Уладзімер Содаль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Содаль
Дата нараджэньня 13 верасьня 1937(1937-09-13)
Месца нараджэньня Мормаль, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, БССР
Дата сьмерці 15 красавіка 2015(2015-04-15) (77 гадоў)
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня
Месца вучобы Менскі пэдагагічны інстытут
Занятак літаратуразнаўца, пісьменьнік, журналіст, біёграф, краязнавец
Навуковая сфэра літаратуразнаўства, краязнаўства
Месца працы
Вядомы як Уладзімер Мормальскі[1]

Уладзі́мер Ільі́ч Со́даль (13 верасьня 1937, в. Мормаль, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь — 15 красавіка 2015, Менск, Беларусь) — беларускі літаратуразнавец, краязнавец, тэлежурналіст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 13 верасьня 1937 году ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёну Гомельскае вобласьці[2]. Пасьля заканчэньня Мормальскае беларускае сярэдняе школы Ўладзімер Содаль працаваў электрыкам у Мурманску (Расея) на суднарамонтным вайсковым заводзе.

У 1963 годзе скончыў Менскі пэдагагічны інстытут. Працаваў пэдагогам у дзіцячым тубэркулёзным санаторыі «Астрашыцкі гарадок». У 1967—2000 гадох працаваў на Беларускім тэлебачаньні, дзе ўзначальваў студыю «Ліцэй» і быў адным з заснавальнікаў навучальнага тэлебачаньня. За 34 гады на БТ падрыхтаваў шэраг асьветніцкіх праграмаў, у тым ліку «Ў кожнага была свая вайна», «Роднае слова»[3].

Неаднойчы быў затрыманы або зьбіты за свае палітычныя погляды[4][5]. Выступаў супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй[6] і расейскай агрэсіі ва Украіне[7].

Памёр 15 красавіка 2015 году ў Менску ў Першай клінічнай бальніцы ад інфаркту[8]. Пахаваны ў Астрашыцкім Гарадку каля маці.

Творчасьць, дасьледчыцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дасьледаваў беларускую літаратуру й культуру ХІХ—ХХ ст., жыцьцёвы й творчы шлях Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіч, Янкі Купалы, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., Зоські Верас і інш. Аўтар кніг «Людзьмі звацца» (1977), «Пуцявінамі сейбіта» (1982), «Кушлянскі кут», «Сьцежкамі Мацея Бурачка» (абедзьве 1990), «Жупранская старонка» (1992), «Тут бачу свой край» (1994), «Сьвіранскія крэскі» (1995), «Карпілаўка» (2001). Складальнік альбомаў «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (1986), «Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч» (1997). Укладальнік зборнікаў твораў Францішка Багушэвіча «Мая дудка» (1987), «Каму дудка паслушна» (1990). Кніга «Волат з Мігаўкі» (2007) прысьвечана жыцьцю і дзейнасьці Аляксандра Ўласава.

Аўтар сцэнароў навучальных дыяфільмаў пра Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага й інш.

За літаратурна-дасьледчую працу і змаганьне за родную мову Камітэтам Ушанаваньня ганараваны ордэнам «Гонар Айчыны» і імянным срэбным пярсьцёнкам з выявай герба (27.11.1997) і адпаведнымі дыплёмамі. Занесены ў кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь»[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]