушэвіча — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца XIX стагодзьдзя. Сядзіба створаная ў вёсцы Кушляны (Смаргонскі раён).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя сядзібы ўзыходзіць да XVIII ст., калі ў 1749 г. за 450 злотых маёнтак набыў Антон Багушэвіч (прапрадзед паэта Ф. Багушэвіча)[1]. У пару Францішкавага маленства Кушляны нагадвалі маленькі феадальны кут з усімі яго атрыбутамі: з старасьвецкімі гаспадарчымі забудовамі, нізкімі прысадзістымі пунямі, аборамі, сьвірнамі, стадоламі, зь безьліччу прыдарожных каплічак і крыжоў[1]. Не было тут яшчэ тады тае прасторнае, на шэсьць вялікіх пакояў даміны з прыгожай, праз усю сьцяну, вэрандай. Шыкоўны кушлянскі дом зьявіўся значна пазьней, на схіле паэтавага жыцьця. А гадаваўся Францішак, набіраўся сілы разам з сваімі братамі й сястрой Ганнай у больш простай, больш сьціплай хаціне[1]. Месьцілася яна бліжэй да поплаву. Хату гэтую тут называлі афіцынай. Была яна на два канцы з каморай і паветкай на слупках-кругляках. Перад паветкай — плюскаты камень-парог. Уваход у хату быў ад гаспадарчых пабудоў. На гаспадарчую пабудову глядзелі й яе вокны з-пад нізка спушчанай саламянай страхі. Стаяла хата на мураваным падмурку. Падмурак той ацалеў[1]. У 1896 годзе паэт збудаваў новы дом[1]. У сядзібе Ф. Багушэвіч правёў апошнія гады жыцьця. Ансамбаль уключае гасподу, парк эканамічнага тыпу, гаспадарчыя пабудовы, альтанку.
У пасьляваенныя гады гаспода захавалася дзякуючы рупнасьці М. Ляпехі — шчырага прыхільніка творчасьці Багушэвіча, захавальніка й вартаўніка сядзібы. Да 1988 г. у доме была разьмешчана Кушлянская сельская бібліятэка імя Багушэвіча. Да 150-годзьдзя з дня нараджэньня паэта рэалізаваны праект рэстаўрацыі сядзібы. Адноўлены падмурак, франтоны, дах і першапачатковая плянаваньне, перабраная галерыя-навес. Адноўленыя таксама адрына, сьвіран, студні з «жураўлямі». У садзе зроблены падсадкі маладых пладовых дрэваў.
У 1990 г. падчас сьвяткаваньня ў гасподзе адкрытая літаратурна-мастацкая кампазыцыя, прысьвечаная творчасьці паэта. Рэстаўрацыйнымі працамі кіраваў Валеры Сьлюнчанка. Пры рэстаўрацыі сядзібы пад падлогай у дзіцячым пакоі знайшлі закладку для кніг[2]. Справа была ў тым, што дом Багушэвічаў быў кансьпіратыўным пунктам для нелегальнай перапраўкі забароненай царскімі ўладамі літаратуры — Багушэвічы ўдзельнічалі ў паўстаньні 1863—1864 гадоў, адны змагаліся ў баявых атрадах, іншыя дапамагалі матэрыяльна, — распавядаў падчас эккурсыі загадчык музэя-сядзібы Францішка Багушэвіча й дасьледчык творчасьці паэта Алесь Жамойцін[2]. Дарэчы, за ўдзел у паўстаньні родная сястра Францішка Ганна сядзела ў турме. Падчас зьняволеньня яна сваімі рукамі вырабляла рэчы рэлігійнага прызначэньня: чахлы для абразкоў, мэдальёны, шкаплеры[2]. Цяпер гэтыя рэчы, перададзеныя ў музэй нашчадкамі Ганны, упрыгожваюць яго вітрыны[2].
Музэй на тэрыторыі сядзібы быў заснаваны 6 ліпеня 1990 году. Да гэтага ў доме разьмяшчалася сельская бібліятэка. З 29 чэрвеня 2001 году музэй стаў філіяй Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры. У 2005 годзе музэйнаму комплексу быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці 3-й катэгорыі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гаспода — прамавугольная ў пляне аднапавярховая зрубная пабудова пад высокім двухсхільным дахам. Па фронту галоўнага фасада адкрытая слупавая галерыя-навес з дашчаным парапетам. Плянаваньне дому анфіляднае, уваходы з боку галоўнага й бакавога фасадаў. Гаспадарчыя пабудовы сканцэнтраваныя на паўднёвым захадзе ад гасподы.
Парк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Парк з пладовым садам расчлянёны прамавугольнай сеткай алей. Сярод насаджэньняў пераважаюць ліпа, клён, елка, трапляюцца асобныя экземпляры лістоўніцы. Пры ўезьдзе ў парк — маляўнічая паляна з курцінамі. З малых форм дойлідзтва засталася драўляная альтанка — цэнтрычнае ў пляне збудаваньне каркаснай канструкцыі з шатровым дахам-навесам. Народная назва альтанкі «Расьпятая воля». Паводле паданьня, альтанка была зроблена рукамі Багушэвіча й яго сяброў у памяць ахвяр нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1863—64 гг. Драўляная скульптура «Укрыжаваньне», якая да 1939 г. знаходзілася ў альтанцы, не захавалася. Паводле ўспамінаў паэтавай унучкі Станіславы Тамашэўскай, у гады яе маленства Кушляны былі як лялька[1]. Тут расло шмат сьліў, вішняў, чорных і чырвоных парэчак, агрэсту. А сам кушлянскі сядзібны дом з усіх бакоў атулялі дрэвы. Паўднёвы кут хаты гэтаксама, як паўночны й заходні, атуляюць дрэвы. Але найпрыгажэйшая ўкраса сядзібы, яе аздоба, безумоўна, прысады. З паўднёвага захаду яны спрэс зь елак. Іх тут шаснаццаць. Некалі было болей, іх падразалі, стрыглі, падціналі. Елкавая абсада пераходзіць у доўгую, з паўвярсты, пераважна каштанавую алею. З паўднёвага ўсходу й поўдня, за садам, замыкалі Багушэвічаву сядзібу колькі ліпаў. Дзьве зь іх ацалелі. Парк займае ён крыху больш за два гектары[1]. Кажуць, што Францішак Багушэвіч быў выдатным агароднікам. «Аграном таго ня ведаў, што ведаў Багушэвіч», — згадваў пра паэта яго кушлянскі сусед Станіслаў Альхімовіч[1].
Недалёка ад сядзібы знаходзіцца камень Мацея Бурачка (псэўданім Ф. Багушэвіча), устаноўлены сялянамі ў гонар паэта ў пачатку XX ст.
Каплічка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Драўляная, на чатырох круглячках, пад гонтавай стрэшкай крыж-каплічка. Знаходзіцца пад экзатычнай лістоўніцай на скрыжаваньні ялова-каштанавай прысады з колішнім гмінным трактам. Каплічка — на мураваным падмурку. Перад уваходам у яе — пляскаты камень-парог[1]. Мае яна няхітрую аздобу: з трох бакоў — плоцік. З боку хаты й двара гэты плоцік разарваны невысокімі стаячкамі, якія імітуюць уваход у каплічку. Гісторыя гэтай каплічкі, паводле сямейнага паданьня, такая. Пасьля паўстаньня 1863—1864 гадоў царская адміністрацыя разам з духавенствам пачала, паводле выразу самога Францішка Багушэвіча, наварочваньне беларусаў-католікаў у праваслаўе. Гэты прымус, як і ўсялякі іншы, выклікаў абурэньне ў паэтавай душы. Ён выказаў яго ў вядомым вершы «Хрэсьбіны Мацюка» й будаваньнем каплічкі[1]. Збудаваў яе паэт з бацькам і акалічнымі сялянамі, суседзямі, за адну ноч[1]. Гэта быў, на думку Багушэвічавай унучкі, доказ вялікай адвагі яе дзеда ў той трывожны, бяспраўны мураўёўскі час. У 1929 годзе каплічку замаляваў вядомы мастак Язэп Драздовіч. Збудаваў яе паэт з бацькам і акалічнымі сялянамі, суседзямі, за адну ноч[1]. Яго малюнак і дае нам уяўленьне, як выглядала Багушэвічава каплічка да рэстаўрацыі. На Драздовічавым малюнку мы яшчэ бачым пры ўваходзе ў каплічку крываваценькі ядлоўчык, які пасадзіў сам паэт. Некалі каплічка была пафарбавана ў зялёна-шэры колер, што імітавала даўніну. Адзін раз папраўляў яе й Багушэвічаў сын Тамаш. Сваёй каплічкай Багушэвічы моцна апекаваліся. Яна для іх была сядзібнай сьвятыняй. Ці то ехалі куды, ці вярталіся, заўсёды прыпыняліся ля яе, жагналіся, казалі малітвы, прасілі ў Бога дарогі без прыгодаў і толькі пасьля гэтага выпраўляліся ў свой шлях. Тое самае рабілі й падарожныя, якім даводзілася ісьці ці ехаць паўз Багушэвічаву сядзібную каплічку. Яны таксама, згледзеўшы між дрэваў гэтую маленькую сядзібную сьвятыню зь фігуркай раскрыжаванага Хрыста, хвалілі Бога, жагналіся[1].
Таксама ў Кушлянах меліся прыдарожныя крыжы. Свой сядзібны крыж-абярэг мелі й самыя блізкія Багушэвічавы суседзі — Маркоўскія ды Альхімовічы[1]. Іхні крыж таксама быў усталяваны пры дарозе, пры заезнай браме на падворак. Альхімовічаў крыж-абярэг і Багушэвічаву крыж-каплічку адмяжоўвалі толькі памежныя прысады[1]. На Вадацечы на скрыжаваньні дарог спрадвеку стаяў крыж-абярэг[1]. Усе крыжы аздабляліся ручнікамі[1].
Сажалка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сажалку выкапалі ў канцы сядзібы, на нізкай мясьціне, на ўскрайку Ваўкелаў[1]. З трох бакоў яе абступалі чараты, кусты. Нахілены над сажалкаю вербалоз і водная роўнядзь вельмі ўпрыгожвалі сядзібу. Была яшчэ старая, пахілая над вадою вярба[1]. Паблізу сажалкі тулілася лазьня. У пяцідзясятыя гады мэліяратары хацелі яе асушыць, але Міхал Ляпеха не дазволіў гэтага зрабіць. Кушлянцы прыгадваюць яшчэ, што за сажалкаю, крыху воддаль, расьлі маладыя дубкі, а ля самой яе праставала грэбля на Трыколі[1]. Непадалёку была й студня з сахою й рыпучай стралою, якую тут называлі сьвірчня. Пры студні на дубовых калодах драўлянае карыта з кругляка — для жывёлы[1].
Ваўкелы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ваўкеламі ў Кушлянах называюць аграмадную — ад Трахімоў і Трыколяў і аж да самых Рудалёў — нізовіну, якая яшчэ ня гэтак даўно была спрэс парослая непралазным хмызам[1]. На сёньняшні гэта ўжо асушаны выган. Калісьці ж тут заўсёды стаяла, ніколі не сыходзіла парыжэлая вада. Між непралазных хмызоў, на буграх, рос альхоўнік, дробны бярэзьнік з каржакаватымі хваінкамі. Праз Ваўкелы, віхляючы між хмызоў, цурчэла-абцякала крынічная ручаінка. Ваўкелы выцерабілі й асушылі ў 1950-ыя гады[1]. Пра Ваўкелы ў Кушлянах сёньня нагадвае выносная чарэшня на паэтавай сядзібе. У 1985 годзе ля яго прымацавалі шыльдачку, якая й апавядае нам, што гэтае дрэва з славутых кушлянскіх Ваўкелаў[1].
Экспазыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Экспазыцыя ў сядзібным доме, прысьвечаная Францішка Багушэвічу, разьмешчана ў 6 залях.
Мэмарыяльная частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У мэмарыяльнай частцы ўзноўлены інтэр’еры кабінэта й гасьцёўні. Гэтыя пакоі абсталяваны па фотаздымках канца XІX стагодзьдзя й успамінах унучкі паэта С. Тамашэўскай. Пакоі аздабляюць сапраўдныя й узноўленыя рэчы Францішка Багушэвіча й яго сям’і: насьценны гадзіньнік, камод, піяніна, самаварны столік, кніжная шафа, пісьмовы стол, крэслы, канапа, часопісны столік, паляўнічы ражок, стрэльбы.
Літаратурная частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратурная частка разьмешчана ў 3 залях. Тут прадстаўлены першыя паэтычныя зборнікі («Дудка беларуская», «Смык беларускі»), аўтографы й фотаздымкі, рукапісы твораў і лісты, напісаныя Францішкам Багушэвічам, кнігі беларускіх пісьменьнікаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. У экспазыцыі знаходзяцца дакумэнты, якія адлюстроўваюць удзел сям’і Багушэвічаў у паўстаньні 1863—1864 гадоў, сьведчаць пра адвакацкую дзейнасьць Францішка Багушэвіча, паступленьне ў Пецярбургзкі ўнівэрсытэт, лісты й паштоўкі, якія даюць уяўленьне аб сувязях Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам і Элізай Ажэшка. Сярод экспанатаў ёсьць рэчы сям’і Багушэвічаў: ключ ад сядзібы, вышыты дачкой Францішка Багушэвіча дыванок, ручнік і чаўнок са Сьвіранаў, лінейка-закладка й інш. Дэманструюцца скульптурныя барэльефы Кастусь Каліноўскі, Ля каменя над магілай паўстанцаў (Францішка Янушкевіч), скульптурны партрэт Мацей Бурачок (П. Лук), лінарыты Малады Багушэвіч, "Паўстанцы чытаюць Мужыцкую праўду, Этап у Сыбір (усе Мікола Купава), мастацкія працы Дарога ў Жупраны (Мікола Аўчыньнікаў), Дом паэта (Аляксандар Пашкевіч), Школа ў Доцішках (Генадзь Сянькоўскі), Вільня сярэдзіны XIX стагодзьдзя (Віктар Сташчанюк) і інш.
Вядомыя наведвальнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхал Эльвіра Андрыёлі
- Эліза Ажэшка
- Цётка
- Янка Купала
- Уладзіслава Луцэвіч
- Язэп Драздовіч
- Максім Танк
- Пятро Глебка
- Алесь Махнач
- Заір Азгур
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзімер Содаль, Блаславёныя Кушляны — Мінск, Кнігазбор, 2009 г.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Што захавалася з маёнтка Кушляны Багушэвічаў?
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 413Г000603 |