Кальварыя (прадмесьце)
Кальварыя, Кальварыйскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы места, уздоўж шляху да Кальварыйскіх могілак і вакол іх. Архітэктурнай дамінантай мясцовасьці быў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, які захаваўся да нашага часу.
На захад ад Кальварыі пачынаюцца Цівалі, на поўнач — Міхалянка, на ўсход — Татарская Слабада, на поўдзень — Тучынка[1][2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVIII ст. на ўзгорку, што разьмяшчаўся на Ракаўскім гасьцінцы (раён цяперашняй вуліцы Кальварыйскай), адкрыліся каталіцкія могілкі. Назва могілак паходзіць з лацінскай мовы і перакладаецца, як чэрап, лысая гара, што для хрысьціянаў разумецца як Галгофа[3].
Ужо ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў на гэтых могілках існаваў драўляны касьцёл з «высокімі вежамі», які ў 1830 року разабралі з прычыны старасьці[4]. У 1830 року менскі гісторык і зьбіральнік даўніны Юры Кабылянскі збудаваў могілкавую ўваходную браму. У верхняй яе частцы знаходзіцца надпіс на польскай мове, зь якога відаць, што пад адной з масіўных апораў спачыла жонка гісторыка — Юзэфа. У 1839 року на могілках збудавалі капліцу (цяпер гэта касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа), у якой пахавалі вядомага мастака Яна Дамеля. За алтаром капліцы знаходзілася велічная фрэска — выява гары Ерусалалімскай Кальварыі, крыжовай Галгофы. «У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалачонай раме вобраз Хрыста, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля», — пісаў у сваім гістарычна-краязнаўчым нарысе «Менск» паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч)[5].
Паводле сьведчаньняў падарожніка Паўла Шпілеўскага, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. могілкі атачаў «арэхавы лес, багаты на грыбы і ягады»[6]. У «Сьпісе домаўладальнікаў… м. Менску», які датычыцца 1866—1867 рокаў, упамінаецца «Кальварыя (урочышча) — 6 дамоў»[4].
У зьвязку з ростам места ў пачатку XX ст. Кальварыя ўвайшла ў склад Менску, у пятую паліцэйскую частку. Гэтую ж назву атрымала навакольнае прадмесьце, празь якое праходзіла Кальварыйская вуліца[7].
За часамі БССР камуністы перайменавалі Кальварыйскую вуліцу ў гонар Апанскага — савецкага чэкіста, які ўвайшоў у гісторыю як змагар супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1993 року вуліцы Апанскага вярнулі гістарычную назву[8].
На паседжаньні 6 траўня 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. Кальварыйская — праезд Кальварыйскі — могілкі «Кальварыя» назвы «Кальварыйскі»[9].
На Кальварыйскіх могілках да нашага часу зьбераглася мураваная брама, помнік архітэктуры клясыцызму, выкананая ў характэрнай традыцыі тутэйшага дойлідзтва, а таксама нэагатычны Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Пра прадмесьце напамінюаць Кальварыйская вуліца, Кальварыйскі праезд і Кальварыйскі сквэр.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1900 р.
-
1900 р.
-
1914 р.
-
1914 р.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У пачатку XX ст. Менск, як і Рым, месьціўся на сямі ўзгорках, адзін зь якіх знаходзіцца ў раёне Кальварыйскіх могілак і аднайменнай вуліцы[4]
- Менскія могілкі, што існавалі ў XVI—XVII стагодзьдзяў і знаходзіліся каля касьцёла Сьвятога Войцеха і кляштару бэнэдыктынак (раён цяперашняга кінатэатру «Перамога»), таксама зваліся Кальварыйскімі[10]
- Аднайменная гістарычная мясцовасьць (прадмесьце) таксама існуе ў Вільні
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 231.
- ^ а б в Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
- ^ Лакотка А. Кальварыя // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 548.
- ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
- ^ Сацукевіч І.. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008
- ^ Бондаренко В. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы, Менск стары і новы»
- ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 траўня 2009.
- ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1](недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- Шпацыраваньне Кальварыяй, Бібліятэка Менчука (рас.)
- План губернского города Минска (1903), Бібліятэка Менчука (рас.)
- Формирование территории Минска (1800—2004), Бібліятэка Менчука (рас.)
- План губернского города Минска (1898), Бібліятэка Менчука (рас.)