Гісторыя Віцебску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 13:53, 3 ліпеня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Герб Віцебску з даўняга прывілея

Віцебск — даўняе магдэбурскае места, адно з найбольш старажытных у Беларусі. Колішняя сталіца княства і цэнтар гістарычнага рэгіёну.

Старажытнасьць

Асноўны артыкул: Віцебскае княства

Датаваньне першага пісьмовага ўспаміну пра Віцебск няпэўнае. Паводле паданьня зь Віцебскага летапісу (XVIII ст.) горад у 974 годзе заклала княгіня кіеўская Вольга, аднак вядома, што яна памерла яшчэ ў 969 годзе. З гэтай прычыны на сёньняшні дзень паміж гісторыкамі вядзецца спрэчка: як імаверную дату заснаваньня называюць 947 год (паводле «Аповесьці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Дзьвіны і Дняпра і ўтварыла тут пагосты для збору даніны, у тым ліку на рэчках Мста і Луга, магчыма тады зьявіўся пагост і на Віцьбе — Віцебск), а таксама 914 год[1].

Рысунак места Віцебcку, 1664

У ХХІІІ стст. Віцебск займаў важнае месца на «шляху з варагаў у грэкі». У 1021 годзе князь кіеўскі Яраслаў Уладзімеравіч перадаў места разам з Усьвятам князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу пры складаньні міру.

Па сьмерці князя полацкага Ўсяслава Чарадзея (1101) Віцебск зрабіўся сталіцай удзельнага княства. Першым князем віцебскім быў Сьвятаслаў Усяславіч, пазьней местам і княствам валодалі ягоныя нашчадкі Васількавічы. У 1167 годзе князь менскі Валадар Глебавіч узяў Віцебск у аблогу, а ў 1196 годзе каля места адбылася бітва аб’яднаных сілаў полацкіх і чарнігаўскіх князёў са смаленскімі князямі. Полацкія князі перамаглі і вярнулі сабе Віцебскае княства. З 1318 году тут княжыў Яраслаў Васільевіч, які аддаў сваю адзіную дачку Марыю замуж за князя крэўскага Альгерда.

Вялікае Княства Літоўскае

Асноўны артыкул: Віцебскае ваяводзтва

Па сьмерці князя Яраслава (1320) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1341 годзе тутэйшыя жыхары на чале з Альгердам дапамаглі Пскову супраць крыжакоў[2]. З 1345 году места знаходзілася ў валоданьні Андрэя Альгердавіча.

Герб Віцебскага ваяводзтва

Паводле гістарычных крыніцаў, у 1351 годзе ў Віцебску завяршылася будова княскага палаца і муравана-драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, даўжыня сьценаў якіх складала 1,75 км[2]. У кан. XІV ст. места апынулася ў цэнтры міжусобнай барацьбы паміж сынамі і суродзічамі Альгерда за права валоданьня гэтым важным стратэгічным пунктам. Верхні і Ніжні замкі неаднаразова супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 15 ліпеня 1410 віцебская харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.

У XVXVІ стст. Віцебск зрабіўся буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. Станам на 1441 год ён уваходзіў у шэрагі 15 найбуйнейшых местаў Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле устаўной граматы вялікага князя Казімера (1444) Віцебск атрымаў абмежаванае самакіраваньне, таксама грамата фактычна зафіксавала аўтаномію Віцебскай зямлі[3]. Надалей у XVІ ст. места атрымала шэраг прывілеяў, якія гарантавалі недатыкальнасьць зямельных уладаньняў фэўдалаў і мяшчанаў, правы бязмытнага гандлю і вольнага выезду ў межах дзяржавы[3].

У 1508 годзе на базе Віцебскага намесьніцтва ўтварылася ваяводзтва[4]. 17 сакавіка 1597 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб[5]: «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч». Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:

« Герб надаем месту нашему Витебскому в блакитном полю образ святого Спаса Збавителя нашего, а при том зараз трохи нижей меч голый червоный, што ся мает розуметь кровавый. »

У 2-й пал. XVІ — пач. XVІІ стст. у Віцебску ўтварылася супольнасьць кальвіністаў, у якую ўваходзілі заможныя месьцічы і чальцы магістрату. Адначасна ў месьце распачалі сваю дзейнасьць праваслаўныя брацтвы, якія спрыялі захаваньню беларускай мовы і культуры.

Ад пачатку XVІ ст. Віцебск неаднаразова (у 1502, 1516, 1519, 1534 і 1536 гадох) цярпеў ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, войскі якой спусташалі ваколіцы места, забівалі і бралі ў палон ягоных жыхароў[6]. У Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі двойчы бралі Віцебск у аблогу (у 1562 і 1568 гадох), зьнішчаючы ягоныя пасады і ваколіцы[6].

У 1602 годзе вяртаючыся дадому з вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй места абрабавалі запароскія казакі[6]:

« Того ж року запорозкие козаки у Швецыи были, да ничого не помогли, толко великую шкоду господарю вчинили, бо место славное, место богатое Витебск звоевали, мещан побили, панны поплюгавили, скарбы побрали. »

Баркулабаўскі летапіс

На гэтай жа вайне віцебская мяшчанская харугва колькасьцю 500 чалавек пад камандаю Марка Лыткі авалодала ў 1605 замкам Фэліна, за што пана Лытку ўвялі ў шляхецтва і надалі прозьвішча Фэлінскі[6].

12 лістапада 1623 году выбухнуў бунт супраць архіяпіскапа Язафата Кунцэвіча. Неўзабаве паўстаньне здушылі каралеўскія войскі, а места страціла Магдэбурскага права. Самкіраваньне вярнулі толькі ў 1644 годзе разам з правам бязмытнага гандлю.

У сяр. XVІІ ст. Віцебск быў буйным адміністрацыйным, рамесным і гандлёвым цэнтрам, у якім налічвалася больш за тысячу дамоў,насельніцтва складала каля 10 тыс. жыхароў. Тут разьвіваліся мэтала- і дрэваапрацоўка, гарбарнае, ганчарнае, васкабойнае рамёствы, а таксама мёдаварэньне.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (16541667) Віцебскі замак па амаль 3-месячнай аблозе захапіла 20-тысячнае войска маскоўскіх ваяводаў і ўкраінскіх казакоў. У баях загінула большасьць месьцічаў, значная частка шляхты і габрэяў трапіла ў палон. Акупанты прымусова вывезьлі ў Маскву шмат віцебскіх рамесьнікаў[6]. Толькі ў 1667 годзе Віцебск, згодна з умовамі замірэньня, вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. Паводле тагачаснага інвэнтару ў месьце было тры замкі — горны (верхні), дзе знаходзіўся палац ваяводы, дольны (ніжні) і ўзгорскі. Замкі атачалі муры з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. Неўзабаве ў Віцебску адкрыўся езуіцкі калегіюм (1682).

У Вялікую Паўночную вайну (17001721) 28 верасьня 1708 году на загад Пятра I[7] места спалілі расейскія войскі[8]. Згарэлі замкі, ратуша, крамы, усе пасады, 12 цэркваў і 4 касьцёлы. 3 гэтага часу пачаўся заняпад эканомікі места[6].

Па аднаўленьні ў 2-й пал. XVІІІ ст. Віцебск сваёй велічынёю зрабіўся другім (пасьля Магілёва) местам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1764 годзе яго ўраўнавалі ў правох з сталіцай — Вільняй[9], тут распачалася будова новай мураванай ратушы (завяршылася ў 1775 годзе).

У складзе Расейскай імпэрыі

Новы мескі герб, 1781

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам правінцыі1796 годзе цэнтар Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні). Расейскія ўлады зацьвердзілі новы герб места з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым тле (1781). У 1803 годзе на загад з Санкт-Пецярбургу ўсе мескія прывілеі накіравалі ў Сэнат для рэвізіі, з тых часоў іх месца знаходжаньня невядомае[9]. У 1777 годзе у Віцебску пачало працаваць першае прамысловае прадпрыемства — гарбарня, у 1797 годзе — губэрнская друкарня. У 1804 годзе адкрылася гімназія.

У вайну 1812 году з 16 ліпеня да 26 кастрычніка Віцебск займалі францускія войскі. Станам на 1825 год тут працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крамаў, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных установаў, места ўпрыгожвалі 24 сакральныя збудаваньні розных канфэсіяў. У 1826 годзе ўтварылася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, з 1845 году распачаў сваю дзейнасьць мескі тэатар.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 група гімназістаў і канцылярскіх урадоўцаў спрабавала пакінуць Віцебск і далучыцца да паўстанцкіх аддзелаў, але іх затрымалі ўлады. Расейцы абвясьцілі ў месьце ваеннае становішча[9].

У 1866 годзе празь Віцебск прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка, пазьней чыгуначныя лініі злучылі места з Масквой, Берасьцем, Санкт-Пецярбургам і Кіевам. З 1874 году пачало сваю дзейнасьць Віцебскае навуковае таварыства лекараў. У 18811882 гадох тутэйшы фатограф Жыгімонт Юркоўскі першым у сьвеце разьлічыў і сканструяваў імгненны фатаграфічны затвор, апісаньне якога апублікаваў у часопісе «Фатограф».

На 1891 год у Віцебску налічвалася 22 навучальныя ўстановы, 5 бібліятэк, чытальня. У 1893 годзе тут адкрыўся царкоўна-археалягічны музэй, заснаваны з ініцыятывы Е. Раманава і А. Сапунова. Паводле зьвестак за 1895 год у Віцебску налічвалася 650 мураваных і 7200 драўляных будынкаў, 2 тэатры, 3 друкарні, 8 кнігарань, 4 бібліятэкі і каля 80 прамысловых прадпрыемстваў. У 1897 годзе Бэльгійскае акцыянэрнае таварыства збудавала электрастанцыю, а ў 1898 годзе — першую на Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай. Апроч таго, у цэнтры места праклалі водаправод.

XX стагодзьдзе

У 1905 годзе ў Віцебску адкрыўся першы кінатэатар. З 1910 году распачаў сваю дзейнасьць першы на Беларусі настаўніцкі інстытут. 20 красавіка (3 траўня) 1917 году жыхары места ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня[10].

1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Віцебск увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Віцебск вярнулі БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну (з 1938 году — цэнтар вобласьці). У 1926 годзе ў месьце адкрыўся Тэатар імя Якуба Коласа, які сьпярша зваўся II Беларускім дзяржаўным тэатрам.

У 1920-я гады ў Віцебску сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусьветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму» (Ю. Пэн, М. Шагал, К. Малевіч). Мастацкая школа-майстэрня Ю. Пэна пачала сваю дзйнасьць яшчэ ў 1898 годзе.

Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў Віцебск пераўтварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтар. Станам на 1938 год тут было 209 прадпрыемстваў, 3 ВНУ, 42 агульнаадукацыйныя школы, 40 бібліятэк, 11 лякарань, 3 кінатэатры.

У Другую сусьветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Крыніцы

  1. ^ Шишанов В. 974, 947 или 914? // «Витебский проспект» № 45, 10 ноября 2005. С. 3.
  2. ^ а б Лявон Калядзінскі. Міхась Ткачоў. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 448.
  3. ^ а б Лявон Калядзінскі. Міхась Ткачоў. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 449.
  4. ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 34—39.
  5. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 126.
  6. ^ а б в г д е Лявон Калядзінскі. Міхась Ткачоў. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 450.
  7. ^ С. 74.
  8. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 132.
  9. ^ а б в Віцебск // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  10. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 114—115.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Гісторыя Віцебскусховішча мультымэдыйных матэрыялаў