Перайсьці да зьместу

Рыта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Рыта
лац. Ryta
Агульныя зьвесткі
Выток каля в. Сушытніцы
Вусьце Мухавец
Краіны басэйну Беларусь
Вобласьці Валынская вобласьць і Берасьцейская вобласьць
Даўжыня 62 км
Сярэднегадавы сьцёк 5,9 м³/с
Плошча басэйну 1730 км²
Нахіл воднай паверхні 0,6 ‰

Ры́та — рака ў Беларусі, левы прыток ракі Мухаўцу (басэйн Віслы). Цячэ ў Маларыцкім і Берасьцейскім раёнах. Даўжыня 62 км. Плошча вадазбору 1730 км². Выдатак вады ў вусьці 5,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6‰.

Пачынаецца ад трубы-рэгулятара каля вёскі Сушытніцы Маларыцкага раёну. Раней пачыналася з возера Крымна (Украіна), па мэліярацыйнай рэканструкцыі верхнюю плынь перавялі ў рэчку Маларыту (пры патрэбе частка сьцёку можа скіроўвацца ў Рыту). Цячэ Берасьцейскім Палесьсем. Вусьце каля ўсходняй ускраіны вёскі Літвінаў Берасьцейскага раёну. За 2 км вышэй за аўтамабільную дарогу Ляхаўцы — Макраны частка сьцёку Рыты скіроўваецца ў Лукаўскае вадасховішча, ніжэй за вусьце Маларыты рэчышча прымае прыродныя парамэтры.

Абалона двухбаковая, нізкая, забалочаная (шырыня 0,3—0,5 км), перасечаная мэліярацыйнымі каналамі, у высокай і сярэдняй плыні мэліяраваная. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу з выняткам 3,5 км вышэй за вусьце. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя.

Замярзае ў 3-й дэкадзе сьнежня, лёд трымаецца да сярэдзіны сакавіка. Веснавы ледаход 7 дзён. Найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў пачатку 3-й дэкады сакавіка. Рака прымае сьцёк з мэліярацыйных каналаў[1].

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 315.
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1