Марш за свабоду (Віцебск, 2020)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марш за свабоду
Пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі (2020)
Дата16 жніўня 14:00 — вечар
МесцаНацыянальны сьцяг Беларусі Плошча Перамогі й шмат іншых; Віцебск; Беларусь
ПрычыныФальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня
Мэтывызваленьне палітвязьняў, правядзеньне чэсных прэзыдэнцкіх выбараў
Спосабымасавае шэсьце, мітынґ
Удзельнікі канфлікту
Сілы бакоў
Каля 7 тысячаў

Марш за свабо́ду — адна з найбуйнейшых акцыяў пратэсту ў Віцебску, якая адбылася 16 жніўня 2020 году.

Да акцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мяшчане ішлі да плошчы Перамогі арганізаванымі калёнамі з розных пунктаў гораду. Тутэйшыя занялі абодва бакі плошчы: і мэмарыяльную, і тую, дзе быў зьнішчаны парк. Яны стаялі ўздоўж вуліцы Леніна з кветкамі, балёнікамі, плякатамі ( «Мы адзіныя» (па-расейску: Мы едины), «Мы не наркаманы, нам не заплацілі» (па-расейску: Мы не наркоманы, нам не заплатили), «Жыве Беларусь!», «Мы супраць гвалту» (па-расейску: Мы против насилия) і г.д.).

Па дарозе ўздоўж плошчы езьдзілі самаходы й увесь час, не змаўкаючы, сыгналілі. Людзі скандавалі: «Сыходзь!» (па-расейску: Уходи!), «Свабоду!», «Лукашэнка ў аўтазак!» (па-расейску: Лукашенко в автозак!), «Жыве Беларусь!».

Хада акцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віцябляне сабраліся на плошчы Перамогі. Гучнымі апладысмэнтамі і крыкамі «Малайцы!» (па-расейску: Молодцы) мяшчане сустрэлі калёну чыгуначнікаў. Яны скандавалі: «БЧ [беларуская чыгунка] з народам!», «Доўг, гонар, Айчына!» (па-расейску: Долг, честь, Отечество!), «Забастоўка!» (па-расейску: Забастовка). 20 байкераў з клюбу «Сабакі дарогаў» зь бел-чырвона-белымі сьцягамі й сьцягам Віцебску праяжджалі плошчай, ехалі цэнтральнымі вуліцамі, потым вярталіся на плошчу.

Каля аблвыканкаму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На плошчы Перамогі віцябляне стаялі каля паўтары гадзіны. Потым народ рушыў уніз вуліцаю Леніна — да аблвыканкаму. На будынку абласной адміністрацыі ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Аднак, сыходзячы, уладальнік сьцяга, малады чалавек, яго забраў.

З аблвыканкаму да мітынгоўцаў выйшлі толькі два дзяжурныя міліцыянты. Нікога з кіраўніцтва вобласьці, паводле іхных словаў, у будынку не было.

Людзі павесілі перад уваходам у аблвыканкам плякаты «Стаміліся баяцца» (па-расейску: Устали бояться), «Крывавы дыктатар — ня мой прэзыдэнт» (па-расейску: Кровавый диктатор — не мой президент), «Мы за сумленныя выбары» (па-расейску: Мы за честные выборы). На лесьвіцы паклалі кветкі і паставілі партрэты зьбітых людзей з пытаньнем «Хто за гэта адкажа?» (па-расейску: Кто за это ответит?).

Затым дэманстранты спусьціліся на вуліцу Леніна. Яны ішлі паабапал вуліцы. Калі «галава» адной з калёнаў была ля ратушы, «хвост» знаходзіўся каля «піраміды» «Марка-сыці».

Каля СІЗА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад плошчы Свабоды калёна адправілася вуліцаю Леніна на вуліцу Гагарына да СІЗА. Тут, а ня толькі ў ІЧУ на Маскоўскім праспекце, утрымліваюцца затрыманыя пасьля выбараў 9 жніўня. На вуліцы Савецкай нехта ўключыў на поўную гучнасьць Цоеву песьню «Пераменаў». Каля СІЗА віцябляне крычалі: «Верым! Можам! Пераможам!»,« Лукашэнка ў аўтазак». Міліцыі не было.

Затым народ рушыў па прасьпекце Люднікава да УУС аблвыканкаму на праспэкце Фрунзэ. Сюды прыйшлі ўжо каля 6-й вечару. Будынак абласной міліцыі ахоўвалі некалькі суполак міліцыянтаў. Сілавікі забаранілі пераход на той бок праспэкту Фрунзэ, дзе УУС. «Ганьба!» (па-расейску: Позор!) — крычалі ім людзі. Неўзабаве з будынка УУС выйшлі АМАПаўцы. Мяшчане заявілі: «Караева ў адстаўку!» (па-расейску: Караева в отставку!).

Недалёка ад УУС знаходзіцца частка дэсантнікаў. Адтуль граў дзяржаўны гімн «Мы беларусы». Пасьля гэтага частка дэманстрантаў разышлася, а частка пайшла да ІЧУ. Там патрабавалі адпусьціць затрыманых. Калёна дэманстрантаў, прыкметна парадзелая, хадзіла па месьце да самага вечару.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Я плачу ўвесь тыдзень. Але радуе, што мы сплаціліся». Як прайшоў Марш свабоды ў Віцебску