Перайсьці да зьместу

Ружанскі палац

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ружанскі замак»)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Краіна Беларусь
Мястэчка Ружаны
Каардынаты 52°51′37.85″ пн. ш. 24°53′45″ у. д. / 52.8605139° пн. ш. 24.89583° у. д. / 52.8605139; 24.89583Каардынаты: 52°51′37.85″ пн. ш. 24°53′45″ у. д. / 52.8605139° пн. ш. 24.89583° у. д. / 52.8605139; 24.89583
Тып будынка замак
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d], клясыцызм і барока
Аўтар праекту Ян Самуэль Бэкер
Дата заснаваньня пачатак XVII ст.
Асноўныя даты:
1700спалены
1784—1788 — перабудаваны
1832сэквэстраваны
1914пажар
1930рэстаўрацыя
1933вернуты Сапегам
1944пашкоджаны
2008пачатак рэстаўрацыі
Вядомыя насельнікі Леў Сапега
Казімер Леў Сапега
Аляксандар Міхал Сапега
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан рэстаўруецца
Палац Сапегаў на мапе Беларусі
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў на Вікісховішчы

Пала́цава-па́ркавы комплекс Сапе́гаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVII—XVIII стагодзьдзяў у Ружанах. Знаходзіцца на высокім узгорку ў паўднёва-ўсходняй частцы мястэчка, на гістарычным Гасьцінцы[a]. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Ружанскі палац — найбуйнейшы палацавы комплекс Беларусі XVII—XVIII стагодзьдзяў. У наш час вядзецца яго рэстаўрацыя.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маёнтак Ружаны перайшоў у валоданьне Сапегаў у 1598 годзе, калі Леў Сапега набыў яго разам з Ласасінам у Барташа Бруханскага. У пачатку XVII стагодзьдзя на месцы драўлянага замка збудавалі 2-павярховы мураваны палац з трыма вежамі[1], у якім ужо ў 1617 годзе Леў Сапега прымаў караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу.

У 1642 годзе сын Льва Сапегі Казімер Леў прымаў у Ружанскай рэзыдэнцыі езуіцкага візытатара з Рыму Фабрыцыя Рамфуса[2]. А ў 1644 годзе ў Ружанах яшчэ раз гасьцяваў Уладзіслаў Ваза. Уласьнік палаца зрабіў усім гасьцям каштоўныя падарункі: каралю — залаты падмісак і дарагія галяндзкія шпалеры, каралеве — пярсьцёнак і сабаліныя мяхі з Масковіі, канцлеру — срэбны кубак, камянецкаму біскупу — «два саракі сабалёў», усім фрэйлінам — пярсьцёнкі з рубінамі, падкормію — шаблю з залатой аправай, ксяндзам — па 100 вугорскіх залатых[3]. У гонар гэтага візыту ў адной з заляў палаца ўсталявалі чорную мармуровую дошку з надпісам па-лацінску «Vladislaus IV et Caecilia Regina guatuor dierum gratiosissimi hospites Rozanae praesentia et humanitate Regia hac aedes illustrarunt MDCXL IV Januarii X». Пазьней у зьвязку зь пераносам у 1655 годзе мошчаў Сьвятога Казімера зь Віленскай катэдры ў той самай залі ўсталявалі другую дошку з надпісам «Divo Casimiro sacrum». Леў Казімер перабудаваў палац, выклікаўшы дзеля гэтага італьянскага архітэктара Джаваньні Батысту Джысьленьні. У выніку рэканструкцыі палац набыў барокавыя рысы. У Ружанах зьявілася капэля, якая налічвала 40 музыкаў з Італіі, Польшчы і мясцовых сялянаў. Найбольш таленавітых зь іх Казімер Леў адсылаў навучацца ў Італію[3].

Палац моцна пацярпеў ад швэдаў, у 1700 годзе яго спалілі войскі канфэдэратаў пад кіраўніцтвам Міхала Сэрвацыя Вішнявецкага. У першыя дзесяцігодзьдзі XVIІI стагодзьдзя палац аднавілі, а ў 1748—1750 гадох яго перабудаваў архітэктар Ёган Зыгмунт Дэйбель.

У 1784 годзе канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў у Ружанах прыбылага на Гарадзенскі сойм караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У той час у палацы працавала балетная трупа, якая выступала перад Станіславам Панятоўскім[4]. У 1784—1788 гадох праводзілася перабудова і стварэньне позьнебарокавага палацавага комплексу архітэктарам Янам Самуэлем Бэкэрам. За сваю працу архітэктар атрымаў ад Сапегаў пажыцьцёвую пэнсію 2160, а потым 2520 злотых.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па падзелах Рэчы Паспалітай і сьмерці Аляксандра Сапегі ягоны сын Францішак аддаў палац у арэнду пад суконную і ткацкую фабрыкі, а сваю рэзыдэнцыю перанёс у Дзярэчын. З часам туды перавезьлі ўсе назьбіраныя ў Ружанах калекцыі: сямейны архіў, частку бібліятэкі, мастацкія творы, гістарычную зброю, харугвы, штандары, посуд з срэбра і золата ды іншае.

21 сьнежня 1829 году Яўстах Каятан Сапега канчаткова прадаў палац прадпрымальніку Ары Ляйбу Пінэсу[5]. Па паразе вызвольнага паўстаньня (1830—1831) Яўстах Каятан мусіў эміграваць, тым часам расейскія ўлады канфіскавалі ружанскі і дзярэчынскі маёнткі. Па адабраньні Ружанскага палацу балетная трупа Сапегаў выехала ў Санкт-Пецярбург, дзе стала асновай расейскага балету[4]. Неўзабаве ткацкая вытворчасьць Пінэсаў заняпала і ператварылася ў сьціплую прадзільню воўны. У 1834 годзе падчас наведаньня Ружанаў Леан Патоцкі застаў палац ужо цалкам закінутым. Ягоны агульны выгляд захаваўся хіба на малюнку Напалеона Орды. Аднак гэта адзін з найслабейшых малюнкаў мастака, поўны недакладнасьцяў і спрашчэньняў, і дае ўяўленьне пра палац толькі ў агульных рысах[6].

У 1914 годзе празь недагляд фабрычных прачак у комплексе адбыўся пажар, частка сьценаў абрынуліся. Частковая рэстаўрацыя адбывалася ў 1930 годзе, у 1933 годзе намаганьнямі міністра замежных справаў міжваеннай Польскай Рэспублікі Яўстаха Сапегі маёнтак вярнулі роду Сапегаў.

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе комплекс ізноў атрымаў пашкоджаньні падчас баявых дзеяньняў, згарэў палац і тэатральная афіцына. Па вайне палац стаяў закінутым, паступова руйнуючыся. Частку цэглы разабралі на гаспадарчыя мэты.

Улетку 2008 году пачаліся раскопкі і рэстаўрацыя. Палац улучылі ў праграму «Замкі Беларусі» на 2012—2018 гады, прызначаную для аднаўленьня беларускай архітэктурнай спадчыны. Паводле праграмы, на палац штогод выдзялялася больш за мільярд рублёў. За пяць гадоў адрэстаўравалі заходні і ўсходні флігелі[7]. Плянуецца аднаўленьне паўднёвага корпусу палаца, дзе знаходзіліся тэатар і манэж. Тут разьмесьцяцца гатэль і тэатар. Рэшту пабудоваў закансэрвуюць[8]. Рэстаўратары імкнуцца выкарыстоўваць максымальна набліжаныя да аўтэнтычных матэрыялы (псэўдааўтэнтычная цагліна, дахоўка індывідуальнай вытворчасьці)[9].

На пачатку 2012 году на ўязной браме паставілі скульптуру Сьвятой Ганны, зьнішчаную на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў[10]. З 2012 году ў межах праграмы «Замкі Беларусі» ладзяцца дабраахвотніцкія летнікі ў прыбіраньні тэрыторыі, азеляненьні, будаўнічых працах вакол аб’екту[11][12][13].

Усходні флігель палаца, дзе знаходзіцца музэй

Помнік архітэктуры барока. Першы палац, збудаваны Львом Сапегам, меў абарончы характар. Гэта быў крыжападобны будынак з трыма нарожнымі абарончымі вежамі (дзьве 4-гранныя і 5-гранная). У цэнтральнай частцы палаца знаходзіліся парадная заля і вэстыбюль з двухбаковай лесьвіцай, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінэт, бібліятэка. Пад будынкам у вялізных скляпеньнях захоўваліся арсэнал, архіў, харчаваньне. Анфілада памяшканьняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, на другім — бэлькавымі перакрыцьцямі. Па перабудове італьянскім архітэктарам Джаваньні Батыстам Джысьленьні на заказ Казімера Льва Сапегі палац меў два паверхі, пакоі аздабляліся мармурам, штучнай ляпнінай і росьпісамі[3].

Драўляны картуш з брамы ў экспазыцыі музэю

У выніку рэканструкцыі палацавага комплексу, праведзенай прыдворным архітэктарам Сапегаў Янам Самуэлем Бэкэрам у 1784—1788 гадох, дзьве вежы разабралі, а заходнюю ўлучылі ў агульны аб’ём новага будынку, які стаў сымэтрычным паводле сваёй кампазыцыі[14]. Галоўны корпус набыў выгляд кампактавага 2-павярховага прастакутнага ў пляне будынка пад высокім мансардавым дахам. Галоўны фасад у 13 вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзьнятым на другі паверх прысьценным портыкам зь дзьвюх параў калёнаў і пілястраў, завершаных высокім трыкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам. На тыльным фасадзе портыку адпавядала шырокая 10-калённая тэраса, на якую выходзілі вокны-дзьверы бальнай залі. У стылявым пытаньні будынак знаходзіцца на памежжы барока і клясыцызму. Ва ўнутраным дэкоры адбіўся значны ўплыў стылю ракако.

У правым корпусе разьмяшчаўся тэатар і манеж. Тэатар меў глыбокую сцэну з 7 плянамі кулісаў і невялікімі гардэробнымі абапал. 2-ярусная глядацкая заля з ложамі аздаблялася ажурнымі балюстрадамі і калёнамі карынцкага ордэру. Пры праектаваньні тэатру архітэктар узяў за ўзор залю Тэатру Фарнэзэ ў Парме.

Заходні корпус прызначаўся для карціннай галерэі. Восьсю палаца паставілі браму ў выглядзе трыюмфальнай аркі, аздобленай разнастайнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу.

Ян Самуэль Бэкэр спраектаваў рэгулярны парк з каналамі, вадаёмамі, сады з аранжарэямі.

У адрэстаўраваным усходнім флігелі (адрас — вуліца Урбановіча, 15а) адкрыўся музэй «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў», прысьвечаны гісторыі роду Сапегаў. Выстава паказвае дзейнасьць Сапегаў, гісторыю мястэчка Ружанаў, помнікі архітэктуры сапегаўскага часу. Ладзяцца тэатралізаваныя гістарычныя рэканструкцыі[15]. З 2011 году ладзіцца штогадовы фэст «Ружанская брама»[16]. За 2011 год музэй прыняў каля 20 000 наведнікаў, якія прынесьлі 25 млрд рублёў даходу[17] ($4,46 млн[18]; у сярэднім па $223 з чалавека). Дырэктар музэю — Раман Жыткоўскі (з красавіка 2016 году).

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Ўрбановіча, 15А
  1. ^ Габрусь Т. Ружанскі палацавы комплекс // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 418.
  2. ^ Aftanazy R. Różana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 337. — ISBN 9788304037014
  3. ^ а б в Павловский Б. «Триединый Сапега» // Вечерний Брест. — 20 красавіка 2012. — № 32 (1874).
  4. ^ а б Яскевіч С. Мінулае — для нашчадкаў // Зьвязда : газэта. — 11 студзеня 2014. — № 4 (278614). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Documentation of purchase by Ari Lieb Pines' purchase of the Ruzhany castle from Duke Sapieha in 1829 (анг.) JewishGen KehilaLinks. JewishGen. Праверана 12 сакавіка 2012 г.
  6. ^ Aftanazy R. Różana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 340. — ISBN 9788304037014
  7. ^ Палац Сапегаў: руіны застануцца ва ўспамінах? // Раённыя будні. — 1 лютага 2012. — № 9 (9455). — С. 5.
  8. ^ Алег Сідарэнка Мінулае працуе на будучыню // Раённыя будні. — 16 траўня 2012. — № 37 (9483). — С. 3.
  9. ^ Карней І. (23 красавіка 2012) Ружанскі палац як дакор аматарам «муляжоў» пад даўніну Культура. Радыё «Свабода»Праверана 25 красавіка 2012 г.
  10. ^ Вакульская В. Святая Ганна зноў будзе апякункай Ружан // Раённыя будні. — 11 мая 2012. — № 36 (9482). — С. 5.
  11. ^ БелАЮ міжнародныя валанцёрскія летнікі ў Беларусі Адукацыя — стыль жыцьця Праверана 25 траўня 2014 г.
  12. ^ Валанцёрскі летнік «Спадчына Сапегаў» у Ружанах Новості. РГА «Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА» (16 ліпеня 2012). Праверана 25 траўня 2014 г.
  13. ^ Радзюк К. (27 сакавіка 2014) Сапегі і Радзівілы чакаюць тваёй дапамогі Грамадзтва. ЗьвяздаПраверана 25 траўня 2014 г.
  14. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 515.
  15. ^ Галоўная старонка. Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў. Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  16. ^ Тиборовская Т. (9 чэрвеня 2013) На празднике «Ружанская брама» побывало около 10 тысяч человек (рас.) Tomin.by Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  17. ^ Яскевіч С. Незабытае старое // Мясцовае самакіраваньне. — 16 траўня 2012. — № 10 (282). — С. 1.
  18. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2011 год (5605,84 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2012 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000640