Усходняе Палесьсе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Усхо́дняе Пале́сьсе — гісторыка-этнаґрафічны рэґіён Беларусі. Займае большую частку Палескае нізіны ў Гомельскай, Менскай ды Берасьцейскай вобласьцях.

На ўсходзе мяжуе з Падняпроўем (на правабярэжжы Дняпра і ніжняй Бярэзіне), на поўначы — з Цэнтральнаю Беларусьсю (па лініі Парычы — Любань — Старобін — Чудзін), на захадзе — з Заходнім Палесьсем (ад Выганашчанскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўночная мяжа рэґіёну сумяшчаецца з зонаю кампактнага расьсяленьня водаразьдзельнага тыпу, дзе характэрныя палескія ландшафты зьмяняюцца даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтральнае Беларусі з густою сеткаю сельскіх пасяленьняў. Межы гэтых рэґіёнаў адлюстроўваюць арэалы мясцовых этнонімаў — палешукоў на поўдні і палян (або палевікоў) на поўначы.

Мясцовыя мазырскія гаворкі складаюць асобную ґрупу паўднёва-заходняга дыялекту.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жалезным стагодзьдзі Ўсходняе Палесьсе было асноўнаю тэрыторыяю расьсяленьня мілаградзкае культуры (3—7 ст. да н. э.) і зарубінецкай культуры (3 ст. да н. э. — 5 ст. н. э.).

У 8—9 стст. Усходняе Палесьсе засялялі дрыгавічы, што мелі сваё палітычнае аб’яднаньне «княжаньне». У 9 ст. яны дайшлі на поўначы да верхняга басэйну Бярэзіны, на захадзе дасягнулі левабярэжжа Нёману, дзе сустрэліся з яцьвягамі, паклаўшы пачатак славянізацыі апошніх.

У 12—13 стст. асноўная тэрыторыя Ўсходняга Палесься ўваходзіла ў склад Тураўскага (Турава-Пінскага) княства, Мазырскае Палесьсе — Кіеўскага княства.

У пэрыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай землі Ўсходняга Палесься ўваходзілі ў склад Менскага, Наваградзкага і Берасьцейскага ваяводзтваў. Разам з тым па этнаґрафічных рысах у той час Палесьсе вылучалася ў асобную гістарычную правінцыю, што знайшло адлюстраваньне на ґеаґрафічных мапах (мапы Тамаша Макоўскага 1613; Г. дэ Баплана 1651 і інш.).

Пасьля 2-га падзелу Рэчы Паспалітае (1793) Усходняе Палесьсе ўвайшло ў склад Менскае ґубэрні.

Гаспадарчыя заняткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рэльефе Ўсходняга Палесься кампактныя ўзвышшы чаргуюцца з балоцістымі нізінамі Прыпяцкага Палесься. Да нядаўняга часу вялікія плошчы займалі адкрытыя балоты (галы).

Шырокія веснавыя разьлівы, забалочаныя землі і няўдобіцы накладвалі адбітак на характар расьсяленьня, становішча шляхоў зносінаў і транспартныя сродкі, гаспадарчыя заняткі і паўсядзённы побыт.

У земляробчай практыцы побач з трохпольлем захаваліся лясныя пералогі і лядная (падсечна-агнявая) сыстэма. Зямлю апрацоўвалі валамі з дапамогаю палескае сахі. На чаўнах сяляне перапраўляліся з аднаго вострава на другі, ставілі буданы-курані, што служылі ім часовым жыльлём, і пасьлядоўна апрацоўвалі адзіную адзялянку за іншаю. Такім жа спосабам зьбіралі ўраджай з палёў, абмалочвалі снапы або складвалі іх неабмалочанымі на высокіх адонках, а пасьля вывозілі на чаўнах або санях.

Мясцовыя жыхары трымалі буйную рагатую жывёлу і сьвіней, якіх выганялі на выпас у лес або адвозілі ў чаўнах на суседнія астравы, дзе яны знаходзіліся ў натуральных умовах без нагляду. Статкі рагатае жывёлы пасьвілі ўдалечыні ад вёскаў, заганяючы на ноч у адмысловую загарадку з куранём і лёгкай будынінай тыпу хлява (кашара).

У традыцыйнай гаспадарцы побач з земляробствам і жывёлагадоўляй былі пашыраныя рыбалоўства, зьбіральніцтва, пчалярства, хатнія промыслы.

Паселішчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сельскія пасяленьні нераўнамерна разьмяркоўваліся на тэрыторыі рэґіёну. Найбольш густа заселенымі здаўна былі Хойніцка-Брагінскае і Юравіцкае ўзвышшы, Мазырская града, на захадзе — Тураўская лёсавая раўніна. Побач з мнагадворнымі сустракаліся невялікія пасяленьні (5—10 хат), засьценкі і хутары-выселкі. Будоўлі звычайна разьмяшчаліся ў сыстэме сядзібы: хата + сенцы + істопка + павець + хлявы + адрына. Найбольш распаўсюджаныя тыпы жыльля: хата + сенцы + істопка, хата + сенцы.

На поймавых і балоцістых мейсцах хаты мелі драўляную падлогу і ставіліся на палі. Стрэхі рабілі на самцах («закотам»), крылі дошкамі, чаротам, саломаю. Па вечарах хаты асьвятлялі стацыянарным лучніком (сьветачам).

Адзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У народным адзеньні Ўсходняга Палесься захаваліся традыцыйныя рысы, у якіх выяўляецца агульнаславянская аснова. У жаночым адзеньні найбольш пашыранаю была панёва-плахта, якую насілі з шарсьцяным фартухом (запаскай). У больш раньні пэрыяд насілі 2 запаскі — сьпераду і ззаду. Кашуля мела ўзорны (часьцей вышываны) дэкор на каўняры, рукавах, грудзях, унізе на падоле. Ва ўзоры дамінавалі буйныя расьлінныя формы, якія ў позьнім сярэднявеччы выцесьнілі ґеамэтрызаваны дробнарасьлінны арнамэнт. Жаночыя ґарсэты ўпрыгожвалі аплікацыяю. У Прыпяцкім Палесьсі яны больш доўгія, прыталеныя, з шарсьцяное тканіны, у Мазырскім — кароткія, з даматканага палатна ці фабрычнае тканіны (гл. Калінкавіцкі строй, Брагінскі строй, Турава-мазырскі строй, Давыд-Гарадоцка-Тураўскі строй).

Кераміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У керамічнай вытворчасьці вядомыя цэнтры па вырабе задымленага і паліванага посуду ў Парычах, Юравічах, Лоеве.

Песенны фальклёр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэґіянальныя асаблівасьці мае песенны фальклёр: для вясельных напеваў Усходняга Палесься ўласьцівыя сьвяточна-прыўзьнятыя лірычныя матывы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Усходняе Палессе // БЭ. Т. 18. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 464—465.
  • Сержпутовский А. Очерки Белоруссии. СПб., 1907.
  • Сербов И. А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. Вильна, 1914.
  • Лексіка Палесся ў прасторы і часе. Мн., 1971.
  • Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся, XVII—XIX стст. Мн., 1978.
  • Можейко З. Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
  • Титов В. С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983.
  • Цітоў В. С. Народная спадчына: Матэрыял. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Усходняе Палесьсесховішча мультымэдыйных матэрыялаў