Перайсьці да зьместу

Марш за свабоду (Горадня, 2020)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марш за свабоду
Пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі (2020)
Дата16 жніўня 14:00 — вечар
МесцаНацыянальны сьцяг Беларусі Плошча Савецкая, плошча Леніна й шмат іншых; Горадня; Беларусь
ПрычыныФальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня
Мэтывызваленьне палітвязьняў, правядзеньне чэсных прэзыдэнцкіх выбараў
Спосабымасавае шэсьце, мітынґ
Удзельнікі канфлікту
Сілы бакоў
Каля 30—40 тысячаў
больш за 40 тысячаў[1]

Марш за свабо́ду — адна з найбуйнейшых акцыяў пратэсту ў Горадні, якая адбылася 16 жніўня 2020 году.

Пасьля абеду на плошчы Савецкай ў Горадні пачалі зьбірацца людзі. Яны ішлі парамі, сем’ямі, суполкамі, працоўнымі калектывамі і па адзіночцы. У руках у іх разьвяваліся бел-чырвона-белыя сьцягі, дзеці несьлі белыя балёнікі, валянтэры раздавалі ваду. Пажылыя людзі і сем’і зь дзецьмі разьмясьціліся ў сквэры ў цені дрэваў. Адтуль даносілася музыка. Нехта слухаў Віктара Цоя «Перемен», у кагосьці з калёнкі грала песьня «Тры чарапахі» і «Разбуры турмы муры». Праяжджалі міма самаходы сыгналілі, гарадзенцы ў адказ паказвалі знак перамогі «V» ці проста махалі рукамі. Тутэйшыя мелі адчуваньне масавага сьвята.

Пасьля 14-й гадзіны з боку гарадзенскага Фарнага касьцёла вышыхтавалася калёна маршнікаў. На чале яе былі ксядзы. У іх у руках былі абразы й плякаты: «Дакуль мы маем трымацца праўды? Да канца, як і Хрыстос», «Няхай сыдзе Дух Святы і абновіць аблічча зямлі! Гэтай зямлі!». На акцыі таксама былі працаўнікі «Горадні Азоту», «Хімвалакна», «Белкарду», Гарадзенскага мясакамбінату і працаўнікі культуры, лекары.

Пратэстоўцы ішлі цэнтральнымі вуліцамі, несучы над сабой 70-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг. Прайшоўшы вуліцаю Карла Маркса, калёна выйшла на вуліцу Будзёнага, адтуль згарнула на вуліцу Ажэшкі, і выйшла на плошчу Леніна. На плошчы на імправізаванай сцэне пачаўся мітынґ, дзе працаваў «свабодны мікрафон». На сцэне прамаўляў шмат хто, у тым ліку Віктар Шумель, у адказ якому гарадзенцы скандавалі «Новы мэр!» (па-расейску: Новый мэр!). Ён прамаўляў:

Вы не адны. Нас 97%. Заўтра ўсе ідэоляґі паедуць па прадпрыемствам і пачнуць гаворыць, што вы подрываеце эканоміку. Ня верце ім! Гэта ня вы дрэнныя, гэта яны дрэнныя — яны падманваюць нас! Калі ласка, не спыняйцеся. Зразумейце: удзень бастоўка, увечары — мітынґ! І толькі так! Не паддавайцеся эйфарыі — мы яшчэ не перамаглі, мы толькі на лініі фронту.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Вы не одни. Нас 97%. Завтра все идеологи поедут по предприятиям и начнут говорить, что вы подрываете экономику. Не верьте им! Это не вы плохие, это они плохие — они обманывают нас! Пожалуйста, не останавливайтесь. Помните: днем бастовка, вечером — митинг! И только так! Не поддавайтесь эйфории — мы еще не победили, мы только на линии фронта.

На плошчы гарадзецы таксама скандавалі: «У турму!» (па-расейску: В тюрьму!).

На сканчэньні мітынґу перад гарадзенцамі выступіў музыка з гурту «DZIECIUKI» Алесь Дзянісаў.

На імправізаванай сцэне на плошчы Леніна гарадзенцы агучылі свае патрабаваньні:

  • Адстаўка Аляксандра Лукашэнкі;
  • Вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
  • Адстаўка й арышт кіраўніцтва МУС за ґвалт на мірных акцыях;
  • Адстаўка й арышт чальцоў ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай;
  • Стварэньне рады народнага даверу, у якую ўвойдуць і органы дзяржаўнай улады;
  • Гарантаваньне свабоды мірных сходаў у любым месцы Горадні;
  • Апраўданьне асуджаных за мірныя акцыі;
  • Вяртаньне сплачаных штрафаў.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]