Кірыл Стаселька
Кірыл Стаселька | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 25 ліпеня 1990 (34 гады) Барысаў, Менская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | грамадазнаўства |
Гады творчасьці | зь 2008-га |
Кірунак | магічны рэалізм[1] |
Жанр | апавяданьне, аповесьць, раман |
Мова | беларуская |
Дэбют | аповед «Жыве БНР» (26 сакавіка 2008 году, радыё «Свабода») |
Значныя творы | раманы «Маргіналіс» (2016) і «9 жыцьцяў Віта Морэ» (2019) |
Узнагароды | «Рэкорды Куфара» (2016) |
Кіры́л І́гаравіч Стасе́лька (1990, Барысаў, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі пісьменьнік.
Выдаў кнігу «Дзіцячы маніфэст» (2015) і 3 раманы «Маргіналіс» (2016), «9 жыцьцяў Віта Морэ» (2019) і «Пімкі» (2020). Зь іх 2 першыя раманы сталі найбольш насычанымі паводле ліку постацяў у беларускай літаратуры (136 і 260). Таксама 2 кнігі вылучаліся на Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца, у тым ліку ў 2016 годзе «Дзіцячы маніфэст» увайшоў у доўгі сьпіс прэтэндэнтаў на яе. Зь 2016 году намесьнік старшыні Руху «За Свабоду».
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навучаўся ў школе № 22 Барысава (Менская вобласьць). У 2018 годзе згадваў: «Дзесьці каля 16-ці гадоў я перайшоў на беларускую мову. Уладзімер Арлоў тады прыяжджаў у Барысаў з выступам. Ён натхніў мяне і падштурхнуў»[2]. Школьнікам займаўся ў студыі журналістыкі пры барысаўскай газэце «Адзінства». У 2008 годзе паступіў на Факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ, які скончыў у 2013 годзе[3] па спэцыяльнасьці «сацыялёгія». У 2014 годзе скончыў магістратуру ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дадатковую асьвету атрымаў у Беларускім калегіюме і Лятучым унівэрсытэце. Таксама скончыў Школу маладога пісьменьніка пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў і Школу маладых мэнэджэраў публічнага адміністраваньня. У 2015 годзе стаў кіраўніком агенцтва інфармацыйных тэхналёгіяў «Буцэфал» і сеціўнага часопіса «Інфографэр». Узгадняў праект «Народны журналіст» і «Чытаем беларускую»[4]. 16 кастрычніка 2016 году на канфэрэнцыі з удзелам 115 дэлегатаў абраўся намесьнікам старшыні Руху «За Свабоду»[5].
У чэрвені 2017 году выступіў суарганізатарам 2-га моладзевага летніка на радзіме Васіля Быкава — у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну (Віцебская вобласьць), каб добраўпарадкаваць школу, у якой Быкаў скончыў 1-ю клясу і якую апісаў у кнізе «Доўгая дарога дадому». Кірыл Стаселька тады адзначыў: «Летнік складаецца з трох частак: адна зь іх — адукацыйна-культурніцкая (да нас прыяжджаюць лектары, экспэрты, грамадзкія дзеячы), другая — гаспадарчая, валянтэрская (гэта прыбіраньне ў хаце і на падворку), трэцяя — адпачынак, зносіны»[6]. У ліпені 2017 году ў межах кампаніі «Чытаем беларускую» сабраў сродкі на выпуск нізкі з 6 нататнікаў да 500-годзьдзя беларускага кнігадруку з цытатамі і выявамі адпаведных аўтараў — Францішка Скарыны, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча[7]. Пры канцы 2017 году скончыў асьпірантуру ў Інстытуце сацыялёгіі НАНБ, куды ў 2016-м уладкаваўся навуковым супрацоўнікам[8]. У 2016 годзе ўдзельнічаў у апытаньні 3800 чалавек наконт мастацкай літаратуры, паводле якога яе чытаюць 49 % апытаных. Зь іх 16 % — аднойчы на тыдзень і 15 % — аднойчы на месяц. Сучасную літаратуру чыталі 12 % апытаных[9].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 сакавіка 2008 году ў 17-гадовым узросьце абнародаваў свой аповед «Жыве БНР» на бачыне Беларускай службы Радыё «Свабода»[10]. У ліпені 2011 году выйшаў яго дэбютны аповед «Вечныя дзеці» ў часопісе «Дзеяслоў»[11]. Друкаваўся ў часопісе «Вожык». У ліпені 2013 годзе выдаў нізку апавяданьняў у часопісе «Маладосьць»[12]. 30 сьнежня 2015 году ў менскай кнігарні «Галіяфы» прадставіў першы зборнік апавяданьняў «Дзіцячы маніфэст»[13]. На прэзэнтацыю кнігі завіталі пісьменьнікі Адам Глёбус і Альгерд Бахарэвіч. У зборнік увайшлі аповеды папярэдніх 7 гадоў, якія выходзілі ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосьць», «Паміж» і «Партызан», а таксама ў зборніку «Параходзік сучаснасьці». Пры гэтым урывак апавяданьня «Звычайная любоў» трапіў у практыкаваньне падручніка «Беларуская мова» для 5-й клясы[14]. Сярод іншага, у зборнік увайшла аповесьць «У пошуках сябе». У анатацыі згадвалася некалькі «герояў, якія парознаму намагаюцца напісаць маніфэст свайго «Я»»[15]. 29 сакавіка 2016 году Кірыл Стаселька прадставіў «Дзіцячы маніфэст» на курсах беларускай мовы «Мова нанова Гародня». Прысутныя са сцэны чыталі творы кнігі[1]. 6 чэрвеня 2016 году «Дзіцячы маніфэст» увайшоў у доўгі сьпіс прэтэндэнтаў на Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца[16]. 24 верасьня 2016 году абнародаваў аповед «Кніга ў вянку зь церняў» на партале «Кнігасьвет»[17].
20 кастрычніка 2016 году на радыё «Культура» анансаваў выхад сваёй кнігі «Маргіналіс» у перадачы «Прачытаньне»[18]. 1 лістапада 2016 году праект «Рэкорды Куфара» засьведчыў, што ў рамане «Маргіналіс» найбольшы ў беларускай літаратуры лік постацяў адносна памеру твору — 136 постацяў на 251 944 знакі. Таксама дзеяньні раману ахоплівалі звыш 400 гадоў і 10 краінаў[19]. Новы пэрсанаж зьяўляўся амаль на кожнай старонцы раману[20]. 10 лістапада 2016 году ў сталічнай прасторы «Кніжная шафа» (праспэкт Дзяржынскага, д. 9) адбылася прэзэнтацыя кнігі «Маргіналіс»[21]. 19 лістапада Кірыл Стаселька прадставіў раман у прасторы «Верх» (вул. Куйбышава, д. 22)[22], а 1 сьнежня — правёў аўтограф-сэсію ў кнігарні «Галіяфы» (вул. Няміга, д. 3)[23]. Падчас прэзэнтацыі кнігі Кірыл Стаселька паведаміў: «Адзін з пэрсанажаў маёй наступнай кнігі будзе насіць імя чытача, які першым здолее назваць мне галоўнага героя рамана «Маргіналіс»[24]. За лістапад 2016 году «Маргіналіс» заняў 3-е месца сярод найбольш прадаваных кніг у сеціўнай краме «Кнігарня.by»[25].
10 красавіка 2017 году прадставіў раман «Маргіналіс» у Полацку (Віцебская вобласьць) ў кавярні «Раздол»[26]. Да красавіка 2017 году ў сацыяльных сетках свае здымкі з кнігамі Стаселькі выклалі кампазытар Эдуард Ханок, тэлевядоўцы Яўген Булка і Антон Мартыненка, журналістка Ганна Бонд і мадэльер Саша Варламаў[27]. 9 кастрычніка 2018 году пачалася перадзамова на раман «9 жыцьцяў Віта Морэ»[28]. 13 красавіка 2019 году стаў першым беларускамоўным пісьменьнікам, які зладзіў аўтограф-сэсію ў менскай краме «Оз» па праспэкце Пераможцаў, д. 3. Мерапрыемства правялі з нагоды выхаду рамана «9 жыцьцяў Віта Морэ», які паставіў 2 рэкорды ў беларускай літаратуры, бо спалучаў 7 жанраў і налічваў звыш 260 постацяў. Таксама падзеі раману ахоплівалі некалькі мацерыкоў і эпохаў[29]. Пагатоў, у 2017—2018 гадах папярэдні раман «Маргіналіс» уваходзіў у сьпіс бэстсэлераў у краме «Оз»[30]. 15 красавіка 2019 году прадставіў свой раман у Цэнтральнай бібліятэцы Барысава, дзе зазначыў: «Кожнай частцы (раману) адпавядае свая геаграфічная топіка, краіна, гістарычны пэрыяд і пэўная філязофская канцэпцыя і свой жанр (недзе казка, дэтэктыў, фантастыка)». Таксама Стаселька прызнаў: «Плянуецца такая кніга, якая будзе зьвязаная з Барысавам»[2]. 19 красавіка 2019 году прэзэнтаваў «9 жыцьцяў Віта Морэ» у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча[31], 29 красавіка — у магілёўскім цэнтры «Кола» (зав. Чкалава, д. 16)[30], 13 траўня — у Берасьці на курсах беларускай мовы «Мова нанова»[32], 18 траўня — у гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця (вул. Кірава, д. 3)[33], а 4 кастрычніка — у бабруйскай прасторы «1387» (Чангарская вул., д. 54) на курсах «Мова нанова»[34].
10 красавіка 2019 году часопіс «Маладосьць» абнародаваў апавяданьне Стаселькі «Шалмей»[35]. 12 ліпеня 2019 году Кірыл Стаселька зьмясьціў 4 аповеды ў газэце «Літаратура і мастацтва»[36]. 19 сьнежня 2019 году «Чырвоная зьмена» абнародавала яшчэ 2 аповеды Стаселькі з часопісу «Маладосьць»[37]. 8 студзеня — 29 лютага 2020 году менскі бар «Каліноўскі» на Зыбіцкай вуліцы праводзіў збор рэцэптаў для кактэйлю «Віта Морэ», частка складнікаў якога апісвалася ў рамане. Конкурс прадугледжваў дапрацоўку бармэнамі і ўзнагароду ад выдавецтва «Галіяфы» пасьля галасаваньня журы. Таксама рэцэпт меў трапіць у наступны твор пісьменьніка[38]. У сакавіку 2020 году часопіс «Маладосьць» выйшаў зь нізкай апавяданьняў Кірыла Стаселькі[39]. 8 чэрвеня 2020 году ў Інстаграме пачаў аповед рэчаіснасьці з нагоды падрыхтоўкі кнігі «Пімкі»[40]. 19 чэрвеня 2020 году абнародаваў 4 аповеды ў «Літаратуры і мастацтве»[41]. 10 ліпеня 2020 году пачалася перадзамова на кнігу «Пімкі»[42]. У кастрычніку 2020 году часопіс «Маладосьць» выйшаў з апавяданьнем Стаселькі «Сьцяна Брафстура»[43], а 1 сьнежня — абнародаваў яго аповед «Узмах»[44]. 21 сьнежня 2020 году выдавецтва «Галіяфы» выпусьціла кнігу Кірыла Стаселькі «Пімкі», якую сталі прадаваць яшчэ 5 сеціўных крамаў — «Оз», «Мой родны кут», «Валошкі дызайн», «Акадэмкніга» і «Бібліё»[45].
7 студзеня 2021 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» выйшла яшчэ 4 аповеды Кірыла Стаселькі[46].
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 2016 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» Дар’я Латышава адзначыла пра кнігу «Дзіцячы маніфэст»: «Сапраўднай кнігу робіць выхад за межы ўласнага пляскатага сьвету, але першы крок кожны раз павінен быць «менавіта з гэтай рэальнасьці». У момант, калі атрымліваецца ахапіць некалькі ўзроўняў разуменьня, незалежна ад сюжэту або стылістычных асаблівасьцяў, тэкст і аўтар атрымліваюць права на месца ў літаратуры і гісторыі»[15]. 11 жніўня 2017 году Наста Грышчук заўважыла наконт раману «Маргіналіс»: «раман дае нагоду падумаць: ці так нам патрэбна тое, за што мы б’ёмся? Ці не вартыя зоры над нашымі галовамі большай увагі, чым тыя, што схаваныя за цернямі? І чаму міраж здаецца чалавеку больш прывабным, чым тыя рэальныя рэчы, што нас акружаюць? Такія пытаньні, пэўна, і даюць падставу назваць «Маргіналіс» філязофскім раманам»[47]. 6 сьнежня 2019 году Янка Лайкоў згадаў раман «9 жыцьцяў Віта Морэ»: «Кожная зь сямі пададзеных гісторый — асобны закальцаваны сусьвет, унікальны расповед, які адрозьніваецца ад іншых ня толькі часам і геаграфіяй дзеяньня, але жанрава і стылёва. ...шмат «варыяцый» лёсу галоўнага героя, закладзеных ужо ў самім імені: словазлучэньне «vitae more» з лацінскай можна перакласьці як «больш жыцьця». ...Віта Морэ — нязьменны ўдзельнік фантастычных гісторыяў і падарожжаў, ён імкнецца напоўніцу спасьцігнуць жыцьцё ва ўсіх яго праявах»[48].
У верасьні 2020 году ў часопісе «Маладосьць» Ірына Грыбанава заўважыла: «Кірыл Стаселька ня толькі рэклямуе свае кнігі і папулярызуе беларускую літаратуру, але і спрабуе стварыць уласную супольнасьць чытачоў. Для гэтага ён выкарыстоўвае: спэцыяльны лічбавы мэрч, зьвязаны з творамі; камунікацыю з чытачамі ў сацыяльных сетках; стварэньне пляцовак і суполак, дзе чытачы маюць магчымасьць дзяліцца сваім меркаваньнем аб прачытаных кнігах; інтэрактывы; інфанагоды, прывязаныя да выхаду кніг. Кожны пункт распрацаваны як асобная маркетынгавая стратэгія, накіраваная на тое, каб заклікаць патэнцыйнага чытача купіць кнігу. У сукупнасьці ж гэта цэльная кампанія папулярызацыі, накіраваная на тое, каб беларуская літаратура стала масавай»[49]. 7 лістапада 2020 году на радыё «Свабода» Валянціна Аксак акрэсьліла раман «Пімкі»: «Гэтая кніга — гісторыя пра тое, як цмокі, багнікі, цудадзейныя прадметы ці неверагодныя зьявы пачынаюць існаваць побач з вамі. І найперш гэта гісторыя пра тых, хто прагне бачыць, адчуваць і мысьліць інакш, чым зазвычаена. Хто праз гэта намагаецца ня проста здабыць, але пабудаваць, выгадаваць свабоду для сябе і ў сабе»[50].
Кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дзіцячы маніфэст / адказн. Зьміцер Вішнёў, рэд. Галіна Дубянецкая, маст. Стася Сакалоўская. — Менск: Галіяфы, 2015. — 192 с. — (Час Воблы (вып. 7)). — 300 ас. — ISBN 978-985-7140-08-4
- Маргіналіс / адказн. Зьміцер Вішнёў, рэд. Лізавета Таран, маст. Стася Сакалоўская. — Менск: Галіяфы, 2016. — 198 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-7140-76-3 (2-е выд., 2018 год)
- Дзевяць жыцьцяў Віта Морэ. — Менск: Галіяфы, 2019. — 352 с. — ISBN 978-985-7209-17-0
- Пімкі / рэд. Аксана Спрынчан, дызайн Стася Сакалоўская. — Менск: Галіяфы, 2020. — 128 с. — ISBN 978-985-7209-63-7
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Кірыл Стаселька прадставіў гарадзенцам «Дзіцячы маніфэст» // Радыё «Рацыя», 29 сакавіка 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ а б Наста Аляксандрава. «Дзевяць жыцьцяў Віта Морэ». Кірыл Стаселька прэзэнтаваў у Барысаве свой новы раман // Партал «Экс-прэс», 17 красавіка 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Апавяданьні // Маладосьць : часопіс. — Ліпень 2013. — № 7 (716). — С. 21-33. — ISSN 0131-2308.
- ^ Кірыл Стаселька. Прэзэнтацыя кнігі «Дзіцячы маніфэст» // Кампанія «Будзьма беларусамі», 6 траўня 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Улад Швядовіч. Шум, гам і Алесь Таўстыка — як выбіралі старшыню Руху «За Свабоду» // Газэта «Наша ніва», 16 кастрычніка 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Як школа Васіля Быкава стала летнікам для моладзі // Радыё «Свабода», 16 чэрвеня 2017 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Да 500-годзьдзя беларускага кнігадруку выйдуць дызайнэрскія нататнікі // Газэта «Наша ніва», 7 ліпеня 2017 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Юрка Карпач. Героем кнігі можа стаць кожны // «Слонімская газэта», 9 красавіка 2018 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Больш за палову беларусаў не чытаюць кніг // «Наша ніва», 1 кастрычніка 2018 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Жыве БНР // Радыё «Свабода», 26 сакавіка 2008 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыла Стаселька. Вечныя дзеці // Дзеяслоў : часопіс. — Ліпень-жнівень 2011. — № 4 (53). — С. 134-136.
- ^ Увазе прыхільнікаў айчыннай літаратуры, крытыкі і публіцыстыкі! Сьвежы нумар часопіса «Маладосьць» // Газэта «Зьвязда», 13 жніўня 2013 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Ганна Пятрэнка. Чаму мы ня ведаем беларускіх пісьменьнікаў // Газэта «Новы час», 20 сьнежня 2015 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ «Дзіцячы маніфэст» для дарослых // Тэлеканал «Белсат», 31 сьнежня 2015 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ а б Дар’я Латышава. У пошуках сябе // Літаратура і мастацтва : газэта. — 25 сакавіка 2016. — № 12 (4863). — С. 7. — ISSN 0024-4686.
- ^ Агучаны доўгі сьпіс прэміі Гедройца 2016 году // Партал «Робім разам», 6 чэрвеня 2016 г. Праверана 26 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Кніга ў вянку зь церняў // Партал «Кнігасьвет», 24 верасьня 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Марыя Дуброўская. Кірыл Стаселька прэзэнтуе кнігу «Маргіналіс» у этэры «Культуры» // Радыё «Культура», 19 кастрычніка 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ У лістападзе выйдзе новая кніга Кірыла Стаселька «Маргіналіс» // «Будзьма беларусамі», 1 лістапада 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Дар’я Каско. Запінкі, макі і «Аліса ў краіне цудаў» на розных мовах // Зьвязда : газэта. — 4 траўня 2017. — № 83 (28447). — С. 16. — ISSN 1990-763x.
- ^ На палях рамана «Маргіналіс» // «Будзьма беларусамі», 10 лістапада 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Запрашаем на прэзэнтацыя кнігі Кірыла Стаселькі «Маргіналіс» // Газэта «Новы час», 12 лістапада 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Аўтограф-сэсія Кірыла Стаселька з нагоды выхаду «Маргіналіс» // Газэта «Новы час», 25 лістапада 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Хто хоча стаць пэрсанажам кнігі // Газэта «Новы час», 6 сьнежня 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Топ-10 прадаваных кніг на сайце Kniharnia.by за лістапад // Газэта «Наша ніва», 6 сьнежня 2016 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Пісьменьнік Кірыл Стаселька прэзэнтаваў у Полацку раман «Маргіналіс» // Тэлеканал «Саміт», 10 красавіка 2017 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Вядомыя беларусы падтрымалі СучБелЛіт // Радыё «Спадарожнік», 28 красавіка 2017 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька выдае новы раман — можна пакідаць перадзамовы // «Наша ніва», 9 кастрычніка 2018 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Аўтограф-сэсія Кірыла Стаселькі — 13 красавіка // Газэта «Новы час», 3 красавіка 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ а б Прэзэнтацыя кнігі-рэкардсмэна ў Магілёве // Партал «Магілёўскі рэгіён», 29 красавіка 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ У Менску прэзэнтуюць раман, які пабіў адразу два рэкорды беларускай літаратуры // Газэта «Новы час», 17 красавіка 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Прэзэнтацыя новай кнігі // Партал «Нататнік», 13 траўня 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька спалучыў 7 жанраў у новай кнізе. Хутка прэзэнтацыя ў Горадні // Партал «Гродна Лайф», 14 траўня 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Прэзэнтацыя кнігі-рэкардсмэна ў Бабруйску // Газэта «Бабруйскі кур’ер», 4 кастрычніка 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Шалмей // Часопіс «Маладосьць», 10 красавіка 2019 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Кола // Літаратура і мастацтва. — 12 ліпеня 2019. — № 27 (5033). — С. 9.
- ^ Кірыл Стаселька. Гарбата. Сьвісток // Чырвоная зьмена. — 19 сьнежня 2019. — № 22 (15877). — С. 7.
- ^ «Каліноўскі» абвесьціў літаратурна-кактэйльны конкурс // Газэта «Новы час», 8 студзеня 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Апавяданьні // Маладосьць. — Сакавік 2020. — № 3. — С. 30-40.
- ^ Ганна Алмазава. Кірыл Стаселька з Барысава запусьціў першае літаратурнае рэаліці ў Беларусі // Партал «Экс-прэс», 8 чэрвеня 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Лісьце на сэрцы // Літаратура і мастацтва. — 19 чэрвеня 2020. — № 23 (5079). — С. 9.
- ^ Пачалася перадзамова на новую кнігу Кірыла Стаселькі // Газэта «Новы час», 10 ліпеня 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Сьцяна Брафстура // Маладосьць. — Кастрычнік 2020. — № 10. — С. 20-29.
- ^ Кірыл Стаселька. Узмах // Часопіс «Маладосьць», 1 сьнежня 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ «Гэта, безумоўна, магія». Чытачы — пра новы раман-казку Кірыла Стаселькі «Пімкі» // Партал «Наша ніва», 21 сьнежня 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Жыцьцёвыя лябірынты ці міты // Газэта «Літаратура і мастацтва», 7 студзеня 2021 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- ^ Наста Грышчук. Казка пра ваду і рэшата // Літаратура і мастацтва. — 11 жніўня 2017. — № 32 (4935). — С. 7.
- ^ Янка Лайкоў. Прататыпы і архетыпы // Літаратура і мастацтва. — 6 сьнежня 2019. — № 47 (5053). — С. 6.
- ^ Ірына Грыбанава. Мэтады прадуктыўнай рэклямы сучаснай беларускай прозы // Маладосьць. — Верасень 2020. — № 9. — С. 73-75.
- ^ Валянціна Аксак. 2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: лістапад // Радыё «Свабода», 7 лістапада 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У сацыяльных сетках: У кантакце, Фэйсбук, Інстаграм, Ціўцер, Аднаклясьнікі, Тэлеграм і ЛінктІн(недаступная спасылка)
- Кірыл Стаселька. Артыкулы // Газэта «Новы час», 2 кастрычніка 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька. Праект «Можам» // Кампанія «Будзьма беларусамі», 15 студзеня 2021 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька // Асамблея НДА, 2021 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька // Партал «Магілёўскі рэгіён», 8 ліпеня 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька // Тэлеканал «Белсат», 28 верасьня 2020 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька // Выдавецтва «Галіяфы», 2021 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька // Выдавецтва «Логвінаў», 2021 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька // Крама «Валошкі дызайн», 2021 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.
- Кірыл Стаселька // «Электронная кнігарня», 2021 г. Праверана 17 студзеня 2021 г.