Перайсьці да зьместу

Пятая паліцэйская частка Менску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пятая паліцэйская частка Менску — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка дарэвалюцыйнага Менску ў канцы XIX — пачатку XX стст. Улучала паўночна-заходнюю ўскраіну Менску, што была вылучаная з другой часткі ў 1899 року. Найбяднейшы з усіх раёнаў места.

Складалася з драўляных, часам трухлявых хатаў і патанаючых у брудзе вуліц. На тэрыторыі раёну разьмяшчаліся асобныя фабрычныя прадпрыемствы і гандлёвыя крамы (на падыходзе да Нямігі), а таксама дамы цярпімасьці.

Сярод жыхароў гэтай часткі места земляробства і жывёлагадоўля атрымалі асабліва шырокае распаўсюджваньне. Некалькі вуліц тут насялялі татары-агароднікі, суцэльныя кварталы займалі сяляне-хлебаробы. Дамаўладальнікі, што жылі бліжэй да цэнтру, здавалі кватэры працоўным, чыноўнікам, гімназістам.

У 1900 року прыстаў 5-й часткі рапартаваў паліцмайстару места пра тое, што зямля, большай часткай, належыць землеўласьнікам з татараў і толькі нязначна самому месту ў наступных прадмесьцях: Пляшчанка (раён вуліцаў Р. Люксэмбург і К. Лібкнэхта), Нядзьведжына (вул. Харкаўская), Тучынка (пачатак вул. Харкаўскай), Міхалянка (раён вул. Лынькова, Чыгладзэ і Альшэўскага), Кальварыя (гэтая назва зноў вернутая).