Залатая Горка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Xqbot (гутаркі | унёсак) у 00:31, 3 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы — сымбаль Залатагорскага прадмесьця

Залатая Горка, Залатагорскае прадмесьце — гістарычны раён Менску, разьмешчаны ў заходняй частцы места, на ўсход ад Губэрнатарскага саду і Захар’еўскага моста, вакол Залатагорскіх каталіцкіх могілак.

На захадзе ад Залатой Горкі месьціцца цэнтральны раён Новае Места, на паўночным захадзе — Траецкае прадмесьце, на паўночным усходзе — Камароўка, на ўсходзе — Сьляпянка, на паўднёвым усходзе — Доўгі Брод, на поўдні — Стромкі (Круты) Бераг.[1][2]

Гісторыя

У пачатку XIX стагодзьдзя непадалёку ад вёскі Камароўка знаходзіўся самы вялікі ўзгорак ў акрузе — Залатая Горка. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня гэтай назвы.

Паводле адной зь іх, такую назву горка атрымала ад залацістага восеньскага лісьця мясцовага кляновага гаю. Другая вэрсія тлумачыць паходжаньне назвы тым, што быццам бы ў гэтай мясьціне знаходзілі шмат залатых скарбаў. Паводле іншай легенды, назва мясьціны зьвязаная з паданьнем пра вялікую горку залатых манэтаў, што былі сабраныя мясцовым ксяндзом падчас лютаваньня эпідэміі халеры. Грошы, згодна з паданьнем, пайшлі на будаўніцтва касьцёла ў гонар сьвятога Роха — абаронцы людзей і жывёлін ад эпідэмічных захвораньняў.[3][4]

У 1790 року тут былі адкрытыя каталіцкія могілкі, пабудаваная драўляная капліца, а ў 1864 року быў узьведзены мураваны касьцёл сьвятога Роха.[5]

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. Залатая Горка (або «Злота Горка») была адметная «ягаднымі палямі і гуляньнямі на іх у пэўную пару року».[6]

У пачатку XX ст. Залатая Горка ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Праз прадмесьце праходзілі Захараўская (цяпер частка праспэкта Незалежнасьці), Даўгабродзкая (Казлова), Белацаркоўная, Красная і Правіянцкая (Захарава), Маляўшчынская, Сьляпянская (абедзьве не захаваліся), Могілкавая (Смалячкова), Залатагорская (Чырвоназоркавая), Шпітальная (Фрунзэ) вуліцы, Залатагорскі і Лагойскі завулкі.[1][7][8]

У 1916 року ў раёне Залатой Горкі было адкрытае трэцяе па ліку менскае паштовае аддзяленьне.[9]

Старыя адрасы[10]

Царква Аляксандра Неўскага на здымку пачатку ХХ ст.
Файл:Kaścioł Najśviaciejšaj Trojcy (Miensk).jpg
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на паштоўцы пачатку ХХ ст.
  • Першы Шпітальны завулак, дом Параф’яновіча. У 19771878 роках тут зьбраўся народніцкі гурток Зямля і Воля. Гэта першая менская рэвалюцыйная штаб-кватэра месьцілася ў раёне сучаснага кінатэатра «Мір».
  • Правіянцкая, 11, дом Бохана. Дарафей Бохан — вядомы ў месьце пісьменьнік і журналіст, дасьледнік фальклёру і тутэйшай мінуўшчыны. За выступленьне ў друку супраць земскіх начальнікаў у 1908 року сядзеў у менскай вязьніцы. Ягоны дом стаяў у раёне цяперашняга інстытута замежных моваў.
  • Сьляпянская, 6, дом Кастравіцкай. Домаўладальніцай зьяўлялася Дар’я Кастравіцкая, жонка Каруся Каганца, самабытнага беларускага пісьменьніка, грамадзкага дзеяча і мастака. Зараз Сьляпянскай вуліцы не існуе.
  • Шпітальная, дом Насовічаў. У 1879 року тут знаходзілася бібліятэка чорнаперадзельцаў. Будынак месьціўся ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі, каля кавярні «Бярозка».

Сучаснасьць

Тапонім Залатая Горка застаўся ў Менску. У 1987 року такую назву атрымала вуліца, што была пракладзеная пасьля Другой сусьветнай вайны па колішнім прадмесьці, захаваўся і Залатагоркі касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (касьцёл Сьвятога Роха).

Крыніцы

  1. ^ а б «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленьнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. ^ «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. ^ Гістарычная даведка // УП «Минский Комаровский рынок»
  4. ^ Золотая Горка // Менск стары і новы
  5. ^ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 225—226
  6. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
  7. ^ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст.
  8. ^ План губернского города Минска (1898) // Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
  9. ^ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 226
  10. ^ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Літаратура