Валадар Глебавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Валадар Глебавіч (1090-я — пасьля 1167) — князь менскі ў 1151—1158 і з 1162 году, кароткі час князь полацкі ў 1167 годзе. Сын менскага князя Глеба Ўсяслававіча, брат Расьціслава Глебавіча. Вёў барацьбу за ўстанаўленьне дамінуючага становішча Менску ў Полацкай зямлі, выкарыстоўваючы для гэтага атрады зь літоўцаў.

5 чэрвеня 1135 году ажаніўся, верагодна другім шлюбам, з Рыкісай дачкой Баляслава III Крывавустнага.

З 1151 году, калі яго брат Расьціслаў быў полацкім князем, Валадар валодаў Менскам, трымаў у турме Рагвалода-Васіля. 23 кастрычніка 1157 году выдаў замуж сваю дачку Сафію за караля Даніі Вальдэмара I. Відаць гэта было вынікам нейкага пагадненьня паміж Даніяй і Полацкай зямлёй.

У 1158 годзе быў вымушаны вызваліць Рагвалода-Васіля, які хутка захапіў Друцак выгнаўшы адтуль пляменьніка Валадара — Глеба Расьціслававіча. Валадар разам з Расьціславам удзельнічаў у выправе на Друцак, але ня здолеўшы захапіць яго браты склалі мір з Рагалодам-Васілём. У тым жа 1158 годзе палачане выгналі Расьціслава з Полацку і ён вярнуўся ў Менск. Полацкім князем з 8 ліпеня 1158 году зноў стаў Рагвалод-Васіль, які ў хаўрусе з смаленскімі князямі выступіў супраць Глебавічаў. Забраўшы ў іх Ізяслаўль і перадаўшы яго сваім хаўрусьнікам Давыдавічам, пратрымаўшы ў безвыніковай 10-дзённай аблозе Менск заключыў з Расьціславам мір. Валадар жа не заключаў міру з Рагвалодам-Васілём, бо ў гэты час «ходяше под литвою в Лесех».

У 1159 годзе Глебавічы вярнулі сабе Ізяслаўль захапіўшы Давыдавічаў — Брачыслава і Валодшу, пасадзіўшы іх у менскую турму. У выніку гэтага ў 1160 годзе Рагвалод-Васіль наладзіў новую выправу на Менск — Давыдавічы былі вызваленыя і ім быў вернуты Ізяслаўль.

У 1161 годзе Рагвалод-Васіль па нейкіх прычынах зноў ваяваў з Глебавічамі, але безвынікова. У гэтым жа годзе памёр Расьціслаў і Валадар стаў менскім князем. У 1162 годзе Рагвалод-Васіль зноў прыйшоў да Менску (у некаторых летапісах памылкова названы Гарадцом) супраць Валадара. Аблога Менску Рагвалодам-Васілём была безвыніковай, у час начной вылазкі Валадар у войску якога была шмат літоўцаў нанёс палачанам цяжкую паразу — шмат іх было забіта, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод-Васіль уратаваўся ўцёкамі ў Слуцак, больш у Полацак не вярнуўся, а пайшоў княжыць у Друцку. Полацкую пасаду заняў Усяслаў Васількавіч.

У 1167 годзе Валадар з войскам у якім была шмат літоўцаў выступіў супраць Усяслава Васількавіча, перамог яго ў бітве і заняў полацкую пасаду, заключыўшы з полацкім вечам умову і замацаваўшы яе цалаваньнем крыжа. Затым накіраваўся на Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але даведаўшыся, што на дапамогу віцяблянам ідзе смаленскі князь Раман, вярнуўся ў свае землі. Гэта паклала канец актыўнай дзейнасьці Валадара па ўзвышэньні Менску і аб’яднаньні Полацкай зямлі, але ён вёў інтрыгі — напрыклад у тым жа 1167 годзе разам зь Вячкам Сьвятаслававічам дапамог наўгародцам паслаць у Кіеў весткі аб нападзе смаленцаў і суздальцаў з палачанамі. Больш у крыніцах ня згадваецца.

Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік
Усяслаў III
Полацкі князь
1167—1167
Наступнік
Усяслаў III
Папярэднік
Расьціслаў Глебавіч
Менскі князь
1151—1158; 1162 — пасьля 1167
Наступнік
Уладзімерка Валадаравіч

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]