Усеўкраінскі саюз беларусаў
Усеўкраінскі саюз беларусаў | |
укр. Всеукраїнська спілка білорусів, Всеукраїнський союз білорусів (ВСБ) | |
знак Усеўкраінскага саюза беларусаў | |
Дата ўтварэньня | 24 мая 2000 |
---|---|
Тып | грамадзка-культурная |
Юрыдычны статус | юрыдычная |
Мэта | культурнае жыцьцё беларусаў |
Штаб-кватэра | 04116, м. Київ, вул. Шолуденка, 16/25 |
Месцазнаходжаньне | Кіеў |
Сяброўства | 277 000 беларусаў (0,7% насельніцтва Ўкраіны) |
Старшыня | Пётар Лайшаў |
Кіроўны орган | Прэзыдыюм Саюзу |
Сайт | belukrresurs.org |
Усеўкраі́нскі саю́з белару́саў, УСБ (па-ўкраінску: Всеукраїнська спілка білорусів, Всеукраїнський союз білорусів (ВСБ)) — грамадзка-культурная арганізацыя беларусаў з 14 абласьцей Украіны[1]. Аб’ядноўвае ўкраінскіх беларусаў незалежна ад рэлігійных, палітычных або сацыяльных адрозьненьняў. Знаёміць з культурай і традыцыямі беларусаў, якія маюць старадаўнія традыцыі. Спрыяе ўмацаваньню нацыянальнай самабытнасьці беларускай супольнасьці Ўкраіны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад 1995 году беларуская супольнасьць Украіны працавала ў прадстаўніцтве Эўрапейскага Зьвязу па пытаньнях імплемэнтацыі канвэнцыі па правах чалавека, Эўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў, у рабочых нарадах Міністэрства юстыцыі Украіны ды інш. Нягледзячы на цяжкасьці, стварэньню дадзенага саюзу спрыялі першыя сакратары Амбасады Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне В. І. Бокач і В. М. Забаўскі.
24 мая 2000 г. на першым зьезьдзе ў Кіеве Ўсеўкраінскі саюз беларусаў быў фактычна створаны і юрыдычна зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Ўкраіны 1 верасьня 2003 г.[2]. На пасяджэньнях каардынацыйная рада гэтага саюзу заплянавала вырашэньне пытаньняў захаваньня і разьвіцьця нацыянальнай культуры, побыту, традыцыяў беларускай культуры ва Ўкраіне, папулярызацыі і вывучэньня беларускай мовы дзецьмі ва Ўкраіне[3].
Дадзены саюз рэалізуе агульныя інтарэсы на захаваньне і разьвіцьцё нацыянальнай, культурнай, моўнай і рэлігійнай самабытнасьці беларускай супольнасьці Ўкраіны. Супрацоўнічае зь Дзяржаўным камітэтам Украіны па пытаньнях нацыянальнасьцяў і рэлігіяў, Апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры і турызму Ўкраіны, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Старшыня Саюзу зьяўляецца актыўным сябрам грамадзкіх радаў пры вышэйзгаданых ўкраінскіх структурах, а таксама сябрам Рады нацыянальных таварыстваў Украіны.
У 2014 г. у народнае апалчэньне Ўкраіны запісалася каля 70 беларусаў[4].
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзеньні зьездаў саюзу аказваў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне Віталь Курашык, які браў удзел у стварэньні наступных арганізацыяў:
- Данецкай абласной арганізацыі беларусаў «Нёман»,
- Чарнігаўскай гарадзкой арганізацыі беларусаў «Сябры»,
- Луганскай абласной арганізацыі беларусаў «Украіна-Беларусь».
В. Курашык, яшчэ будучы Старшынём Савету Міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым, у 1991 годзе ініцыяваў стварэньне нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў Крыму: «Саюз беларусаў Крыму».
У іншых рэгіёнах:
- Віньніцкае абласное зямляцтва беларусаў;
- Днепрапятроўская вобласьць «Беларусы Прыднястроўя»;
- Закарпацкае абласное культурнае таварыства беларусаў «Сябры»;
- Запароскае — «Мінск»;
- Кіраваградзкае абласное — культурна-асьветніцкае таварыства «Беларусь»;
- Кіеўскае культурнае таварыства «Беларусь»;
- Белгарад-Днястроўскае — «Беларусь»;
- Львоўскае абласное — беларуская суполка;
- Адэскае культурнае аб’яднаньне «Беларусь»;
- Ровенскае абласное культурнае таварыства «Беларусь»;
- Чарнавіцкая арганізацыя «Культурна-асьветніцкае таварыства беларусаў»;
- Севастопальскае таварыства «Беларусь».
Згодна са Статутам, у структуры гэтай арганізацыі вышэйшым органам зьяўляецца зьезд дэлегатаў. У пэрыяды паміж зьездамі вышэйшым органам зьяўляецца каардынацыйная рада, у склад якой уваходзяць усе старшыні рэгіянальных арганізацыяў, а таксама Старшыня дадзенага Саюзу. Каардынацыйная рада праводзіць пасяджэньні адзін раз на паўгодзьдзе, працу паміж зьездамі і паседжаньнямі каардынацыйнай рады праводзіць прэзыдыюм саюзу, які зьбіраецца адзін раз на квартал. У склад прэзыдыюму ўваходзіць старшыня саюзу з чатырма сустаршынямі. Прэзыдыюм узначальвае старшыня саюзу. Будзённую працу саюзу паміж зьездамі і паседжаньнямі каардынацыйнай рады ажыцьцяўляе старшыня саюзу. У 2013 годзе пасьля Ірыны Аржахоўскай старшынём саюзу абраны Пётар Лайшаў[5].
У працы гэтага саюзу бяруць удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне Валянцін Вялічка ды іншыя работнікі беларускіх замежных установаў ва Ўкраіне.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Создан Всеукраинский союз белорусов», Белорусское телеграфное агентство «БЕЛТА» (рас.)
- ^ Официальный сайт «Информация о Всеукраинском союзе белорусов» (рас.)
- ^ «Киевская Бела-Русь», Народная газета (рас.)
- ^ В народное ополчение Украины записалось около 70 белорусов
- ^ Интервью с Лайшевым Петром Владимировичем, «Белая Русь» (декабрь 2013) (рас.)