Слуцкае княства
Слуцкае княства | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | княства |
Адміністрацыйны цэнтар | Слуцак |
Князі | Князі слуцкія |
Час існаваньня | 1395—1793 |
Месцазнаходжаньне Слуцкага княства | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Слуцкае княства — адміністрацыйна-тэратарыяльная адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім. Уваходзіла ў склад Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва (у 1791 зрабілася асобным паветам). Сталіца — места Слуцак.
Месты і мястэчкі: Вызна, Глуск, Грозаў, Грэск, Дарогі, Капыль, Любань, Пагост, Старобін, Семежаў, Цімкавічы, у XVI ст. — Петрыкаў.
Асноўныя падзеі
Узьнікла ў 1395, калі вялікі князь Вітаўт перадаў князю кіеўскаму Ўладзімеру Альгердавічу Слуцак і Капыль з навакольнымі землямі ў якасьці ўдзельнага княства. Ягоныя нашчадкі, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі княствам да 1612.
У 1507 увайшло ў склад Наваградзкага павету, але адначасна захоўвала ў адміністрацыйнай, судовай і вайсковай структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся князю слуцкаму.
У 1582 тры сыны Юрыя Алелькавіча падзялілі паміж сабою места і княства на 3 часткі (са сваёй адміністрацыяй у кожнай). Князямі слуцкімі ў гэты час былі Юры (1578—1586), Ян Сямён (1578—1592) і Аляксандар (1578—1591); два апошнія не пакінулі нашчадкаў. Частку Юрыя атрымала ягоная дачка Соф’я (1586—1612). Па сьмерці Аляксандра ягоную частку атрымаў брат Ян Сямён, па сьмерці якога ўсё княства зноў аб’ядналася як уладаньне Соф’і.
Па сьмерці князёўны Случчына перайшла да яе мужа Януша Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, зь перапынкам у 1695—1744, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі. У 1744 княства вярнулася да Радзівілаў нясьвіскай лініі.
Да канца XVIII ст. заставалася ўнікальнай адміністрацыйна-тэратарыяльнай адзінкай Вялікага Княства Літоўскага[1]. У 1791 на аснове княства ўтварыўся Случарэцкі павет.
Геаграфія
Займала тэрыторыю да Нёмана на поўначы, Лані на захадзе, Пцічы на ўсходзе і Прыпяці на поўдні.
Ураднікі
Да XVI ст. знаходзілася ў васальнай залежнасбці ад улады вялікіх князёў. Кіраваньне ажыцьцяўляў удзельны князь з дапамогай баярскай рады. У князя слуцкага былі свае васалы — князі, баяры і путныя слугі, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) невялікія маёнткі. У валасьцях кіравалі намесьнікі князя.
У XVI ст. паступова пераўтварылася ў вялікую фэадальную вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства[2].
Галерэя
Крыніцы
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Слуцкае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 347.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Слуцкае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 591.
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
|