Скольцкая саамская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скольцкая саамская мова
sääʹmǩiõll[1]
Ужываецца ў Расеі, Фінляндыі
Рэгіён Лавозера (Расея)
Сэвэтыярві (Фінляндыя)
Колькасьць карыстальнікаў 400 чалавек[2]
Клясыфікацыя Уральская сям’я
 Фіна-вугорская галіна
  Саамская група
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў камуне Інары (Фінляндыя)
Рэгулюецца
Статус: 7 Нясталы[d]
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б) sms
ISO 639-2(Т) sms
ISO 639-3 sms
SIL sms

Скольцкая саа́мская мова (альбо скольт-саа́мская, колта-саа́мская) — адна з саамскіх моваў, на якой размаўляюць саамы ў расейскім паселішчы Лавозера і фінскім Сэвэтыярві. Раней мова была распаўсюджанай сярод саамаў у нарвэскім паселішчы Нэйдэн, але ў нашыя часы ўсе тамтэйшыя носьбіты мовы вымерлі.

Характарыстыка мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скольцкая саамская мова (абазначаная лічбай 6).

Распаўсюджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле інфармацыі 2011 году[3] агульная колькасьць саамаў-скольтаў складае прыкладна 1000 чалавек: 600 жыве ў Фінляндыі, 250 у Расеі, 150 у Нарвэґіі.

Сярод фінскіх скольтаў на мове здольныя вольна размаўляць толькі 400 чалавек, у Расеі — толькі 20 чалавек (зьяўляюцца носьбітамі натозерскага дыялекту мовы). У асяродзьдзі нарвэскіх саамаў-скольтаў мова ўжо не захавалася.

Да Другое сусьветнае вайны носьбіты скольцкае саамскае мовы пражывалі ў вёсках Пэтсама(be) і Суонікюля. У выніку перадачы гэтых тэрыторыяў Савецкаму Саюзу саамскія жыхары гэтых населеных пунктаў былі эвакуяваны ў фінскую камуну Інары.

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Азбука для лопарей, живущихъ въ Кольскомъ уѣздѣ Архангельской губерніи»

Першым альфабэтам, які ўжываўся ў скольцкай саамскай, была кірыліца. У 1884 годзе расейскім сьвятаром Канстанцінам Шчаколдзіным быў выдадзены пераклад на гэтую мову Эвангельля ад Мацьвея, таксама ім быў выдадзены скольцкі саамскі лемантар.

У XX стагодзьдзі ў скольцкім асяродзьдзі зьяўляецца лацінскі альфабэт. Гэты альфабэт атрымаў афіцыйны статус у 1973 годзе[4].

Сучасны выгляд скольцкага саамскага альфабэту.

А а Â â B b C c Č č Ʒ ʒ Ǯ ǯ D d
Đ đ E e F f G g Ǧ ǧ Ǥ ǥ H h I i
J j K k Ǩ ǩ L l M m N n Ŋ ŋ O o
Õ õ P p R r S s Š š T t U u V v
Z z Ž ž Å å Ä ä ʹ

Літары Qq, Ww, Xx, Yy, Öö выкарыстоўваюцца толькі ў запазычаньнях. Перад падвоенымі зычнымі зьяўляецца кароткае аглушэньне, якое пры пісьме не паказваецца. Таксама не паказваюцца ўстаўныя галосныя, таму што яны не зьяўляюцца фанэматычнымі ці складовымі.

Грамадзкае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Канстытуцыі Фінляндыі[5] саамы маюць права на выкарыстаньне сваёй мовы ў афіцыйных установах мясьцінаў, дзе пражываюць саамы. У муніцыпалітэце Інары (Фінляндыя) скольцкая саамская мова мае статус афіцыйнай нароўні з інары-саамскай, паўночнасаамскай і фінскай мовамі.

У шматлікіх дзіцячых садках Ляпляндыі выкарыстоўваецца поўнае саамскамоўнае навучаньне дзяцей, з нулявое па другую клясы мясцовых школаў выкладаньне таксама вядзецца выключна на саамскіх мовах. Паступова ў адукацыйны працэс дадаецца фінская мова і ў шостай клясе прапорцыя саамскае й фінскае дасягае прыкладнае прапорцыі 50 на 50. З 2005 году ў Фінляндыі скольцкую саамскую мову можна здаваць у якасьці замежнае мовы на ўступовых іспытах у ВНУ.

Паводле меркаваньня міністра юстыцыі Фінляндыі Аны-Маі Генрыксан і Саамскага парлямэнту Фінляндыі, існуе значная пагроза саамскім мовам і пэрспэктыва іх зьнікненьня. Выказваюцца думкі аб недастатковай моўнай падтрымцы, адзначаецца нястача настаўнікаў, падручнікаў і г.д. Нягледзячы на шматлікія праґрамы падтрымкі мовы, большасьць моладзі ў Інары аддае перавагу фінскай мове.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]